Утварэнне Беларуская ССР
Змест
Уводзіны
1 Работа Усебеларускага з’езда і яго разгон
2 Абвяшчэнне БНР
3 Першае абвяшчэнне БССР
5 Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка
6 Другое абвяшчэнне БССР
7 Удзел БССР у стварэнні СССР
Заключэнне
Спіс выкарыстаных крыніц
Уводзіны
Для замацавання перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі, перабудовы гаспадаркі, новай арганізацыі жыцця патрэбна было неадкладна прыступіць да стварэння адпаведнага дзяржаўнага ладу. У Беларусі з першых дзён рэвалюцыі па гэтым пытанні разгарнулася вострая барацьба паміж нацыянальнымі партыямі і бальшавікамі. Рускія эсэры адстойвалі прынцып адзінай і непадзельнай Расіі. Нацыянальныя партыі патрабавалі ўтварэння Беларускай народнай рэспублікі. Бальшавікі, выконваючы дырэктыву ЦК РСД РП(б) змагацца за сусветную сацыялістычную рэвалюцыю, утварылі своеасаблівае дзяржаўнае аб’яднанне - Заходнюю вобласць і Заходні фронт. Вектар палітыкі гэтага аб’яднання быў скіраваны на Захад, у бок Польшчы і Германіі з мэтай падштурхоўвання тут сацыялістычнай рэвалюцыі. У сувязі з гэтым пытанні ўнутранага жыцця для паўночна-заходняга Абласнога камітэта РСДРП(б) і дзяржаўных органаў Заходняй вобласці і фронту свядома на першы план не высоўваліся.
Беларускія нацыянальныя партыі ў гэты час актывізавалі дзейнасць па стварэнню БНР. У Грамаце да беларускага народа ад 27 кастрычніка 1917 г. Вялікая Беларуская рада (ВБР), якую падтрымалі іншыя беларускія нацыянальныя арганізацыі і партыі.
Беларускі абласны камітэт бачыў найбольш перспектыўны шлях ажыцяўлення права нацый на самавызначэнне ў стварэнні ў складзе Расійскай федэрацыі нацыянальных аўтаномных рэспублік і абласцей.
Утварэнне нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы для беларускага нацыянальнага руху было задачай надзвычай складанай. Сілы нацыянальнай буржуазіі і памешчыкаў у гэтым руху былі значна слабейшымі, чым на Украіне, у Фінляндыі, Польшчы, іншых нацыянальных рэгіёнах.
Беларускі нацыянальны рух у параўнанні з польскім, яўрэйскім, літоўскім да 1917 г. заставаўся малаэфектыўным і не аказваў уплыву на палітычнае развіццё перадрэвалюцыйнай Расіі.
Калі меркаваць па нацыянальных праграмах беларускіх партый і арганізацый, то сярод іх не было такой, якая змагла б стаць значнай сілай грамадска-палітычнага жыцця і прыкметна ўплываць на развіццё нацыянальнага руху. Так, на выбарах ва Устаноўчы сход Беларуская сацыялістычная грамада атрымала толькі 0,6% галасоў выбаршчыкаў. У Мінскім савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў, саветах іншых гарадоў і паветаў, выканаўчых камітэтах сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, на Магілёўскім губернскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў зусім не было прадстаўнікоў БСГ, іншых нацыянальных арганізацый.
Вялікая Беларуская рада не мела ні палітычных, ні вайсковых магчымасцей для замены савецкай улады. Яна разлічвала іншым шляхам перацягнуць на свой бок народныя масы.
Лозунг Кастрычніцкай рэвалюцыі аб самавызначэнні народаў аж да дзяржаўнага аддзялення ад Расіі беларускія нацыянальныя арганізацыі ўспрынялі як патрабаванне неадкладнага самавызначэння Беларусі і яе аддзялення ад савецкай Расіі. На пытанне, якое ўзнікла перад нацыянальна-вызваленчым рухам, якім шляхам ісці далей (праз саветы або раду), усе беларускія нацыянальныя арганізацыі выказаліся ў падтрымку рады, супраць саветаў.
У ходзе вырашэння нацыянальнага пытання найбольшыя выгады імкнулася атрымаць беларуская буржуазія. Яна з усіх сіл дамагалася аднаўлення тых пазіцый, якія страціла ў працэсе рэвалюцыі. Сялянскія масы, гарадскія пласты насельніцтва да гэтага пытання ў пераважнай большасці адносіліся без энтузіязму.
Вопыт гісторыі паказвае, што ў нацыянальна-вызваленчых рухах поспеху дасягалі тыя нацыянальнасці, буржуазія якіх была сапраўды нацыянальнай, а нацыянальная дэмакратыя знаходзілася на высокай ступені развіцця культурна-нацыянальнай свядомасці. У Беларусі нацыянальная буржуазія была малалікая, палітычна слабая, а дэмакратычныя сілы мелі нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці. Эканамічна-пануючым класам з’яўляліся памешчыкі, якія належалі пераважна да польскай, літоўскай і рускай нацыянальнасцей.
Значная частка палітычнага кіраўніцтва беларускім нацыянальным рухам разумела, што ўласных сіл для развязвання барацьбы за незалежнасць у яе недастаткова. Такога пункту гледжання прытрымліваліся ўсе беларускія групоўкі, якія імкнуліся да незалежнасці і аб’яднання беларускіх зямель. Яны адрозніваліся адна ад другой толькі знешняй арыентацыяй: Б.Тарашкевіч, напрыклад, арыентаваўся на Польшчу, А.Луцкевіч - на Германію і г.д.
Імкненне Вялікай Беларускай рады да абвяшчэння незалежнай Беларускай рэспублікі падтрымлівалі група беларускай інтэлігенцыі, частка салдат-беларусаў, так званыя старыя беларускія дзеячы з паланізаванай беларускай шляхты. З’езды беларускіх арганізацый і беларусаў-вайскоўцаў фронту пастанавілі прыняць рашучыя меры да арганізацыі ўсяго беларускага народа для абароны здабытых правоў і вольнасцей. Абраныя з’ездамі выканкомы звярнуліся да беларускага народа з заклікам узяць у свае рукі кіраванне краем.
На іншай платформе знаходзіўся Беларускі абласны камітэт (БАК) пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе. Ён лічыў сябе ідэйным і арганізацыйна-палітычным цэнтрам той часткі сялянства і інтэлігенцыі, якая арыентавалася на Расію і лічыла сваёй задачай утварэнне абласной аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі. Беларускі абласны камітэт звярнуўся да працоўнага сялянства, земскіх і гарадскіх органаў самакіравання, кааператываў, саветаў сялянскіх дэпутатаў, беларусаў-вайскоўцаў, сялянскай інтэлігенцыі ў асобе настаўнікаў, усяго насельніцтва Беларусі з заклікам да аб’яднання для барацьбы за аўтаномію Беларусі як часткі Расійскай Федэратыўнай Рэспублікі.
1 Работа Усебеларускага з’езда і яго разгон
Для ажыццяўлення самавызначэння Беларусі ВБР разам з БАК склікалі Усебеларускі з’езд. Ён адкрыўся 14(27) снежня 1917 г. На з’езд прыбылі 1872 дэлегаты, у тым ліку 1167 з правам рашаючага голасу. Дэлегаты па сваіх грамадскіх поглядах складалі дзве амаль роўныя часткі. Адна з іх падтрымлівала ВБР, другая - БАК. Адразу пасля адкрыцця з’езда дэлегацыя ВБР прапанавала абвясціць незалежную Беларускую рэспубліку. Гэта не было нечаканым.
Прыхільнікі ВБР дамагаліся абвяшчэння БНР і аддзялення яе ад савецкай Расіі. У праекце рэзалюцыі «Аб уладзе», які падрыхтавала левая фракцыя, прапанавалася ўсталяваць уладу беларускіх саветаў сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў па прынцыпу агульнарасійскай савецкай улады.
Дэлегаты, якія падтрымлівалі БАК, адстойвалі знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. У мэтах стварэння асобнага цэнтра Беларусі як аўтаномнай дзяржавы БАК яшчэ раней, у канцы лістапада, звярнуўся да Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР з хадайніцтвам аб адкрыцці пры ім аддзела БАК, які прадстаўляў бы ў СНК РСФСР інтарэсы Беларусі. У выніку гэтага 31 студзеня 1918 г. пры Наркамнацы РСФСР быў утвораны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацком).
Праекты рэзалюцый, унесеныя ВБР і БАК, не былі прыняты з’ездам. З’езд адобрыў кампраміснае рашэнне стварыць часовы вышэйшы орган улады - Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які павінен быў замяніць арганізаваныя пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі органы савецкай улады ў Беларусі і на Заходнім фронце.
З’езд не паспеў абраць Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. 17(31) снежня 1917 г. СНК Заходняй вобласці і фронту прыняў рашэнне распусціць з’езд і прапанаваў яго прэзідыуму пакінуць межы вобласці і фронту. Гэта рашэнне абгрунтоўвалася неабходнасцю абароны савецкай улады ў вобласці і на фронце. Выкананне задач, ускладзеных на Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, з’езд даручыў яго выканаўчаму органу - савету з’езда.
Непасрэднымі выканаўцамі згаданага рашэння СНК Заходняй вобласці фронту былі яго прадстаўнікі Л.Рэзаўскі і начальнік Мінскага гарнізона М.Крывашэін, якія на чале атрада салдат прымусілі дэлегатаў Усебеларускага з’езда пакінуць памяшканне, арыштавалі прэзідыум і некаторых дэлегатаў. Фактычна з’езд быў разагнаны, аб чым сведчаць наступныя факты.
Раніцай 18 снежня 1917 г. савет з’езда пастанавіў «лічыць І-ы Усебеларускі з’езд гвалтоўна разагнаным» [6, с.60]. У справаздачы Аблвыкамзаха старшыні СНК У. Леніну аб выкананай рабоце, дасланай ў красавіку 1918 г., зазначана, што з’езд быў разагнаны [7, с.935].
Разгон з’езда грамадскасцю Беларусі не толькі не асуджаўся, але ў шэрагу выпадкаў нават адабраўся. Гэта рашэнне прызнавалі справядлівым сяляне Раснянскай воласці Чавускага павета, Мсціслаўскай воласці Клімавіцкага павета, вёсак Межылессе і Ольніцы Бабруйскага павета, сялянскія з’езды Аршанскага і Слуцкага паветаў, IV Магілёўскі губернскі з’езд сялянскіх дэпутатаў, Віцебскі губернскі з’езд саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У іх рэзалюцыях было выказана імкненне падтрымаць савецкую ўладу і аўтаномію Беларусі ў складзе савецкай Расіі.
Лідэры беларускага нацыянальнага руху прызнавалі адсутнасць у Беларусі шырокай сацыяльнай базы для нацыянальнага руху, непапулярнасць патрабавання аб адрыве яе ад Расіі.
У тым, што з’езд быў разагнаны, - віна Паўночна-Заходняга АК РСДРП(б) і савецкіх органаў Заходняй вобласці. Яны не ў праве былі ігнараваць амаль двухтысячны з’езд прадстаўнікоў беларускага народа. Што заставалася на тэрыторыі вобласці і фронту, калі ўлічыць месцы, якія прадстаўлялі дэлегаты з’езда? Фронт не ў поўным складзе. Калі партыйныя і савецкія органы Заходняй вобласці сапраўды былі зацікаўлены ў існаванні такога дзяржаўнага фарміравання, як Заходняя вобласць і Заходні фронт, то ім трэба было не ігнараваць, а ўсямерна імкнуцца з найбольшай актыўнасцю ўдзельнічаць у рабоце Усебеларускага з’езду. Аднак кіраўнікам абкома РСДРП(б) і СНК Заходняй вобласці і фронту не хапала рэальных ацэнак і здаровага сэнсу, каб прыняць правільнае рашэнне.
Адабрэнне разгону з’езда некаторымі сходамі і з’ездамі сялян зусім не азначала правамернасці дзеянняў СНК вобласці і фронту. Заняцце абласнымі партыйнымі і савецкімі органамі канструктыўнай пазіцыі ў адносінах да з’езда забяспечыла б зусім іншыя яго вынікі. Аб’ектыўна ў Беларускага з’езда такога фінішу, які меў месца, не павінна было быць. Усе ведалі, якім неаднастайным быў яго склад. У ліку дэлегатаў пераважалі сяляне, салдаты і інтэлігенцыя і ў той жа час адсутнічалі рабочыя. Не ўсе дэлегаты з’езда палітычна і псіхалагічна былі гатовы да прыняцця лёсавызначальнага для беларускага народа рашэння. Аўтарытэтнай жа сілы, якая змагла б аб’яднаць іх, на з’ездзе не было.
Абласны камітэт РСДРП(б) і Аблвыкамзах ухіліліся ад выканання іх пагаднення з Наркамнацам РСФСР і Беларускім абласным камітэтам аб скліканні з’езда сумесна з саветамі ў Мінску. Яшчэ да яго адкрыцця Абласны камітэт РСДРП(б) адкрыта праявіў да яго негатыўныя адносіны. У чым жа была прычына гэтага? Вялікая Беларуская рада, іншыя нацыянальныя арганізацыі не маглі пагадзіцца з тым, у якую форму вылілася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі. Аб’яднанне вобласці і фронту ў адзіную дзяржаўную структуру - Заходнюю вобласць і Заходні фронт - не мела прэцэдэнту.
Гэта было адзінае ў Расіі ваенна-грамадзянскае дзяржаўнае ўтварэнне. 3 часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі тут дзейнічалі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, Выканком саветаў вобласці і фронту і Саўнарком вобласці і фронту. Усе гэтыя органы лічыліся абласнымі і франтавымі. Але ў сапраўднасці яны ў пераважнай большасці былі франтавымі і ўкамплектаванымі ваеннымі работнікамі, цывільных асоб у гэтых органах не было. Напэўна, такое аб’яднанне не з’явілася выпадковасцю. Магчыма, у ім быў зацікаўлены ЦК РСДРП(б), які разлічваў на сусветную сацыялістычную рэвалюцыю і якому такое аб’яднанне было неабходна для ажыццяўлення экспарту рэвалюцыі на Захад.
Да таго ж пытанне аб самавызначэнні Беларусі ў значнай ступені рабілася актуальным таму, што фарміраванне Заходняй вобласці не было завершана. Такія беларускія губерні, як Віцебская і Магілёўская, у яе склад не ўваходзілі. Заходняя вобласць у 1917 г. пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аб’яднала тэрыторыю толькі Мінскай і часткі Віленскай губерняў. Неакупіраваныя паветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі ўключаны ў Заходнюю вобласць толькі ў 1918 г., калі пасля пачатку германскай інтэрвенцыі фактычна сфарміравалася новая вобласць з цэнтрам у Смаленску. У патрабаванні аб самавызначэнні Беларусі кіраўніцтва вобласці бачыла толькі імкненне ВБР і Белнацкома ліквідаваць вобласць. Гэта шмат у чым накладвала адбітак на развіццё працэсу ўтварэння нацыянальнай Беларускай рэспублікі.
У гэты час Ваенрэўком, Аблвыкамзах і Саўнарком вобласці і фронту займаліся пераважна справамі Заходняга фронту, які пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі фактычна расфарміроўваўся. Трэба было надаваць шмат увагі стварэнню ўзброенай сілы, здольнай абараніць рэвалюцыю, і таму не было магчымасці займацца правядзеннем рэвалюцыйных пераўтварэнняў у вобласці. Аднак гэта работа з’яўлялася неадкладнай, практычна толькі яна магла замацаваць перамогу новага ладу жыцця [1, с.320].
I нарэшце, яшчэ адна важная прычына. Партыйнае і савецкае кіраўніцтва вобласці складалася з прафесійных ваенных рускай, украінскай, латышскай, армянскай, яўрэйскай і іншых нацыянальнасцей. Беларусаў сярод іх не было. Праблемы ж, якія трэба было вырашаць, закраналі лес беларускай нацыі. Беларускія нацыянальныя арганізацыі ставілі пытанне аб самавызначэнні, што вынікала з рашэнняў II Усерасійскага з’езда саветаў і іншых дакументаў савецкай улады. Аднак кіраўнікі абласных партыйных і савецкіх органаў не прызнавалі факт існавання беларускай нацыі і патрабаванне аб самавызначэнні Беларусі ўспрынялі як антысавецкае, контррэвалюцыйнае. 3 такіх «тэарэтычных» установак вынікалі практычныя дзеянні, якія вялі не да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, а да канфрантацыі.
Зыходзячы з таго, што ў Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва не пачыналася, і асцерагаючыся, каб германскія, польскія, украінскія, літоўскія буржуазна-памешчыцкія колы не паквапіліся на «безгаспадарчую» тэрыторыю Беларусі, беларускія нацыянальныя арганізацыі актыўна павялі лінію на ўтварэнне беларускай дзяржавы. Беларускія сілы, такім чынам, праявілі занепакоенасць лёсам сваёй Радзімы.
2 Абвяшчэнне БНР
Пасля таго як савецкія войскі пакінулі Мінск, а германскія яшчэ не ўступілі ў горад, выканком савета Усебеларускага з’езда зрабіў спробу ўсталявання сваёй улады. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да беларускага народа з 1-й Устаўной граматай, у якой аб’явіў сябе ўладай у Беларусі. З прадстаўнікоў сацыялістычных партый быў сфарміраваны Народны сакратарыят на чале з Я.Варонкам. У яго склад увайшлі: П.Крачэўскі, А.Смоліч, П.Бадунова, А.Карач, Т.Грыб, К.Езавітаў, У.Макрэяў, I.Серада і інш. [2, с.99]. Народны сакратарыят з’яўляўся часовым выканаўча-распараджальным органам.
Выканком зыходзіў з таго, што, па-першае, сваімі рашучымі дзеяннямі па ўсталяванні ўлады ён зможа разлічваць на падтрымку народных мас і, па-другое, спадзяваўся, што германскаму камандаванню прыйдзецца пагадзіцца з фактам стварэння беларускага нацыянальнага ўрада. Аднак атрымалася інакш. Калі 24 лютага 1918 г. дэлегацыя Народнага сакратарыята (Я.Варонка, К.Езавітаў, А.Смоліч і інш.) наведала прадстаўніка германскага камандавання ў Мінску і заявіла яму, што Народны сакратарыят з’яўляецца гаспадаром краю і будзе абыходзіцца з германскай арміяй, як з гасцямі, выказала сваю лаяльнасць уладзе інтэрвентаў, то ваенны камендант замест падзякі выдаў загад аб выдварэнні Народнага сакратарыята з памяшкання, якое ён займаў. Гэта было зроблена на наступны дзень.
Дамаганні Народнага сакратарыята аб прызнанні і падтрымцы з боку ўрада Германіі былі адхілены. Прадстаўнік камандавання германскіх войскаў адказаў, што прызнаць яго ў якасці ўрада Беларусі не можа, бо яшчэ ў студзені 1918 г. з іх згоды ў Вільні адбылася другая Беларуская асамблея, якая заявіла аб незалежнасці Беларусі і сфарміраванні сваёй адміністрацыі. У гэтых абставінах выканком Савета з’езда і Беларуская рада ў Вільні, якія падштурхоўвала акупацыйная ўлада, пасля ўзгаднення сваіх прэтэнзій абнародавалі агульную заяву, у якой прызналі неабходным стварыць Беларускую Народную Рэспубліку. Гэта пагадненне было замацавана 2-й Устаўной граматай, выдадзенай 9 сакавіка 1918 г. Выканком савета з’езда назваў сябе радай 1-га Беларускага з’езда. У яе склад увайшлі пяць членаў Віленскай Беларускай рады: А.Луцкевіч, I.Луцкевіч, Д.Сямашка, Я.Станкевіч і О.Туркевіч, якія прыехалі ў Мінск [2, с.97].
На першым пасяджэнні рады 1-га Беларускага з’езда, якое адбылося 9 сакавіка, быў прыняты Статут рады БНР, вызначаны яе склад, зацверджаны 1-я і 2-я Устаўныя граматы. Акрамя 27 членаў рады з’езда - членаў выканкома, якія лічыліся пераемнікамі ўлады, атрыманай ад 1-га Беларускага з’езда, у склад Рады былі ўведзены дзевяць асоб ад правінцыйных беларускіх рад, 10 - ад Мінскага земства, 10 - ад гарадскога самакіравання, 15 - ад нацменшасцей (сем яўрэяў, чатыры палякі, двое рускіх, адзін літовец, адзін украінец). У ліку 71 члена рады беларусаў было 36, прадстаўнікоў Мінска - звыш 55 чалавек [2, с.97]. Такім чынам, рада БНР па свайму складу была пераважна мінскім органам.
Неаднародным быў сацыяльны склад рады. Кіруючую ролю ў ёй ажыццяўлялі сярэднія пласты нацыянальнай інтэлігенцыі. У партыйных адносінах яна складалася з прадстаўнікоў розных нацыянальна-сацыялістычных партый (Беларускай сацыялістычнай грамады, Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, сацыялістаў-сіяністаў, Паалей-Цыён, Бунда), а таксама рускіх эсэраў і меншавікоў. Усе гэтыя партыі выступілі супраць Кастрычніцкай рэвалюцыі, але не ўсе падтрымлівалі аддзяленне Беларусі ад Расіі і ўтварэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Рускія эсэры і меншавікі разам з яўрэйскімі сацыялістычнымі партыямі выказваліся за знаходжанне Беларусі ў складзе Расіі. Яўрэйскія партыі асцерагаліся, што ў беларускай нацыянальнай дзяржаве на першыя пазіцыі выйдзе беларуская буржуазія. Рускія эсэры адстойвалі ідэю «адзінай і непадзельнай» Расіі. Толькі БСГ патрабавала самавызначэння Беларусі на буржуазна-дэмакратычнай аснове.
У зацверджанай радай 2-й Устаўной грамаце Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай. Выканаўчы камітэт быў перайменаваны ў Раду БНР, абраны прэзідыум Рады на чале з I.Серадой. На тэрыторыі рэспублікі былі абвешчаны свабоды слова, друку, сходаў, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, права на аўтаномію, раўнапраўе моў усіх нацыянальнасцей Беларусі. Пацвярджалася права прыватнай уласнасці на зямлю, якая бясплатна перадавалася тым, хто яе апрацоўваў. Лясы, воды, нетры зямлі абвяшчаліся ўласнасцю БНР. Паўсюдна ўстанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень.
Спасылаючыся на тое, што на мірных перагаворах у Брэсце і ў Брэсцкім. мірным дагаворы нічога не гаварылася пра беларускую дзяржаву і што па гэтаму дагавору значная частка тэрыторыі Беларусі была акупіравана германскай арміяй, рада БНР насуперак волі прадстаўнікоў арганізацый і партый рускай арыентацыі на пасяджэнні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г. пасля дзесяцігадзінных спрэчак прыняла пастанову аб незалежнаці Беларусі. Супраць аддзялення Беларусі ад савецкай Расіі галасавалі дэпутаты гарадской, земскай і бундаўскай фракцый. Ад галасавання ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі, Паалей-Цыён і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з рады БНР і адклікала сваіх прадстаўнікоў з Народнага сакратарыята. Такім чынам, з 71 члена рады БНР за аддзяленне Беларусі ад Расіі галасавалі 40, супраць было 22, устрымалася 9 членаў рады [2, с.98].
Згодна з 3-й Устаўной граматай, якая была выдадзена 25 сакавіка 1918 г., БНР абвяшчалася «незалежнай і вольнай дзяржавай». У яе склад былі ўключаны Магілёўская, Мінская, Віцебская губерні, а таксама беларускія часткі Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і сумежных губерняў [5, с.58].
У той час, калі армія інтэрвентаў пакідала Беларусь, Рада народных міністраў БНР у 4-й Устаўнай грамаце ад 29 лістапада 1918 г. заклікала беларускі народ да захавання парадку, які яна прапагандавала. Аднак новая грамата не садзейнічала ўмацаванню становішча рады. Рэакцыяй на яе была спроба стварэння палітычнага цэнтра без рады, на базе земстваў, сацыялістычных партый, прафесійных арганізацый і фарміравання на гэтай падставе органаў краявой улады. Аднак кіраўнікі гэтых арганізацый не змаглі дамовіцца паміж сабою. Прадстаўнікі левых груповак, якія расчараваліся ў БНР, схіляліся да супрацоўніцтва з савецкай уладай.
У гэтых абставінах рада і ўрад БНР выдалі 5-ю Грамату, у якой заклікалі беларускі народ да выступлення супраць савецкай улады, якая аднаўлялася, да абароны БНР, да «ўсеагульна грамадзянскага шчасця» і стварэння на месцах «беларускіх саветаў», якія павінны падпарадкоўвацца радзе БНР. Аднак магчымасцей для рэалізацыі гэтага не было. Імкненне беларускай буржуазіі здзейсніць нацыянальнае самавызначэнне на буржуазна-дэмакратычнай аснове поспеху не мела. Палітычны крызіс настолькі глыбока паралізаваў раду БНР, што пераадолець яго яна не змагла.
З пачатку свайго абвяшчэння БНР не знайшла падтрымкі шырокіх народных мас. Прычын таму існавала шмат. Перш за ўсё патрэбна мець на ўвазе, што яна была створана і існавала ў вельмі неспрыяльных умовах, у час нямецкай акупацыі. Германскі ўрад і фінансавыя групы, якія стаялі за ім, былі супраць знаходжання Беларусі ў складзе Расіі. 3 няменшым жаданнем яны гатовы былі супрацьстаяць паглынанню Беларусі Польшчай. Яны выношвалі планы ўключэння Беларусі ў зону свайго ўплыву. Таму нядзіўна, што акупацыйны рэжым заваёўнікаў выступаў супраць падтрымкі нацыянальных памкненняў органаў улады абвешчанай беларускай дзяржавы. Да таго ж ён успрымаўся народам як варожы. Але рада ў пошуках падтрымкі вымушана была калі не супрацоўнічаць з ім, то хаця б быць да яго лаяльнай. Па-другое, зямлю сялянства ад улады БНР не атрымала. Больш таго, яе забіралі ў сялян і зноў аддавалі памешчыкам.
Адносна пытання аб сутнасці БНР існуе некалькі пунктаў гледжання. У літаратуры, якая выдана яе дзеячамі, БНР разглядаецца як беларуская нацыянальная дзяржава. Аднак некаторыя вучоныя ў Беларусі зусім не лічаць БНР рэальным фактам. Яны адзначаюць, што БНР не мела тэрыторыі і шэрагу іншых прыкмет дзяржаўнасці. Гэта не зусім так. Нельга не пагадзіцца з тым, што I Усебеларускі з’езд у некаторай ступені з’явіўся пачаткам аб’яўлення БНР. Урад БНР падтрымліваў кантакты з Украінай, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, германскім камандаваннем на акупіраванай Беларусі, а потым з Германіяй, Чэхаславакіяй. Савецкі ўрад таксама не ігнараваў БНР. У Маскве дзейнічала консульства БНР на чале з А.Бурбісам. У лістападзе 1918 г. А.Луцкевіч вёў у Маскве перагаворы з У.Леніным аб стварэнні беларускай дзяржавы. Аднак існуючыя тады рознагалоссі паміж урадамі БНР і савецкай Расіі, а потым і БССР працягвалі заставацца.
3 Першае абвяшчэнне БССР
У выніку лістападаўскай 1918 г. рэвалюцыі Германіі ў заходняй частцы савецкай Расіі склалася новая палітычная сітуацыя. 3 улікам яе ўрад РСФСР ануляваў Брэсцкі мірны дагавор з Германіяй. Паступова, з прасоўваннем бальшавіцкіх войскаў на захад, пад юрысдыкцыю савецкай улады адыходзілі новыя, у тым ліку і беларускія, тэрыторыі, у сувязі з чым вялікую актуальнасць набывала пытанне аб форме і характары дзяржаўнай улады на вызваленых землях.
На фоне актыўнай дзяржаваўтваральнай дзейнасці бальшавікоў ў Прыбалтыцы і Украіне даволі незразумелай выглядала сітуацыя з Беларуссю.
Тым больш што камуністы-беларусы, якія ўваходзілі ў склад Белнацкома і белсекцый РКП(б), з моманту вызвалення беларускіх зямель ад нямецкай акупацыі пачалі ставіць перад ЦК РКП(б) і ўладамі Заходняй вобласці пытанне аб утварэнні Беларускай савецкай рэспублікі. Аднак першыя на такія звароты ніяк не рэагавалі, а другія ўвогуле ацанілі захады беларускіх камуністаў як контррэвалюцыйную з’яву. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха лічыла, што існаванне нацыянальных рэспублік раз’ядноўвае сілы працоўных і наносіць шкоду інтарэсам сусветнай рэвалюцыі.
Трэба адзначыць, што ў прынцыпе пазіцыя членаў ЦК РКП(б) не вельмі адрознівалася ад поглядаў дзеячаў Аблвыкамзаха. Нацыянальнае пытанне было непапулярнае сярод кіраўніцтва бальшавікоў і ў праграме партыі заўсёды падпарадкоўвалася інтарэсам класавай барацьбы і сусветнай рэвалюцыі. Аднак цэнтральнае кіраўніцтва ў Маскве ў адрозненне ад абласной улады ў Смаленску на нацыянальную, у тым ліку і беларускую, праблему глядзела шырэй. У пазіцыі У.Леніна і яго бліжэйшых паплечнікаў было менш дагматызму. Яны ў многім па-іншаму бачылі інтарэсы рэвалюцыі ў кожны бягучы момант і таму выяўлялі больш гнуткасці ў нацыянальным пытанні. Імклівая змена пазіцыі Масквы адносна ўтварэння Беларускай савецкай рэспублікі - яскравае сведчанне таму, як ленінскі ўрад мяняў сваю палітыку ў залежнасці ад тых ці іншых падзей на знешнепалітычнай арэне.
23 снежня 1918 г. у Маскве праходзіла пасяджэнне камісіі УЦВК, на якой адбылося юрыдычнае афармленне Заходняй вобласці як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі РСФСР. Вярнуўшыся пасля гэтага ў Мінск, старшыня Аблвыкамзаха А.Мяснікоў не толькі не паведаміў іншым членам камітэта аб магчымасці расфарміравання вобласці, але, наадворот, з энтузіязмам расказаў аб планах яе пашырэння за кошт Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губерняў.
Такім чынам, галоўнай прычынай імклівага абвяшчэння Беларускай савецкай рэспублікі ў канцы 1918 г. з’явіліся неспрыяльныя для савецкай Расіі знешнепалітычныя абставіны. У канцы 1918 г. небяспека вайны з капіталістычнымі краінамі стала канчаткова відавочнай. У Польшчы ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады прыйшлі сілы, якія пры падтрымцы Антанты і ЗША ўзялі курс на падрыхтоўку ваеннай інтэрвенцыі ў Расію. У гэтых абставінах ЦК РКП(б) прыйшлося тэрмінова выпрацоўваць новую палітыку - палітыку абароны. Было прызнана неабходным стварэнне ўздоўж заходняй граніцы РСФСР бар’ера з фармальна незалежных савецкіх рэспублік. У адпаведнасці з гэтым планам і былі ўтвораны Прыбалтыйскія рэспублікі. Апошнім акном на граніцы з Польшчай, якое трымалі адкрытым на ўсялякі выпадак, заставалася Беларусь.
1918 г., абвясціла сябе I з’ездам КП(б) Беларусі і прыняла пастанову аб утварэнні Беларускай ССР.
Часовы рабоча-сялянскі ўрад узначаліў вядомы літаратар і грамадскі дзеяч З.Жылуновіч (Ц.Гартны). У ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. 8 студзеня Часовы ўрад і ЦБ КП(б)Б пераехалі ў Мінск. Кіраўніцтва рэспублікі пачало падрыхтоўку да I Усебеларускага з’езда саветаў. Яго адкрыццё было прызначана на 2 лютага [4, с.478].
Відавочна, што ўтварэнне беларускай дзяржавы было з’явай фармальнай, выконвала пэўную зненшепалітычную задачу і падпарадкоўвалася рэвалюцыйнай мэтазгоднасці. Этнічныя, эканамічныя, культурныя і іншыя аспекты да ўвагі не прымаліся. Аднак не ўсе ўдзельнікі працэсу абвяшчэння рэспублікі ў той час гэта разумелі. Для камуністаў-беларусаў рэспубліка мела самастойную каштоўнасць: з’яўлялася здзяйсненнем спрадвечнай мары беларускага народа аб уласнай дзяржаўнасці. У выніку I з’езд КПБ, які пастанавіў абвясціць Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі, дастаткова сур’ёзна падышоў да пытання адносна тэрыторыі рэспублікі, вызначыўшы яе граніцы ў складзе Мінскай, Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, а таксама асобных раёнаў Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў.
Аднак адразу пасля таго, як удзельнікі з’езда раз’ехаліся на месцы, з шэрагу губерняў у ЦК РКГІ(б) пайшлі лісты з пратэстамі супраць утварэння БССР і іх уключэння ў склад рэспублікі. 9 студзеня 1919 г. Віцебскі губернскі партыйны камітэт дэлегіраваў у Маскву свайго прадстаўніка для пастаноўкі пытання аб выключэнні губерні са складу БССР і далучэнні да РСФСР. Сваю пазіцыю ён абгрунтоўваў тым, што губерня эканамічна не звязана з Беларуссю; насельніцтва не ведае беларускай мовы; тут наогул «няма беларускай культуры». Такія ж звароты прынялі ўлады Магілёўскай і Смаленскай губерняў.
Пазіцыя губернскіх улад супраць уваходжання ў склад Беларускай ССР як нельга лепш супала, а можа, і прадвызначыла новае рашэнне ЦК РКП(б) адносна Беларускай савецкай рэспублікі. 16 студзеня 1919 г. вышэйшы партыйны орган без папярэдняга абмеркавання з урадам БССР і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую, Смаленскую губерні. Крыху пазней Масква паведаміла кіраўніцтву рэспублікі яшчэ адно сваё рашэнне: правесці аб’яднанне Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. Зноў неспрыяльная знешнепалітычная сітуацыя стала галоўнай прычынай усіх гэтых змен.
5 Літоўска-Беларуская савецкая рэспубліка
Зімой 1918-1919 гг. Польшча ўсё мацней пачала заяўляць аб сваіх прэтэнзіях на беларускія землі. Яна адмовілася прызнаць БССР і актыўна рыхтавалася да ваеннай інтэрвенцыі. Між тым стомленай і спустошанай вайной Расіі быў патрэбны мір. Урад РСФСР імкнуўся пазбегнуць канфлікту любымі сродкамі, нават за кошт страты тэрыторый. Польшчы прапаноўваліся мірныя перагаворы і вырашэнне ўсіх спрэчных тэрытарыяльных пытанняў на яе карысць. Зразумела, што, трымаючы перад сабой магчымасць ахвяравання беларускімі землямі, бальшавікі не хацелі рызыкаваць усімі тэрыторыямі, заўчасна ўключыўшы большую іх частку ў склад РСФСР. Другой прычынай выключэння беларускіх губерняў са складу БССР стала жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы тэндэнцыі развіцця нацыянальнага руху. З Масквы ўважліва сачылі за магчымым ростам сепаратысцкіх настрояў на месцах. Унутрыпалітычная сітуацыя, якая складвалася ў рэспубліцы (канфлікт паміж групамі А.Мяснікова і Зм.Жылуновіча), а таксама імкненне Аб рашэнні ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губерняў і яго прычынах членам ЦБ КП(б)Б было аб’яўлена 22 студзеня 1919 г. Зрабіў гэта спецыяльна прысланы ў Мінск эмісар ЦК РКП(б) А.Іофэ. Адзначыўшы знешнепалітычны аспект пытання, ён засяродзіў увагу на небяспечных момантах існавання нацыянальных рэспублік - яны давалі магчымасць «развіцця ў значнай ступені нацыяналістычна-шавіністычным памкненням». Каб пазбегнуць гэтай пагрозы, прадстаўнік ЦК РКП(б) прапанаваў абмежаваць памеры Беларускай рэспублікі «геаграфічна неабходнымі граніцамі», г. зн. Мінскай і Гродзенскай губернямі.
Ідэя абмежавання тэрыторыі рэспублікі не была ўспрынята ні групай А.Мяснікова, ні прыхільнікамі Зм.Жылуновіча. Доказы былых работнікаў Аблвыкамзаха сведчаць, што яны баранілі не тэрытарыяльную цэласнасць Беларускай рэспублікі, а Заходнюю вобласць.
Адначасова, аднак зыходзячы ўжо з зусім іншых меркаванняў, у ЦК РКП(б) з пратэстам супраць абмежавання тэрыторыі рэспублікі звярнуліся члены беларускага ўрада з ліку камуністаў-беларусаў, якія прыбылі ў Мінск разам са Зм.Жылуновічам. Зварот з просьбай аб адмене рашэння ЦК РКП(б) падпісалі Зм.Жылуновіч, А.Квачанюк, З.Чарнушэвіч, В.Дыла, Ф.Шантыр, В.Фальскі, А.Чарвякоў і І.Пузыроў. У сваім лісце ў ЦК РКП(б) яны адзначалі, што выдзяленне Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў «карэнным чынам змяняе ўсю палітычную сітуацыю, грунтуючыся на якой толькі і магло быць станоўча вырашана беларускае пытанне». Беларускія камуністы абвінавачвалі кіраўніцтва кампартыі ў тым, што пастанова ЦК парушае абвешчаныя раней прынцыпы свабоднага самавызначэння народаў і