Утварэнне Беларуская ССР
будзе мець адмоўны ўплыў на жыццё беларускага пралетарыяту і сялянства [8, с.134].Кіраўніцтва БССР да апошняга адстойвала сваю пазіцыю:.накіравала ў Маскву дэлегацыю, якая дамаглася сустрэчы з Леніным і іншымі членамі ўрада, праводзіла адпаведную работу з губернскімі ўладамі, спрабуючы пераканаць іх перамяніць сваё рашэнне, адстойвала сваю самастойнасць у вырашэнні пытанняў унутранага жыцця.
Незалежная пазіцыя беларускага кіраўніцтва выклікала канфлікт паміж членамі ЦБ КП(б)Б і прадстаўніком ЦК РКП(б).
Адмова ЦБ КП(б)Б бясспрэчна выканаць загад цэнтральнага органа аб абмежаванні тэрыторыі рэспублікі дорага каштавала кіраўніцтву БССР. Масква ў гэтым канфлікце поўнасцю падтрымала дзеянні А.Іофэ і нават выказала шкадаванне, што той «праводзіць мяккую палітыку ў адносінах да ЦБ». А.Мяснікоў пад пагрозай партыйнага суда быў адкліканы з Беларусі, а астатнія члены ЦБ атрымалі толькі другарадныя пасады ва ўрадзе Літоўска-Беларускай Рэспублікі.
Кіраўніцтва БССР было вымушана выканаць пастанову вышэйшага партыйнага органа. Рашэнне ЦК РКП(б) было праведзена ў савецкім і партыйным парадку. I Усебеларускі з’езд (2-3 лютага 1919 г.) пагадзіўся з вылучэннем Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў са складу БССР і прызнаў неабходным аб’яднанне Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік. Адпаведныя рашэнні былі затым прынятыя на канферэнцыі КПЛіБ і на I з’ездзе саветаў Літвы. У склад Літоўска-Беларускай рэспублікі ўвайшлі Мінская, Гродзенская, Віленская і Ковенская губерні.
Нягледзячы на тое што ўсе планы маскоўскага кіраўніцтва адносна Беларусі і Літвы былі рэалізаваны ў поўнай меры, пазбегнуць вайны з Польшчай не атрымалася. Ужо ў жніўні 1919 г. тэрыторыя Літоўска-Беларускай ССР была поўнасцю занята польскімі войскамі. У такіх умовах рэспубліка працягвала існаваць толькі фармальна, каб не даць падстаў для абвінавачвання бальшавікоў у анексіянісцкіх памкненнях [2, с.110].
6 Другое абвяшчэнне БССР
Масавая ўзброеная барацьба рабочых і сялян Беларусі супраць акупантаў, супраціўленне ўсім эканамічным, палітычным і культурным мерапрыемствам польскай адміністрацыі, актыўная дапамога Чырвонай Арміі адыгралі значную ролю ў вызваленні Беларусі. Ваенныя поспехі бальшавікоў летам 1920 г. паставілі на парадак дня пытанне аб паўторным абвяшчэнні Беларускай савецкай рэспублікі.
Як і ў канцы 1918 г., беларускае пытанне звязвалася з палітычнай сітуацыяй у Еўропе і перспектывай сусветнай рэвалюцыі. Аднаўленне Беларускай рэспублікі мела вялікае значэнне. Чырвоная Армія станавілася ў вачах польскага і іншых народаў вызваліцельніцай прыгнечаных нацый. Яшчэ адной прычынай паўторнага абвяшчэння Беларускай рэспублікі была папулярнасць ідэі савецкай Беларусі сярод камуністаў-беларусаў, якія яшчэ ў маі 1920 г. пачалі ставіць перад ЦК РКП(б) пытанне аб яе аднаўленні.
Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай рэспублікі быў створаны 30 ліпеня 1920 г. У яго склад увайшлі: А.Чарвякоў - старшыня, В.Кнорын -намеснік старшыні, І.Адамовіч - кіраўнік вайсковымі справамі, І.Клішэўскі -сакратар ваенрэўкома. Членамі ВРК сталі: А.Вайнштэйн - ад Бунда, У.Ігнатоўскі - ад БКА. Ад беларускіх левых эсэраў абмяркоўвалася кандыдатура А.Трафімава, але калі было выяўлена поўнае непрызнанне левымі эсэрамі палітыкі савецкай улады, было прынята рашэнне прадстаўніка гэтай партыі ў склад ваенрэўкома не ўключаць.
31 ліпеня 1920 г. Ваенрэўком Беларускай рэспублікі, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі кампартыі, БКА, Бунда і Цэнтральнага Бюро прафсаюзаў Мінска, выдаў «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі». Да склікання з’езда саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў уся дзяржаўная ўлада ў рэспубліцы пераходзіла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі. Арганізацыі, якія падпісалі Дэкларацыю, заклікалі ўсіх працоўных аб’яднаць сілы для пераможнага заканчэння вайны, аднаўлення гаспадаркі і павышэння культурнага ўзроўню краіны. У адрозненне ад Маніфеста 1 студзеня 1919 г. Дэкларацыя закранала тэрытарыяльнае пытанне толькі ў самых агульных рысах. Гэта тлумачыцца тым, што ў 1920 г. БССР аднаўлялася толькі ў складзе дзвюх няпоўных губерняў - Гродзенскай і Мінскай. Беларускія раёны Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў па-ранейшаму заставаліся ў РСФСР. Акрамя таго, дакладнае вызначэнне заходняй мяжы рэспублікі магло ўскладніць ход перагавораў з Польшчай, выклікаць непажаданыя спрэчкі з Літвой.
У сувязі з гэтым тэрыторыя БССР у Дэкларацыі была толькі акрэслена. Яе заходняя граніца ўстанаўлівалася па этнаграфічнай мяжы паміж Беларуссю, Польшчай і Літвой. Граніцу з РСФСР і Украінскай ССР меркавалася вызначыць свабодным волевыяўленнем беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах саветаў у згодзе з урадамі РСФСР і УССР.
Падтрымка палітыкі бальшавікоў, палітычная вага партыі ў грамадстве і памяркоўная пазіцыя па тэрытарыяльным пытанні - вось крытэрыі, павод-ле якіх адбіраліся партыі для ўдзелу ў падпісанні дэкларацыі аб паўторным абвяшчэнні БССР. Праводзячы перагаворы з іншымі партыямі, бальшавікі перш за ўсё імкнуліся даведацца, ці не настойвае кіраўніцтва гэтых партый на ўстанаўленні граніц рэспублікі ў адпаведнасці з «картай Я.Карскага». Такі падыход да вырашэння тэрытарыяльнага пытання выклікаў сур’ёзны канфлікт паміж партыяй эсэраў і бальшавікамі. Беларускія эсэры адмовіліся падпісаць Дэкларацыю і запатрабавалі, каб у склад Беларускай ССР былі вернуты ўсе ўсходнебеларускія землі. У адказ бальшавікі пазбавілі сваіх апанентаў пасад ва ўрадзе БССР і пачалі пераслед партыі.
Недакладна вызначаны палітычны статус і тэрытарыяльны склад Беларускай савецкай рэспублікі быў прычынай стрыманых адносін да БССР не толькі з боку палітычных партый, але і з боку найбольш дасведчанага і нацыянальна свядомага насельніцтва Беларусі. Нярэдка жыхары валасцей задавалі інструктарам пытанні аб тым, дзе праходзіць граніца БССР з Польшчай, чаму польскія войскі не адыходзяць за Буг, а Чырвоная Армія - за Дняпро, і чаму яны не бачаць рэальнага самавызначэння Беларусі. Аднак контрнаступленне польскай арміі пад Варшавай паклала канец гэтым дыскусіям.
Першыя два месяцы «Другой Рэспублікі» расчаравалі вельмі многіх. Пасля распаду кааліцыі бальшавікоў і беларускіх эсэраў рэспубліка перажывала востры палітычны крызіс. БПС-Р, якая заявіла пра сваю гатоўнасць неадкладна правесці ў жыццё самыя шырокія пераўтварэнні ў палітычным і сацыяльным жыцці Беларусі ў інтарэсах і ў адпаведнасці з патрабаваннямі працоўных мас, зрабілася рэальнай альтэрнатывай КП(б)Б, чыя «ваенна-камуністычная» і «ультрапралетарская» ідэалогія страціла папулярнасць у масах [4, с.481].
Шлях народа Беларусі да аднаўлення дзяржаўнасці быў доўгі і цяжкі. Адсутнасць палітычнага адзінства нацыі і складаная знешнепалітычная сітуацыя абумовілі два магчымыя напрамкі самавызначэння Беларусі - БНР і БССР. Дзве формы беларускай дзяржаўнасці - пэўны час яны існавалі паралельна, атаясамліваючы сабой дзве альтэрнатывы, выбар паміж якімі павінен быў зрабіць беларускі народ. 3 двух варыянтаў гістарычнага развіцця - БНР ці БССР - лёсам і часам Беларусі было наканавана пайсці па другім напрамку. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала своеасаблівай формай беларускай дзяржаўнасці, у якой правы рэспубліканскіх органаў улады былі з самага пачатку моцна ўрэзаны на карысць цэнтра. Велізарны ўплыў на вынікі працэсу, безумоўна, адыгралі знешнепалітычпы фактар і інтарэсы бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расіі, у тым ліку ў Беларусі.
7 Удзел БССР у стварэнні СССР
Праца па ўтварэнню адзінай савецкай дзяржавы распачалася яшчэ ў час Грамадзянскай вайны і была абумоўлена шэрагам прычын. У свой час тэрыторыі савецкіх рэспублік, што ўвайшлі ў СССР, знаходзіліся ў межах Расійскай імперыі. Паміж імі існавалі эканамічныя сувязі. Складаныя ваенна-палітычныя абставіны, якія ўзнікалі ў гады Грамадзянскай вайны, таксама патрабавалі аб’яднання намаганняў. У першыя пасляваенныя гады ўзаемаадносіны РСФСР з іншымі савецкімі рэспублікамі будаваліся на аснове двухбаковых дагавораў аб супрацоўніцтве. Аднак дагаворная федэрацыя як форма дзяржаўнага ўладкавання не магла задаволіць ЦК РКП(б) і савецкі ўрад, паколькі ўскладняла палітычнае і гаспадарчае кіраванне краінай.
Падрыхтоўчая праца і абмеркаванне прынцыпаў, на якіх павінны былі грунтавацца ўзаемаадносіны паміж савецкімі рэспублікамі ў адзінай дзяржаве, ішлі на працягу 1922 г. Кіраўніцтва БССР прымала ўдзел у гэтым працэсе. Яно цесна звязвала статус рэспублікі ў саюзнай дзяржаве з вырашэннем беларускага тэрытарыяльнага пытання. Аб гэтым сведчыць пазіцыя ЦБ КП(б)Б адносна праекта аўтанамізацыі. На пасяджэнні, прысвечаным яго абмеркаванню, партыйныя ўлады рэспублікі выступілі супраць прынцыпаў аб’яднання, прапанаваных І.Сталіным. ЦБ КП(б)Б выказалася за захаванне дагаворных адносін, так, як гэта было паміж наркаматамі Расіі і Украіны. Адначасова на гэтым жа пасяджэнні было вырашана паставіць перад ЦК РКП(б) пытанне аб пашырэнні тэрыторыі рэспублікі. Сумяшчэнне дадзеных двух пытанняў было не выпадковым. Яно яшчэ раз падкрэсліла імкненне кіраўніцтва БССР да большай самастойнасці ў вырашэнні пытанняў унутранага жыцця. Лепшым гарантам суверэнітэту рэспублікі і ўліку інтарэсаў была яе тэрытарыяльная цэласнасць.
У верасні 1922 г. меркаванні ЦБ КП(б)Б былі выкладзены на пасяджэнні камісіі ЦК РКП(б), якая займалася распрацоўкай палажэнняў саюзнага дагавора. Выказваючы заклапочанасць тым, што вырашэнне тэрытарыяльнага пытання не прадугледжана ніводным пагадненнем паміж РСФСР і БССР, кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства савецкай Беларусі прапанавала паставіць яго на абмеркаванне, а рашэнне замацаваць у форме міжнароднага дагавора. На думку кіраўніцтва НКЗС БССР, вяртанне Віцебскай, Гомельскай і часткі Смаленскай губерняў дыктавалася гаспадарчымі (эканамічнае адзінства гэтых губерняў і БССР), культурна-асветніцкімі (цяга большасці насельніцтва да беларускай культуры), унутрыпалітычнымі (улік асаблівасцей нацыянальнага і сацыяльнага складу жыхароў Беларусі) і знешнепалітычнымі (узмацненне міжнароднага становішча БССР) фактарамі. Аднак гэты зварот рэспубліканскіх улад ніякіх вынікаў не даў. Вырашэнне дадзенага пытання выходзіла за межы кампетэнцыі камісіі ЦК РКП(б) і Наркамата замежных спраў РСФСР, таму беларускаму боку было прапанавана перадаць яго непасрэдна ў ЦК РКП(б) [2, с.180].
Тым часам працэс утварэння СССР уступаў у завяршальную стадыю. У кастрычніку - снежні 1922 г. пленумы ЦК кампартый Беларусі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Арменіі выказаліся за аб’яднанне савецкіх рэспублік у Саюз ССР. 30 снежня 1922 г. у Маскве адбыўся I з’езд саветаў СССР, які прыняў Дэкларацыю аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор. Старшынямі вярхоўнага заканадаўчага органа дзяржавы - ЦВК СССР - былі выбраны М.Калінін, Г.Пятроўскі, А.Чарвякоў, Н.Нарыманаў.
Заключэнне
Абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і яе фактычнае прызнанне шмат якімі еўрапейскімі дзяржавамі змусілі Савецкую Расію даць беларускім камуністам дазвол на ўтварэнне БССР.
30-31 снежня 1918-га ў Смаленску (бальшавікі справядліва разглядалі гэты горад як беларускі) І з’езд Кампартыі Беларусі прыняў пастанову стварыць БССР у межах Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губерняў з тымі часткамі сумежных з імі Сувалкаўскай, Віленскай, Ковенскай і Чарнігаўскай, дзе пераважала беларускае насельніцтва. Часовы рабоча-сялянскі ўрад пад кіраўніцтвам Зміцера Жылуновіча 1 студзеня 1919 г. выдаў Маніфест пра абвяшчэнне Беларускай ССР. Ён паўтараў ідэю нашай дзяржаўнасці, якую ўжо абвясціла Другая Устаўная грамата БНР, але не дэклараваў дэмакратычных свабодаў.
5 студзеня урад БССР пераехаў у Менск і вельмі хутка зразумеў, што прызнанне дзяржаўнасці Беларусі з’яўляецца для Крамля не больш чым палітычнай гульнёй. Ужо 16 студзеня 1919 г. бальшавісцкае кіраўніцтва загадала “ў сувязі са зменай знешніх абставінаў” перадаць Смаленскую, Магілёўскую і Віцебскую губерні ў склад РСФСР. Яшчэ праз некалькі дзён выкліканыя ў Маскву кіраўнікі БССР даведаліся ад Леніна пра план злучэння іхняй “абрэзанай” рэспублікі са створанай бальшавікамі Літоўскай ССР. Гэтая буферная дзяржава была патрэбная расейскім бальшавікам дзеля абароны перад пагрозаю вайны з Польшчай.
Такім чынам, у лютым 1919-га ўзнікла Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Вільні. У склад ЛітБела ўваходзілі Віленская, Менская, Гарадзенская, часткі Ковенскай і Сувалкаўскай губерняў з насельніцтвам блізу 4 мільёнаў чалавек. “Дзяржава двух народаў”, як у прапагандысцкіх мэтах называлі ЛітБел, не была прызнаная нікім, апрача савецкай Расіі, і вельмі хутка выявіла нежыццяздольнасць. Ужо праз месяц пасля яе стварэння польскія войскі занялі Вільню, а напрыканцы лета 1919-га акупавалі ўсю тэрыторыю ЛітБела, улады якой не паспелі стварыць нават асноўных атрыбутаў дзяржаўнасці.
31 ліпеня 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне БССР. Узнавіць буферны ЛітБел было ўжо немагчыма, бо рэальна існавала незалежная Літва (Летува). Каб перадухіліць пераход улады ў рукі нацыянальных сілаў у Беларусі, бальшавікі і пагадзіліся на аднаўленне БССР. Але гэтым разам яе тэрыторыя складалася толькі з шасці паветаў былой Менскай губерні агульнай плошчай усяго 52,4 тыс. кв. км.
З утварэннем СССР склаліся больш спрыяльныя ўмовы для ўз’яднання беларускіх тэрыторый. Гэта было звязана з тым, што нацыянальныя рэспублікі хоць і захаваліся ў Саюзе ў якасці асобных дзяржаўных адзінак, аднак іх самастойнасць была істотна абмежавана, а граніцы пачалі выконваць хутчэй адміністрацыйную функцыю. Такім чынам, даючы згоду на пашырэнне БССР, ЦК РКП(б) мог быць упэўнены, што ўзбуйненне тэрыторыі Беларускай савецкай рэспублікі не будзе мець для СССР адмоўных вынікаў.
Спіс выкарыстаных крыніц
Гісторыя Беларусі: дапаможнік для паступаючых у ВНУ /А.Л.Абецэдарская, П.І.Брыгадзін, Л.А.Жылуновіч і інш.; Пад рэд. А.Г.Каханоўскага і інш. – Мн.: Экаперспектыва, 1998. – 496 с.
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т.5. Беларусь у 1917-1945 гг. /Вабішчэвіч і інш. – Мн.: Экаперспектыва, 2007. – 613 с.
Гісторыя Беларусі: Ч.2 Люты 1917 г. – 2002 г. /Я.К.Новік, Г.С.Марцуль, Э.А.Заброднік і інш.: Пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. – Мн.: Вышэйшая школа, 2003. – 472 с.
Лазіцкі, В.Л. Гісторыя Беларусі: поўны курс да тэсціравання і экзамену. У 3 ч. Ч.2 /В.Л. Лазіцкі; пад агул. рэд. У.Н.Сідарцова. Мн.: Тетра Системс, 2006. – 608 с.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч.2 /М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка, У.І.Вышынскі і інш.; Інстытут гісторыі АНБ. – Мн.: Беларусь, 1995. - 560 с.
Усебеларускі з’езд 1917 года: сведчанне сучасніка //Беларускі гістарычны часопіс. – 1993. - № 4. – С.58-60.
Великая октябрьская Социалистическая революция в Белоруссии: Сборник документов и материалов: в 2 т. Т.2. – Мн., 1957. – С.935.
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции: В 3 ч. Ч.2. – Гомель, 1993. – С.134.