Крытыка рэлiгii ў еўрапейскай культуры

яго філасофія з'яўляецца часткай заходняй культуры XX ст. Адной з асноўных сваіх мэтаў Ніцшэ абвясціў "радыкальную пераацэнку ўсіх каштоўнасцяў чалавека''. Менавіта з гэтых пазіцый ён абрынуўся з рашучай крытыкай на хрысціянства, якое лічыў "рэлігіяй слабых". Прапаведуючы доўгі час любоў да няшчасных і няўдачнікаў, хрысціянства тым самым прывяло да заняпаду "чалавечай прыроды". Ніцшэ лічыў хрысціянства супрацьнатуральнай рэлігіяй, яно вучыць пакоры і міласэрнасці, а натуральным чалавечымі якасцямі з'яўляюцца мужнасць і воля да ўлады. Ніцшэ называў хрысціянства "хваробай еўрапейскай культуры" і прапанаваў супраць гэтай хваробы самыя радыкальныя сродкі. Яно павінна быць абвешчана вычварэннем, а прыналежнасць да яго – цяжкім злачынствам, словы "Бог", "выратаванне", "збаўленне" трэба выкарыстоўваць як лаянку. Жорсткасць гэтых заклікаў Ніцшэ абумоўлена агульным нігілістычным характарам яго філасофіі. Аднак, абвясціўшы ''смерць Бога'', Ніцшэ сам трагічна пакутаваў ад адсутнасці духоўнага апірышча ў сваім жыцці.

Больш спакойнае стаўленне да рэлігіі характэрна для двух другіх знакамітых прадстаўнікоў бунтарскага накірунку ў атэізме XX ст., французскіх філосафаў-экзістэнцыялістаў Альбера Камю (191З – 1960) і Жан-Поля Сартра (1905 – 1980). Яны проста выходзяць з таго факта, што Бога няма і імкнуцца зрабіць з гэтага ўсе магчымыя высновы, галоўнай з якіх з'яўляецца сцвярджэнне, што няма сэнсу ні ў самім свеце, ні ў існаванні чалавека. Доўгі час ідэя Бога была для еўрапейцаў крыніцай сэнсу і духоўным апірышчам. Зараз, калі Бога няма, невядома, дзеля чаго чалавек павінен жыць і жыццё ператвараецца ў абсурд. Адказ Камю і Сартра гучыць прыкладна так: павінен, каб захаваць сябе як чалавека. Кожнае жыццё – гэта бунт супраць абсурду, ва ўмовах якога чалавек апынуўся. Жыццё чалавека падобна да працы Сізіфа, бо ў канцы ўсіх чакае паражэнне (смерць), але чалавек павінен з годнасцю выконваць гэтую працу.

Самым вядомым прадстаўніком скептычнага накірунку ў атэізме ХХ ст. з'яўляецца англійскі філосаф і матэматык Бертран Расэл (1872 – 1970 гг.). Калі Ніцшэ актыўна атакуе рэлігію, дык Расэл імкнецца захаваць адносна яе інтэлектуальную дыстанцыю. Ён адвяргае рэлігійныя палажэнні, бо лічыць іх не даказанымі. Згодна з агульнафіласофскай пазіцыяй Расэла, у прынцыпе нельга лагічна даказаць аргументы ні "за'', ні "супраць'' рэлігіі, і таму кожны інтэлектуальна сумленны чалавек павінен устрымлівацца ад канчатковых сцвярджэнняў па тых праблемах, якія яна ўзнімае.


3.Секулярызацыя


На працягу гісторыі мянялася месца рэлігіі ў грамадскім жыцці. У старажытнасці яна выконвала службовыя функцыі ў адносінах да дзяржавы, аб'ядноўвала грамадзян і падтрымлівала існуючы парадак рэчаў. У сярэдневяковай Еўропе царква займала пануючыя пазіцыі ў грамадстве і аказвала моцны ўплыў на ўсе астатнія сферы культуры: філасофію, палітыку, права, мастацтва, мараль, эканоміку.

Пачынаючы з ХV ст. у Еўропе адбываецца працэс секулярызацыі (ад познелац. saecularis – мірскі, свецкі) – вызвалення са сферы рэлігійнага санкцыянавання чалавечай свядомасці, паводзін і дзейнасці людзей, сацыяльных адносін і інстытутаў. Еўрапейская культура набывае ўсё больш свецкі характар, і тыя яе галіны, якія раней знаходзіліся пад уплывам рэлігіі, зараз робяцца самастойнымі і развіваюцца, абапіраючыся перш за ўсё на свае ўласныя прынцыпы.

Сам тэрмін "секулярызацыя" быў упершыню выкарыстаны ў 1646 г. французскім пасланнікам Лонгвілем на перамовах па заключэнню Вестфальскага міру (1648), якім завяршылася Трыццацігадовая вайна (1618 –1648) паміж пратэстанцамі і католікамі. Спачатку ён азначаў магчымасць задавальнення інтарэсаў пераможцаў за кошт канфіскацыі манастырскіх земляў. Такім чынам, у сваім першапачатковым значэнні секулярызацыя мела эканамічны характар і зводзілася да перадачы царкоўнай маёмасці свецкай уладзе.

У далейшым паняцце "секулярызацыя" стала ўжывацца ў больш шырокім кантэксце: як вызваленне з-пад кантролю духавенства і царквы ўсіх сфер грамадскага жыцця. Пад секулярызацыяй сталі разумець устанаўленне свецкага кантролю над справамі, якія раней лічыліся прэрэгатывай царквы.

Секулярызацыя ахапіла палітычную сферу. Па меры росту і узмацнення нацыянальных еўрапейскіх дзяржаў яны робяцца ўсё больш незалежнымі ад царквы. Гэта адбывалася ў форме замены духавенства на свецкіх служачых у дзяржаўных установах, перадачы ўлады ад царкоўных судоў свецкім, устанаўленне кантролю над адукацыяй з боку дзяржаўных органаў. Зараз у еўрапейскіх краінах улада мае цалкам свецкі характар, хаця ў некаторых з іх рэлігійныя арганізацыі адыгрываюць значную ролю ў палітычным жыцці.

Найбольш яскрава працэс секулярызацыі назіраецца ў сферы духоўнай культуры. Яшчэ ў перыяд Адраджэння фарміруецца вопытная навука, якая ажыццяўляе свае даследаванні незалежна ад рэлігійных палажэнняў. Менавіта праз намаганні навукі была створана сучасная карціна свету.

Працэс секулярызацыі адбываўся таксама ў галіне мастацтва. Калі ў сярэднявеччы царква была галоўным заказчыкам мастацкіх твораў, якія ствараліся пераважна на рэлігійныя сюжэты, дык пачынаючы з ХIV ст. мастацтва робіцца ўсё больш свецкім.

Як паказваюць даследаванні, у культуры ХП – ХШ стст. рэлігійныя і свецкія карціны і скульптуры складалі адпаведна 97% і 3%. У пачатку XX ст. становішча памянялася на адваротнае: ужо свецкія карціны складаюць 96,1%, а рэлігійныя – 3,9%. Такія ж працэсы адбываюцца ў музыцы, літаратуры і архітэктуры.

Вельмі вялікі ўплыў на развіццё працэсу секулярызацыі еўрапейскай культуры аказала Асветніцтва, якое супрацьпаставіла рэлігіі самастойны і незалежны ад яе чалавечы розум. Філосафы-асветнікі падверглі разбуральнай крытыцы ўсе традыцыйныя грамадзянскія установы: царкву, дзяржаву, палітыку, права і г.д. Абвяшчалася ідэя актыўнага мыслячага чалавека, здольнага пазнаваць і пераўтвараць свет у адпаведнасці са сваім розумам. Сцвярджалася, што чалавек з'яўляецца перш за ўсеё разумнай істотай і таму ў сваіх рашэннях валодае правам на аўтаномію ад усіх знешніх нормаў і забаронаў, у тым ліку і рэлігійных. Свабода чалавека, згодна з філасофіяй Асветніцтва, можа быць абмежавана толькі неабходнасцю забяспечыць свабоду іншым людзям. Адным з асноўных лозунгаў Асветніцтва было патрабаванне свабоды сумлення: дзяржава павінна прадставіць людзям права рэлігійнага самавызначэння і не можа пазбаўляць сваіх падданых грамадзянскіх і палітычных правоў у залежнасці ад іх прыналежнасці да той ці іншай рэлігіі, царкву неабходна аддзяліць ад дзяржавы. Гэтыя ідэі былі заканадаўча замацаваны ў "Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна" (1789), прынятай Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыяй, Канстытуцыі ЗША (1787), амерыканскім "Біле аб правах" (1791) і ў далейшым у канстытуцыях іншых краін.

У выніку працэсу секулярызацыі ў еўрапейскіх краінах змянілася становішча царквы ў грамадстве. Яна страціла свае пануючыя пазіцыі і ператварылася ў адзін з грамадзянскіх інстытутаў. Нават у тых краінах, дзе ёсць дзяржаўныя рэлігіі, існуе свабода сумлення і кожны чалавек мае права самастойна выбіраць свае погляды. У цэлым еўрапейская культура мае зараз свецкі характар.

Такім чынам, працэс секулярызацыі прывёў да змены ролі рэлігіі ў грамадстве. Ва ўмовах светапогляднага плюралізму яна зрабілася справай свабоднага выбару чалавека, які, адпаведна, нясе асабістую адказнасць за свае рэлігійныя погляды і яны робяцца для яго больш значнымі. Частка хрысціянскіх тэолагаў даволі станоўча ацэньвае вынікі секулярызацыі.

Секулярызацыя еўрапейскай культуры прывяла да ўзнікнення новых праблемаў. Перад вызваленым ад рэлігійных аўтарытэтаў чалавекам паўстае пытанне, як распарадзіцца атрыманай светапогляднай свабодай. Узнікла рэальная небяспека, што створаны цэнасны вакуум прывядзе да этычнага анархізму і нігілізму. Як рэакцыя на маральную дэзарыентацыю секулярнага грамадства ўзнікае фундаменталізм – рух за вяртанне грамадства да рэлігійных асноў жыцця. Вельмі актыўныя зараз пратэстанцкія фундаменталісты ў ЗША. Яны выступаюць за заканадаўчую забарону перарывання цяжарнасці, ў абарону традыцыйных нормаў паводзін, супраць сужыцельства без асвечатага царквою шлюбу, супраць лёгкіх разводаў. Фундаменталісты прыкладаюць шмат намаганняў, каб даказаць шкоднасць не толькі секулярызацыі, але і таго хрысціянства, якое прыстасоўваецца да ўмоў сучаснага жыцця.

У ісламе фундаменталізм цесна звязаны з рухам за нацыянальнае адраджэнне. Сцвярджаецца, што секулярызацыя – вынік каланіяльнай культурнай экспансіі Еўропы, якая разбурае асновы традыцыйнага жыцця мусульманскіх краін. Ісламскія фундаменталісты патрабуюць вяртання да норма шарыяту.

У сучасных умовах рэлігія не можа выконваць тую ж ролю, якую яна выконвала ў Сярэднявеччы, таму, марнымі з'яўляюцца намаганні слепа следаваць традыцыі. Аднак, як паказаў вопыт, яшчэ больш небяспечнымі і марнымі з'яўляюцца спробы пабудаваць цалкам атэістычнае грамадства. Асабліва актуальна гэта для былых сацыялістычных краін. Нельга ставіць знак роўнасці паміж секулярызацыяй як аб'ектыўна дэтэрмінаваным працэсам і прымусовым знішчэннем рэлігіі.

Пасля крушэння афіцыйнага атэізму ў нашай краіне назіраецца рост колькасці веруючых і ўзмацненне інтарэсу да рэлігіі. Яна павінна заняць сваё адпаведнае месца ў грамадстве. Згодна з Канстытуцыяй і законам "Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях", кожны грамадзянін Беларусі мае права свабодна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію, альбо не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі. Усе рэлігіі роўныя перад законам. Дзяржаўная сістэма выхавання і адукацыі на Беларусі мае свецкі характар і не ставіць сваёй мэтай фарміраванне атэістычных альбо рэлігійных поглядаў.

У апошнія гады на Беларусі створана заканадаўчая база, якая вызначае прававыя межы і ўмовы жыцця веруючых і функцыянавання рэлігійных арганізацый. Вытрымкі з заканадаўчых актаў, прысвечаныя пытанням свабоды веравызнання, прыведзены ў канцы дапаможніка.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Борунков Ю.Ф. Основы религиоведения: Учеб./ Ю.Ф. Борунков. И.Н. Яблоков, К.И. Никонов и др.. Под ред. И.Н. Яблокова. – 2-е изд., перераб. и доп. – М.: Высш. шк., 1998.

2. Религиоведение: Хрестоматия: Учеб. пособ. / Автор-сост. П.И. Костюкович. – Мн.: Новое знание, 2000. – 480с.

3. Адзіночанка В.А., Рэлігіязнауства: вучэбны дапаможнік для ВНУ / В.А.Адзіночанка. - Минск : Універсітэцкае, 2001. - 240 с.

4. Религия и культура Беларуси / Ковшаров Н.Д. – Минск : БГПУ, 2003.