Контрольная работа: Лівонская вайна
Название: Лівонская вайна Раздел: Рефераты по истории Тип: контрольная работа |
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ Установа адукацыі "ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ім. Я. КУПАЛЫ" Кафедра "Машиноведение і тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў" КАНТРОЛЬНАЯ ПРАЦА па дысцыпліне "ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ" Тэма: "ЛІВОНСКАЯ ВАЙНА" Г. Гродна, 2008 УВОДЗІНЫНа сённяшні дзень тэма войн і канфліктаў з'яўляецца адной з найболей распаўсюджаных.. У выніку наяўнасці велізарнай колькасці пунктаў гледжання ўзнікае мноства самых разнастайных спрэчаку гэтай вобласці. У гэтай працы я паспрабую найболей поўна паказаць падзеі Лівонскай вайны. ЛІВОНСКІ ОРДЭН – нямецкій духоўна-рыцарскі ордэн, аддзяленне Тэўтонскага ордэна, існаваўуXIII- XVI ст. у Лівоніі (сучасныя Латвія і Эстонія) на землях, захопленых нямецкімі феадаламі ў 1-й паловеXIIIст. і зваўся ён спачатку Ордэнам мечнікаў. Ордэн быў ператвораны у Лівонскі у 1237 г. Да сярэдзіны XVIстагоддзя рэзка ўзрасло значэнне гандлёвых шляхоў, якія злучалі паміж сабой, па Балтыйскім моры, краіны Заходняй і Ўсходняй Еўропы, а таксама найважнейшыя перавалачныя пункты на гэтых шляхах. Калі ў XV—XVI стагоддзях пачаўся інтэнсіўны рост прамысловай вытворчасці і гарадоў, у шэрагу краін Заходняй Еўропы, узрос попыт на прадукты сельскай гаспадаркі, якія ва ўсё большым памеры паступалі на еўрапейскі рынак з Усходняй Еўропы. Калі на працягу ўсяго Сярэднявечча галоўнымі прадметамі гандлю, якія паступалі з Усходу на Балтыку, былі амаль выключна воск і мяхі, зараз жа на Захад па Балтыйскім моры везлі больш разнастайныя тавары: з Прыбалтыкі — хлеб, з Вялікага княства Літоўскага і Польшчы — хлеб і «лясныя тавары», з Расіі — скуры, сала, лён і пяньку. Рэзка ўзрос таваразварот, узраслі і прыбыткі, якія прыносіў гэты гандаль. Аднак гэтыя прыбыткі, якія маглі бы ўзбагаціць казну, заставаліся ў прыбалтыйскіх партах — тых перавалачных пунктах, дзе струмені тавараў пераходзілі з марскіх шляхоў на сухапутную дарогу. У выніку гандлёвы прыбытак заставаўся ў кішэнях лівонскіх купцоў, а гандлёвыя мыты — у кішэнях лівонскіх улад. Такім чынам, суседнія дзяржавы добра разумелі, якую карысць магло прынесці яму ўсталяванне прамых сувязяў з краінамі Заходняй Еўропы, і пачалі ісці да дасягнення гэтай мэты, што прывяло да пачатку Лівонскай вайны.1. Пачатак Інфлянцкай вайны. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі1.1 Абвастрэнне сітуацыі ў ІнфлянтахДа сярэдзіны XVI ст. Інфлянцкая (Лівонская) дзяржава апынулася ў абставінах сур'ёзнага ўнутрыпалітычнага крызісу. Гэта праявілася ў першую чаргу ў раздрабленні палітычнай улады і падзенні яе аўтарытэту. Пабудаваныя на сярэднявечных прынцыпах кіравання, інфлянцкія ўладныя структуры выявілі сваю недзеяздольнасць у новых умовах XVI ст. Усё гэта ўвасобілася перш за ўсё ў ваенным аслабленні Інфлянцкай дзяржавы. Крызісным становішчам Інфлянтаў не прамарудзілі скарыстацца ў сваіх інтарэсах узмацнелыя суседнія краіны. Маскоўская дзяржава і Вялікае Княства Літоўскае амаль што сінхронна прыступілі да дзеянняў па зашырэнні свайго ўплыву ў Інфлянтах. Жыгімонт Аўгуст пачаў праяўляць пільную зацікаўленасць справамі ў Інфлянтах з 1552 г. У хуткім часе па ініцыятыве прускага князя Альбрэхта каралеўскі двор пачаў будаваць планы па ўзмацненні свайго ўплыву ў Інфлянцкай дзяржаве. Уагульных рысах яны былі распрацаваны ў 1554-1555 гг. 3 другой паловы 50-х гг. XVI ст. інфлянцкі напрамак паступова становіцца прыярытэтным у знешняй палітыцы ВКЛ. Зацікаўленасць ВКЛ у падпарадкаванні Інфлянтаў вынікала са страгэгічна-абарончых меркаванняў і гандлёва-эканамічных інтарэсаў краіны. Геапалітычнае становішча Інфлянтаў дазваляла кантраляваць паўночныя раёны Маскоўскай дзяржавы, стварыць супраць яе шырокі наступальна-абарончы плацдарм. Адначасова кантроль над інфлянцкай тэррыторыяй даваў магчымасць сачыць за развіццём падзей у Балтыйскім моры і будаваць уласную балтыйскую палітыку, маючы выдатную партовую інфраструктуру. Кантраляванне Інфлянтаў было важным з пункту гледжання гандлёва-эканамічных інтарэсаў ВКЛ. Рака Дзвіна звязвала з Лівоніяй яго паўночна-ўсходнія раёны. Цесна злучанай з Інфлянтамі была таксама Жамойцкая зямля. Дзвінскі гандлёвы шлях з'яўляўся адным з найважважнейшых выхадаў да Балтыйскага мора і звязваў ВКЛ з Заходняй Еўропай. Спрыяльная кан'юнктура ў гандлі збожжам і іншымі таварамі дыктавалі неабходнасць авалодання ключавымі гандлёвымі артэрыямі дзеля павялічэння аб'ёмаў гандлёвага абмену з заходнееўрапейскімі краінамі. Зацікаўленасць у вышэйшых кіруючых колах ВКЛ, безумоўна выклікалі багатыя зямельныя масівы ў Інфлянтах. Магчымасць пашырыць землеўладанні за кошт добра апрацаваных інфлянцкіх земляў вабіла літоўскую магнатэрыю і шляхту. Гэты каланізацыйны фактар асабліва выразна праяўляўся ў грамадскіх настроях у першыя гады Інфлянскай вайны. Аднак кіраўніцтва ВКЛ было вымушана ахалоджваць падобныя памкненні, стараючыся заручыцца падтрымкай мясцовай эліты ў Лівоніі. Сутнасць планаў ВКЛ ў падпарадкаванні Інфлянтаў заключалася ў авалоданні ключавымі адміністрацыйнымі пасадамі праз сваіх людзей. Аднак рэалізацыя данай палітыкі сутыкнулася з жорсткім дзеяннем з боку Інфлянцкага ордэна. Ордэнскі магістр В. Фюрстэнберг справядліва бачыў у іх пагрозу існавання Інфлянцкай дзяржавы. Засяродзіць увагу на інфлянцкіх справах, кіраўніцтву ВКЛ дазволіла заключанае ў 1556 г. шасцігадовае перамір'е з Маскоўскай дзяржавай, а таксама параўнальна добрыя адносіны з Крымскім ханствам. У 1557 г. Жыгімонт Аўгуст аб'явіў вайну Інфлянцкаму ордэну. Польска-літоўска-прускае войска рушыла ў напрамку Інфлянтаў. У выніку праведзення на мяжы ВКЛ з Інфлянтамі перамоў, Ордэн быў вымушаны пагадзіцца на ўмовы Польшчы і ВКЛ. Дзякуючы заключанай Пазвольскай дамове ва ўнутрыпалітычным канфлікце у Iнфлянтах атрымала вагу пралітоўская партыя. У хуткім часе гэта прывяло да выбару на пасаду магістра Інфлянцкага ордэна Г. Кетлера. Трохі раней, у 1554 г., падыходзіў да канцу тэрмін перамір'я паміж Інфлянцкай і Маскоўскай дзяржавай. З мэтай яго падаўжэння ў Маскве адбыліся перамовы, якім было наканавана стаць вузлавым момантам у шэрагу падзей, якія прывялі да вайны. У выніку перамоў было падпісана чарговае пагадненне. Новае значэнне атрымаў пункт аб "юр'еўскай даніне". Згодна яму Дэрпцкае біскупства павінна было выплаціць пскоўскаму намесніку вялікую грашовую суму, якую дэрпты запазычылі за апошнія 50 год. На збор даніны даваўся трохгадовы тэрмін. У тэксце дамовы, меўся таксама пункт пра забарону ўступлення Інфлянтаў у ваенныя саюзы з Польшчай, Літвой і Швецыяй. Аднак 14 верасня 1557 г. паміж ВКЛ і Інфлянтамі было падпісана патаемнае пагадненне аб ваеннай узаемадапамозе, якое павінна было пачаць дзейнічаць пасля сканчэння ў 1562 г. перамір'я, ВКЛ з Масквой. Калі б Інфлянцкая деяржава падверглася інтэрвенцыі раней гэтага тэрміну, тады ВКЛ не было абавязана дапамагаць свайму паўночнаму суседу. 22 студзеня 1558 г . выправай маскоўскага войска ў глыбіні Інфлянтаў распачалася Інфлянцкая вайна. Былі спустошаны значныя абшары. Як аказалася, з ваенна-стратэгічнага пункту гледжання ў гэтай акцыі былі вельмі цьмяныя мэты. Па сваім характары яны нагадвалі тагачасныя набегі крымскіх татар на рускія землі, без відавочнай задачы захопу тэрыторыі. 3 пачаткам вайны кіраўніцтва Інфлянтаў ліхаманкава стала щукаць знешняй дапамогі. У сакавіку 1558 г. у Вільню спешна прыбыло інфлянцкае пасольства. Аднак Жыгімонт Аўгуст адмовіў Інфлянтам у дапамозе, параіўшы заключыць з Масквой пагадненне на любых умовах да 1562 г., а гэта значыць да сканчэння тэрміну літоўска-маскоўскага перамір'я. Для кіраўніцтва ВКЛ пачатак ваенных дзеянняў у Лівоніі быў вялікай нечаканасцю. Яно пэўна не разлічвала на такое хуткае разгортванне вайны з боку Масквы. На пачатку 1558 г. ВКЛ апынулася ў складаным знешнепалітычным становішчы. Разам з абвастрэннем сітуацыі ў Інфлянтах, зноў нагадала аб сабе і праблема на паўднёвым памежжы. Нечаканая выправа крымскіх татар у канцы 1557 г. у глыб Падолля і Валыні (па сведчаннях маскоўскага боку, татарскае войска дасягала 20 тыс. чалавек) прымусіла літвінаў чарговы раз звярнуць увагу на свае адносіны з Крымскім ханствам. Іх пагаршэнне скоўвала ініцыятыву кіраўніцтва ВКЛ на іншых напрамках. Прапанаваны Масквой у лютым 1558 г. антыкрымскі саюз прымушаў задумацца аб выбары знешнепалітычных прыярытэтаў. Аднак, Жыгімонт Аўгуст выслаў у Стамбул свайго пасланца са скаргай на варожыя дзеянні крымскага хана Даўлет-Гірэя. У выніку мір з Асманскай імперыяй і яе васалам Крымскім ханствам быў пацверджаны, а набег 1557 г. ахарактарызаваны як прыкрае непаразуменне. Літвіны, такім чынам, здолелі забяспечыць сабе мір на паўднёвай мяжы. Адразу ж пасля гэтага да Масквы былі даведзеныя сведкіаб тым, што антыкрымскае пагадненне з ёю заключана не будзе. У Вільні існаванне Крымскага ханства разглядалася як стрымальны фактар, які не дазваляў Маскоўскай дзяржаве на поўную моц разгарнуць ваенныя дзеянні супраць Вялікага Княства. Пасля безвыніковых перамоў аб вечным міры на пачатку 1559 г. літоўскія паслы упершыню звярнуліся да інфлянцкай праблемы. Акцэнтавалася ўвага Івана IV на недапушчэнне"хрысціянскага кровапраліцця", і на кроўныя сувязях Жыгімонта Аўгуста з рыжскім архіепіспам Вільгельмам, што давала яму nравы заступіцца за Інфлянтаў. У Літве добра разумелі, што Маскоўскае княства пасля авалодання Інфлянтамі адразу распачне вайну з ВКЛ. Таму, вельмі важным быў перахоп ініцыятывы, а ліхаманкавы пошук кіраўніцтвам Інфлянцкага opдэна знешняй ваеннай дапамогі толькі ствараў спрыяльныя ўмовы для гэтага. Заключанае ў сакавіку 1559 г. шасцімесянае перамір'е з Маскоўскай дзяржавай дало Інфлянтам час для правядзення неабходных перамоў. Вынікам візіту лівонскага магістра Г. Кетлера ў Вільню стала заключэнне 31 жніўня 1559 г. дамовы, паводле якой тэрыторыя Інфлянцкага ордэна пераходзіла пад асабістую абарону Жыгімонта Аўгуста. На ўваход у інфлянцкі канфлікт была атрымана згода вальнага сейма ВКЛ. Літвіны абавязваліся абараняць інфлянтаў ад нападкаў праціўніка і вярнуць захопленыя маскоўскім войскам інфлянцкія землі на паўночным усходзе краіны. Узамен яны атрымлівалі пад грашовы заклад паўднёва-ўсходнюю частку тэрыторыі Інфлянтаў. Пасля сканчэння вайны Ордэн меў права выкупіць гэтыя землі. Да заканчэння маскоўска-інфлянцкага перамір'я, літвіны павінны былі паведаміць Маскве пра пераход Інфлянтаў пад абарону ВКЛ. Вызначэнне межаў паміж Інфлянтамі і ВКЛ адкладвалася на канец вайны. На такіх жа ўмовах праз два тыдні да Віленскай дамовы далучыўся рыжскі архіепіскап Вільгельм. 1.2 Першы перыяд вайны(1558–1561)Уступленне ВКЛ у Лівонскую вайну. Заключэнне Віленскай дамовы 1559 г. адзначыўся ўступленнем ВКЛ у лік удзельнікаў Інфлянцкай вайны. Кіраўніцтва ВКЛ увяло на тэрыторыю Інфлянтаў свой вайсковы кантынгент, які замацаваўся ў паўднёва-ўсходніх раёнах, памежных з Масоўскай дзяржавай. Размяшчэнне ўласных гарнізонаў у інфлянцкіх землях з'яўлялася важнай задачай. У другой палове 1560 г. войскі Княства находзіліся ў новых умацаваных пунктах, у тым ліку ў Рэвелі, Вендэне, Вольмары і інш. Увогуле ж літоўская сфера ўплыву за 1560-1561 гг. працягнулася да лініі замкаў Пернава-Гельмэт-Эрмэс-Шванэнбург-Марыенгаўзен. Уступленне ў інфлянцкі канфлікт суправаджалася імкненнем кіраўніцтва ВКЛ пазбегнуць пагаршэння адносін з Масквой. На дыпламатычным фронце літоўскія радныя паны рабілі спробы пераканаць маскоўскіх прадстаўнікоў у тым, што ўвядзенне войск у Лівонію было абумоўлена ціскам з боку палякаў. Цалкам магчыма, што літвіны за спіной інфлянцаў шукалі кампрамісны варыянт вырашэння інфлянцкай праблемы праз узаемавыгадны падзел тэрыторыі Інфлянтаў. Але галоўнай задачай ВКЛ было забеспячэнне абароны па лініі Дзвіны, якая звязвала паўночна-ўсходнія раёны краіны з Балтыйскім морам, і авалоданне найважнейшымі гандлёвымі партамі на марскім узбярэжжы. Маскоўскі бок у сваю чаргу не жадаў шукаць кампрамісу з літвінамі. Пакрысе ў Вільні прыходзілі да разумення таго, што, нягледзячы на зробленыя дыпламатычныя намаганні, захаваць мір з Маскоўскай дзяржавай і адначасова ўмацаваць свае пазіцыі ў Інфлянтах немагчыма. У жніўні 1560 г. паблізу інфлянцкіх замкаў Вендэн і Вольмар адбыліся першыя сутычкі паміж маскоўскімі і літоўскімі вайсковымі групоўкамі. Звесткі пра іх вынікі супярэчлівыя. М. Стрыйкоўскі піша пра поўную перамогу літоўскай вайсковай групоўкі над вялікім маскоўскім войскам, з супрацьлеглага ж боку крыніцы паведамляюць пра цалкам адваротныя вынікі. 3 цягам часу канфлікт толькі абвастрыўся. Аднак да шырокамаштабных ваенных дзеянняў не дайшло. Маскоўскі бок вырашыў пачакаць да поўнага высвятлення пазіцыі ВКЛ. У верасні 1561 г. літоўская вайсковая групоўка на чале з найвышэйшым гетманам М. Радзівілам Рудым адбіла ў маскоўскага войска замак Тарваст. Эфект ад гэтай перамогі быў малым, улічваючы захоп у гэты ж час непрыяцелем Феліна - адной з наймацнейшых крэпасцей у Інфлянтах. Гарнізон у захопленым замку Тарваст, які не меў важнага стратэгічнага значэння, вырашана было не пакідаць. Неўзабаве сюды вярнуліся маскоўскія ратнікі. Цалкам верагодна, што аблога Тарваста была распачата, каб паказаць інфлянцкаму кіраўніцтву намеры літвінаў змагацца за захопленыя Масквой тэрыторыі. Страта Рэвеля ўлетку 1561 г. і яго пераход пад юрысдыкцыю Швецыі, якая таксама ўступіла ў змаганне за інфлянцкія землі, паказала кіраўніцтву Вялікага Княства патрэбу ў больш шчыльным падпарадкаванні сваей падкантрольнай тэрыторыі Інфлянцкай дзяржавы. У жніўні 1561 г. адбыўся візіт канцлера ВКЛ М. Радзівіла Чорнага ў Рыгу. На перамовах Радзівіл выклаў прапановы, якія прадугледжвалі, пераход Рыгі і правабярэжных Інфлянтаў пад непасрэдны пратэктарат Жыгімонта Аўгуста. У якасці ўмоў інфлянцкі бок прасіў захаваць свабоду пратэстанцкага веравызнання, пацвердзіць ільготы і прывілеі даўнейшых часоў, абараніць мясцовае кіраўніцтва ад магчымых абвінавачанняў германскага імператара ў здрадзе сваім васальным абавязкам, гарантаваць тутэйшаму нямецкаму насельніцтву займанне кіруючых пасад, весці вайну за вызваленне занятых непрыяцелем інфлянцкіх тэрыторый. Магістр Ордэна Г. Кетлер і рыжскі архіепіскап Вільгельм жадалі захаваць уладу ў якасці васалаў Жыгімонта Аўгуста. Перамовы прадоўжыліся ў Вільні. Інфлянцкія прадстаўнікі заявілі пра сваё імкненне перайсці пад пратэктарат адразу і ВКЛ, і Польшчы. Iх не задавальнялі аб'ёмы і эфектыўнасць вайсковай дапамогі з боку Вялікага Княства. Гэта разыходзілася з пазіцыяй літоўскіх радных паноў начале з М.Радзівілам Чорным, якія не жадалі дзяліцца з палякамі карысцю ад падпарадкавання Інфлянтаў. Але з павяліченнем пагрозы нанясення царскімі войскамі новых удараў па тэрыторыі Інфлянтаў, кампраміс быў вынайдзены. У заключанай 28 лістапада 1561 г. дамове Інфлянты фармальна пераходзілі пад персанальную юрысдыкцыю Жыгімонта Аўгуста. Дамова прадугледжвала ліквідацыю Інфлянцкай дзяржавы ў яе старым выглядзе і стварэнне на гэтай тэрыторыі новых дзяржаўных структур, падначаленых польска-літоўскаму гаспадару. На левабярэжнай частцы Інфлянтаў было створана Курляндскае герцагства на чале з герцагам Г. Кетлерам. Справа па цячэнні Дзвіны ўтваралася Задзвінскае герцагства, якое фармальна належала Жыгімонту Аўгусту як вярхоўнаму валадару. Кіруючыя паўнамоцтвы тут таксама атрымаў Г. Кетлер. Артыкулы пагаднення ўключалі ў сабе асноўныя просьбы інфлянцкага боку. Да іх далучыліся: дазвол біць уласную манету, намінал якой не адрозніваўся ад літоўскага гроша, наданне аўтаномнага статуса судовым органам, вызваленне ад падаткаў на неакрэслены тэрмін па прычыне ваенных спусташэнняў, забарона гандлю для асоб яўрэйскага паходжання. Такім чынам, Інфлянты захавалі поўную самастойнасць ва ўнутрыпалітычных справах і фактычна атрымалі статус "дзяржавы ў дзяржаве". Дзякуючы вайсковым гарнізонам кіраўніцтва ВКЛ мела магчымасць кантраляваць палітычную сітуацыю. Жыгімонт Аўгуст не мог пайсці на рэальнае далучэнне (інкарпарацыю) інфлянцкай тэрыторыі да ВКЛ з-за нежадання псаваць адносіны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй германскай нацыі, чым васалам намінальна з'яўляліся Інфлянты. Важным быў таксама пазітыўны погляд на інфлянцкую палітыку ВКЛ з боку еўрапейскай грамадскай думкі. Варта пры гэтым адзначыць, што неўзабаве, у 1566 г., Інфлянты ўсё ж такі далучыліся да ВКЛ і перасталі карыстацца шырокай унутрыпалітычнай аўтаноміяй. Заключэнне дамовы 1561 г. было відавочным поспехам палітыкі ВКЛ, але ён не быў поўным з-за ўхілення рыжан ад яе падпісання. Рыга звязвала дзвінскі шлях з Балтыйскім морам. Гэта абумоўлівала важнае стратэгічнае значэнне горада. Развітая партовая інфраструктура горада давала выдатныя магчымасці для гандлю з Еўропай. Авалоданне кантролем над Рыгай было адной з найгалоўнейшых задач кіраўніцтва як ВКЛ, так і Маскоўскай дзяржавы. Выказваючы ў 1561 г. лаяльнасць літоўскаму гаспадару, Рыга пагаджалася толькі на ваеннае супрацоўніцтва. Аднак гарнізон ВКЛ там так і не быў размешчаны. Горад заставаўся незалежным да 1581 г. Праўда, у знешніх зносінах яго самастойнасць была намінальнай. Фармальна Княства дасягнула значных поспехаў, распаўсюдзіўшы свой уплыў на большую частку тэрыторыі былой Інфлянцкай дзяржавы. Аднак літоўскія палітычныя эліты не атрымалі магчымасці займаць тут кіруючыя пасады, набываць зямельныя ўладанні. Замест гэтага на плечы кіруючыга колаВКЛ была ўскладзена задача абароны Інфлянтаў. Утрыманне значнага кантынгенту наёмных жаўнераў дорага абыходзілася дзяржаўнаму скарбу ВКЛ. На пачатку 60-х гг. XVI ст. выявіўся недахоп сродкаў для арганізацыі эфектыўнай абароны гэтых зямель. Да таго ж з'явілася рэальная пагроза шырокамаштабнай вайны з Маскоўскай дзяржавай. Развіццё падзей у Інфлянтах у канцы 50-х - пачатку 60-х гг. XVI ст. вызначыла непазбежнасць новай вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Нягледзячы на намаганні літоўскіх радных паноў прадоўжыць перамір'е, стала зразумела, што прадухіліць вайну будзе вельмі цяжка. 1.3 Другі перыяд вайны (1562–1578)Ваенныя дзеянні 1562 г. Пасланцы высланыя ў Маскву на пачатку 1562 г., пацярпелі поўны крах. Гэта канчаткова выявіла крах мірных ініцыятыў кіруючых колаў ВКЛ. Напрыканцы caкавіка 1562 г. маскоўскія войскі здзейснілі напад на памежныя раёны Полацкай зямлі, учынілі шэраг набегаў на ваколіцы Оршы, Дуброўны,Мсціслава, спаліўшы пасады гэтых гарадоў. 20 мая 1562 г. вялікае маскоўскае войска на чале з А. Курбскім падышло да Віцебска. Трохдзённаестаянне ля горада скончылася тым, што былі спалены пасады і спустошаны ваколіцы. Неўзабаве царавы ратнікі вярнуліся ў Вялікія Лукі, спаліўшы па дарозе пасады Суража.Войска ВКЛ таксама здзейсніла шэраг выпадаў на маскоўскія воласці, у прыватнасці, выпаліла ваколіцы Смалеска і беспаспяхова атакавала веліжскія ўмацаванні. Другая вайсковая групоўка, спустошыла раёны Себежа і Апочкі. Адначасова віленскі двор шукаў вайсковай падтрымкі з б оку. Пленам дыпламатычных намаганняў стала дамоўленасць паміж ВКЛ і Крымам аб узгодненых ваенных дзеяннях. На пачатку ліпеня 1562 г. крымскае войска падышло да Мцэнска. У выніку Іван IV загадаў спыніць падрыхтоўку вялікай выправы супраць ВКЛ, скіраваўшы ўсе сілы на адпор татар. Значная ваенная падзея адбылася 19 жніўня 1562 г. паблізу Невеля, дзе сутыкнуліся групоўка наёмных жаўнераў на чале з польскім ротмістрам С. Леснявольскім і маскоўскае войска пад камандай А. Курбскага. Па словах Івана Грознага, 15 тыс. маскоўскіх ратнікаў супрацьстаяла 4 тыс. палякаў і літвінаў. Польска-літоўскі атрад удала размясціўся ў цесным балотным месцы, якое было з двух бакоў акружана вадой, і на працягу цэлага дня стрымліваў націск пераважных сіл непрыяцеля, робячы паспяховыя вылазкі невялікіх груп коннікаў. Урэшце, выкарыстаўшы спрыяльны момант, роты палякаў і літвінаў з гордасцю адступілі. Літоўскае войска страціла ўсяго 15—16 чалавек. 3 маскоўскага боку на полі бою засталося, па розных даных, ад 1500 да 7-8 тыс. чалавек. Гэтае паражэнне царскага войска стала адной з галоўных прычын пагаршэння адносін Івана IV з А. Курбскім, які праз два гады эміграваў у Літву. Восенню 1562 г. большай актыўнасцю вызначаўся літоўскі бок. ВКЛ ў верасні 1562 г. зноў зрабіла напад на себежскія воласці. 3 надыходам зімы баявыя дзеянні паступова згортваліся. Ваеннымі дзеяннямі 1562 г. скончыўся пачатковы этап супрацьстаяння Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы. Двухбаковыя ўдары, якія адбыліся ў гэтым годзе, не мелі на мэце дасягнення значных ваенных вынікаў, калі не лічыць спусташэнне паселішчаў і рабаванне мясцовага насельніцтва. У задачы абодвух бакоў не ўваходзіла працяглая аблога ўмацаваных пунктаў і планамерная заваёва тэрыторыі праціўніка. У цэлым гэтыя дзеянні павінны былі высветліць наяўныя сілы і рэсурсы, якія меліся ў кожнага з бакоў, і выявілі прыкладную раўнавагу пры лакальных формах барацьбы. Страта Полацка ў 1563 г Пачынаючы з верасня 1562 г., маскоўскае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да маштабнай выправы на ВКЛ.Сам час яе падрыхтоўкі і правядзення паказваў, што ўлады імкнуліся максімальна выкарыстаць фактар нечаканасці. У восеньскі перыяд баявыя дзеянні, як правіла, згортваліся з-за неспрыяльных умоў надвор'я і немагчымасці здабываць правіянт без вялікіх затрат. У зімовы час на ваенным фронце надыходзіла амаль поўнае зацішша. У гэтых абставінах Іван IV вырашыў ажыццявіць без перабольшання дзёрзкую ваенную аперацыю. Мала хто мог меркаваць, што для ўдару будзе абраны Полацк. Выбар менавіта Полацка дыктаваўся, напэўна, яго размяшчэннем на Дзвіне. Захоп горада адрэзаў бы Віцебск ад дзвінскага шляху, а ўсё паўночна-ўсходняе памежжа ВКЛ - ад цэнтра краіны. Аднак найважнейшым было тое, што Полацк перакрываў сувязь па Дзвіне з Інфлянтамі. Адсюль вельмі зручна было пагражаць інфлянцкай тэрыторыі, у тым ліку і далёкай Рызе - канчатковай мэце змагання Івана IV. У сваім абгрунтаванні выправы на Полацк маскоўскае кіраўніцтва называла чатыры прычыны. Першая з іх мела яўны ідэалагічны характар - дыскрымінацыя праваслаўнага насельніцтва з боку пратэстантаў-лютэран. Асаблівы рэлігійны каларыт полацкай выправе надавала ўзяцце маскоўскім царом з сабою крыжа Еўфрасінні Полацкай, які перад гэтым захоўваўся ў Смаленску. Тым самым абгрунтоўвалася справядлівасць акцыі, якая прымала характар вяртання святыні на сваё месца. Наступныя тры абгрунтаванні выправы на Полацк цалкам упісваюцца ў кантэкст тагачасных канфліктных маскоўска-літоўскіх адносін. Гэта ігнараванне літоўскім бокам царскага тытула Івана Грознага, сутыкненне інтарэсаў у Інфлянтах і нацкоўванне крымскіх татар на Маскоўскую дзяржаву, што засведчыў перахоп лістоў Жыгімонта Аўгуста ў Крым. Увага пры гэтым акцэнтавалася перш за ўсё на інфлянцкіх справах, дзе ў супрацьстаянні з ВКЛ Масква, безумоўна, прайграла першы этап барацьбы. Рашэнне аб падрыхтоўцы вялікай выправы маскоўскага войска на ВКЛ было прынята ў верасні 1562 г. Усе мерапрыемствы павінны была праводзіцца ў строгай сакрэтнасці. Пачаткам выправы трэба лічыць 30 лістапада, калі з Масквы ў Мажайск выступіў цар Іван IV. Зрабіўшы там роспіс палкоў, ён вызначыў канчатковую дату збору на 5 студзеня 1563 г. у Вялікіх Луках. Складаным і адкрытым для дыскусіі застаецца пытанне пра колькасць маскоўскага войска. Пасля супастаўлення розных данных і меркаванняў можна прыйсці да высновы, што актыўная частка войска складала не больш за 60 тыс. чалавек. Аднак у ім мелася і вялікая колькасць дапаможных сіл. Трэба таксама адзначыць, што ў войску было 150-200 гармат разнастайнага калібру. Што гэтаму вялізнаму войску змаглі супрацьпаставіць Літвіны. Колькасць узброеных людзей, якія трапілі пасля захопу Полацка ў маскоўскі палон, складала ўсяго 2 тыс. чалавек. Вядома, што тут знаходзіліся тры польскія наёмныя роты колькасцю 500 чалавек. У замку мелася ад 20 да 40 гармат.Пра збор маскоўскага войска ў Вялікіх Луках у памежных замках ВКЛ даведаліся ўжо на пачатку 1563 г. Аднак ліхаманкавыя спробы рады ВКЛ арганізаваць дапамогу Полацку пацярпели фіяска. Прадпісанні рады шляхта папросту праігнаравала. Падчас аблогі Полацка пад камандай гетмана было толькі 2 тыс. жаўнераў з Вялікага Княства і 1400 польскіх наймітаў. 3 такім малым войскам змагацца супраць маскоўскай навалы было немагчыма. Яно прастаяла ў бяздзейнасці на рацэ Чарніца ўвесь час аблогі і было вымушана адступіць перад небяспекай удару пераважных сіл непрыяцеля. Маскоўскія палкі падышлі да Полацка 31 студзеня 1563 г. і за кароткі час акружылі горад з усіх бакоў. Яго абаронцы адразу пачалі чыніць непрыяцелю перашкоды, абстрэльваючы яго пазіцыі і робячы баявыя вылазкі. Аднак ход падзей развіваўся яўна не на карысць палачан. Дапамога не падыходзіла, і 1 лютага 1563 г. полацкія ўлады вырашылі пайсці на перамовы з непрыяцелем. Яны прасілі спынення агню да 9 лютага 1563 г., каб высветліць, ці згодны палачане на здачу горада. Маскоўскае камандаванне выкарыстала перамовы для далейшага ўмацавання сваіх пазіцый вакол горада. Увесь гэты час царскія ратнікі набліжалі свае гарматы да сцен полацкага пасада. А ўвечары 7 лютага 1563 г. да Полацка падышла цяжкая артылерыя, якая адыграла ў далейшым галоўную ролю ў бамбардзіраванні крэпасці. 9 лютага 1563 г., зразумеўшы безвыніковасць перамоў і ўбачыўшы размяшчэнне маскоўскай артылерыі пад пасадскімі сценамі, палачане запалілі і пакінулі добра ўмацаваны пасад горада. Маскоўскія ратнікі ўварваліся ў пасадскую частку і завязалі бой з палачанамі. Простыя жыхары, якія знаходзіліся тут, убачыўшы такі паварот падзей, вырашылі не ісці ў Верхні замак, а падацца ў маскоўскі лагер. Там апынулася ад 11 да 20 тыс. палачан. Разлад у лагеры абаронцаў не спрыяў наладжванню дзейнага супраціўлення і стаў адной з прычын няўдалай абароны горада. Пажар пасада дазволіў маскоўцам падцягнуць артылерыю яшчэ бліжэй да замкавых сцен. Да 13 лютага гарматы былі растаўлены па ўсім перыметры ўмацаванняў. Суцэльны абстрэл замка на працягу 13—14 лютага, а таксама падпал ягоных сцен канчаткова вырашылі справу. У крэпасці разгарэўся пажар, затушыць які не было ніякай магчымасці. Палачане не праяўлялі актыўнага супраціўлення, яўна ўражаныя нечакана моцным і інтэнсіўным артылерыйскім агнём. Безнадзейнасць становішча прымусіла палачан пайсці на перамовы і здацца на міласць ворагу. Маскоўскае войска ўвайшло ў горад 15 лютага 1563 г. Пры гэтым татары, якія знаходзіліся на царскай службе, пасеклі па невядомых прычынах манахаў-бернардынцаў. Сам Іван IV загадаў утапіць усіх яўрэяў, якія адмовіліся прыняць хрышчэнне. Большасць полацкага мяшчанства падверглася прымусовай дэпартацыі ў глыб Маскоўскай дзяржавы. Па звестках іншаземных крыніц, было выведзена да 50—60 тыс. чалавек. У той жа час звесткі пра масавае знішчэнне полацкіх мяшчан і шляхты хутчэй за ўсё з'яўляюцца несапраўднымі. Авалоданне Полацкам забяспечыла маскоўскім войскам выгаднае стратэгічнае становішча. На іх баку адразу аказалася значная ваенная перавага. Поспех Івана IV выклікаў вялікі міжнародны рэзананс. Апынуўшыся ў цяжкім становішчы і не маючы магчымасцей для хуткага рэваншу, кіраўніцтва ВКЛ вырашыла як мага хутчэй заключыць перамір'е. Маскоўскі двор пагадзіўся на перамір'е да 15 жніўня 1563 г.У чэрвені 1563 г. маскоўскае кіраўніцтва прапанавала падоўжыць яго да 1 лістапада. У сваю чаргу літоўскі бок заявіў аб жаданні захоўваць мір ажно да 25 сакавіка 1564 г.Аднак у Маскве пагадзіліся трымаць перамір'е толькі да 6 снежня 1563 г. Дыпламатычныя зносіны павінны былі завяршыцца прыездам у Маскву вялікага пасольства з ВКЛ. Існаванне мірнай дамоўленасці не перашкодзіла маскоўскаму боку заняцца далучэннем зямель на левым беразе Дзвіны. Цар зыходзіў з відавочнага для сябе палажэння, што цяпер усё Полацкае ваяводства па праве мацнейшага належыць яму. Вынікам маскоўскіх рэйдаў у глыб Полаччыны, якія адбыліся ўлетку 1563 г., было прывядзенне мясцовага насельніцтва да прысягі на вернасць маскоўскай уладзе, а разам з тым звыклае спусташэнне тэрыторый. Такім чынам, нападам маскоўскага войска ўлетку 1563 г. падверглася амаль уся левабярэжная Полаччына. Гэта была самая разгорнутая кампанія, ажыццёўленая Маскоўскім княствам на тэрыторыі Полацкай зямлі за ўвесь час Інфлянцкай вайны. Вялікае Княства не збіралася мірыцца з Масквой. У Вільні былі ўпэўнены ў бесперспектыўнасці перамоў і падрыхтоўцы маскоўскім бокам пад іх прыкрыццём новага ўдару па Літве. У Вялікім княстве спадзяваліся на дапамогу крымскага хана, якога прасілі выступіць у выпадку патрэбы ў напрамку Смаленска, дзе магло б адбыцца злучэнне літоўскіх і крымскіх сіл. Аднак сапраўдны рэванш кіраўніцтва ВКЛ планавала ўзяць улетку 1564 г. Менавіта таму паслы, адпраўленыя ў Маскву, павінны былі згаджацца на заключэнне перамір'я толькі да 1 ліпеня 1564 г. Жыгімонт Аўгуст зноў ўсклаў вялікія надзеі на падтрымку з боку Крыма, просячы хана аб сумесным удары па маскоўскіх землях. У той жа час перамовы, якія праходзілі ў Маскве, скончыліся беспаспяхова. Ульская бітва 1564 г. Зрыў перамоў прывёў да аднаўлення ваенных дзеянняў. Цалкам верагодна, што выправа на Літву планавалася ўжо перад пачаткам перамоў. Маскоўскія дыпламаты прапанавалі нерэальныя умовы, на якія літвіны проста не маглі пагадзіцца. У студзені 1564 г. ваенныя дзеянні былі адноўлены. Вялікія групоўкі маскоўскага войска адначасова выступілі з Полацка і Смаленска. Яны павінны былі рухацца ў напрамку Оршы і сустрэцца непадалёку ад горада. Пасля злучэння царскія сілы планавалі рушыць у бок Менска і Наваградка. Перад бітвай асноўныя сілы войска ВКЛ знаходзіліся ў Лукомлі. Добра што працавала літоўская разведка. Атрымаўшы звесткі аб руху маскоўскага войска, 26 студзеня 1564 г. літвіны пайшлі насустрач яму ў напрамку Улы. Неўзабаве адбылася першая сутычка з маскоўскім авангардам. Літоўскае войска старанна падрыхтавалася да бойкі. Літвіны нанеслі ўдар з двух бакоў - з флангу, а затым і з тылу. Літоўскія жаўнеры гналіся за разбітым непрыяцелем пяць міль, пры гэтым шмат царскіх людзей патанула ў рэках і загінула ад рук сялян з навакольных вёсак. Менавіта падчас пагоні палегла асноўная колькасць маскоўцаў. Польскае наёмнае войска, размешчанае на тэрыторыі ВКЛ, у Ульскай бітве 1564 г. не ўдзельнічала. На момант бою яно знаходзілася паблізу Барысава. Даведаўшыся пра бой, палякі рушылі ў бок тэатра ваенных дзеянняў, аднак неўзабаве былі затрыманы загадам найвышэйшага гетмана М. Радзівіла Рудога, які пасля разгрому маскоўскіх сіл не бачыў у гэтым патрэбы. Пазней польскія жаўнеры наракалі, што іх наўмысна затрымалі далека ад месца баявых дзеянняў, каб не падзяліцца пераможнымі вынікамі. Камандаванне войска ВКЛ добра ведала аб прысутнасці ў межах дзяржавы другога непрыяцельскага войска, якое на момант бітвы пад Улай знаходзілася ў раёне Дуброўны, умацаваўшыся там, па сведчаннях Я. Уханскага, лагерам . Гэта не дазваляла лічыць, што ваенная пагроза цалкам ліквідавана. Таму пасля пачатковай эйфарыі прыйшло разуменне, што неабходна расправіцца і з смаленскай групоўкай праціўніка, якая яшчэ нічога не ведала пра разгром войска П. Шуйскага. Вызначальную ролю ў баявых дзеяннях супраць смаленскай групоўкі адыграў аршанскі староста і ротмістр Філон Кміта. Усяго пад яго камандаваннем знаходзілася ад пяцісот да 2 тыс. коннікаў. Хутчэй за ўсё акцыя, здзейсненая пад кіраўніцтвам Ф. Кміты, адбылася на пачатку лютага 1564 г. Даведаўшыся аб дакладным размяшчэнні маскоўскага войска, ён вырашыў справакаваць у ім панічныя настроі. Аршанскі староста выслаў у бок маскоўскага лагера трох дабравольцаў. Яны везлі да камандуючага дубровенскім гарнізонам ліст, у якім паведамлялася, што неўзабаве да гэтага замка падыдзе вялікае войска літвінаў. Высланыя Кмітам казакі мелі пры сабе таксама спецыяльна складзены рэестр забітых і паланёных падчас Ульскай бітвы маскоўскіх ратнікаў. Маршрут быў выпрацаваны так, што яны не маглі не трапіць у рукі непрыяцельскай "старожы". Пасля азнакамлення з адабранымі паперамі ў маскоўскім войску пачалася паніка. Царскія ваяводы не жадалі сустракацца з літоўскім войскам, думаючы толькі пра адыход у бяспечнае месца. Кіраўніцтва ВКЛ імкнулася выкарыстаць перамогу ў Ульскай бітве ў прапагандысцкіх мэтах, акцэнтуючы ўвагу на тым, што літвіны справіліся з маскоўскімі войскамі ўласнымі сіламі, без дапамогі палякаў. М. Радзівіл Чорны згарнуў перамовы аб уніі ВКЛ з Польшчай, якія ішлі на Варшаўскім сейме, саслаўшыся на важныя справы ў ВКЛ. Заклю чэнне уніі было адцягнута на пяць гадоў. Галоўны ваенны вынік Ульскай бітвы 1564 г. заключаўся для літвінаў у знішчэнні значнай колькасці жывой сілы праціўніка, у першую чаргу каманднага саставу войска. Аднак адсутнасць тэрытарыяльных змен пасля бітвы змяншала яе канчатковы ваенна-стратэгічны эфект. Войска ВКЛ не прыняло надежных мер па адабранні ў праціўніка захопленых зямель. Маскоўскія войскі засталіся валадарыць на ўсім абшары правабярэжнай Полаччыны і на частцы левабярэжжа Дзвіны. Літвіны так і не здолелі у бліжэйшым часе пераламаць ход падзей на сваю карысць. Ваенныя дзеянні пасля 1564 г. Улетку 1564 г. ваенныя дзеянні зноў, як у 1562 г., прынялі форму раптоўных удараў невялікіх вайсковых атрадаў па памежных тэрыторыях праціўніка. Пастаянна адбываліся уварванні літоўскіх жаўнераў з Інфлянтаў на Пскоўшчыну. Час ад часу маскоўскім войскам ўдавалася даваць адпор. Адным з асноўных цэнтраў, адкуль ажыццяўляліся напады на тэрыторыю ВКЛ, паранейшаму заставаўся Смаленск. Маскоўскае камандаванне не пакінула намераў больш шырокага захопу тэрыторыі ВКЛ. Да ідэі правядзення шырокамаштабнай аперацыі супраць Маскоускай дзяржавы ў ВКЛ вярнуліся толькі восенню 1564 г. Цяпер стаўка была зроблена на наёмныя сілы. У войску знаходзілася 4900 коннікау,3700 драбаў (пехацінцаў), не лічачы ротаў з ВКЛ, у якіх, паводле звестак амаль усе былі палякі. Мэтай ваеннага паходу быў выбраны Полацк. Лiтоўска-польскае войска падышло да горада 16 верасня 1564 г. Войска не было падрыхтавана весці аблогу, яно амаль што не мела гармат. Літоўскае камандаванне спадзявалася на адкрытую бітву. Аднак маскоўскія ратнікі зачыніліся ў полацкіх сценах, выбраўшы звыклую для сябе тактыку працяглай абароны. На дапамогу Полацку выступіла вайсковая групоўка з Вялікіх Лукаў. Яе прысутнасць не спатрэбілася. 4 кастрычніка 1564 г. літвіны адступілі, так і не пачаўшых актыўных дзеянняў па аблозе замка. Пасіўныя дзеянні пад Полацкам хутка абярнуліся для літвінаў павальным паражэннем. Маскоўскае войска, што выступіу з Вялікіх Лукаў, 6 лістапада 1564 г. захапіла замак Азярышча, найбольш аддалены абарончы пункт на правым беразе Дзвіны. Захоп Азярышча быў асабліва прыкрай падзеяй на фоне бліскучай перамогі пад Улай напачатку года. Яшчэ раз было засведчана, што Княства не можа супрацьпаставіць націску непрыяцеля эфектыўную абарону. Гэтая страта маральна прыгнятала кіраўніцтва ВКЛ. У 1565 г. ваенныя дзеянні страцілі сваю маштабнасць, зноў прыняўшы характар спусташальных выпраў нязначных вайсковых атрадаў на памежныя землі праціўніка. Адной з найбольш важных падзей стаў рэйд польскай коннай групоўкі на пачатку сакавіка 1565 г. на тэрыторыю Пскоўскай зямлі. Пасля непрацяглай аблогі Краснага гарадка польскія вайскоўцы мелі сустрэчу з атрадам І.А. Шуйскага, які прыйшоў з Вялікіх Лукаў. Поспех, відавочна, быў за польскімі коннікамі. Пасля гэтай сутычкі яны наладзілі пагоню за маскоўскім непрыяцелем, але не дагнаўшы яго, учынілі спусташэнні па ўсёй паўднёва-заходняй частцы Пскоўшчыны. Пскоўскія, а таксама дэрпцкія воласці з'яўляліся і надалей аб'ектам пастаянных нападаў з боку падначаленай Літве часткі Інфлянтаў. Становішча на ўсходнім памежжы ВКЛ таксама было неспакойным. Размешчаныя тут польскія наёмнікі здзейснілі паход у раён Смаленска. Яны спалілі прадмесці горада і разбілі атрад непрыяцеля ў адкрытым полі. Затым групоўка польскіх коннікаў павярнула ў бок Северскай зямлі, дзе спустошыла шматлікія воласці. Раз-пораз царскім людзям удавалася супрацьдзейнічаць нападам літвінаў. Так, 8 чэрвеня 1565 г. смаленскі ваявода П. Марозаў разбіў віцебскіх казакаў, якія напалі на смаленскую акругу; у палоне апынуліся 62 чалавекі. Праз два дні тое ж самае здарылася з мсціслаўскім атрадам, які налічваў 1200 чалавек. Маскоўскія ратнікі ўзялі ў палон 23 "языкі". Няўдалым для літвінаў аказаўся і паход на раслаўскія воласці - пры вяртанні атрад пад камандаваннем I. Лычкі падвергся нападу, у выніку чаго ў палон быў узяты сам камандзір. Увогуле, баявыя дзеянні 1565 г. не вызначаліся інтэнсіўнасцю. Актыўнай вайне ў 1565-1566 гг. перашкаджала эпідэмія чумы, якая ахапіла ў гэты час Наваградчыну, Полаччыну і Смаленшчыну. Яна суцішылася толькі прыкладна ў другой палове 1566 г. У сярэдзіне 1565 г. па ініцыятыве літоўскага боку былі адноўлены дыпламатычныя зносіны з Масквой. Перамовы аб міры нічога у гэтым кірунку не далі, паколькі прадстаўнік ВКЛ патрабаваў вярнуць Полацк і Смаленск, і вайна працягвалася.У перыяд 1567-1569 гг. рускія войскі, умацоўваючы пазіцыі каля Полацка, збудавалі крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. Увогуле ваенныя дзеянні 60-х гг. XVI ст. паказалі бясспрэчную перавагу літоўскага войска ў адкрытым змаганні. Аднак літвіны саступалі маскоўскім ратнікам у правядзенні аблогавых аперацый. Гэта стала прычынай значных тэрытарыяльных стратаў ВКЛ на Полаччыне. Пасля шырокамаштабных аперацый 1563-1564 гг. ваенныя дзеянні набылі лакальны характер. У 1566 г. царскія войскі пачалі замацаванне на захопленай тэрыторыі Полаччыны, у выніку чаго там з'явіліся новыя абарончыя пункты. У другой палове 60-х гг. літвінам ўдалося схіліць перавагу ў ваенным супрацьстаянні на свой бок. Важнай ваеннай перамогай было адабранне Улы ў 1568 г. Аднак цэнтральная ўлада ў ВКЛ не змагла арганізаваць буйнамаштабных ваенных акцый. Вільня мела пільную патрэбу ў мірнай перадышцы для ўзнаўлення сваіх рэсурсаў і вырашэння важных унутрыпалітычных пытанняў. Не менш зацікаўленай у міры была і Маскоўская дзяржава. Вынікам кампрамісу з'явілася заключэнне трохгадовага перамір'я ў 1570 г. 1.4 Люблінская унія 1569 г . Перадумовы уніі. 3 пачаткам Інфлянцкай вайны Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў надзвычай цяжкім становішчы. Вайсковая дэзарганізацыя, недахоп фінансавых сродкаў абумовілі няўдачы ў ваенных дзеяннях, якія з 1562 г. ужо вяліся на тэрыторыі Беларусі. Быў страчаны кантроль над значнай часткай Інфлянтаў, здадзены Полацк. Безупынна раслі падаткі, закладаліся гаспадарскія маёнткі, што, аднак, не прыносіла жаданых вынікаў. Стала відавочна, што аднаасобна спыніць агрэсію Маскоўскай дзяржавы, а тым больш вярнуць страчаныя землі Княства не можа. Такая сітуацыя вымушала палітычную эліту ВКЛ ісці на больш шчыльныя кантакты з Каралеўствам Польскім. Паступова ідэю моцнай уніі падтрымаў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст. У 1560-я гг. адбыўся шэраг сеймаў, як супольных, так і асобных у ВКЛ і Польшчы, на якіх абмяркоўваліся ўмовы будучага унітарнага саюзу. У верасні 1562 г. з'езд шляхты ВКЛ, што адбыўся пад Віцебскам, вылучыў асноўныя пастулаты уніі з Польшчай: правядзенне супольных сеймаў для абрання будучага караля і вялікага князя, арганізацыя сумеснай абароны, збліжэнне дзяржаўна-прававога поля дзвюх краін. Перамовы аб уніі. Hi шляхта ні магнаты не хацелі інкарпарацыі ў склад Каралеўства Польскага, яны хацелі толькі дзяржаўнага саюзу з агульным манархам і сеймам для вырашэння абаронных і іншых агульных спраў. Страта 15 лютага 1563 г. Полацка ў ходзе Інфлянцкай вайны яшчэ больш выразна паказала неабходнасць для ВКЛ моцнага саюзу з Польшчай. У маі-чэрвені гэтага года адбыўся сейм Княства ў Вільні. Літвіны згадзіліся на перамовы аб уніі і накіравалі на сейм у Варшаву дэлегацыю ад паноў-рады, шляхты і г. Вільні ў складзе 28 чалавек. Віленскі сейм распрацаваў інструкцыю, на якіх умовах ВКЛ магло заключыць унію.Такімі ўмовамі былі заключэнне пастаяннага саюзу дзвюх дзяржаў,якія мелі агульнага манарха, выбіранага са згоды абодвух бакоў, а таксама: вальныя сеймы дзеля вырашэння агульных спраў. У той жа час панам захоўваліся ўсе правы і вольнасці ВКЛ, заставаліся асобыя сеймы і суды, заканадаўства, войска. Палітычная эліта Княства падкрэслівала,што перамовы аб уніі патрэбны, каб атрымаць польскую дапамогу ў ліфлянцкай вайне. Падчас перамоў на сейме ў Варшаве, які адбыўся на мяжы 1561-1564 гг., з усёй выразнасцю выявіліся супярэчнасці ў поглядах на характар будучага унітарнага саюзу паміж палякамі і літвінамі. Пальскі бок фактычна настойваў на інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы. Літвіны ж хацелі ісці болей за саюз з агульным манархам і супольнай знешняй палітыкай. Час цягнуўся ў бясплённых спрэчках, а пасля перамогі войска ВКЛ над маскоўцамі 26 студзеня 1564 г. ў бітве пад Улай дэлегацыя Княства на чале з віленскім ваяводам і канцлерам Мікалаем Радзівілам Чорным увогуле 22 лютага гэтага ж года пакінула Варшаву і сарвала перамовы. Ужо без літвінаў на Варшаўскім сейме былі прыняты два важныя для будучай уніі рашэнні. 13 сакавіка 1564 г. Жыгімонт Аўгуст саступіў Польшчы свае спадчынныя правы на ВКЛ. У той жа дзень былі зацверджаны ўмовы аб'яднання Княства і Каралеўства (фактычна інкарпарацыя Польшчай ВКЛ). Саюз грунтаваўся на акце Мельніцкай уніі 1501 г. Такім чынам, польскі бок вызначыўся з умовамі будучай уніі. Падобна, што і Жыгімонт Аўгуст больш схіляўся да польскага варыянту аб'яднання дзвюх дзяржаў. Увогуле, у гэты час ен выступау актыўным прыхільнікам аб'яднання ВКЛ і Каралеўства Польскага. Як правіла, вылучаюць дзве галоўныя прычыны такой пазіцыі Жыгімонта Аўгуста: разуменне, што толькі разам краіны могуць перамагчы ў Інфлянцкай вайне і прадчуванне згасання дынастыі Ягелонаў, пасля чаго быў магчымы разрыў нават персанальнай уніі паміж Княствам і Каралеўствам. 3 1564 г. палітычная эліта ВКЛ усяляк імкнулася адцягнуць абмеркаванне уніі. Гэтаму садзейнічала змена ходу Інфлянцкай вайны, звязаная з некаторымі поспехамі, дасягнутымі войскам Княства, а таксама абвастрэннем адносін Маскоўскай дзяржавы з Крымскім ханствам. Акрамя таго, шмат часу займалі рэформы дзяржаўнага ладу ВКЛ. Таму безвынікова закончыліся сеймы ў Парчове (лета 1564 г.) і Пётрыкаве (сакавік 1565 г.). У 1564-1566 гг. у ВКЛ былі праведзены адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая рэформы. Быў уведзены зразумелы, агульны для ўсёй краіны дзяржаўны лад. У паветах склікаліся сеймікі, на якіх выбіралася па два дэпутаты на вальны сейм. Увогуле, роля сейма ў дзяржаўным жыцці значна пашыралася. Быў зацверджаны новы Статут. Рэформа судаводства абмежавала судовыя паўнамоцтвы магнатэрыі, што было адной з прычын яе палітычнай магутнасці. Магнатэрыя Княства пайшла на рэформы 1564-1566 гг. пад уплывам Жыгімонт Аўгуста, які быў прынцыпова настроены на аб'яднанне ВКЛ і Каралеўства Польскага і праводзіў палітыку, скіраваную на адаптацыю польскіх форм дзяржаўнага ўладкавання ў Княстве. Таксама праз пашырэнне сацыяльна-палітычных правоў павятовага шляхецтва магнаты ВКЛ спрабавалі атрымаць саюзніка ў сваёй палітыцы зацягвання уніі і іных перамоў. Перамовы аб уніі былі працягнуты ў 1566 г. На сейме ў Берасці (красавік-жнівень 1566 г.) літвіны яшчэ раз вызначылі сваё бачанне аб'яднанай краіны: адзіны манарх, які абіраецца разам ВКЛ і Каралеўствам Польскім, супольныя сеймы збіраюцца ў абедзвюх дзяржавах па чарзе адзіная знешняя палітыка, але законы, кіраванне і межы — асобныя.Па сутнасці, пазіцыя палітычнай эліты Княства ў адносінах да ўмоў уніі заставалася той жа, што і ў 1563 г. Такім чынам, і шляхта, і магнаты імкнуліся да персанальнай уніі, ваенна-абарончага саюзу з захаваннем самастойнасці Княства. 3 гэтымі ўмовамі дэлегацыя ВКЛ накіравалася ў ліпені 1566 г. у Люблін на сейм Каралеўства Польскага, але толькі для азнакамлення палякамі з пазіцыяй ВКЛ, а не для заключэння уніі. Урэшце, Люблінскі сейм 1566 г. скончыўся безвынікова. Аднак у канцы 1567 г. неабходнасць уніі стала відавочнай для ўсяго палітычнага народа ВКЛ. Перамовы з маскоўскім пасольствам, якія праводзіліся ўлетку гэтага года ў Гародні, зайшлі ў тупік. Умовы, вылучаныя пасламі Маскоўскай дзяржавы, былі непрымальнымі для літвінаў.У той жа час буйная ваенная кампанія, арганізаваная ў ВКЛ (агульная колькасць войска разам з паспалітым рушэннем, наёмнікамі і польскім атрадамі налічвала каля 50 тыс. чалавек), скончылася безвынікова.Правал так званай радашковіцкай выправы, нягледзячы на асабістую прысутнасць у войску Жыгімонта Аўгуста, яскрава паказаў неабхонасць для ВКЛ знешняй дапамогі ў паспяховым вядзенні Інфлянцкай вайны. Гэта ў сваю чаргу падштурхнула Княства да актывізацыі перамоў з палякамі аб уніі. Увогуле, ідэя саюзу з Польшчай была досыць распаўсюджана сярод шляхецтва. Напярэдадні Люблінскага сейма 1569 г. жамойцкі сеймік даў сваім паслам наказ - без заключэння уніі назад не вяртацца. Крыху пазней, у маі 1569 г., такі наказ атрымалі і берасцейскія паслы. Паслы Валыні, Падляшша і Жамойці атрымалі ад сваіх выбарцаў неабмежаваныя паўнамоцтвы ў справе уніі. У 1566 г. паслы Віцебскага ваяводства прасілі хутчэй склікаць сейм з Каралеўствам Польскім, бо апасаліся захопу маскоўскімі войскамі. Зразумела, што шляхта больш за магнатаў цярпела ад вайны і была зацікаўлена ў заключэнні саюзу з Польшчай. Аднак развіццё падзей у 1560-я гг. паказвае, што шляхта ішла ў фарватэры палітыкі магнацкіх груповак (Радзівілаў ці Хадкевічаў) і не была самастойнай палітычнай сілай, у тым ліку ў пытанні заключэння уніі. Тым больш няма аніякіх падстаў сцвярджаць, што шляхта ВКЛ падтрымлівала польскі варыянт аб'яднання. Як магнатэрыя, так і шляхецтва выступалі за раўнапраўны саюз дзвюх дзяржаў з адзіным манархам, агульнай знешняй палітыкай і супольнай абаронай пры захаванні шырокай унутранай аўтаноміі ВКЛ. Люблінскі сейм пачаў працу 10 студзеня 1569 г.,дзе і адбылося падпісанне акта уніі. Цяжкія вынікі вайны былі выкарыстаны Польшчай, каб прымусіць ВКЛ пайсці на падпісанне Люблінскай уніі. 1.5 Трэці перыяд вайны (1579–1583)Працяг і завяршэнне Інфлянцкай вайны Хісткасць перамір'я 1570-1573 гг. Дагавор 1570 г. аб трохгадовым перамір'і ні ў Вільні, ні ў Маскве не лічыўся трывалым. У Вялікім Княстве баяліся, што цар у кожны момант можа яго парушыць, а сам Іван IV спяшаўся выкарыстаць перадышку для пошуку саюзнікаў у вайне са шведамі ў Эстоніі. Вясной 1571 г. ён накіраваў пасла ў Стамбул, каб заключыць пагадненне з асманскай імперыяй. Саюз з Турцыяй гарантаваў бы яму бяспеку на мяжы з неспакойным Крымскім ханствам, небяспеку ўварванняў якога прадэманстраваў паход Даўлет-Гірэя: разбіўшы пад Тулай апрычнае войска, той спаліў пасады Масквы і вывеў у Крым вялікі палон. У лістападзе 1571 г. Іван IV пачаў паход супраць шведаў з Ноўгарада Вялікага, але праз месяц нечакана спыніў дзеянні і прапанаваў мір пры ўмове, што Швецыя верне яму Рэвель (Талін) і ўсе інфлянцкія землі. Жыгімонт Аўгуст не парушаў перамір'я і нават адмовіўся ад прапановы крымскіх татар у 1572 г. разам з імі ўдарыць па Маскве. Ён спадзяваўся вярнуць Полацк мірным шляхам, у абмен на саступкі ў Інфлянтах. Выглядала, што маскоўскі цар папярэдне пагаджаўся на такі варыянт. Для перагавораў рыхтавалася пасольства ў Маскву, але 21 чэрвеня 1572 г. кароль і вялікі князь памёр, так і не ажыццявіўшы сваіх намераў. У Рэчы Паспалітай пачаўся перыяд першага бескаралеўя (1572-1573) і адносіны з Масквой адразу набылі іншы характар. Карыстаючыся момантам, пакуль Рэч Паспалітая была занята ўнутранымі клопатамі, Іван IV намагаўся выціснуць шведаў з Прыбалтыкі. У верасні 1572 г. ён прывёў вялікае войска ў Эстонію. 3 іншага боку, не спыняючы вайны ў Інфлянтах, цар разам з аўстрыйскім эрцгерцагам Эрнестам, шведскім каралём Юханам III і французскім прынцам Генрыхам стаў прэтэндаваць на вакантны каралеўскі пасад. Безкаралеўе і праект падзелу Рэчы Паспалітай. Хоць магнаты ВКЛ былі супраць маскоўскага тырана, кандыдатура цара карысталася пэўнай папулярнасцю ў шляхты, таму зімой і вясной 1573 г. з Іванам IV вяліся перагаворы аб магчымасцях яго абрання. Калі ж выявілася, што пазіцыі цара і прыхільнікаў яго кандыдатуры ў Рэчы Паспалітай узаемавыключальныя, у Івана IV не засталося ніякіх шансаў. Перамога на першай свабоднай элекцыі ў маі 1573 г. Генрыха Валуа, за якім стаяла Порта, зблізіла Маскву з Венай, гатовых любым шляхам перашкодзіць французскаму кандідату атрымаць польскую карону. Габсбургі прапанавалі цару разам выступіць супраць Рэчы Паспалітай, каб раздзяліць яе: Івану IV дасталося б ВКЛ, а Габсбургам - Польшча. Аднак пасля прыезду Генрыха Валуа ў Рэч Паспалітую ні Вена, ні Масква ўсё ж не пачалі вайны, а ўжо ў чэрвені 1574 г. новаабраны кароль уцёк у Францыю, каб пасля смерці брата пераняць французскую карону. Падчас другога бескаралеўя (1574-1575) цар Іван IV разам з сынам Фёдарам зноў уключыўся ў выбарчую кампанію ў Рэчы Паспалітай. Каб перашкодзіць абранню сямігародскага князя Стэфана Баторыя, Масква ўзгадняла сваю палітыку з Венай.У 1575 г. на Варшаўскім сейме сенатары прагаласавалі за Максіміліяна II, але большасцю шляхты каралём быў абраны Стэфан Баторый. Тады маскоўскія паслы прывезлі ў Рэгенсбург праект падзелу Рэчы Паспалітай паміж царом і Габсбургам. Згодна з ім Масква павінна была завалодаць ВКЛ і Інфлянтамі, а імператар атрымаў бы Польшчу і Прусію. Толькі смерць імператара ў кастрычніку 1576 г. спісала гэты небяспечны план у архіў. Стэфан Баторый і ўзнаўленне вайны. Пасля абрання каралём польскім і вялікім князем літоўскім Стэфана Баторыя, які адразу сутыкнуўся з цяжкасцямі (Гданьск паўстаў і адмовіўся прызнаваць новага караля) цар Іван IV распачаў маштабныя ваенныя дзеянні ў Інфлянтах, каб паспець канчаткова падпарадкаваць іх. У 1576 г. маскоўская армія тройчы брала ў аблогу Рэвель, але цярпела няўдачы. Тым не менш пакуль Стэфан Баторый быў заняты падпарадкаваннем Гданьска, маскоўскія ваяводы за 1577 г. занялі ў Інфлянтах большасць земляў і гарадоў, якія належалі Рэчы Паспалітай. Нязначныя сілы ВКЛ, якія дзейнічалі там не маглі іх стрымаць, хоць нярэдка дамагаліся поспеху. Перагаворы паслоў Стэфана Баторыя з Іванам IV аб умовах магчымага міру выявілі ўзаемавыключальныя пазіцыі: цар патрабаваў, каб яны адмовіліся ад Полацка і занятых ім Інфлянтаў, а пасольства Рэчы Паспалітай ставіла галоўнай умовай вяртанне ўсіх заваяваных зямель ВКЛ і Інфлянтаў. Вайна была непазбежнай. Стэфан Баторый думаў пра паход на Полацк і Смаленск яшчэ ў 1577 г. I як толькі яму ўдалося супакоіць Гданьск, а ў 1578 г. канчаткова ўрэгуляваць адносіны з Крымам, пачалася падрыхтоўка да наступальных дзеянняў. Антымаскоўскую праграму новаабранага манарха асабліва падтрымалі магнаты і шляхта ВКЛ. Варшаўскі сейм у сакавіку 1578 г. ухваліў рашэнне аб пачатку вайны супраць Масквы і вызначыў праграму падрыхтоўкі да ваенных дзеянняў. Для паходу вялікай арміі збіраліся транспартныя сродкі, запасы харчавання, фуражу і інш. Закуп зброі і боезапасаў праводзіўся як за мяжой, так і ў гарадах Беларусі і Літвы. Ручная агнястрэльная зброя партыямі куплялася ў майстроў Вільні, Пінска, Мядзеля, Браслава, а таксама ў збраяроў Польшчы. Гарматы адліваліся ў Вільні (па малюнках самога Баторыя), перавозіліся з Мальбарка і Гданьска. Калі Стэфан Баторый прыехаў у Вялікае Княства, то тут яго ў патрыятычным парыве віталі магнаты і шляхта, якія даўно чакалі рэваншу ў вайне з Масквой і вяртання сваіх зямель. У Гародні манарх абмеркаваў план вайны і звярнуўся да ўсіх станаў ВКЛ з адозвай, каб тыя выставілі паспалітае рушэнне. Тыя адгукнуліся на заклік, і земскае войска склала аснову дзеючай арміі. Каля мястэчка Свір, на мяжы беларуска-літоўскай дзяржавы з маскоўскімі ўладаннямі, у траўні 1579 г. сабраліся аб'яднаныя сілы ВКЛ і Кароны. Пры агульнай мабілізацыі 56 тыс. (30 500 чалавек у ВКЛ і 25 500 - у Кароне) агульная колькасць войска, выкарыстанага на тэатры ваенных дзеянняў, склала 41 тыс., сярод якіх было 30 тыс. конніцы. Большасць гэтай арміі ўтваралі харугвы Вялікага Княства — 23 тыс., з якіх 10 тыс. налічвалі магнацкія почты, 9 тыс. - паспалітае рушэнне і 4 тыс. - найманыя жаўнеры. Паход на Полацк. Літвіны раілі ісці на Пскоў як самую важную маскоўскую цвярдыню, на той момант яшчэ мала падрыхтаваную для абароны. Аднак на ваеннай нарадзе было вырашана, што першы ўдар трэба наносіць па Полацку. Аргументы Стэфана Баторыя наконт прыярытэтнасці Полацка як мэты першага naxоду пераконвалі: канцэнтрацыя арміі вакол яго агаляла межы ВКЛ і не адкрывала тылы, а ўзяцце Полацка дазваляла ўмацаваць пазіцыі Віцебска і адрэзаць Інфлянтаў ад цэнтральных маскоўскіх правінцый. Немалаважным з’яўляўся і псіхалагічны факт: яе наколькі балюча перажывалася страта Полацка ў Беларусі і Літве, настолькі акрыляць магло быць яго вяртанне на самым пачатку вайны. Палявая друкарня караля, што дзейнічала пры абозе, 12 ліпеня выпусціла "Маніфест да войска", перакладзены на некалькі моў. Вайна абвяшчалася справядлівай і законнай, а яе прычыны звязваліся з тым, што Іван IV учыніў шмат шкоды хрысціянам у Інфлянтах і ВКЛ, дзе захапіў Полацк, а таксама з немагчымасцю заключыць мір з царом. Армія пайшла на Полацк уздоўж Дзвіны, пераправіўшыся каля Дівны па пантонных мастах на яе правы бераг. Каб прадухіліць умацавання полацкага гарнізона дадатковымі сіламі, наперад быў высланы авангард конніцы віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла і венгра Каспара Бекенца, якія адразу заблакіравалі горад. Край за шаснацаць гадоў акупацыі абязюдзеў і здзічэў. Бездарожжа і няспынныя дажджы замаруджвалі рух вялікай арміі. Па шляху харугвы з ходу займалі збудаваныя царскімі войскам крэпасці: 23 ліпеня - Казьяны, 31 ліпеня - Краснае. Даведаўшыся пра набліжэнне арміі Баторыя, маскоўскія ваяводы з Полацка паспрабавалі застрашыць наступаўшых: яны умярцвілі польскіх і літоўскіх палонных, якіх з даўняга часу трымаліся у цяжкіх аковах, і, прывязаўшы іх трупы да бреўнаў, спусцілі па рацэ насустрач. Аблога Полацка і яе цяжкасці. Армія Рэчы Паспалітай пачала аблогу 11 жніўня. Пад горадам быў надрукаваны зварот да маскоўскага цара і ўсіх яго падданых, у якім прапаноўвалася не супраціўляцца, а пераходзіць на бок караля або пакінуць гарады і воласці ВКЛ. Тым, хто складзе зброю, Стэфан Баторый гарантаваў захаванне асабістых правоў і бяспеку. Маскоўская залога Полацка, якая налічвала каля 6000 чалавек, адразу запаліла пасады, і ўсе абаронцы перайшлі ў Верхні замак, ператвораны за гады валодання ў непрыступную фартэцыю. 3 ходу захапіць яе не ўяўлялася магчымым. Да ўсіх цяжкасцей далучыліся аб'ектыўныя фактары: акупаваная зона і сумежныя з ёю раёны Полаччыны былі спустошаны, таму адразу ж паўстала вострая праблема пракорму вялікага войска Рэчы Паспалітай. Армія пачала галадаць, у пошуках яды даводзілася пасылаць раз'езды ў аддаленыя землі па левым беразе Дзвіны. Тым часам бясконцыя дажджы так узнялі ўзровень вады ў рацэ, што яна затапіла масты і стварыла шмат цяжкасцей для аблогі: драўляныя ўмацаванні моцна прамоклі, так што ўсе намаганні запаліць іх агнявымі ядрамі аказаліся марнымі. Залога ж баранілася надзвычай упарта. Цар Іван IV стаяў тады з 40-тысячным войскам у Ноўгарадзе Вялікім, не адважваючыся на значныя контрдзеянні. Ён баяўся адкрытай палявой сутычкі з арміяй Рэчы Паспалітай і не меў праграмы дзеянняў. У сярэдзіне ліпеня выслаў на дапамогу Полацку 8 тыс. стральцоў Барыса Шэйна і Фёдара Шарамецева, але такая колькасць не магла дапамагчы. 3 Пскова цар накіраваў на ВКЛ татарскія загоны, якія ў пачатку жніўня дасягнулі Біржа, але калі ў Біржах з войскам з'явіўся жамойцкі стараста Мікалай Тальваш, татары павярнулі назад. Са свайго боку Стэфан Баторый, прыкрываючы галоўныя сілы, сканцэнтраваныя пад Полацкам, яшчэ на пачатку выправы накіраваў у Інфлянты, пад Пскоў, на Севершчыну і ў бок Смаленска некалькі рот наймітаў. Перамогі над Дзвіною Моцныя дажджы, што амаль няспынна ішлі ўсё лета, былі саюзнікам царскага гарнізона ў Полацку. Працяглая аблога засмучала нават караля, які прагнуў рашучых дзеянняў, хоць на генеральны штурм не адважваўся. Але пад канец жніўня дажджы нарэшце скончыліся, і гэта адразу ж змяніла сітуацыю. Як толькі 29 жніўня ўдалося запаліць драўляныя вежы горада, на наступны ж дзень абаронцы паддаліся. Тых, хто адбіваўся да канца, паланілі, астатнім дазволілі выбіраць між службай каралю і вяртаннем у Маскоўскую дзяржаву. Некаторыя царскія ваяводы, адпушчаныя на свабоду, не пажадалі вяртацца на бацькоўшчыну. Але большая частка гарнізона скарысталася правам і вятнулася да цара, які загадаў размяшчаць такіх ратнікаў у іншых памежных замках — каб удзелам у далейшай вайне змылі ганьбу здачы Полацка. 3-за смроду ад непахаваных трупаў у адваяваным Полацку не ўдалося правесці набажэнства ў гонар перамогі, як таго хацеў кароль і вялікі князь. Урачыстая служба прайшла проста ў вайсковым лагеры. У горадзе быў пакінуты гарнізон у складзе 400 жаўнераў конніцы і 500 пяхоты: а галоўныя сілы арміі пасля перадышкі рушылі на іншыя замкі Поладчыны. Ужо 4 верасня харугвамі Канстанціна Лукомскага была узята Туроўля. На падпаракаванне Сокала, адной з самых моцных маскоўскіх цвердзяў на Поладчыне, на чале 3 тыс. пяхоты і конніцы рушыў вялікі гетман кароны Мікалай Мялецкі. Гарнізон гэтай крэпасці, які налічваў каля 5 тыс. ратнікаў, нават пасля капітуляцыі Полацка адчайна адбіваўся. Толькі 11 верасня, пасля двух дзён аблогі і штурмаў, польская і літоўкая пяхота ўварвалася ў крэпасць Сокал. Гэты дзень аказаўся самым крывавым за ўсю кампанію: ад рук наступаўшых і ў агні загінула каля 4 тыс. царскіх ратнікаў, палегла і шмат ратнікаў Мялецкага. Пасля Сокала полацкі ваявода Мікалай Дарагастайна аблажыў крэпасць Сушу і ўгаварыў яе гарнізон здацца: 6 кастрычніка 1579 г. каля 6 тыс. маскоўскіх ратнікаў выйшла з крэпасці, пакінуўшы ўсю зброю, запасы пораху і прадуктаў. Нарэшце ў снежні 1579 г. каталіцкія фарміраванні захапілі Няшчэрду.Так першы год узноўленай вайны прынёс вялікае паражэнне Маскоўскаму царству. Падчас Полацкай кампаніі былі знішчаны ці захоплены ў палон больш за 10 тыс. маскоўскіх ратнікаў і 16 ваяводаў, 120 цяжкіх гармат, тысячы руляў ручной нястрэльнай зброі. Падзеленае на тры групоўкі войска адышло на адпачынак да Галоўчына, Шклова і Магілёва. Цар Іван IV пасля страты Полацка змяніў тон сваіх пасланняў і выказаў жаданне памірыцца. Аднак кароль распачаў вайну не дзеля вяртання аднаго Полацка. Працяг вайны і паход 1580 г. Вальны сейм, праведзены ў Варшаве ў снежні 1579 і пачатку 1580 г., даў згоду на працяг вайны і ўхваліў такія ж падаткі, як у 1578 г. Новы паход супраць Івана IV быў падрыхтаваны на лета. Вайне паспрабавалі надаць рэлігійнае вымярэнне, выдаючы яе за барацьбу супраць "схізматыкаў", аднак гэта не азначала, што яна прымалася шляхтай у катэгорыях супрацьпастаўлення заходняга і ўсходняга хрысціянства. У ВКЛ яе аднолькава падтрымліваў палітычны народ і праваслаўнага, і пратэстанцкага веравызнання. Цар Іван IV ўсю першую палову года дыпламатычнымі сродкамі спрабаваў затрымаць пачатак ваеннай кампаніі да позняй восені, аднак Стэфан Баторый не перапыняў падрыхтоўкі да паходу. Яшчэ больш рашуча ён стаў дзейнічаць, калі адкрылася, што ў выніку намаганняў царскага пасла Нашчокіна быў завербаваны Грыгоры Осцік і ў ВКЛ рыхтавалася змова. 15 чэрвеня Стэфан Баторый з Вільні праз Менск і Барысаў накіраваўся пад Чашнікі, дзе было загадана канцэнтравацца ўсёй арміі. Адтуль адыходзілі дарогі на Вялікія Лукі і на Смаленск. Маскоўскі цар не ведаў пра напрамак паходу, хоць высылаў шпегаў збіраць інфармацыю ажно да Вільні. У сярэдзіне ліпеня ў Маскве найбольш верагодным лічылі ўдар па Пскове ці па Смаленску. Між тым ваенная нарада, праведзеная каралём 18 ліпеня пад Чашнікамі, канчаткова вызначыла мэтай паходу Вялікія Лукі. Захоп гэтага горада дазваляў цалкам адрэзаць Маскву ад Інфлянтаў, вяртанне якіх было галоўнай задачай вайны. Немалаважнае значэнне мела і тое, што з Вялікіх Лукаў найзручней было б ударыць па Пскове, авалодаць якім Стэфан Баторый намерваўся ў наступным годзе. Каб адцягнуць увагу непрыяцеля, кароль паслаў на Смаленшчыну вопытнага ў дыверсійнай вайне Філона Кміту Чарнобыльскага, якому было даручана ахоўваць мяжу ВКЛ з боку Смаленшчыны. Тым часам галоўная армія Рэчы Паспалітай, падрыхтаваная лепш, чым у час Полацкай кампаніі (кароль засведчыў гэта ў Лукомлі, дзе правёў ваенны агляд), пачала рух на Вялікія Лукі ўздоўж Дзвіны і Усвячкі. 3 Чашнікаў войска прыйшло да Віцебска, дзе раздзялілася: галоўныя сілы адразу рушылі ў напрамку Вялікіх Лукаў, а частка харугваў на чале з каронным канцлерам Янам Замойскім была накіравана на Веліж (хоць літвіны прасілі караля даверыць узяцце гэтага горада ім). Пасля таго як у выніку абстрэлу вогненнымі ядрамі ўмацаванні Веліжа загарэліся 6 жніўня кантынгент Замойскага здабыў яго, паланіўшы нават двух ваявод. Па распараджэнні Стэфана Баторыя палонныя маскоўскія ратнікі былі адпушчаны на волю. У тыя ж дні Мікалай Радзівіл авалодаў тамі (ён паддаўся яшчэ хутчэй, чым Веліж), а Мікалай Дарагастай з полацкай шляхтай аблажыў Невель. Трыумфы другога паходу У канцы жніуня армія Рэчы Паспалітай пачала аблогу Вялікіх Лукаў. Шасцітысячны гарнізон цвярдыні адмовіўся абараняць горад і спаліў яго,схаваўшыся у моцным замку. Аднак умацаванні былі дрэнныя, і артылерыйскі абстрэл, пачаты 1 верасня моцна шкодзіў ім. Пазіцыі маскоўскага цара Івана IV залежалі ад поспехаў арміі Стэфана Баторыя, і, паколькі аблога была эфектыўна,спроба прыслаць абложаным дапамогу і боепрыпасы не ўдалася. Паслы царя ўжо 2 верасня 1580 г. прыехалі пад Bялікія Лукі з прапановай заключыць перамір’е.Іван IV дэклараваў гатоўнасць адмовіцца не толькі ад Полацка, але і ад Курляндыі і інфлянцкіх зямель. Аднак кароль разумеў, цар хоча перамовамі як найдаўжэй цягнуць і аблога працягвалася. Калі 4 верасня ўдалося запаліць адну з драўляных веж умацаванняў і пажар стаў ахопліваць увесь замак, абаронцы капітуліравалі. Падчас перадачы крэпасці венгерскае і польскае войска выйшла з-пад кантролю камандзіраў і кінулася рабаваць, забівадь. . Сотні марадзёраў не звярнулі ўвагі нават на пажар, які перакінуўся на парахавыя склады. У выніку выбух магутнай сілы пахаваў шмат людзей.Баторый распарадзіўся адбудаваць замак, пакінуўшы ў Луках больш за 3 тыс. жаўнераў. Яшчэ падчас аблогі Вялікіх Лукаў праводзіліся аперацыі супраць іншых замкаў Івана IV. Полацкі ваявода Мікалай Дарагастайскі трымаў у аблозе Невель, які 29 верасня 1580 г. таксама капітуляваў, а праз 13дзен паддалося Азярышча, абаронцы якога паверылі на слова Мікалаю Радзівілу. Нарэшце 25 кастрычніка капітуляваў гарадок Завалач, маскоўскі гарнізон якога, як іншых замкаў, быў адпушчаны на свабоду. Кампанія 1580 г. яшчэ больш пераканаўча паказала ваенную перавагу войска Рэчы Паспалітай над маскоўскай арміяй. Яе конніца цалкам кантралявала тэатр ваенных дзеянняў, а пяхота умела здабывала самыя непрыступныя крэпасці. Усе замкі басейна Дзвіны, якія мелі важнае стратэгічнае значэнне, аказаліся ў руках арміі Рэчы Паспалітай. Па ваеннай тэхніцы памесная армія Маскоўскай дзяржавы не магла параўнацца з жаўнерамі Стэфана Баторыя, асабліва з вопытнымі наймітамі, многія з якіх прайшлі праз войны ў Францыі, Іспаніі, Італіі і інш. Аднак нягледзячы на ваенныя поспехі, у Вялікім Княстве з 1580 г. пашырыліся пацыфісцкія настроі. Шляхта Беларусі і Літвы была задаволена вяртаннем сваіх тэрыторый, а далучэння іншых земляў не дамагалася. Ад эпідэміі тыфу, якая ахапіла тады Рэч Паспалітую, пашыраючыся аж ад Кракава да межаў Вялікага Княства, моцна пацярпела армія: даследчыкі мяркуюць, што з 48 тыс. жаўнераў, якія бралі ўдзел у вялікалуцкай выправе, яе ахвярай стала каля 10 тыс. чалавек. Усё гэта нарадзіла апазіцыю, якая паступова нарастала і рабілася сур'ёзнай перашкодай для падрыхтоўкі трэцяй выправы, запланававай на 1581 г. Варшаўскі сейм і падрыхтоўка трэцяй выправы Вальны сейм 1581 г., што праходзіў у Варшаве з 22 студзеня па 8 сакавіка, згадаў на працяг вайны і ўхваліў збор падаткаў на трэці паход супраць Маскоўскай дзяржавы. Стэфан Баторый кіраваў падрыхтоўкай да кампаніі з Гародні. 1581 год пачаўся ўдалым дыверсійным рэйдам казакоў Філона Кміты да Вялікага Ноўгарада і Старой Русы, якія здабылі Холм і без страт вярнуліся з палонам. Маскоўскі цар прысылаў ганцоў і згаджаўся саступіць каралю ўсе Інфлянты (за выключэннем некалькіх гарадкоў), аддаваў Полацк, Усвяты і Азярышча, - каб толькі пакінуць сабе гарады Вялікія Лукі, Холм, Веліж і Завалач. Аднак перамовы з царскім пасламі, якія прыбылі ў Вільню 26 мая, скончыліся безвынікова: выслухаўшы патрабаванні Стэфана Баторыя (аддаць Інфлянты, кампенсаваць затраты на папярэднія ваенныя кампаніі, вызваліць палонных і інш.), маскоўскія дыпламаты спаслаліся на адсутнасць у іх адпаведных указанняў. У ліпені 1581 г. Стэфан Баторый пачаў збіраць пад Полацкам войска для трэцяй выправы - паходу на Пскоў. Маскоўскія ўрадавыя колы са свайго боку рыхтавалі контрнаступальныя дзеянні, мяркуючы атакаваць Беларускае Падняпроўе. Цар зноў не меў яснай праграмы дзеянняў, бо не ведаў, куды будзе скіраваны ўдар арміі Баторыя: ён чакаў паходу і на Смаленск, і на Тарапец, і на Ноўгарад Вялікі, і на Пскоў. Маскоўскія ваяводы сабралі пад Мажайскам і Дарагабужам ад 40 да 70 тыс. чалавек і чакалі загаду. Пад канец чэрвеня, калі яшчэ доўжыліся перамовы аб замірэнні, ад 20 да 30 тыс.маскоўскіх ратнікаў ўварвалася ў ВКЛ пустошыць землі на узбярэжжы Дняпра. Яны рашылі захапіць Дуброўну,Чэрыкаў, Мсціслаў,але замкі былі добра умацаванымі. Каля Магілёва адбылася бітва паміж харугвамі Княства і маскоускім войскам,дзе перамаглі ратнікі Вялікага княства.Так контрнаступальная кампанія Івана IV скончылася безвынікова: Армія Стэфана Баторыя збіралася вельмі марудна і толькі дзвюма калонамі з Полацка рушыла на Завалач і далей. Па дарозе Баторыя выдаў "вайсковыя артыкулы", якімі ўстанаўляў жорсткую дысцыпліну. На ваеннай нарадзе ў Завалачы кароль нечакана прапанавау замест Пскова пайсці на Вялікі Ноўгарад, зусім не падрыхтаваны да асады,аднак праграма паходу не змянілася, і 47-тысячная армія Рэчы Паспалітай працягвала pyx на Пскоў. Цяжкасці пад Псковам Пскоўскі паход быў горш падрыхтаваны папярэднія кампаніі і пачаўся відавочна запозна. А Пскоў – вялікі горад, абнесены каменнай фартыфікацыяй, паспеў добра падрыхтавацца да абароны. Ужо першыя дні аблогі, пачатай 28 жніўня, далі трывожныя прадчуванні. Для аблогі ўсяго горада не хапіла сіл, выявіліся праблемы і з узбраеннем. Вылазкі з Пскова і іншых замкаў ускладнялі дзеянні Рэчы Паспалітай. Пасля няўдалага штурму, калі 7 верасня венгерская і нямецкая пяхота кінулася ў занадта вузкі пралом і панесла цяжкія страты, надзеі на поспех стала яшчэ менш. У дадатак неспадзявана у лагеры Стэфана Баторыя забракавала пораху. Пскавічы таксама перажывалі цяжкі час. Па чутках, чэрнь у горадзе жадала перайсці на бок караля, таму Шуйскі прымусіў усіх зноў прысягнуць цару. Між тым Іван IV фактычна пакінуў Пскоў на волю лёсу. 3 вялікім войскам ён стаяў у Старыцы. На дапамогу Пскову з Вялікага Ноўгарада быў высланы толькі сямітысячны корпус маскоўскага войска, які ўдалося цалкам разбіць. Асабліва паспяховым аказаўся і дыверсійны рэйд корпуса конніцы Крыштафа Радзівіла з Філонам Кмітам (разам 5600 коннікаў) у глыбіню Маскоўскай дзяржавы. Яны зайшлі ажно да Волгі, разграмілі царскія фарміраванні каля Ржэва і ледзь не захапілі ў палон самога цара, які знаходзіўся ў Старыцы. Аднак гэтыя поспехі не маглі палепшыць цяжкага становішча войска пад сценамі Пскова. У 1581 г. у першыя дні кастрычніка ўжо выпаў снег. Жаўнеры пакутавалі ад холаду і капалі сабе зямлянкі. 3-за халадоў, голаду і ліхаманкі хварэла амаль трэць асабовага саставу ўсяго войска. 2 лістапада, на ваеннай нарадзе,было прынята рашэнне спыніць аблогу і абмежавацца блакадай Пскова. Пад фартэцыяй пакінулі меншую частку арміі, а астатніх адвялі адпачываць на зімовыя кватэры - у маскоўскія землі паміж Порхавам і Старой Русай. Перамір'е як паражэнне Івана IV Нягледзячы на цяжкасці, Стэфан Баторый дэманстраваў рашучы намер дамагчыся пастаўленай мэты ў наступным годзе. Да больш актыўных дзеянняў перайшлі і шведы, якія восенню 1581 г. занялі Нарву. У той сітуацыі Іван IV накіраваў пад Пскоў сваіх паслоў для заключэння міру, дазволіўшы ім пагаджацца на саступку ўсіх Інфлянтаў узамен на Полацк, Вялікія Лукі і іншыя землі, занятыя Стэфанам Баторыем у 1579-1580 гг. Перамовы прайшлі у вёсцы Ям Запольскі, што паміж Порхавам і Завалачам, 15 студзеня 1582 г. тут было падпісана пагадненне аб 10-гадовым перамір'і. Яго ўмовамі прадугледжвалася, што Іван IV цалкам адмаўляецца ад Інфлянтаў на карысць Рэчы Паспалітай і ад Полацка з гарадамі Веліж, Азярышча і Себеж, а Стэфан Баторый вяртае ўласна расійскія землі - Вялікія Лукі, Завалач, Красны Гарадок - і адводзіць сваю армію ў межы Рэчы Паспалітай. Маскоўcкая дзяржава цалкам пазбаўлялася выхаду да Балтыйскага мора. Гэта цяжкае паражэнне Івана IV у ім жа развязаным міжнародным канфлікце. Інфлянты сталі правінцыяй Рэчы Паспалітай (Рыга з захаваннем усіх правоў была ўключана ў яе склад 16 лістапада 1582 г.). Толькі паўночная частка Інфлянтаў (землі Эстоніі) засталася ва ўладанні Швецыі, што пазней спрычынілася да глыбокага канфлікту паміж Шведскім каралеўствам і Рэчу Паспалітай, у першай палове XVII ст. Як для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, так і ў прыватнасці да Беларусі, што пацярпела больш за іншыя землі, завяршэнне Інфлянцкай вайны стала асабліва важнай гістарычнай падзеяй. Ям-Запольскі мір замацаваў у складзе беларуска-літоўскай дзяржавы не толькі вернуты Полацк, але і іншыя этнічна беларускія тэрыторыі. ВынікТакім чынам у сваей працы я разгледзеў асноўныя этапы ходу Лівонскай вайны, а таксама прычыны падпісання Люблінскай уніі і утварэння Рэчы Паспалітай. Уцяг ВКЛ у Лівонскую вайну меў на ўвазе адразу две мэты: 1. Далучыць да сваіх уладанняў тэрыторыю Лівонскага ордэна. 2. Не дапусціць Расію да Балтыйскага мора, а гэта значыць на заходнееўрапейскі рынак. Пасля пераходу Лівонскага ордэна пад патранат ВКЛ, Расія перанесла ваенныя дзеянні на тэрыторыю Беларусі. Лівонская вайна патрабавала ад насельніцтва ВКЛ напружання ўсіх сіл. Яна прывяла да рэзкага павялічэння падаткаў, прынесла працоўным масам разбурэнне іх гаспадарак і смерць. Задача валодаць Лівоніяй здавалася вельмі важнай, але сіл для барацьбы з маскоўскім царом не хапала. Асабліва цярпелі ад маскоўскіх спусташэнняў ўсходнія землі. Нядзіўна, што пры такіх ўмовах Вялікае княства зрабілася больш падатлівым у пытаннях пра унію. З пачатку Лівонскай вайны палякі не пераствалі напамінаць пра унію, і яны знайшлі спачуванне у радах шляхты, стомленай вайной. Сутнасць акта уніі заключаецца ў наступным. Абедзве дзяржавы (Польшча і ВКЛ) зліваюцца ў адзінае і непадзельнае цэлае, члены якога абавязаны дапамагаць інтарэсам і выгадам агульнай дзяржавы. У 1569 годзе у Любліне было падпісана пагадненне аб дзяржаўна-палітычным саюзе ВКЛ з Польшчай паводле якога ўтварылася федэратыўная дзяржава - Рэч Паспалітая. Пасля гэтага ў Лівонскай вайне адбыўся вялікі пералом. Войскі Рэчы Паспалітай дасягнулі значных поспехаў і змаглі вярнуць тэрыторыі захопленыя Маскоўскім княствам на пачатку вайны. Цяжкае становішча пасля шэрага паражэнняў прывяло да таго, што маскоўскі цар заключыў перамір’е. У выніку Лівонскай вайны аказалася спустошанай і зруйнаванай паўночна- усходняя частка Беларусі, загінула шмат насельніцтва, былі знішчаны культурныя каштоўнасці. Так, напрыклад, пад час вызвалення Полацка венгерскія наемнікі, якія уварваліся першымі ў горад, рабавалі жыхароў, руйнавалі ўсе. Менавіта ў час рабавання горада наемнікамі Стэфана Баторыя, загінулі многія культурныя каштоўнасці, у тым ліку і Полацкі летапіс. Вынікам Лівонскай вайны на Беларусі было далейшае ўмацаванне пазіцый польскіх феадалаў і каталіцкага ўплыву, яшчэ больш глыбокі раскол беларускага грамацтва на рэлігійнай глебе. Спіс літаратуры 1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1993 -1994. Т. 1 – 2. 2. Гісторыя Беларусі. Даведачна-інфармацыйны дапаможнік. Мн., 1996. 3. Я.К. Новік, Г.С. Марцуля 2в.,частка 1 Гісторыя Беларусі, Мінск “Універсітэцкае” 2000. 4. М.В. Доўнар-Запольскі Гісторыя Беларусі, Мінск “Беларуская энцыклапедыя” імя Петруся Броўкі, 1994. |