Беларуская літаратура перыяду барока

адрасе, была скіравана супраць пануючай тады ідэалогіі Контррэфармацыі, падрушала аўтарытэт царквы, феадальнага ладу ў цэлым.


1.4 Драматургія


Драматургія часоў барока прадстаўлена найперш творамі школьнага тэатра.

Школьны тэатр быў тыповым параджэннем позняга Рэнесансу і ранняга барока. Пашырэнне яго ў Беларусі звязана з экспансіянісцкай дзейнасцю ордэна езуітаў. Імкнучыся ўзмацніць свой уплыў, акаталічыць мясцовае насельніцтва, езуіты ўзялі на ўзбраенне і тэатральныя відовішчы, пашыраныя ў той час у Заходняй Еўропе. Гэтыя відовішчы мала што давалі розуму прысутных. Усе намаганні скіроўваліся на тое, каб уздзейнічаць на пачуцці гледачоў, уразіць іх уяўленне. У прадстаўленнях умела выкарыстоўваліся гук і колер, кантрастныя іх спалучэнні. Пастаноўкі драм суправаджаліся выступленнямі хору і балета, "жывымі" карцінамі-алегорыямі.

Сёння вядомы больш чым сто лацінскіх і польскіх павучальных драм, пастаўленых у езуіцкіх школьных тэатрах у Полацку, Гродна, Пінску, Навагрудку, Нясвіжы, Мінску, Оршы, Брэсце, Магілёве, Бабруйску, Слуцку і Жодзішках. Тэматычна ў тагачасным рэпертуары вылучаюцца велікодныя і масленічныя драмы, а таксама п'есы, напісаныя ў сувязі з заканчэннем навучальнага года. Сюжэты для іх браліся з Свяшчэннага Пісання, антычнай міфалогіі і гісторыі, а таксама гісторыі краін Усходу і Заходняй Еўропы. Зрэдку выкарыстоўвалася мясцовая тзматыка (так, падзеі пастаўленай у Полацку драмы "Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба" часткова адбываюцца на Дзвіне). Школьны рэпертуар ствараўся мясцовымі аўтарамі, выкладчыкамі калегій, з прэстыжнымі і утылітарна-дыдактычнымі мэтамі — каб садзейнічаць выпрацоўцы ў вучняў адпаведных эстэтычных густаў, выхаванню хрысціянскіх дабрачыннасцей. Барочныя драмы цалкам адпавядалі канонам, якія выкладаліся ў калегіях у курсах паэтыкі і рыторыкі, павінны былі служыць іх практычным увасабленнем.

Беларускую частку ў драматургіі школьнага тэатра прадстаўлялі інтэрмедыі — невялікія беларускамоўныя сцэнкі, якімі перамяжоўвалася дзеянне ў лацінскіх, польскіх, а пазней і "славянарускіх" школьных драмах.

У сваім развіцці беларуская інтэрмедыя прайшла некалькі стадый. Па-першае, яна паступова набывала жанравую адметнасць і завершанасць. Змест яе рабіўся ўсё больш незалежны ад зместу самой драмы. Ускладнялася кампазіцыя. Інтэрмедыя перарастала ў камедыю. Па-другое, змяніўся галоўны герой інтэрмедыі — беларускі селянін. З аб'екта насмешак і здзекаў ён рабіўся асобай станоўчай, увасабленнем народнага розуму і дасціпнасці. Герой паказваўся ў дзеянні, развіцці.

Пры разглядзе драматургіі канца ХVІ — першай паловы ХVІІ стст. ўпаміналіся інтэрмедыі "Цімон Гардзілюд" Каспара Пянткоўскага, інтэрмедыі да драмы "Камедыя пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў", "Дышкурс жыдовіна са скамарохам", "Чорт Асмалейка". У аналізуемы перыяд гэты жанр працягваў паспяхова развівацца.

Да канца XVII ст. адносяцца беларускія антыпралог, пралог і інтэрмедыйныя ўстаўкі да польскай драмы "Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба", якая захавалася ў рукапісным "Аршанскім кодэксе". Падзеі яе адбываюцца ў Старажытнай Русі, у часы, калі ішла барацьба за ўладу паміж асобнымі князямі. Драма пачынаецца антыпралогам, дзе полацкі рамеснік (гарбар) знаёміць са сцэнай селяніна, які прыйшоў у горад, тлумачыць яму, што тут будзе адбывацца. Камізм сітуацыі ствараецца тым, што селянін па-свойму разумее і каменціруе многія польскія словы, звязаныя з тэатральнай пастаноўкай (органы — гараны, аксаміты — сыты). Камічны эфект узмацняецца супастаўленнем высокага і нізкага: гарбар параўноўвае стралецкія спаборніцтвы з заколваннем свінні, а гарматныя стрэлы нагадваюць яму трэск дроў у печы. Абодва бацькі, рамеснік і селянін, ганарацца сваімі дзецьмі, але ганарацца зусім рознымі іх рысамі: першы — вучонасцю сына, які ходзіць у езуіцкую калегію і зараз будзе іграць на сцэне, другі — фізічнай сілай сваёй "дзеціны". Антыпралог і пралог мелі сваёй мэтай устанавіць сувязь паміж сцэнай і залай, супакоіць гледачоў, прыкаваць іх увагу да падзей. Кантакт з залай быў непасрэдны, фізічны: гарбар і селянін даюць распараджэнні гледачам, прыкмячаюць, што ў аднаго з мужчын перакручана на галаве шапка, а на тварах жанчын намаляваны "мухі". Апрача камічнай, антыпралог і пралог выконвалі таксама дыдактычную функцыю. Гарбар пагражае сялянам, якія не ходзяць ні ў касцёл, ні ў царкву, але захацелі паглядзець прадстаўленне, што ім прыдзецца пасядзець у "куніцы" — жалезным коле, якое надзявалася на шыю грэшніку і прыкоўвалася да касцельных дзвярэй. Селянін і гарбар высмейваюць модніц, што сядзяць у зале з нафарбаванымі вуснамі і абмахваюцца веерамі. Такім чынам, антыпралог і пралог не толькі арганізоўвалі і смяшылі публіку, але і павучалі яе.

Са зместам полацкай драмы цесна звязаны інтэрмедыйныя ўстаўкі пра казака, салдата і яўрэя, яўрэя і чорта, кухара і яго памочнікаў. Яны запавольваюць асноўнае дзеянне, але не перапыняюць яго. Апрача вонкавай сувязі з драматычным дзеяннем, існуе і ўнутраная, эстэтычная: інтэрмедыі ўстаўляліся пераважна там, дзе камічным трэба было адцяніць і падкрэсліць трагічнае, стварыць паміж імі кантраст. Таму ў "Духоўным прычасці святых Барыса і Глеба" камічныя сцэны ідуць або перад самымі напружанымі момантамі, або адразу ж пасля іх.

Найболып спелымі ў жанравых адносінах з'яўляюцца беларускія інтэрмедыі з так званага "Ковенскага зборніка" 1731 г. — "Селянін і вучань", "Селянін і вучань-уцякач", "Літаратар, селянін, Самахвальскі", "Ігра Фартуны". Асноўнай дзеючай асобай у іх з'яўляецца беларускі селянін, чалавек дасціпны і кемлівы. Мова яго больш каларытная і чыстая, чым у інтэрмедыях XVII ст.

Інтэрмедыя "Селянін і вучань", відаць, служыла антыпралогам або пралогам да прадстаўлення. Яна пачынаецца са звароту да залы селяніна, які тлумачыць, чаго ён сюды прыйшоў і што перад сабою бачыць. Пасля маналога на сцэне з'яўляецца вучань. Камічны эфект зноў ствараецца тым, што селянін не разумее (або прыкідваецца, што не разумее) некаторых польскіх слоў і вобразных выразаў шкаляра. Цвярозы сялянскі розум не ўспрымае адцягненых алегорый накшталт "кідаюць гарох на сценку": навошта ж на сценку, калі лепш у гаршчок... Дыялог дае селяніну магчымасць выказаць сваю крыўду на нягоды жыцця, на тое, што вось дзяцей у яго "як бобу, а гароху і асмінкі нету". I ўвогуле селянін толькі прыкідваецца дурнаватым, а на самай справе здзекуецца з вучня. Прыгонніцкая рэчаіснасць прымусіла героя быць асцярожным, хітрыць: "Да такі ў мене барада, як лес, а розуму бы ніц не было, а гэто знаеш, мой лебедзю, што кажуць: калі б на панскую мудрасць не мужыцкая хітрасць, даўно бы мужыкі пагіблі..."

"Дурны" беларускі селянін аказваецца разумнейшы за паноў і ў інтэрмедыі "Літаратар, селянін, Самахвальскі". Сюжэт яе быў вельмі характэрны для часоў Контррэфармацыі, калі часта адбываліся дыспуты на рэлігійныя тэмы. Адзін з персанажаў, літаратар, якраз рыхтуецца да такога дыспуту на жэсты з філосафам Самахвальскім, які пасля вучобы вярнуўся з-за мяжы. На дапамогу літаратару прыходзіць селянін Гаўрыла. Ён надзелены пачуццём уласнай годнасці, можа пастаяць за сябе, усведамляе свае станоўчыя якасці. Сабе селянін дае такую характарыстыку: "Не знаеш, мосьпане, не ўмееш, хоць ты, вашэць, мудрэц, не Піліп я, да Гаўрыло... Не гутары да трэцяго: як што скажэць Гаўрыло, аж кішкі табе, моспане, ад смеху парвупса... на мігі — якабы то на хвігі, хоць і на дзесяць... Ей бог, моспане, будець тут смеху аж до умору, калі Гаўрыло зачнець гаркотаць на мігі". Падбадзёраны гэтымі словамі літаратар выдае на дыспуце селяніна за свайго вучня. Пачынаецца жэстыкуляцыя. Самахвальскі вытыркае ўперад адзін палец, селянін — два; Самахвальскі паказвае рукою на неба, селянін — на зямлю; Самахвальскі працягвае апаненту далонь, селянін — сціснуты кулак. Схаласт задаволены вынікамі дыспуту. Змест яго тлумачыцца так: Самахвальскі паказаў, што Бог стварыў селяніна, селянін жа — што ён стварыў таксама і "антаганіста"; Бог стварыў не толькі неба, але і зямлю, ён жа трымае свет на сваёй далоні — і прытым трымае цвёрда. Аднак селянін раскрывае сэнс жэстаў зусім іначай: "Шуплю, мосьпане, гэто ты, мудрэц, гэто ты, місьцюк, нічого, бачу, не знаеш: ось я цябе розуму научу гэтак: хацеў ты, вашэць, мне адным палцам адное око выкалаць, а я табе дво(м)а абадва; хацеў ты мене на высокую шубеніцу цягнуць, а я цябе ў зямлі закапаць. Хацеў ты мне ў шчоку ўдарыць, а я табе і зубы выбіць, а што, чы шупліш?"

Менш арыгінальнай з'яўляецца інтэрмедыя "Ігра Фартуны", у якой расказваецца, як панскія паслугачы, знайшоўшы на дарозе п'янага селяніна, апранаюць яго ў дарагое адзенне і здзекліва выдаюць за пана, а потым вяртаюць да суровай рэчаіснасці. Беларускі твор у многім паўтарае польскую камедыю П. Барыкі "Мужык каралём", выдадзеную ў Кракаве ў 1636 г. Аднак невядомы аўтар пераробкі больш спачувае свайму пакрыўджанаму герою. У "Ігры Фартуны" выразней гучыць напамін аб бяспраўным становішчы сялянства, прыгонным праве.

Той жа сюжэт пра п'яніцу, якога жартаўнікі на нейкі час пераконваюць, што ён з'яўляецца знатнай асобай, выкарыстаны ў польска-беларускай "Вакханаліі", датаванай 1725 г. Сярод персанажаў яе — "русін па імю Васіль", яго слуга, тыповы барочны "антыгерой" Селівон, паны Смаргонскі, Вітулінскі, Смярцінскі, Запрасінскі, урэшце, грэчаскі філосаф Дыяген, які жыве ў бочцы і днём ходзіць з запаленым ліхтаром. У адпаведнасці з тагачасным моўным раздваеннем сяляне ў "Вакханаліі" гавораць па-беларуску, паны ж — на польскай мове. У камедыі выразна прасочваюцца дзве сюжэтныя лініі, якія развіваюцца паралельна, часам перакрыжоўваючыся; дзеянне адбываецца нібы ў дзвюх плоскасцях, двух часавых вымярэннях. Антычнасць, старажытнагрэчаскі Дыяген смела ўводзяцца ў тагачасную феадальную рэчаіснасць, што па кантрасце стварала асаблівы камізм. У жанравых адносінах "Вакханаліі" належыць прамежкавае месца паміж інтэрмедыяй і камедыяй.

Беларуская інтэрмедыя часоў барока развівалася пад яўным уздзеяннем польскай, украінскай, а часткова і заходнееўрапейскай драматургіі. Аднак паступова ўзмацняліся яе сувязі з рэальным жыццём, з народнай творчасцю. Герой набываў уласнае імя, індывідуальную характарыстыку, станавіўся носьбітам народных дабрачыннасцей. Удасканальвалася структура, сцэнічная форма інтэрмедыі (у прыватнасці, дыялог саступаў месца ажыўленаму сцэнічнаму дзеянню). Калі школьныя драмы, у якіх за герояў пераважна гаворыць сам аўтар, яшчэ адносяцца да старой традыцыі, то інтэрмедыі з іх жывой беларускай мовай, спробай стварыць індывідуалізаваныя вобразы ўжо можна лічыць з'явамі новага часу. У камічных устаўных сцэн была большая будучыня, чым у самой драмы. У другой палове XVIII ст. на інтэрмедыйнай аснове ўзнікне першая беларуская "Камедыя" К. Марашэўскага.


1.5 Сімяон Полацкі


Звесткі аб жыцці Сімяона Полацкага даволі скупыя. Ва ўмовах панавання хрысціянска-рэлігійнай ідэалогіі індывідуальны лёс чалавека заставаўся ў цяні, ён адносіўся да чыста прыватнай, вузкаасабістай сферы. Менавіта пагэтаму да нас дайшлі толькі асобныя, даволі ізаляваныя факты, па якіх меркаваць аб жыццёвым і творчым шляху выдатнага паэта і асветніка можна вельмі прыблізна.

Да апошняга часу дакладна не вызначана, дзе нарадзіўся Полацкі, невядома яго сацыяльнае паходжанне, умовы выхавання, месца пачатковага навучання і г. д. Зыходзячы з літаратурнага псеўданіма (сапраўднае імя — Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітняновіч), даследчыкі лічаць, што нарадзіўся паэт у Полацку. Бацька быў чалавекам заможным і змог даць сыну даволі салідную на той час адукацыю ў Кіева-Магілянскай калегіі (1646—1650). Наступнае пяцігоддзе ў жыцці Полацкага зноў пакрыта імглой няяснасці. Ёсць меркаванні (праўда, даволі няпэўныя), што ў гэтыя гады ён працягваў вучобу ў Віленскай езуіцкай калегіі (1650—1655). Аднак гэта версія малаверагодная: чалавеку выразнай усходне-"схізматычнай" арыентацыі не было асаблівай патрэбы паўторна слухаць курс у Віленскай езуіцкай калегіі, якая па сваім узроўні і праграме мала чым адрознівалася ад Кіева-Магілянскай. Іншая справа, што схільны да літаратурнай дзейнасці Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч мог у гэты час наведваць асобныя лекцыі ці семінары па паэтыцы, рыторыцы ці юрыспрудэнцыі.

Першыя літаратурныя вопыты Полацкага супадаюць з гадамі яго навучання ў Кіева-Магілянскай калегіі ("Акафіст", "Канон", 1648 г.). Яны яшчэ прасякнуты чыста рэлігійным зместам, а па форме нагадваюць аналагічныя ўзоры літургічнай творчасці. Аднак ужо на раннім этапе ў некаторых вершах элегічна-філасофскай накіраванасці ("Смерць", "Менка" і інш.) даволі выразна выступаюць агульнагуманістычныя матывы спачування людскому гору, асуджэнне жорсткасці чалавечых адносін, услаўленне самаахвярнасці і пакутніцтва ў імя духоўнага вызвалення і інш. Матывы гэтыя разгорнуты пераважна на аснове вядомых евангельскіх сюжэтаў, аднак іх маральна-этычнае гучанне набывала больш шырокі філасофскі рэзананс.

Важным этапам у творчым фарміраванні Сімяона Полацкага было знаходжанне яго ў Богаяўленскім манастыры (першая палова 50-х гг. XVII ст.) і асабістыя кантакты з прадстаўнікамі мясцовай школы паэтаў — Філафеем Утчыцкім і Ігнатам Іяўлевічам. Менавіта ў іх творчасці намячаецца паступовы пераход ад літургічных вершаў да больш універсальнага і дзейснага публіцыстычнага жанру дэкламацыі. Менавіта ў асяроддзі "полацкай школы" зараджаюцца пачатковыя формы ўсходнеславянскага барока, "якое ў адрозненне ад заходнееўрапейскага характарызуецца не паваротам да сярэдневяковай мінуўшчыны, а далейшай секулярызацыяй літаратуры, пашырэннем ідэй асветніцтва, паглыбленнем свецкіх тэм і матываў" (Лихачев Д.С. Человек в литературе древней Руси. М., 1970. С. 152.). Так, па сваёй знешняй форме "Стихи краесогласнии, сложенные во сретение иконы пресвятой Богородицы из града царствующего Москвы в Полоцк возвращенная по первом взятию" (1659), "Прилог преподобной матери Ефросинни" прымыкаюць да традыцыйнай царкоўнай гімналогіі. Аднак паралельна з услаўленнем асабістых заслуг Ефрасінні Полацкай тут даволі выразна гучаць патрыятычныя матывы — ідэя любві да роднай зямлі, глыбокі роздум аб яе гістарычным лёсе, трывога за будучыню. Таму не без падстаў можна гаварыць аб зараджэнні новых жанравых тэндэнцый унутры самога акафіста, канона, песнапення, у прыватнасці, аб наяўнасці такіх элегічных адзнак, як зменлівасць настраёвасці, філасофская разважлівасць, чаргаванне адпаведных метрычных форм і інш.

Пашырэнне маштабаў мастацкага мыслення, актыўнае супрацьдзеянне польска-каталіцкай экспансіі на беларускіх і ўкраінскіх землях у канцы XVI — пачатку XVII стст. прыводзіць да новых якасных змен у літаратурнай творчасці. У адрозненне ад папярэднікаў (М. Сматрыцкі, А. Рымша, Л. Карповіч, А. Філіповіч, ананімныя аўтары), абмежаваных пераважна рэлігійна-дагматычнай палемікай ці клопатамі аб пратэкцыі знакамітых мецэнатаў і апекуноў, у творчасці Полацкага на першы план вылучаецца гістарычны лёс народа, абарона яго духоўнай спадчыны, культурных і бытавых традыцый, ідэя ўз'яднання з Расіяй.

Паглыбленне ідэйна-выхаваўчых функцый пісьмовай літаратуры ў сярэдзіне XVII ст. станоўча ўплывала і на яе жанрава-стылістычнае ўзбагачэнне. Бясспрэчна, значную ролю ў гэтым працэсе адыгралі традыцыі папярэдняга этапу, а таксама вопыт суседніх славянскіх літаратур. Самастойную ролю адыгралі тут традыцыі антычнасці. Аднак уплыў перадавых традыцый не быў знешнім — засваенне вопыту еўрапейскіх літаратур адбывалася паралельна з развіццём індывідуальнага таленту, пераадоленнем застарэлай інерцыі, актыўнай творчай вучобай і пераасэнсаваннем спадчыны папярэднікаў.

Так, творча трансфармуючы распаўсюджаныя ў канцы XVI — пачатку XVII стст. "эпікграмы" і арацыі, Сімяон Полацкі распрацоўвае новы для старажытнай беларускай літаратуры публіцыстычны жанр дэкламацыі. Найбольш раннім яго ўзорам з'яўляюцца "Метры", прысвечаныя прыезду цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацк (1656). Вядомы два ананімныя вершы пад такой назвай. У іх структуры, акрамя антычных традыцый, прыкметны ўплыў львоўскай "Прасфанімы" (1591) у гонар мітрапаліта Рагозы. Аднак у арыгінальных частках "Метраў", напісаных Полацкім і яго вучнямі, — істотна ўзмоцнены мясцовыя патрыятычныя матывы, вера ў лепшую будучыню роднага краю. З услаўленнем рускага цара як вызваліцеля Беларусі звязаны дэкламацыі Полацкага "Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі", "Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта" (на польскай мове), "Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства", "Вершы... да найсвятлейшага... Аляксея Міхайлавіча..." і інш. Праслаўленне цара, царскай сям'і набывае тут характар манументальна-гістарычны — у ім адчуваецца жывая сувязь з традыцыямі старажытнага віційства, традыцыямі "Слова", прамовамі Кірылы Тураўскага і інш. Гэтая сувязь праглядваецца, напрыклад, у паэтызацыі асабістых заслуг цара, велічы, высакародства яго натуры:


Коль чысло много звезд пресветлых в небе,

Вся солнца светом украшают себе;

Сице на земли всея Русси грады

Чрез тя сияют, приемлют отрады.

Без тебе тма есть, як в мире без солнца,

Свети ж нам всегда и будь оборонца.


Аднак плённая дзейнасць Сімяона Полацкага як выдатнага гуманіста і рэфарматара верша не абмяжоўвалася выключна панегірычнай паэзіяй. Яшчэ да пераезду ў Маскву (1664) ён звяртаецца да распрацоўкі новых для ўсходнеславянскіх літаратур жанрава-стылістычных і метрычных форм. У адпаведнасці з гэтым значна ўзбагачаецца філасофская праблематыка вершаў Полацкага, паглыбляецца яе гістарычны змест і выхаваўчае значэнне. Так, апіраючыся на антычныя традыцыі, ён стварае "Бяседы пастуховы", вытрыманыя ў жанры драматычнай пастаралі дыдактычнага зместу. Дыялогі персанажаў пабудаваны ў форме логаэдычнага сапфіцкага верша. Цікава адзначыць, што гэтая форма аказалася прыдатнай і для панегірычнага "Дыялога кароткага аб гасудары царэвічу і вялікім князю Алексею Міхайлавічу".

Як паэт выразнага грамадзянскага складу Полацкі, натуральна, не мог не звярнуцца да сатырычных і філасофскіх матываў. Найбольш раннія ўзоры гэтага цыкла: "Виншоване... Кржыжановскому" (1661), "Rоsкоsz" і інш. Ва ўсіх гэтых творах паэт выявіў сябе палымяным прапаведнікам хрысціянскага аскетызму і добрасумленнасці. Асуджэнне адмоўных бытавых ці маральных з'яў у вершах Полацкага носіць зазвычай абстрактны, не звязаны з канкрэтным сацыяльным асяроддзем характар.

I толькі ў віншаванні (вядома, у двухкоссі) уніяцкаму епіскапу Амфінагену Кржыжаноўскаму выкрывальны пафас набывае больш адкрыты і мэтанакіраваны характар. Гэтая сатырычная плынь сваё далейшае паглыбленне знаходзіць у вершах маскоўскага перыяду ("Купецтво", "Стихи утешнии к лицу единому", "Монах", "Пьянство", "Клеветнік"). Крытыка адмоўных маральных з'яў — сквапнасці, кар'ерызму, разбэшчанасці і падману — падаецца тут з пазіцый гуманізму, павагі да чалавека і яго высокага жыццёвага прызвання.

Маральныя заганы паэт нярэдка звязвае з каставым становішчам чалавека і яго сацыяльнай псіхалогіяй:


Чин купецкий без греха едва может быти,

На многи бо я злобы враг обыче летити;

Изряднее лакомство в купцех обитает,

Еже в многия грехи оны убеждает.


Асаблівай сілы крытычны пафас Полацкага дасягае ў вершах, дзе выкрываецца разлажэнне духавенства, манахаў, закліканых стаяць на ахове маральнасці. У адпаведнасці з гэтым істотна ўзбагачаецца вобразная фактура верша, многія яго радкі набываюць саркастычнае адценне:


В одеждах овчих волци хищнии бывают,

чреву работающце, духом погибают.

Узриши еше в ризы красны облеченны,

иже в убожество полное стрижены.


Варта адзначыць, што, нягледзячы на адрозневні зыходных пазіцый, многія вершы беларускага паэта па сваёй накіраванасці, багацці дэталей і жыццёвай пераканаўчасці даволі выразна пераклікаюцца з сатырычнымі навеламі славутага "Дэкамерона". I ў гэтым яшчэ адно сведчанне ўплыву рэнесансавых традыцый на светапогляд Полацкага.

Сувязь з традыцыямі Адраджэння, а праз яго і з антычнасцю выразна адчуваецца ў многіх вершах філасофска-пазнавальнага цыкла, напісаных яшчэ да пераезду ў Маскву. Сюды адносяцца "Widok zywota ludskiego", "Siedm nauk wyzwolonych", "Nobilitas rara" і інш. У гэтых вершах Полацкі значна адыходзіць ад рэлігійнай тэматыкі, імкнучыся наблізіцца да жыццёвых клопатаў і хваляванняў свайго сучасніка. Так, у вершы "Агляд чалавечага жыцця" розныя ўзроставыя перыяды параўноўваюцца з сутачным сонцазваротам — усходам, поўднем, вечарам і ноччу. Сэнс чалавечага жыцця цесна звязаны тут са штодзённымі заняткамі чалавека, з яго клопатамі аб дабрабыце, імкненнем да асабістага шчасця. Гэты гуманістычны, чыста свецкі матыў развіваецца ў вершах пазнаваўчага цыкла. Раскрываючы ролю навукі ("Сем свабодных навук"), паэт імкнецца звязаць яе з агульным грамадскім і культурным прагрэсам чалавецтва на працягу многіх стагоддзяў ("8 цудаў свету", "Новаадкрытыя рэчы"), што найбольш красамоўна выявіўся ў вялікіх навуковых адкрыццях і вынаходніцтвах (Хрыстафор Калумб, Амерыга Веспучы і інш.).

Значную пазнавальную цікавасць уяўляюць творы Сімяона Полацкага, звязаныя з падзеямі шведскай вайны ў Польшчы. Аўтар адмоўна ставіўся да захопніцкіх планаў Густава Адольфа. Пазіцыя Полацкага акрэслена ў загалоўках многіх вершаў, а асобовыя маналогі разгубленага шведскага караля набываюць сатырычна-парадыйнае гучанне. Усё гэта сведчыла аб цеснай сувязі Полацкага з актуальнымі сацыяльна-гістарычнымі і грамадскімі працэсамі свайго бурлівага часу, аб глыбокім усведамленні асабістай адказнасці за лёс усіх славянскіх народаў.

Асобны цыкл у паэтычнай спадчыне Сімяона Полацкага на раннім этапе складаюць алегарычныя вершы дыдактычна-філасофскага зместу ("Nasladowanie", "Пагарда да славы", "Орон истинный" і інш.). Вершы гэтыя, бадай, найбольш паказальныя ў сэнсе выяўлення гуманістычнага светапогляду і эстэтыкі С. Полацкага на пачатковым этапе яго паэтычнай дзейнасці. У алегорыях аўтар выступае не традыцыйным схаластам-затворнікам, абмежаваным чыста кніжнымі ці палемічнымі інтарэсамі, а чалавекам, поўным унутранай сілы і энергіі, які любіць жыццё, зведаў усе яго радасці і пакуты, не страціўшы высокіх душэўных ідэалаў. Відавочна, што ў сваім разуменні цноты, справядлівасці, добрасумленнасці (алегорыі "Камень", "Хлеб" і інш.) паэт зыходзіў з хрысціянска-рэлігійнай маралі. Аднак ва ўмовах жорсткага феадальнага ўціску ідэі Полацкага аб'ектыўна набывалі дэмакратычны, прагрэсіўны характар — яны былі скіраваны на паляпшэнне сацыяльных умоў шляхам маральнага ўдасканалення. I ў гэтым, бясспрэчна, можна ўстанавіць пераемнасць гуманістычных традыцый Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых асветнікаў XVI ст. Гуманізм паэта выявіўся ў рэзкім асуджэнні багацця і каставай іерархіі, якія нараджаюць адмоўныя маральныя рысы ў чалавеку, прыводзяць да сацыяльнай няроўнасці, душэўнай чэрствасці і эгаізму. З'яўляючыся паслядоўным прыхільнікам "асвечанага абсалютызму", ён разам з тым асуджаў жорсткасць манархічнай тыраніі ("Пагарда да славы"). Апіраючыся на хрысціянскую і антычную міфалогію, шырока выкарыстоўваючы адпаведныя аналогіі з рэчаіснасці, Полацкі выкрывае несправядлівасць прававых адносін у феадальным грамадстве, асуджае "суд нечестивый", імкнецца сцвердзіць непазбежнасць перамогі дабра над злом ("Орон истинный"). Зразумела, сама катэгорыя дабра і зла трактуецца ім у духу хрысціянскага маральнага кодэксу. Тым не менш прагрэсіўнасць такой пазіцыі відавочная. Культ дабра і справядлівасці пераносіцца Полацкім і ў сферу ацэнкі асобы чалавека, яго суадносін з жыццём і грамадствам. У вершы "Незвычайная слава" гэтая гуманістычная ідэя, калі ацэньваць яе гістарычна, набывае раптоўна палемічны сэнс:


Уласная цнота — сумленнасць чалавека,

Шляхэтны, хто ёй служыць ад веку да веку.

Лямпа патухла, вуголле не свеціць.

Нічога нельга ў цемры прыкмеціць.

Так цноты продкаў бясследна знікаюць,

Калі патомкі ўласных не маюць.

(Пераклад У. Караткевіча)


У вершы па сутнасці аспрэчваецца адзін з зыходных ідэйных матываў беларускай эпікграмы XVI ст., дзе заслугі продкаў непасрэдна пераносіліся на іх спадчыннікаў па родзе і маёмасці (напрыклад, вершы А. Рымшы ў гонар гербаў Л. Сапегі, А. Валовіча, Т. Скуміна і інш.). Адмаўленне каставых заслуг і прывілей сведчыла аб дэмакратызме эстэтыкі Полацкага, які выхоўваўся на традыцыях еўрапейскага гуманізму, хоць і не падзяляў яго найбольш радыкальныя погляды на рэлігію і грамадства ў цэлым (С. Будны, М. Лютэр, Т. Мюнцэр і інш.). Аднак такая супярэчлівасць абумоўлена не столькі кансерватызмам Полацкага, колькі тымі сацыяльна-гістарычнымі і культурнымі абставінамі, у якіх рос і выхоўваўся паэт. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў сярэдзіне XVII ст. наступіў выразны крызіс еўрапейскага гуманізму — яго ўплыў на беларускіх землях прыкметна слабее, што не магло не адбіцца і на паэтычнай дзейнасці Полацкага.

Прафесійная сталасць Полацкага супадае з гадамі знаходжання ў Маскве (1664—1680), дзе склаліся даволі спрыяльныя ўмовы для літаратурнай і грамадскай дзейнасці пісьменніка. У гэты перыяд ён стварыў дзве п'есы дыдактычнага зместу.

Першая з іх — "Комедия притчи о блудном сыне" — прысвечана праблеме выхавання маладога пакалення, яго адносін да старэйшых, жыццёвых паводзін і г. д. У аснове сюжэта п'есы ляжыць вядомы евангельскі матыў аб блудным сыне, гісторыя яго пакут і паступовага выпраўлення — "раскаяння". Аднак Полацкі імкнецца асучасніць твор, наблізіць яго змест да рэальных падзей тагачаснага жыцця: ён уводзіць вобразы тыпова мясцовага паходжання — купца, прыказчыка, зярноўшчыка і інш. Усё гэта некалькі ажыўляла дзеянне ў п'есе, хоць і не магло знізіць яе агульнай схематычнасці і рытарызму.

Другая п'еса — "Трагедия о Навуходоносоре царе, о теле злате и о триех отроцех, в пещи не сожженных" — таксама грунтуецца на вядомым біблейскім сюжэце аб тыранічным і жорсткім валадару старажытнай дзяржавы, які няшчадна знішчаў іншадумцаў. Аднак пад уплывам цудоўнага выратавання трох юнакоў Седраха, Місаха і Аўдэнага цар Навухаданосар становіцца больш гуманным і высакародным. Як і ў многіх ранніх дэкламацыях і віншаваннях, асноўнай ідэяй твора з'яўляецца ўслаўленне асвечанага і гуманнага манарха.

У структурных адносінах абедзве п'есы даволі паслядоўныя, у іх захаваны ўсе асноўныя кампаненты жанру (пралог, завастрэнне дзеяння ў кульмінацыйных сцэнах, эпілог). Вось чаму, нягледзячы на дыдактычную накіраванасць, рытарызм і дэкларацыйнасць, п'есы Полацкага з'явіліся асновай далейшага развіцця драматургіі ў старажытнай літаратуры трох усходнеславянскіх народаў.

Аднак найбольш плённай у маскоўскі перыяд становіцца дзейнасць Сімяона Полацкага ў галіне развіцця паэтычных жанраў. Яго вядомыя зборнікі "Псалтырь рифмотворная...", "Вертоград многоцветный" і "Рифмологион" з'яўляюцца выдатным дасягненнем старажытнай культуры ўсіх славянскіх народаў.

Асаблівую значнасць у гэты перыяд набывае грамадска-палітычная праблематыка ("Любовь к подданым", "Образ", "Славолюбие", "Правда бессмертия" і многа іншых), звязаная з ідэалізацыяй цара як абаронцы радзімы; паэт даволі смела, часта завуаліравана, выкарыстоўваючы перакладныя крыніцы, выкрываў заганы самаўладства і феадальных адносін.

Прыкметна ўзмацнілася на гэтым этапе сатырычная плынь у паэзіі Полацкага. Ад агульнадыдактычных ("Клятва", "Месть", "Неблагодарствие" і інш.) ён паступова пераходзіць да распрацоўкі сямейна-бытавых або звычаёвых тэм ("Пособие", "Жена", "Старость", "Казнь сыну за отца", "Чадам богатство не отдаяти" і інш.).

Выдатным помнікам панегірычнай паэзіі XVII ст. з'яўляецца "Рифмологион", дзе сабраны найбольш значныя патрыятычныя вершы Полацкага, пачынаючы з 1660 г. Вядучай тэмай зборніка з'яўляецца ўзвелічэнне рускай дзяржавы, царскай сям'і, перамогі над ворагамі Расіі, павучанні наследніку трона. Тут, бадай, найбольш красамоўна выступае маштабнасць дзяржаўнага мыслення паэта, яго глыбокая адданасць ідэям адзінства братніх народаў на чале з Расіяй, імкненне мацаваць яе шляхам адукацыі і маральнага ўдасканалення. Не толькі зброя, але і кніжная асвета праславяць Расію — вось асноўная думка зборніка.

Панегірычны дух паэзіі С. Полацкага своеасабліва адбіўся і на форме яго вершаў. Паэт шырока выкарыстоўвае барочныя прыёмы пісьма: уводзіць антычныя ўстаўкі і дэкарацыі, звяртаецца да зрокава-графічных эфектаў (жывапіс, каляровае пісьмо, структурныя формы верша), ускладненых метафар, алегорый, гіпербал. Значны ўплыў на барочную стылістыку Полацкага аказвала руская архітэктура і жывапіс (мастак С. Ушакоў, "ізуграф" Іосіф і інш.). На заключным жа этапе ўсё большае ўздзеянне на паэтыку Полацкага аказвала фальклорная стыхія, бытавыя сферы народнага жыцця. Гэтае перапляценне разнастайных творчых уплываў і арыентацый своеасабліва адбілася і на метрычнай структуры сілабічнага верша Полацкага.

Як вядома, на папярэднім этапе ў метрычнай структуры беларускага сілабічнага верша (Ф. Скарына, А. Рымша, Л. Мамоніч, Я. Пашкевіч) вялікае значэнне меў дасілабічны інтанацыйна-сказавы верш, звязаны з уплывам народнага верша. У выніку сілабічныя памеры нярэдка "размываліся", парушаўся колькасны аб'ём радкоў, гублялася іх інтанацыйная выразнасць. Распрацоўка ж новых літаратурных жанраў (дэкламацыі, віншаванні, дыдактычна-павучальныя вершы, пастаралі, элегіі) патрабавала адпаведнай стабілізацыі кананічных форм сілабічнага верша. Вось чаму намаганні паэта скіраваны на гэтым этапе на максімальнае ачышчэнне паэтычнай мовы ад уплыву гутарковай стыхіі і набліжэнне яе да рытарычна-дэкламацыйных патрабаванняў старажытнага віційства. Гэтую асаблівасць эстэтыкі Полацкага на раннім этапе трапна вызначыў Л.I. Цімафееў: "Ствараючы свой верш... С. Полацкі паступаў як Пракруст — ён адсякаў у ім усё, што не мясцілася ў яго, г. зн. перш за ўсё элементы жывой гаворкі". Устаноўка на рыгарызм структурных форм адчуваецца ва ўсіх творах ранняга перыяду, як перакладных, так і арыгінальных ("Акафіст Багародзіцы", "Метры", пераклады з Я. Каханоўскага, вершы на польскай і лацінскай мовах). Адхіленні ад стабільных метрычных норм даволі нязначныя, выпадковыя, абумоўленыя скандзіраванай манерай чытання. Менавіта ў паэзіі Сімяона Полацкага канчаткова замацоўваецца так званы квантытатыўны (або колькасны) прынцып старабеларускай версіфікацыі. З усталяваннем кананічных форм сілабікі звязана такая істотная асаблівасць метрыкі Полацкага, як міжрадковыя пераносы. Як вядома, ужыванне пераносаў у дасілабічных формах недапушчальна: інтанацыйна-сказавы член павінен абавязкова супадаць з вершаваным радком, і перанос парушыў бы гэтую абавязковую суадпаведнасць. Менавіта таму ў ранніх беларускіх сілабіках пераносы ўжываліся надзвычай рэдка. Стабілізацыя сілабічных структур у паэзіі Полацкага яскрава выявілася і ў паглыбленні метрычнай функцыі рыфмы. Менавіта ён упершыню ўводзіць у літаратурны ўжытак паняцце "стихов краесогласных" (1659) як адзнакі метрычнай завершанасці вершаванай мовы ў адрозненне ад неразмежаванай празаічнай стыхіі. Узмацненне метрычнай стабілізацыі вершаванага радка ў сілабічным вершы, з’яўленне разнастайных клаўзул, пераносаў, страфічных форм непазбежна паглыбляла выяўленча-эўфанічную ролю рыфмоўкі. У адпаведнасці з прасадычнымі асаблівасцямі старабеларускай мовы асноўным відам гукавой сувязі сумежных радкоў у сілабіках Полацкага становіцца мужчынская дакладная рыфма. Так, на 368 радкоў арыгінальных вершаў беларускага перыяду мужчынскіх рыфмаў 64,3 %, дзеяслоўных — 30,9 %, змешаных або неграматычных —