Курсовая работа: Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы
Название: Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы Раздел: Топики по английскому языку Тип: курсовая работа | ||||||||||||||
Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы ЗМЕСТ 1Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады 2Прыметнік 3 Лічэбнік 4 Займеннік 5 Дзеяслоў 6 Дзеепрыметнiк 7 Iнфiнiтыў i дзеепрыслоўе 8 Прыслоўе 9 Службовыя часціны мовы 10 Часціцы і мадальныя словы 11 Выклічнікі і гукапераймальныя словы СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ 1 Назоўнік і яго лексіка-граматычныя разрады Назоўнік характарызуецца як часціна мовы са значэннем прадметнасці, выражанай марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку, склону. Паняцце прадметнасці ахінае не толькі найменні канкрэтных рэалій рэчаіснасці, але і назвы адцягненых рэалій, якасцяў, дзеянняў, прыкмет, працэсаў, з’яў, уласцівасцяў і інш. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці не можа служыць адэкватным адпаведнікам канкрэтнай прадметнасці, што служыць асновай для выдзялення толькі аднаго класа назоўнікаў (канкрэтныя назоўнікі тыпу стол, кніга, дрэва і да т.п.). Па сутнасці, значэнне прадметнасці ўяўляецца лексічнай катэгорыяй, якая афармляецца пэўнымі граматычнымі паказчыкамі, таму назоўнікі правамерна называюць лексіка-граматычным разрадам слоў. Асабліва відавочным лексіка-граматычны характар назоўнікаў праяўляецца пры іх класіфікацыі на ўжо згаданыя разрады, што традыцыйна вылучаюцца з улікам і лексіка-семантычных, і марфалагічных крытэрыяў (адушаўлёныя і неадушаўлёныя, канкрэтныя і абстрактныя, агульныя і ўласныя, зборныя, рэчыўныя). Межы гэтых разрадаў назоўнікаў перакрыжоўваюцца, бо адны і тыя ж словы звычайна ўключаюцца адначасова ў некалькі груп. Напрыклад, адны адушаўлёныя назоўнікі могуць быць ахарактарызаваныя і як уласныя, і як абстрактныя (параўн.: Алесь, Яніна, Сымон і да т.п.), другія – як агульныя і як канкрэтныя (параўн.: цясляр, дзяўчына, маці і інш.). Акрамя лексіка-граматычных разрадаў, назоўнікі натуральна падзяляюцца на разнастайныя тэматычныя групоўкі , якія часцей за ўсё вылучаюцца ў межах памянёных разрадаў (параўн.: назвы раслін, жывёл, прылад працы і інш. -- сярод канкрэтных назоўнікаў, назвы духоўных паняццяў, грамадскіх фармацый, навуковых плыняў і інш. – сярод абстрактных назоўнікаў і г.д.). Агульныя і ўласныя назоўнікі падзяляюцца на аснове таго, што першыя абагульняюць назвы аднародных прадметаў у адзін клас, абазначаюць не асобныя прадметы , а мноства прадметаў або тоесных цалкам (параўн.: кропля, суніца, яйка і да т.п.), або з агульнай дамінантнай рысай (параўн.: дом, стул, хмара і да т.п.); другія ж абазначаюць асобныя прадметы і рэаліі з шэрагу аднатыпных, індывідуалізуюць іх (параўн.: Мінск – сярод мноства гарадоў, Беларусь – сярод мноства краін, Ганна – сярод мноства імёнаў і г.д.). Сярод уласных імёнаў вылучаюцца імёны людзей (параўн.: Скарына, Купала, Каліноўскі і інш.), тапанімічныя і астранамічныя назвы (параўн.: Гродна, Нарач, Сатурн і інш.), найменні прадпрыемстваў, арганізацый выдавецтваў, назвы гатункаў, вырабаў і інш.(параўн.: завод “Віцязь”, выдавецтва “Полымя”, каманда “Дынама”, тэлевізар “Гарызонт” і да т.п.). У адрозненне ад агульных назоўнікаў уласныя ўжываюцца, як правіла, у адной форме ліку, часцей у адзіночным, не супрацьпастаўляюцца па ім (параўн.: Спартак, Брэст , але Баранавічы і горад/ гарады, дождж / дажджы і інш.). У множным ліку могуць ужывацца ўласныя імёны, якія адносяцца, напрыклад, да розных людзей (параўн.: два Сымоны, сям’я Пратасавых і інш.). Ва ўзаемасувязях агульных і уласных імёнаў існуе адваротная залежнасць: агульныя імёны часцей выкарыстоўваюцца ў значэнні ўласных, пэўным чынам матывуюць іх (параўн.: Колас і колас, Крапіва і крапіва, Танк і танк і інш.), у той час як уласныя імёны ўжываюцца ў значэнні агульных значна радзей (параўн.: форд, наган, хам і інш. На пісьме ўласныя назвы адрозніваюцца ад агульных тым, што пішуцца ў беларускай мове заўсёды з вялікай літары. Канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі размяжоўваюцца тым, што ў першых граматычная і лексічная прадметнасць супадае, тады як у другіх адзначаецца толькі граматычная прадметнасць. Але канкрэтныя назоўнікі абазначаюць не толькі ўспрымальныя нашымі органамі пачуццяў прадметы (параўн.: канапа, куст і да т.п.), але і больш ёмістыя рэаліі, калі нашымі органамі пачуццяў фіксуецца толькі іх частка (параўн.: рака, снег і да т.п.). Абстрактныя назоўнікі абазначаюць адцягненыя паняцці, пачуцці, якасці, прыкметы, дзеянні (параўн.: свабода, каханне, дабрыня, блакіт, гарачыня і да т.п.), не спалучаюцца, як правіла, з лічэбнікамі і рэдка выкарыстоўваюцца ў форме множнага ліку. Абстрактныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку маюць канчаткі –у, (-ю), а іх канкрэтныя адпаведнікі -а, (-я) (параўн.: бою, характару і інш. і пальца, дывана і інш.). У некаторых выпадках мяжа паміж канкрэтнымі і абстрактнымі назоўнікамі не з’яўляецца выразнай, што прыводзіць да іх неадназначнай граматычнай характарыстыкі. Так слова канікулы ў беларускай мове разглядаецца як канкрэтнае, а ў блізкароднаснай рускай мове – як абстрактнае. Абстрактныя назоўнікі па свайму ўтварэнню часта з’яўляюцца аддзеяслоўнымі ці адпрыметнікавымі (параўн.: хваляванне, чырвань і да т.п.). Канкрэтны або абстрактны характар пэўных назоўнікаў часам можа вызначацца кантэкстам. Так, у сказах Праз вёску пралягала грунтовая дарога і Ён удала выбраў сваю жыццёвую дарогу слова дарога ў першым выпадку мае канкрэтнае значэнне, а ў другім – абстрактнае. Падзел назоўнікаў на адушаўлёныя і неадушаўлёныя заснаваны на семантычным крытэрыі, бо адушаўлёныя назоўнікі звычайна абазначаюць жывых істот, а неадушаўлёныя – нежывыя прадметы, паняцці, падзеі, прыкметы і інш., прычым дадзены сэнсавы крытэрый падмацоўваецца марфалагічнымі паказчыкамі: у адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону множнага ліку супадае з родным склонам, а ў неадушаўлёных – з формай назоўнага склону (параўн.: бачыць студэнтаў, але бачыць кнігі і да т.п.). Неабходна аднак заўважыць, што зазначаны моўны паказчык часам не супадае з прыроднымі характарыстыкамі адпаведных прадметаў, бо адушаўлёнымі назоўнікамі могуць абазначацца, напрыклад, нежывыя людзі (параўн.: нябожчык, тапелец, мярцвяк і інш.), або віртуальныя, міфічныя істоты, дэманы (параўн.: чорт, вядзьмак, русалка і інш,), або шахматныя фігуры, цацкі, ігральныя карты (параўн.: ферзь, лялька, козыр і да т.п.). Неадушаўлёнымі ж назоўнікамі называюць расліны, мікраарганізмы (параўн.: клён, грыб, чарот, бацыла і да т.п.), якія з біялагічнага пункту гледжання з’яўляюцца жывымі. Згодна з граматычным крытэрыем да неадушаўлёных назоўнікаў адносяцца абазначэнні сукупнасцей людзей ці іншых жывых істот (параўн.: полк, натоўп, статак, касяк, табун і інш.) . У пэўных кантэкстах неадушаўлёныя назоўнікі могуць набываць значэнне адушаўлёных (параўн.: узяць языкоў у сэнсе палонных і да т.п.). Сярод агульных назоўнікаў асобую групу складаюць зборныя, якія абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў (адушаўлёных і неадушаўлёных), што ўяўляюць сабой адно цэлае (параўн.: моладзь, машкара, каменне і да т.п.). З граматычнага пункту гледжання зборныя назоўнікі характарызуюцца тым, што большасць з іх не мае карэляцыі па ліку, ужываецца пераважна ў форме адзіночнага ліку і не спалучаецца з колькаснымі лічэбнікамі. У якасці фармальнай падмацаванасці для выдзялення зборных назоўнікаў у асобны лексіка-граматычны разрад выступаюць спецыфічныя словаўтваральныя суфіксы –ств- (-цтв-), -нік-, -няк-, -ін-, -ар-, -ур- і інш. (параўн.: птаства, хвойнік, маладняк, садавіна, агентура, дзетвара і г.д.). Меншую групу зборных назоўнікаў утвараюць словы, што выражаюць ідэю непадзельнасці цэлага, складзенага з аднародных адзінак, лексічна, без спецыяльных суфіксаў (параўн.: люд, хлам, друз, посуд і інш.). Многія зборныя назоўнікі супрацьпастаўляюцца адпаведным асабовым назоўнікам са значэннем адзінкавасці (параўн.: хвойнік / хваіна, люд / людзіна і інш.), але не ўсе з іх маюць падобную карэляцыю (параўн.: хмыз / ? , моладзь / ? і інш. ). Лексіка-граматычную групу ўтвараюць таксама рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць аднародныя па саставу матэрыялы, што пры дзяленні на часткі не страчваюць якасцяў цэлага. Падобна зборным назоўнікам рэчыўныя не маюць супрацьпастаўленых адпаведнікаў па ліку і выступаюць або толькі ў форме адзіночнага ліку (параўн.: цэмент, мука, малако і інш.) , або толькі множнага (параўн.: апілкі, дрожджы, духі і інш.). У суадносных формах віно – віны, масла – маслы і да т.п. супрацьпастаўляюцца не столькі лікавыя, колькі якасныя характарыстыкі згаданых рэчываў. Да зборных назоўнікаў адносяцца найменні металаў (параўн.: жалеза, бронза, латунь і інш.), хімічных элементаў (параўн.: аміяк, кісларод, азот і інш.), прадуктаў харчавання (параўн.: алей, соль, хлеб і інш.), лякарстваў і медыцынскіх прэпаратаў (параўн.: валідол, ёд, стрэптацыд і інш.), раслін (параўн.: ажына, чарот, шыпшына і інш.), прамысловых вырабаў (параўн.: абутак, сукно, шоўк і інш.), сельскагаспадарчых культур (параўн.: авёс, бульба, капуста і інш.), вадкасцяў і сыпучых матэрыялаў (параўн.: нафта, пясок і інш.), прыродных з’яў (параўн.: град, дождж, снег і інш.). Некаторыя рэчыўныя назоўнікі супрацьпастаўляюцца аднакаранёвым назоўнікам са значэннем адзінкавасці (параўн.: бульба – бульбіна, пясок – пясчынка, салома – саломінка і інш.), што словаўтваральна збліжае іх са зборнымі назоўнікамі. Граматычны характар рэчыўных назоўнікаў мужчынскага роду выражаецца тым, што ў родным склоне яны звычайна маюць канчатак –у (-ю), параўн.: мёду, пяску, алею і інш. (але аўса, хлеба), што ўсе рэчыўныя назоўнікі выступаюць у форме аднаго ліку (пераважна адзіночнага), што яны не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі. Род служыць адной з найбольш глабальных граматычных катэгорый, якая праяўляецца не толькі ў імён (назоўнікаў, прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, займеннікаў) , але і ў пэўных формах дзеяслова (прошлы час адзіночнага ліку, абвесны лад, дзеепрыметнікі). У пераважнай большасці назоўнікаў адзіночнага ліку род выражаецца фармальна, з дапамогай пэўных канчаткаў, на аснове якіх усе гэтыя назоўнікі размяркоўваюцца па трох марфалагічных разрадах: мужчынскі, жаночы і ніякі род. У дачыненні да многіх адушаўлёных назоўнікаў катэгорыя роду даволі выразна матывуецца біялагічным полам адпаведных асоб, дзякуючы чаму ўтвараецца натуральнае супрацьпастаўленне назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, якія сумесна супрацьпастаўляюцца ў сваю чаргу назоўнікам ніякага роду. Такім чынам, род служыць для адушаўлёных назоўнікаў найперш семантычнай катэгорыяй, што аднак таксама даволі паслядоўна афармляецца марфалагічнымі паказчыкамі і яшчэ больш выразна і дакладна сінтаксічнымі сродкамі, праз спалучальнасць назоўнікаў з рознымі азначэннямі. Для неадушаўлёных назоўнікаў семантычная матываванасць роду не з’яўляецца відавочнай, але можа праяўляцца пры антрапамарфізацыі нежывых прадметаў і істот, што абазначаюцца словамі , род якіх не дыферэнцыруе іх біялагачны пол (параўн.: акула, камар, муха, мыш і інш.), і можа праяўляцца не толькі ў паэзіі, фальклоры, але і ў паўсядзённай мове (параўн.: Уся вёска выйшла па грыбы, Амаль увесь Мінск выехаў на бульбу, Усё сяло ўздыхнула з палёгкай і інш.). Значыць, матывацыя граматычнага роду біялагічным полам уяўляецца даволі празрыстай. З семантычнага пункту гледжання да назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду адносяцца адпаведныя назвы асоб мужчынскага і жаночага полу (параўн.: дзядзька, хлопчык і інш. – мужчынскі род, сястра, кабета і інш. – жаночы род), прычым і такія назоўнікі (звычайна запазычаныя словы), якія марфалагічна не маюць форм свайго выражэння, або нескланяльныя назоўнікі (параўн.: кулі – мужчынскі род, лэдзі – жаночы род і інш.). У тэксце род нескланяльных назоўнікаў паслядоўна праяўляецца сінтаксічна праз форму дапасаванага да іх слова (параўн.: прыгожае кімано, ветлівая мадам, замежны аташэ і да т.п.). З марфалагічнага пункту гледжання да мужчынскага роду адносяцца назоўнікі з нулявым канчаткам у назоўным склоне і канчаткамі –а (-я), -у (-ю) у родным склоне, а таксама тыя назвы асоб мужчынскага полу, якія маюць канчатак –а, (-я) у назоўным склоне (параўн.: мужчына, дзядуля і інш.). Да назоўнікаў жаночага роду належаць словы з канчаткамі –а (-я) і нулявым канчаткам у назоўным склоне і з канчаткам -ы (-і) у родным склоне (параўн.: хата – хаты, восень – восені, ноч – ночы, зямля – зямлі і да т.п.). Да ніякага роду адносяцца назоўнікі з канчаткамі –о (-ё), -а (-я), -е ў назоўным склоне, назоўнікі на –мя, нескланяльныя неадушаўлёныя назоўнікі тыпу шасі, метро, рагу, фота і інш.). Для сучаснай беларускай мовы характэрнай з’яўляецца наяўнасць групы назоўнікаў на –а (-я) агульнага роду, якія ў залежнасці ад сваёй накіраванасці на знешні адушаўлёны прадмет могуць мець і мужчынскі, і жаночы, і ніякі род, што знаходзіць сваё фармальнае падмацаванне толькі сінтаксічнымі сродкамі (параўн.: малы сірата, малая сірата, малое сірата і да т.п.). Некаторыя назоўнікі марфалагічна належаць да мужчынскага роду, але могуць суадносіцца з найменнямі асоб і мужчынскага , і жаночага полу, што сінтаксічна можа выражацца адпаведнымі канструкцыямі тыпу Прафесар прачытаў лекцыю і Прафесар прачытала лекцыю, а можа і не выражацца, але суадноснасць з полам асобы вынікае з сітуацыі або кантэксту. У абрэвіятурах род назоўнікаў вызначаецца паводле роду апорнага слова :НАН – Нацыянальная акадэмія навук – жаночы род, ЦУМ – Цэнтральны універсальны магазін – мужчынскі род, СКБ – спецыяльнае канструктарскае бюро – ніякі род. Род тых запазычаных назоўнікаў з нязменнай формай, якія абазначаюць птушак, жывёл, некаторыя неадушаўлёныя прадметы, звязваецца з граматычнымі паказчыкамі родавага наймення (гіпероніма), што ўключае ў сябе адпаведныя відавыя назвы (гіпонімы); параўн.: цэцэ ‘ муха’ – жаночы род, цынандалі ‘віно’ -- ніякі род, сірока ‘ вецер’ -- мужчынскі род і да т. п., або з’яўляецца мужчынскім пры найменні жывых істот (параўн.: шымпанзе, какаду, поні і інш.), або ніякім пры намінацыі неадушаўлёных прадметаў (параўн.: меню, метро, купэ і інш.). Пры вызначэнні роду нязменных назоўнікаў, якія абазначаюць геаграфічныя паняцці і аб’екты, служаць назвамі газет, часопісаў і да т.п., таксама выкарыстоўваецца граматычны паказчык роду таго абагульненага (родавага) наймення, што ўключае ў сябе гэтыя назоўнікі (параўн.: Батумі ‘горад’ -- мужчынскі род, Місісіпі ‘рака’ жаночы род, Антарыо ‘возера’ -- ніякі род, Юманітэ ‘газета’ – жаночы род, Таймс ‘часопіс’ -- мужчыскі род і да т.п.). Род тых абрэвіятур, што скланяюцца, вызначаецца не адпаведнай граматычнай прыкметай стрыжнявога слова (слоў), а фармальным паказчыкам, які праяўляецца гэтай абрэвіятурай (параўн.: ВАК Вышэйшая атэстацыйная камісія , ВАКам – мужчынскі род і інш.). Некаторыя назоўнікі сучаснай беларускай мовы маюць варыянтныя формы роду, г. зн. ужываюцца ў мужчынскім, у жаночым і ў ніякім родах (параўн.: зал – зала, салат – салата, клавіш – клавіша, санаторый – санаторыя, шаша – шасэ і інш.). У залежнасці ад канкрэтнай суаднесенасці адушаўлёнага назоўніка, ад мастацкіх, экспрэсіўных, стылістычных мэтаў выказвання фактычна кожны назоўнік у пэўным кантэксце семантычна можа надзяляцца любым родам для таго, каб больш выразна падкрэсліць тыя ці іншыя якасці адпаведных рэалій , матываваных канкрэтным родам. У дзеясловаў прошлага часу і ўмоўнага ладу катэгорыя роду выражаецца адпаведнымі канчаткамі: мужчынскі род – нулявым канчаткам (параўн.: гаварыў, пісаў бы і да т.п.) ; жаночы род – канчаткам -а (параўн.: гаварыла , пісала б і да т.п.); ніякі род – канчаткамі -а, -о (параўн.: сонца грэла, дзіця расло і да т.п.). Граматычнае значэнне роду ў прыметнікаў залежыць ад роду назоўнікаў, да якіх яны дапасуюцца і род якіх яны дубліруюць і марфалагічна, і сінтаксічна. Для назоўнікаў агульнага роду і нязменных назоўнікаў дапасаваны прыметнік служыць адзіным фармальным сродкам выражэння катэгорыі роду (параўн.: цікавае кіно, прыгожы какаду, маленькая плакса і інш.). Такім чынам, катэгорыя роду з’яўляецца па сваёй прыродзе лексіка-граматычнай, і нават у дачыненні да адушаўлёных назоўнікаў можа рэалізавацца ці чыста лексічнымі сродкамі (параўн.: бацька – маці, юнак – дзяўчына, дзядзька – цётка і інш.), ці словаўтваральнымі (параўн.: студэнт – студэнтка, акцёр – актрыса і інш.), ці сінтаксічнымі (параўн.: наш дырэктар – наша дырэктар, доктар наведаў – доктар наведала і інш.). Вызначальную роль пры гэтым адыгрывае семантычны крытэрый, заснаваны на суаднесенасці адушаўлёнага назоўніка з пэўнай асобай. Семантычная матываванасць родавай характарыстыкі назоўнікаў, якія абазначаюць не людзей, а іншых жывых істот, у значнай ступені залежыць ад інтарэсаў чалавека: калі гэтыя істоты маюць для чалавека пэўнае значэнне, з’яўляюцца важнымі для яго з якога-небудзь пункту гледжання (напрыклад, гаспадарчага), то іх назвы звычайна дыферэнцыруюцца ў родзе лексічнымі або граматычнымі сродкамі (параўн.: конь – кабыла, бык – карова, баран – авечка, певень – курыца, казёл – каза і інш.). Адрозніваюцца ў родзе таксама найменні буйных дзікіх жывёл, характэрных для пражывання таго ці іншага этнасу і звычайна адлюстраваных у яго фальклоры як тыповыя дзейныя асобы (параўн.: воўк – ваўчыца, мядзведзь – мядзведзіца і інш.). Як правіла, назвы дробных жывёл, большасці птушак, рыб, насякомых, а таксама тых істот, што рэдка сустракаюцца ці зусім не сустракаюцца ў жыцці пэўнага этнасу, не маюць родавых адрозненняў (параўн.: мыш, ластаўка, лінь, муха, жук, акула, дыназаўр і інш.). Для неадушаўлёных назоўнікаў катэгорыя роду адыгрывае пераважна класіфікацыйную ролю, хаця і не выключана выкарыстанне дадзенага граматычнага паказчыка ў мастацкіх мэтах (параўн.: Беларусь – мая шыпшына У.Дубоўкі, А гэты ветрык дураслівы // Траве зялёнай чэша грывы, // У садку жартуе з верабінай, // Як голец-хлопец той з дзяўчынай Я.Коласа і інш.). Вядомы рускі выраз Одесса – мама, Ростов – папа ўяўляецца небеспадстаўным з семантычнага пункту гледжання, бо сілкуецца адпаведнай і надзейнай граматычнай падтрымкай, у той час як выраз Киев – матерь городов русских выйшаў з ужытку не толькі таму, што пераразмеркаваліся найменні, звязаныя з паняццем Русь, але і па граматычнай прычыне. Лексіка-граматычная катэгорыя ліку семантычна знаходзіць сваё выражэнне ў асобным разрадзе слоў – лічэбніках, а таксама ў некаторых формах дзеясловаў, у многіх назоўніках, займенніках, прыметніках, прыслоўях, з дапамогай якіх можна выразіць (азначыць) любы лік, і дакладны, і няпэўны. У параўнанні з родам катэгорыя ліку больш паслядоўна і выразна матывуецца знешняй рэальнасцю: адзінкавасцю або множнасцю пазначаных словамі прадметаў, з’яў, прыкмет, а таксама іх расчлянёнасцю. У залежнасці ад таго, злічонымі ці незлічонымі з’яўляюцца адпаведныя абазначэнні, назоўнікі беларускай мовы падзяляюцца на словы, што маюць адзіночны і множны лік, словы толькі з адзіночным лікам, або singulariatantum, словы толькі з множным лікам, або pluraliatantum. Да слоў толькі адзіночнага ліку належаць уласныя назвы (параўн.: Купала, Беларусь, Мінск і да т.п.), рэчыўныя назоўнікі (параўн.: вада, сена , золата і інш.), адцягненыя назоўнікі са значэннем прыкметы, дзеяння, стану (параўн.: братэрства, сінь, ідэалізм і інш.), зборныя назоўнікі (параўн.: студэнцтва, птаства, ламачча і інш.), назвы месяцаў, напрамкі свету (параўн.: лістапад, жнівень, поўдзень і інш.). Pluraliatantum складаюць назоўнікі, што абазначаюць парныя або састаўныя прадметы (параўн.: сані, акуляры, шахматы і інш.), некаторыя абстрактныя паняцці (параўн.: паводзіны, зносіны, гульні і інш.), паўтаральныя дзеянні, працэсы (параўн.: дэбаты, заняткі, жмуркі і інш.), пэўныя часавыя адрэзкі, святы, абрады (параўн.: канікулы, дажынкі, заручыны і інш.), некаторыя ўласныя імёны (параўн.: Смалявічы, Афіны, Гімалаі і інш.), назвы сукупнасці чаго-небудзь (параўн.: аліменты, дрожджы, фінансы і інш.), найменні частак цела (параўн.: лёгкія, бронхі, ныркі і інш.). Некаторыя множналікавыя назоўнікі падлягаюць злічэнню (параўн.: трое саней, двое сутак, шмат дэбатаў і інш.). Назоўнікі з суадноснымі формамі адзіночнага і множнага ліку абазначаюць і канкрэтныя прадметы (параўн.: стол – сталы, літара – літары, ліст – лісты і інш.), і адцягненыя паняцці (параўн.: думка – думкі, тэорыя – тэорыі, погляд – погляды і інш.). Фармальна граматычнае значэнне назоўнікаў адзіночнага ліку праяўляецца нулявым канчаткам у назоўным склоне (параўн.: конь, дуб, горад і інш.), канчаткамі -а, (-я), -о , -е (параўн.: галава, вішня, акно, поле і інш.) ; множнага ліку – канчаткамі -ы, (-і) (параўн.: хаты, коні і інш.), радзей -е (параўн.: мінчане, сяляне і інш.) , а таксама сінтаксічна праз формы спалучальных з назоўнікамі азначэнняў, якія або дубліруюць марфалагічна выражаныя формы ліку (параўн.: галасісты салавей, смачная рыба, моцнае дрэва і інш.), або служаць адзіным сродкам яго выражэння для нязменных форм назоўнікаў (параўн.: прыгожае кашнэ – прыгожыя кашнэ і інш.). Асобныя назоўнікі і займеннікі ўтвараюць форму множнага ліку суплетыўным спосабам (параўн.: чалавек – людзі, я – мы і інш.). Для значэнняў катэгорыі адзіночнага і множнага ліку ўласцівы транспазіцыі, бо ў пэўных сітуацыях і кантэкстах памянёныя значэнні могуць ужывацца адно на месцы другога (параўн.: У нашых лясах водзіцца воўк і ліса і Мне не хочацца жыць у розных там аўстраліях і інш.). Адно з істотных адрозненняў паміж катэгорыямі адзіночнага і множнага ліку палягае ў тым, што першая звязана з паняццем пэўнасці, другая – з паняццем няпэўнасці. Множны лік рэчыўных назоўнікаў часцей за ўсё мае адносіны не да ўласна ліку, а да розных тых семантычных асаблівасцяў слоў, што адлюстроўваюць гатункі, якасці, інтэнсіўнасць, аб’ём і іншыя ўласцівасці рэчаў (параўн.: калійныя солі, малдаўскія віны, пяскі пустыні, сібірскія снягі і інш.), пры гэтым падобныя словы часта тэрміналагізуюцца. У адносінах да ўласных асоб множны лік ужываецца для іх размежавання (параўн.: браты Казловы, дзве Тані і інш.). У дзеясловаў значэнне множнага ліку праяўляецца марфалагічнымі сродкамі для форм цяперашняга часу і загаднага ладу (параўн.: слуха-ю, слуха-ем, слуха-еш, слуха-еце, слуха -е, слуха-юць, слуха-й, слуха-йце); у дзеясловаў прошлага часу і ўмоўнага ладу – адпаведнымі родавымі канчаткамі (параўн.: адзіночны лік – нулявы канчатак, -а, -о ў прыкладах нёс, няс – л-а, няс-л-о і да т.п.), а ў гэтых жа дзеяслоўных формах множнага ліку – канчаткам –і (параўн.: няс-л-і і да т. п.). Прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, дзеепрыметнікі, некаторыя займеннікі або дубліруюць граматычныя значэнні ліку назоўнікаў, да якіх яны дапасуюцца (параўн.: чорны конь – чорныя коні, першая птушка – першыя птушкі, цэлы дзень – цэлыя дні і інш.), або, як ужо зазначалася, служаць адзінай формай выражэння ліку ў нязменных назоўнікаў (параўн.: лепшае кіно – лепшыя кіно, хуткае таксі – хуткія таксі і інш.). Граматычная катэгорыя склону выражае адносіны паміж словамі ў сказе або ў словазлучэнні і праяўляецца фармальна праз канчаткі імён ці сінтаксічным спосабам у нескланяльных назоўнікаў праз дапасаваныя да іх словы. Гэта катэгорыя значна слабей матывуецца лагічнымі або знешнімі фактарамі, чым катэгорыі ліку і роду, і залежыць у асноўным ад адносін паміж словамі ў сказе, прычым у адных грамем гэтай катэгорыі ў большай ступені праяўляюцца лагічныя паняцці (месны і творны склон), у другіх грамем (назоўны, родны, давальны, вінавальны) у меншай ступені. У сучаснай беларускай мове налічваецца шэсць склонаў (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны), акрамя таго захаваліся рэшткі клічнага склону, які, аднак, у сённяшніх граматычных апісаннях не разглядаецца ў якасці самастойнага, хаця вылучаўся ў першай беларускай граматыцы, быў характэрным для агульнаславянскай мовы. Значэнне кожнага склону служыць даволі складаным комплексам семантычных функцый і граматычных характарыстык, якія рэалізуюцца ў залежнасці ад ролі, месца імені ў сказе. Згодна з Р.Якабсанам, катэгорыя склону ў славянскіх мовах апісваецца праз бінарную схему, якая ілюструе наяўнасць / адсутнасць адпаведнай семантычнай прыкметы ў кожнай склонавай форме. Значэнне накіраванасці змяшчае ўказанне на прадмет, на які скіравана дзеянне, і выражаецца формамі вінавальнага і давальнага склону імені . Значэнне перыферыйнасці канцэнтруецца ў форме імені, якое абазначае прадмет і мае ў выказванні не галоўнае, а пабочнае месца (у дадзеным выпадку – гэта творны, давальны і месны склоны імені). Аб’ёмнасць прыкметы паказвае мяжу ўдзелу прадмета ў дзеянні і выражаецца формамі роднага і меснага склонаў. Адзначым, аднак, што склонавыя формы імені з’яўляюцца полісемічнымі па свайму значэнню. Так, форма назоўнага склону можа абазначаць у беларускай мове і суб’ект дзеяння і аб’ект (у пасіўных канструкцыях); параўн.: Зямля праграваецца і Зямля прагрэта і інш.). Формай роднага склону можа выражацца частка цэлага (параўн.: шклянка вады і да т.п.), прыналежнасці (параўн.: хата бацькі і да т.п.), азначэнне (параўн.: гады юнацтва і да т.п.) і інш. Творны і месны склоны імені таксама маюць шырокі спектр значэнняў ва ўсіх славянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай. Прамы аб’ект дзеяння, у сваю чаргу, можа выражацца іменем і ў родным, і ў вінавальным склонах (параўн.: чытанне кнігі і чытаць кнігу), а ўскосны аб’ект у давальным, творным і месным склонах (параўн.: дзякаваць настаўніку, пахне яблыкам, закон аб адукацыі і да т.п.). У залежнасці ад роду і наяўнасці тых або іншых канчаткаў беларускія назоўнікі класіфікуюцца на тры асноўныя тыпы скланення. Да першага скланення належаць назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам (параўн.: дом, чытач, Алесь і інш.), большасць назоўнікаў ніякага роду (параўн.: акно, галлё, поле, сала і інш.) разам з пяццю імёнамі на -мя (бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя). Другое скланенне ўключае ў сябе назоўнікі жаночага роду з канчаткамі -а (-я) у назоўным склоне адзіночнага ліку (параўн.: галава, зямля і інш.). Трэцяе скланенне ахінае назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам (параўн.: гусь, кроў, ноч і інш.). Пад выдзеленыя тыпы скланення не падпадаюць рознаскланяльныя назоўнікі (назвы маладых істот, назоўнікі на -мя, назвы асоб са значэннем сацыяльнага становішча, назоўнікі агульнага роду, назоўнікі мужчынскага роду на -а, (-я), некаторыя назоўнікі ніякага роду і інш.); параўн.: ваўчаня, імя, дваранін, армянін, плакса, мужчына, старшыня, вуха, неба і інш. Асобны тып скланення ўтвараюць субстантываваныя прыметнікі, дзеепрыметнікі, якія скланяюцца па ўзору прыметнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду, а таксама множналікавыя назоўнікі тыпу нажніцы, сані і да т.п. Марфалагічна нязменныя назоўнікі, запазычаныя з іншых моў, складаюць групу нескланяльных слоў (параўн.: пані, паліто, Чылі і інш.), склон якіх, аднак, праяўляецца праз сінтаксічныя паказчыкі. З уласна беларускіх нязменных назоўнікаў трэба адзначыць жаночыя прозвішчы на зычны (параўн.: Гурловіч, Корзюк , Раманчык і інш.), а таксама ўтвораныя ад агульных назоўнікаў ніякага роду (параўн.: Калена, Матавіла і інш.), прозвішчы мужчынскага і жаночага роду на -о (параўн.: Гурло, Ралько і інш.), прозвішчы на -іх, (-ых) тыпу Касых, Рудых і інш, большасць абрэвіятур (параўн.: БПА, МТЗ і інш.) і некаторыя іншыя. Назоўнікі першага скланення маюць у родным склоне адзіночнага ліку канчаткі -а, (-я), -у ,(-ю); параўн.: брата, вучня, гушчару, болю і інш.; у давальным склоне – канчаткі –у, (-ю), параўн: брату, вучню і інш.; у вінавальным склоне адушаўлёныя назоўнікі маюць канчаткі роднага склону, неадушаўлёныя – назоўнага (параўн.: брата, боль і інш.): у творным склоне – канчаткі -ом, (-ём), -ам ,(-ем), параўн.: гушчаром, канём, братам, вучнем і інш.) ; у месным склоне – канчаткі –е, -у, (-ю), -ы, (-і), параўн.: аб браце, пастуху, кавалю, кушчары, болі і інш. Найбольш складанымі пры напісанні служаць канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку роднага і меснага склонаў. Пры іх выбары трэба кіравацца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы (гл. у прыватнасці: СЛОЎНІК 1987). Звычайна канчаткі -у (-ю) у родным склоне адзіночнага ліку маюць наступныя групы слоў з абагульненым значэннем: абстрактныя назоўнікі са значэннем прымет, дзеянняў, пачуццяў, разумовых паняццяў, напрамкаў прасторы і неакрэсленых прамежкаў часу, грамадскіх і палітычных фармацый, з’яў прыроды, захворванняў і інш. (параўн.: блакіту, пералёту, болю, розуму, абшару, інтэрвалу, капіталізму, ветру, радыкуліту і да т.п.); рэчыўныя назоўнікі (параўн.: воску, тлушчу, клею, паркалю і да т.п.); назоўнікі са зборным значэннем (параўн.: натоўпу, бярэзніку, рою, утылю і да т.п.). Для назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку меснага склону выбар канчаткаў залежыць ад апошняга зычнага асновы: канчатак -е маюць назоўнікі з цвёрдай асновай (параўн.: клён – на клёне, луг – у лузе і інш.); канчатак -у прыдатны назоўнікам з асновай на –к- (параўн.: у банку, на карку і інш.), назоўнікам на -г, -х са значэннем адцягненых паняццяў (параўн.: бегу, руху і інш.), іншамоўнага паходжання (параўн.: дыялогу, цэху і інш.), уласным назвам (параўн.: Гамбургу, Цюрыху і інш.), а таксама некаторым канкрэтным назоўнікам (параўн.: на рычагу, на арэху і інш.); канчатак -ы характэрны для назоўнікаў з асновай на р , ц і шыпячыя (параўн.: у гушчары, на пальцы, аб стрыжы і інш.); канчатак -і маюць назоўнікі з асновай на мяккі зычны і й (параўн.: на агні, аб сталі, у музеі і інш.). Назоўнікі другога скланення адзіночнага ліку маюць у родным склоне канчаткі –ы (-і), параўн.: гары, кнігі і інш.; у давальным склоне – канчаткі -ой (-ою), -ей (-ею), -ай (-аю), -яй (–яю), параўн.: гарой (-ою), жняёй (-ёю), кнігай (-аю), лініяй (-яю) і інш.; у месным склоне – канчаткі -е, -ы, -і, -э (параўн.: аб кнізе, на гары, аб жняі, на шчацэ і інш.). Выбар канчаткаў у месным і давальным склонах як і ў назоўнікаў першага скланення залежыць ад зычнага асновы, а таксама ад месца націску: канчатак -е прыдатны для назоўнікаў з асновай на цвёрды зычны і г, х , якія ў беларускай мове чаргуюцца з з, с: канчатак -э адзначаецца ў назоўнікаў на –к (які чаргуецца з ц) і націскам на канчатку; канчатак -ы маюць назоўнікі на ж, ш, ч, р, ц , а таксама на -к (які чаргуецца з ц) з ненаціскным канчаткам. Назоўнікі трэцяга скланення ў родным, давальным і месным склонах адзіночнага ліку маюць канчаткі -і, -ы (параўн.: гусі, мышы і інш.); канчаткі вінавальнага склону супадаюць с канчаткамі назоўнага склону; у творным склоне для гэтых назоўнікаў характэрны канчаткі –у, -ю (параўн.: гуссю, мышшу і інш.), прычым тут адзначаецца пасля галосных падаўжэнне зычных, апрача губных, р, л, калі аснова заканчваецца збегам зычных (параўн.: радасцю, поўсцю і інш.). Пасля губных і р асновы дадзеных назоўнікаў у творным склоне перад галоснымі пішацца апостраф (параўн.: глыб – глыб’ю, шыр – шыр’ю і інш.). У рознаскланяльных назоўнікаў адзіночнага ліку ва ўскосных склонах адзначаюцца канчаткі, уласцівыя і першаму, і другому, і трэцяму скланенню. Назоўнікі ніякага роду на -мя (імя, племя, стрэмя) маюць двухварыянтнае скланенне: з суфіксам -ен (скланяюцца як назоўнікі другога скланення за выключэннем творнага склону, дзе яны маюць канчатак першага скланення -ем -- іменем, племенем, стрэменем) і без суфікса (скланяюцца як назоўнікі першага скланення – племя, племю, племем, аб племі). Назоўнікі мужчынскага роду на -а (-я) у родным і вінавальным склонах адзіночнага ліку змяняюцца па ўзору другога скланення (параўн.: бацькі, старшыні, бацьку, старшыню і інш.). Канчаткі творнага склону залежаць ад тыпу асновы і націску падобных слоў: у гэтых назоўнікаў з асновай на цвёрды зычны фіксуецца ці ненаціскны канчатак -ам (параўн.: бацькам, мужчынам і інш.), ці націскны -ой (-ею); параўн.: Фамой (-ою), тамадой (-ою) і г.д.; з асновай на мяккі зычны адзначаюцца канчаткі -ем (параўн.: Васем, дзядулем і інш.), -ею (-ёю), параўн.: суддзёй (-ёю), старшынёй (-ёю) і г.д. Гэтаксама ў залежнасці ад асновы і націску пішуцца канчаткі давальнага і меснага склонаў (параўн.: Фаме, аб Фаме – другое скланенне, мужчыну, аб мужчыну – першае скланенне). Па гэтаму ж узору скланяюцца і назоўнікі агульнага роду пры абазначэнні імі асоб мужчынскага полу (параўн.: гарэза, гарэзу, гарэзам , аб гарэзу). Назоўнік сірата скланяецца па ўзору другога скланення незалежна ад полу абазначанай асобы (параўн. сіраты, сіраце, сірату, сіратой (-ою), аб сіраце). Назоўнікі са значэннем маладых істот набываюць у давальным і месным склонах суфікс –яц і змяняюцца па ўзору трэцяга скланення (параўн.: ягняці, дзіцяці, аб ягняці, дзіцяці і г.д.), а ў творным склоне маюць канчатак першага скланення (параўн.: ягнём, дзіцём і г.д.). У множным ліку назоўнікі ўсіх тыпаў скланення маюць аднолькавыя канчаткі , за выключэннем роднага склону : назоўны склон – канчаткі -ы (-і) (параўн.: мужчыны, землі і інш.), а з асновай на –анін -- -е (параўн.: мінчанін – мінчане і інш.); давальны склон – канчаткі -ам (-ям), параўн.: мужчынам, землям і інш.; вінавальны склон – канчаткі неадушаўлёных назоўнікаў супадаюць з канчаткамі назоўнага склону, адушаўлёных назоўнікаў – з канчаткамі роднага склону; творны склон – канчаткі -амі (-ямі), параўн.: мужчынамі, землямі і інш.; месны склон – канчаткі -ах (-ях), параўн.: мужчынах, землях і да т.п. Канчаткі назоўнікаў роднага склону залежаць ад тыпу скланення: назоўнікі другога скланення маюць нулявы канчатак, калі аснова заканчваецца на адзін зычны (параўн.: хат, сцен і інш.), канчаткі -аў (-яў) -- на збег зычных (параўн.: земляў,гульняў і інш.), нулявы канчатак, калі другі зычны асновы гук к (параўн.: думак, шапак і інш.) : назоўнікі першага скланення маюць канчаткі -аў (-яў), –оў (-ёў), -эй (-ей), параўн.: інжынераў, вучняў, братоў, аваднёў, вачэй, коней і г.д. Назоўнікі трэцяга скланення ў родным склоне множнага ліку пад націскам маюць канчаткі -эй (-ей), параўн.: мышэй, абласцей і інш.; не пад націскам – канчаткі -аў (-яў), параўн.: рэчаў, даляў і інш. Для некаторых назоўнікаў у множным ліку роднага склону адзначаюцца варыянтныя канчаткі: нулявы / -аў (-яў) (параўн.: партызан / партызанаў, вішань / вішняў і інш.; -аў (-яў) / -эй (-ей); (параўн.: печаў / пячэй, можнасцяў / можнасцей і інш.). Свае асаблівасці скланення ў беларускай мове маюць уласныя назоўнікі. Прозвішчы на г, к, х з ненаціскным канчаткам -а , утвораныя ад адпаведных назваў прадметаў жаночага роду (параўн.: кніга, трэска, муха і інш.) набываюць у давальным і месным склонах канчаткі ў залежнасці ад полу асобы : пры абазначэнні асобы жаночага полу дадзеныя прозвішчы скланяюцца як адпаведныя назоўнікі другога скланення (параўн.: Алёне Кнізе, Марыне Трэсцы, Веры Мусе і інш.), а пры абазначэнні асоб мужчынскага полу маюць канчаткі рознаскланяльных назоўнікаў (параўн.: Івану Кнігу, Пятру Трэску, Васілю Муху і інш.). Астатнія прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду на -а (параўн.: суша, луста, гушча і інш.), скланяюцца незалежна ад полу асобы як адпаведныя назоўнікі жаночага роду. Калі ж прозвішчы на -а не суадносяцца з назвамі прадметаў, яны скланяюцца як адпаведныя назоўнікі мужчынскага роду толькі ў дачыненні да асоб мужчынскага полу (параўн.: Карызна, Карызны, Карызне, Карызну, Карызнам, Карызне). Прозвішчы асоб жаночага полу ў гэтым выпадку не скланяюцца, а таксама не скланяюцца калі яны заканчваюцца на зычны (параўн.: Ніны Верас, Таню Кузьмянок, Верай Бародзіч і інш.) і калі паходзяць ад назваў прадметаў ніякага роду (параўн.: Шыла, Калена і інш.). Не скланяюцца прозвішчы асоб мужчынскага і жаночага роду на націскны -о (тыпу Жудро, Ралько і інш.), на –ых, -іх (параўн.: Сядых, Мялкіх і інш.). Мужчынскія прозвішчы на –аў, -еў, - оў (-ёў), -ін (-ын) і жаночыя на –ав (-а), -ев (-а), -ов (-а). –ін (-а), -ын (-а) змяняюцца па змешанаму тыпу скланення: мужчынскія прозвішчы маюць канчаткі назоўнікаў першага скланення з цвёрдай асновай у родным, давальным, вінавальным склонах (параўн.: Пятрова,Пятрову і г.д.), а ў творным склоне – канчатак -ым, як прыметнікі (параўн.: Пятровым), у месным склоне – канчатак -е (параўн.: аб Пятрове) , або варыянтны канчатак -у (аб Пятрову); жаночыя прозвішчы ў вінавальным склоне маюць канчатак назоўнікаў другога скланення (параўн.: Пятрову), а ў родным, давальным, творным, месным склонах – аднолькавыя канчаткі, як і ў прыметнікаў (параўн.: Пятровай). Тапонімы ніякага роду змяняюцца пры скланенні па ўзору агульных назоўнікаў з адпаведнымі асновамі (параўн.: назоўны, вінавальны, родны -- Жодзіна, давальны – Жодзіну, творны – Жодзінам, месны – аб Жодзіне); тапонімы мужчынскага роду з асновай на зычны скланяюцца як назоўнікі першага скланення (словы тыпу Днепр, Віцебск, Быхаў і інш.); тапонімы жаночага роду на -а (-я) змяняюцца па мадэлі назоўнікаў другога скланення (словы тыпу Рэчыца, Нароўля і да т.п.). Тапонімы ў форме множнага ліку скланяюцца як адпаведныя агульныя назоўнікі (словы тыпу Ляхавічы, Жупраны і да т.п.). У прыметнікаў, некаторых займеннікаў (прыметнікавых), дзеепрыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў прыдатная ім катэгорыя склону цалкам залежыць ад таго назоўніка, з якім яны спалучаюцца. З улікам таго, што ў беларускай мове азначальнае слова звычайна размяшчаецца перад назоўнікам, яно і сігналізуе пра марфалагічныя якасці назоўніка (параўн.: новаму -- давальны склон, адзіночны лік, мужчынскі або ніякі род адпаведнага субстантыва). Асабліва выразна марфалагічная катэгорыя склону прыметнікаў праяўляецца пры іх азначэнні нязменных назоўнікаў (параўн.: новаму дэпо, прыгожым метро, цікавага інтэрв’ю і да т.п.). Склонавыя канчаткі прыметнікаў, ад якіх утвараюцца субстантывы, змяняюцца па так званаму ад’ектыўнаму тыпу скланення і характарызуюцца сваёй адноснай устойлівасцю: у адзіночным ліку мужчынскага роду назоўнага склону – канчаткі -ы (-і), ніякага -- -ое, -ае (-яе); жаночага -- -ая (-яя), роднага склону мужчынскага і ніякага роду -- -ога, -ага (-яга), жаночага -- -ой, -ай, (-яй). –ое, -ае, (-яе); давальнага склону мужчынскага і ніякага роду -- -ому, -аму (-яму), жаночага роду -- -ой, -ай (-яй); вінавальнага склону жаночага роду -- -ую (-юю), ніякага роду як і ў назоўным склоне; мужчынскага роду адушаўлёнага ці неадушаўлёнага як і ў родным ці назоўным склонах; у творным склоне для мужчынскага і ніякага роду – канчаткі –ым (-ім), жаночага роду – канчаткі –ой, -ай, (-яй), -ою, -аю (-яю): у месным склоне для мужчынскага і ніякага роду – канчаткі -ым (-ім), для жаночага роду – канчаткі –ой, -ай (-яй). У множным ліку для ўсіх родаў канчаткі прыметнікаў супадаюць: назоўны склон -- -ыя (-ія), родны -- -ых (-іх), давальны -- -ым (-ім), вінавальны, як і ў назоўным або родным, творны -- -ымі (-імі), месны -- -ых (-іх). Часціна мовы, якая называе статычную прыкмету або ўласцівасць рэаліі, абазначанай назоўнікам, і мае залежныя ад яго граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону. Пры гэтым з семантычнага пункту гледжання абазначаная прыметнікам прыкмета не мае аб’ёму, але пры спалучэнні з назоўнікам аўтаматычна набывае яго, рэалізуе толькі з ім,бо ўтварае разам адзіны семантычны комплекс. З улікам гэтых залежных ад назоўнікаў граматычных форм да прыметнікаў далучаюцца парадкавыя лічэбнікі, прыметнікавыя займеннікі, дзеепрыметнікі, якія першасна выступаюць у атрыбутыўнай функцыі, што сінтаксічна афармляецца дапасаваным азначэннем. Другаснай функцыяй прыметнікаў з’яўляецца іх выступленне ў ролі прэдыкатыва, своеасаблівага сінтаксічнага цэнтра выказвання, калі яны служаць састаўной часткай выказвання (параўн.: высокае і прыгожае дрэва і Дрэва было высокім і прыгожым), часцей за ўсё ў творным склоне, прэдыкатыўныя канструкцыі з якімі пачалі актыўна ўжывацца яшчэ ў старабеларускай мове. Па сваіх лексіка-граматычных асаблівасцях прыметнікі падзяляюцца на якасныя, што непасрэдна абазначаюць прыкмету рэаліі (параўн.: зялёная трава, цікавая думка . да т.п.), і адносныя, што выражаюць прыкмету рэаліі праз супастаўленне з іншай рэаліяй (параўн.: птушынае гняздо, нарачанскі край і да т.п.). Якасныя прыметнікі выражаюць прыкметы, што праяўляюцца з рознай ступенню інтэнсіўнасці і граматычна афармляюцца з дапамогай паказчыкаў вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання, дапускаюць сваю лагічную інтэрпрэтацыю, матываванай адпаведнай якасцю прадметаў. Сярод адносных прыметнікаў вылучаюцца прыналежныя, якія выражаюць індывідуальна свае адносіны да пэўнай асобы (параўн.: бацькава хата, вучнёўскі сшытак і інш.). Праз пераносныя значэнні адносныя прыметнікі ў пэўных кантэкстах здольны выступаць у ролі якасных (параўн.: жалезны характар, залатая душа і інш.), і наадварот, якасныя прыметнікі ў адпаведных кантэкстах набываюць роль адносных (параўн.: чорны хлеб, звонкі гук у сэнсе ‘зычны’ і інш.). Вышэйшая ступень параўнання якасных прыметнікаў мае простую (сінтэтычную) форму выражэння, што ўтвараецца пры дапамозе суфіксаў –ейш (-эйш) тыпу смелы – смялейшы, ціхі – цішэйшы і да т.п., і складаную (аналітычную), што ўтвараецца праз далучэнне да адпаведных прыметнікаў слоў больш (болей), менш (меней), тыпу больш каштоўны, менш якасны і інш. Простая форма найвышэйшай ступені ўтвараецца з дапамогай прыстаўкі най-, якая далучаецца да простай формы вышэйшай ступені (параўн.: дабрэйшы – найдабрэйшы і інш.), а складаная форма ўтвараецца аналітычным спосабам з дапамогай слоў самы, найбольш, найменш, якія далучаюцца да зыходнай формы якасных прыметнікаў (параўн.: самы добры, менш прыгожы і інш.). Якасныя прыметнікі могуць выступаць у поўнай і кароткай форме (параўн.: вясёлы – весел, смутны – смуцен і інш.), але кароткія формы ў сучаснай беларускай мове з’яўляюцца малаўжывальнымі; яны не скланяюцца як раней і амаль паўсюдна выцеснены поўнымі формамі. Кароткія прыметнікі пры сваім выкарыстанні выступаюць пераважна ў ролі прэдыкатываў, выражаюць не пастаянныя, а часовыя прыкметы, знаходзяць прымяненне ў некаторых паэтычных творах (параўн.: Люб і смуцен час прыгоды, Даль імгліста нерухома ў Я.Коласа і інш.), ва ўстойлівых выразах (параўн.: Славен бубен за гарамі, Кожны кулік на сваім балоце вялік і інш.), практычна не ўжываюцца як азначэнні ў іншых відах маўленчай дзейнасці. Для якасных прыметнікаў уласціва антанімія (параўн.: добры – дрэнны, разумны – дурны і інш.). Займеннікавыя прыметнікі (параўн.: мой, твой, наш, гэты, які, усякі і інш.), гэтаксама як і субстантыўныя займеннікі (параўн.: я, мы, хто, нішто і інш.), выконваюць аднолькавую функцыянальную ролю, выступаюць у якасці замяшчальнікаў знамянальных слоў, аднак розняцца паміж сабой тым, што граматычныя катэгорыі першых (займеннікавых прыметнікаў) вызначаюцца тымі назоўнікамі, з якімі яны спалучаюцца; а ў другіх (субстантыўных займеннікаў) праяўляюцца самастойна. Сярод займеннікавых прыметнікаў вылучаюцца прыналежныя (параўн.: мой, наш, ваш і інш.), указальныя (параўн.: гэты, той, такі і інш.), азначальныя (параўн.: кожны, увесь, іншы і г.д.), пытальна-адносныя (параўн.: чый, які, каторы і інш.), няпэўныя (параўн.: абы-чый, які-небудзь, чый-небудзь і інш.), адмоўныя (параўн.: нічый, ніякі і інш.). Дадзеныя займеннікавыя прыметнікі спалучаюцца ў родзе, ліку, склоне з адпаведнымі назоўнікамі, але гэта не тычыцца займеннікаў тыпу які, што выкарыстоўваюцца ў якасці злучнікавых слоў (параўн.: кніга, якую я чытаў; кніга, над якой я задумаўся , і г.д.). З дэрывацыйнага пункту гледжання ў беларускай мове выдзяляецца даволі вялікі разрад складаных прыметнікаў, якія ўзнікаюць часцей за ўсё праз злучэнне двух (радзей трох) знамянальных слоў тыпу высакародны, аксамітна-чорны, бел-чырвона-белы і інш. Як і сярод назоўнікаў, сярод прыметнікаў ёсць група нязменных слоў, якія не скланяюцца, не змяняюцца па родах і ліках, маюць ва ўсіх выпадках свайго ўжывання нулявы канчатак. Звычайна нязменныя прыметнікіі з’яўляюцца запазычанымі словамі, выступаюць у сінтаксічнай функцыі азначэнняў, але ў адрозненне ад уласнабеларускіх і засвоеных запазычаных прыметнікаў займаюць у словазлучэнні постпазіцыйнае месца (параўн.: колер хакі, вага нета, гатунак люкс, мова хіндзі і інш.). Арганічна засвоеныя беларускай мовай запазычаныя словы падобнага тыпу могуць набываць поўную форму прыметнікаў і граматычна змяняцца як і яны (параўн.: тканіна колеру бардо і бардовая тканіна, бардовай тканіны, бардовы піджак, бардовыя піджакі і інш.). Пераважная большасць прыметнікаў скланяецца па прыведзенаму вышэй ад’ектыўнаму тыпу субстантываваных прыметнікаў (гл. папярэдні параграф), але прыналежныя прыметнікі змяняюцца па змешанаму тыпу скланення. У назоўным і вінавальным склонах яны маюць кароткую форму: у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду – нулявы канчатак (параўн.: бацькаў, Алесяў і інш.), жаночага роду – канчатак -а (параўн.: сястрына хустка і інш.), ніякага роду не пад націскам -а (параўн.: птушкіна гняздо і інш.), а пад націскам -о (параўн.: даччыно кашнэ і інш.). У вінавальным склоне прыналежныя прыметнікі адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду пры спалучэнні з неадушаўлёнымі назоўнікамі маюць кароткую форму, як і ў назоўным склоне (параўн.: бацькаў дом, бацькава поле і інш.), а прыналежныя прыметнікі жаночага роду маюць кароткую форму з канчаткам -у (параўн.: бацькаву хату, Аленчыну кнігу і інш.). Прыналежныя прыметнікі множнага ліку ўсіх родаў у назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую форму з канчаткам -ы (параўн.: бацькавы гоні, матчыны клопаты і інш.). Ва ўсіх астатніх склонах канчаткі прыналежных прыметнікаў супадаюць з канчаткамі прыметнікаў ад’ектыўнага тыпу скланення. Часціна мовы, якая абазначае пэўную або няпэўную колькасць, мае катэгорыю склону, а таксама менш выразна граматычныя катэгорыі роду і ліку. Лічэбнікі могуць ужывацца ў якасці самастойных слоў, што абазначаюць адцягнены лік, і несамастойна ў спалучэнні з субстантывамі. Колькасць лічэбнікаў у беларускай мове, як і ў іншых мовах свету, служыць закрытым мноствам, але іх камбінацыямі (спалучэннямі асобных лічэбнікаў) можна выразіць бясконцы лік розных адзінак. З семантычнага пункту гледжання лічэбнікі падзяляюцца на пэўна-колькасныя, што фіксуюць дакладны лік чаго-небудзь (параўн.: сем, дваццаць, сто і інш.) і няпэўна-колькасныя, якія выражаюць недакладны лік адзінак (параўн.: многа, мала, шмат, некалькі і інш.). Сярод пэўна-колькасных лічэбнікаў выдзяляюцца зборныя, што абазначаюць колькасць як адно цэлае, адзінства (параўн.: сямёра, пяцёра і інш.), дробавыя, што абазначаюць часткі цэлага (параўн.: адна пятая, тры сёмых і інш.) або цэлае і яго часткі (параўн.: шэсць цэлых восем дзевятых і інш.), прычым могуць выражаць і незлічоныя прадметы, адцягненыя паняцці, матэрыяльныя рэчывы (параўн.: тры пятых аб’ёму вады, дзве трэціх насельніцтва і інш.). Зборныя назоўнікі часцей за ўсё спалучаюцца з назвамі маладых істот (параўн.: трое ягнят, пяцёра парасят і інш.), асобамі мужчынскага полу (параўн.: двое салдат, чацвёра вучняў і інш.), субстантываванымі прыметнікамі, асабовымі займеннікамі, множналікавымі назоўнікамі (параўн.: двое незнаёмых, нас трое, чацвёра саней і інш.), пры набыцці імі сэнсу прыслоўяў тыпу ўдвух. Зборныя лічэбнікі не маюць роду і ліку, утвараюцца звычайна ад колькасных лічэбнікаў у межах ад двух да дзесяці, натуральна робяцца субстантывамі (параўн.:Сямёра аднаго не чакаюць і інш.), рэдка выкарыстоўваюцца ў навуковым і ў афіцыйна-дзелавым стылях. Зборны лічэбнік абодва (мужчынскі і ніякі род) у жаночым родзе мае форму абедзве,а пры спалучэнні з назоўнікамі, што абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага роду, ужываецца форма абое. Як і дробавыя лічэбнікі, няпэўныя спалучаюцца з назоўнікамі, што абазначаюць матэрыяльныя рэчывы, абстрактныя рэаліі (параўн.: шмат снегу, мала розуму і інш.). Лічэбнікі з’яўляюцца тыповымі не граматычнымі, а лексіка-граматычнымі разрадамі слоў, бо выражанае імі паняцце мае найперш семантычную прыроду, у той час як марфалагічныя катэгорыі прадстаўлены ў іх непаслядоўна і менш выразна, таму што адны лічэбнікі надзелены граматычнымі характарыстыкамі назоўнікаў (словы тыпу тысяча, мільён і інш.), другія -- прыметнікаў (парадкавыя лічэбнікі), трэція маюць не зусім вызначаны граматычны статус (словы тыпу шмат, некалькі і інш.). У матэматыцы лічэбнікі выступаюць як абазначэнні абстрактных велічынь і могуць функцыянаваць самастойна, без спалучэння з назоўнікамі (параўн.: Тры плюс тры будзе шэсць і да т.п.). У адрозненне ад слоў іншых часцін мовы многія лічэбнікі могуць дубліравацца на пісьме лічбамі, і арабскімі, і лацінскімі, якія ўжываюцца часта ў пісьмовым тэксце побач і ў спалучэнні з вербальнымі сродкамі (параўн.: у 1999 годзе, 2/3 атрыманай сумы і інш.). Па сваёй граматычнай структуры лічэбнікі падзяляюцца на простыя, складаюцца з аднаго кораня (параўн.: два, тры, пяць і інш.), складаныя, маюць як мінімум дзве асновы (параўн.: пяцьдзесят, пятнаццаць і інш.), састаўныя, утвараюцца з двух і болей лічэбнікаў-слоў (параўн.: трыццаць тры, пяцьсот семдзесят шэсць і інш.). Асноўнай граматычнай прыкметай лічэбнікаў служыць катэгорыя склону, бо ўсе яны, акрамя паўтара, паўтары, дзевяноста, мала, шмат, многа, нямала , скланяюцца. Па родах і ліках змяняецца толькі колькасны лічэбнік адзін, а толькі па родах – паўтара, паўтары, абодва, абедзве, два, дзве. Астатнія колькасныя лічэбнікі не маюць катэгорый роду і ліку, апрача тых, што належаць па сваіх граматычных прыкметах да назоўнікаў (словы тыпу більён, мільярд і інш.). У склад назоўнікаў уключаюцца ўтвораныя ад лічэбнікаў словы накшталт тройка, сотня, дзесятак і інш., якія маюць родавыя адрозненні, спалучаюцца з лічэбнікамі і прыметнікамі (параўн.: адна пяцёрка, цудоўная дзесятка і інш.) і акрамя ліку выражаюць прадметнасць. Пэўныя колькасныя лічэбнікі пры постпазіцыйным ужыванні выражаюць прыблізную колькасць (параўн.: сем чалавек і чалавек сем і інш.). Катэгорыю адушаўлёнасці маюць толькі лічэбнікі адзін, два, тры, чатыры. Асобную невялікую групу лічэбнікаў складаюць займеннікавыя, што ўключаюць у свой склад словы колькі, некалькі, столькі, гэтулькі і інш. Дадзеныя словы выступаюць як адносныя і пытальныя займеннікі, у спалучэнні з дзеясловамі як прыслоўі, а таксама ўжываюцца для абазначэння няпэўнай колькасці. У апошнім выпадку гэтыя словы звычайна спалучаюцца з назоўнікамі ў родным склоне (параўн.: столькі радасці, колькі хваляванняў і інш.) і скланяюцца як прыметнікі множнага ліку. Парадкавыя лічэбнікі па сваёй семантыцы адносяцца да лічэбнікаў, а па граматычных уласцівасцях – да прыметнікаў. У першым выпадку яны суадносяцца з пэўнымі колькаснымі паняццямі, маюць сваё вызначанае месца пры лічэнні, могуць выражацца на пісьме лічбамі (параўн.: 11- ы паверх, 2000-ы год і інш.). Марфалагічныя катэгорыі роду, ліку, склону ў парадкавых лічэбніках прадстаўлены як і ў граматычна зменных прыметнікаў. У састаўных лічэбніках пры гэтым скланяецца толькі апошняя слова (параўн.: у тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе і інш.). Граматычнай асаблівасцю дробавых лічэбнікаў служыць тое, што яны ўтвараюцца з колькасных лічэбнікаў (у лічніку) і парадкавых (у назоўніку); параўн.: адна трэцяя, тры пятых і інш. Пры спалучэнні дробавых лічэбнікаў з назоўнікамі, апошнія ўжываюцца ў родным склоне (параўн.: адна чацвёртая кілаграма і інш.). Да дробавых лічэбнікаў адносяцца словы паўтара (ужываецца ў спалучэнні з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду) і паўтары (выкарыстоўваецца ў спалучэнні з назоўнікамі жаночага роду). Колькасныя лічэбнікі адзін, два, тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў, а лічэбнікі ад пяці і вышэй граматычна кіруюць назоўнікамі. Скланенне лічэбнікаў адбываецца па розных узорах. Лічэбнікі адзін, адна, адно скланяюцца як прыметнікі, лічэбнікі пяць – дзесяць, адзінаццаць – дваццаць, трыццаць скланяюцца па ўзору скланення назоўнікаў жаночага роду тыпу радасць. Лічэбнікі сорак, сто маюць толькі дзве склонавыя формы (назоўны і вінавальны – сорак, сто, астатнія склоны – сарака, ста). Зборныя лічэбнікі скланяюцца як займеннікі твае, свае. У дробавых і састаўных лічэбнікаў скланяюцца ўсе кампаненты-словы, у складаных лічэбнікаў дзвесце – дзевяцьсот скланяюцца абедзве часткі, якія маюць канчаткі назоўнікаў ніякага роду множнага ліку. Часціна мовы, якая ўказвае на прадмет, колькасць, якасць, фактычна замяняе пры гэтым словы іншых часцін мовы пры няведанні адпаведных назваў ці наўмысна, або можа замяняцца імі, калі вядомы адпаведныя рэаліі. Колькасць займеннікаў, гэтаксама як і лічэбнікаў, абмежаваная; яны ўтвараюць закрытае мноства, прыдатныя ўсім мовам свету. Нягледзячы на марфалагічную разнароднасць займеннікаў, яны аб’ядноўваюцца тым, што ўваходзяць у адно поле дэйксісу, ці ўказальнае поле, сітуацыйныя па семантыцы, здольныя выступаць на месцы іншых імён і ў эўфемістычнай функцыі. У залежнасці ад таго, словы якіх часцін мовы замяшчае займеннік, вылучаюцца займеннікі-назоўнікі (параўн.: ты, яны, хто і інш.), займеннікі-прыметнікі (параўн.: наш, свой, твой і інш.), займеннікі-лічэбнікі (параўн.: колькі, столькі, гэтулькі і інш.), займеннікі-прыслоўі (параўн.: адсюль, тады, так і інш.), а таксама магчыма і займеннікі-прэдыкатывы. Для ўсіх займеннікаў характэрна катэгорыя склону, але граматычныя катэгорыі роду і ліку праяўляюцца імі непаслядоўна і звязаны з пэўнымі разрадамі займеннікаў. З улікам найперш семантычных асаблівасцяў выдзяляюцца займеннікі асабовыя (я, ты, ён, яна, яно, мы, вы, яны), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, твой, свой, яго, яе, наш, ваш, іх), указальныя (гэты, гэтакі, такі, той), азначальныя (кожны, іншы, сам, самы, увесь, усякі, усё, усе, уся), пытальна-адносныя (хто, што, які, чый, каторы), адмоўныя (ніхто, нішто, нічый, ніякі), няпэўныя (нехта, нешта, некаторы, хтосьці, штосьці, абы-хто і інш. Асабовыя займеннікі служаць аналітычным сродкам выражэння персанальнасці, прычым займеннікі 3-й асобы выражаюць не толькі персону, а і выступаюць у ролі найбольш абагульненага ўказальніка на ўсе магчымыя прадметы, з’явы, прыкметы, паняцці ў якасці іх замяняльніка. Асабовыя займеннікі я, ты не маюць марфалагічнай катэгорыі роду, якая, аднак, праяўляецца сінтаксічнымі сродкамі праз прэдыкатыўную сувязь з дзеясловамі прошлага часу (параўн.: я быў, ты быў, я была, ты была), або з магчымымі азначэннямі, што часцей за ўсё выступаюць у якасці прыдатка (параўн.: я, зацікаўлены кнігай ; яна, зацікаўленая кнігай, і інш.). Катэгорыя ліку ў асабовых займеннікаў я, ты праяўляецца праз суплетыўныя формы мы, вы, якія абазначаюць мноствы розных асоб уключна я, ты. Для асабовых займеннікаў характэрна транспазіцыя, г. зн. адзін займеннік ужываецца ў значэнні і на месцы іншага. Мы можа абазначаць я, вы , можа выступаць на месцы ты (так званая форма ветлівасці), ён -- на месцы і я, і ты і г.д. Пры скланенні асабовых займеннікаў адзначаецца суплетывізм асноў (параўн.: назоўны -- я, ты, мы, вы, ён, яна, яно, яны; родны --мяне, цябе, нас, вас, яго, яе, яго, іх; давальны-- мне, табе, нам, вам, яму, ёй, яму, ім; вінавальны-- мяне, цябе, нас, вас, яго, яе, яго, іх ;творны-- мной (-ою), табой (-ою), намі, вамі, ім, ёй (-ёю), ім, імі; месны -- аба мне , аб табе, аб нас, аб вас, аб ім, аб ёй, аб ім, аб іх). Зваротны займеннік сябе (сабе) ўказвае на тое, што аб’ектам дзеяння служыць сам суб’ект, або асоба, прадмет і інш., пра якія ідзе гаворка. Гэты займеннік не мае катэгорыі ліку, роду, а таксама назоўнага склону (у творным склоне мае дзве формы -- сабой і сабою), можа адносіцца да 1-й, 2-й, 3-й асобы абодвух лікаў, выступае ў сказе як дапаўненне, скланяецца па ўзору займенніка ты, можа выступаць у функцыі часціцы (параўн.: Маўчыць сабе ды і ўсё і інш.). Прыналежныя займеннікі ўказваюць на 1-ю, 2-ю, 3-ю асобы, якія з’яўляюцца ўладальнікамі прадмета: мой, наш – 1-я асоба; твой, ваш – 2-я асоба; яго, яе, іх – 3-я асоба; свой – усе тры асобы. Прыналежныя займеннікі мой, твой, наш, ваш маюць катэгорыі ліку, роду, склону (скланяюцца па ўзору прыметнікаў); займеннікі яго, яе, іх не скланяюцца. У некаторых склонавых формах прыналежных займеннікаў магчымы варыянтныя канчаткі (параўн.: нашы і нашыя, нашай і нашаю і інш.). Указальныя займеннікі гэты, той, такі, гэтакі маюць марфалагічныя формы роду, ліку, склону; скланяюцца па ўзору прыметнікаў). Значэнні займеннікаў гэты, той з’яўляюцца карэлятыўнымі: яны ўжываюцца пры ўказанні адпаведна на блізкі і далёкі прадметы. Займеннікі такі, гэтакі ўдакладняюць або выдзяляюць сэнс пры характарыстыцы якасці прадмета, могуць паказваць падабенства рэалій. Лічэбнікавыя займеннікі столькі, гэтулькі, што адносяцца да ўказальных, не маюць катэгорый роду і ліку, скланяюцца па ўзору прыметнікаў множнага ліку. Займеннік гэты (гэта) можа набываць вельмі адцягненае значэнне і субстантывавацца (параўн.: Гэта было зусім нядаўна і інш.). У вусным маўленні ўказальныя займеннікі часта суправаджаюцца такім паралінгвістычным сродкам, як жэст, што ўдакладняе іх змест; на пісьме іх значэнне вынікае з кантэксту, дзе яны могуць выражаць, у прыватнасці, і ступень якасці (параўн.: Хлопчык такі разумны і інш.), выступаць у граматычнай функцыі звязкі (параўн.: Лес – гэта наша багацце і інш.). Азначальныя займеннікі іншы, кожны, любы, сам, самы, увесь, усякі выражаюць абагульненую якасць або маюць выдзяляльны сэнс, характарызуюцца граматычнымі катэгорыямі роду, ліку, склону (скланяюцца па ўзору скланення прыметнікаў з адпаведнай асновай – цвёрдай ці мяккай). Займеннікі кожны, любы, усякі служаць сінонімамі, выкарыстоўваюцца для вылучэння прадметаў з аднароднай сукупнасці (параўн.: кожны з іх, любы з іх, усякі з іх). Займеннікі ўвесь, усе, усё здольны субстантывавацца (параўн.: Усе выйшлі на працу і інш.), а некаторыя азначальныя займеннікі ў пэўных кантэкстах набываюць ролю або мадальнага слова, або ўзмацняльнай часціцы, або выкарыстоўваюцца для выражэння ступені якасці (параўн.: на самай справе, усё лягчэй, самы лепшы і інш.). Пытальна-адносныя, ці пытальныя і адносныя займеннікі ўключаюць у сябе адны і тыя ж словы (хто, што, які, чый, каторы), якія ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах ужыаюцца ў адной форме, аднак, адрозніваюцца функцыянальна і таму, па сутнасці, з’яўляюцца амонімамі. У першай функцыі гэтыя словы выражаюць пытанні аб асобах, істотах, прадметах, іх якасцях ці прыналежнасці, што ў вусным маўленні выражаецца інтанацыйна, на пісьме – пытальным знакам. У другой функцыі дадзеныя займеннікі выражаюць сэнсавыя і граматычныя адносіны паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа. Займеннікі каторы, чый, які характарызуюцца марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку, склону (скланяюцца па ўзору прыметнікаў), а ў займеннікаў хто, што род і лік могуць выражацца не марфалагічнымі, а сінтаксічнымі сродкамі; пры скланенні гэтыя займеннікі набываюць суплетыўныя формы (параўн.: хто -- каго – каму і інш., што – чаго – чаму і інш.). У даданых сказах адносныя займеннікі могуць выступаць і ў ролі галоўных членаў сказа, і ў ролі даданых. Слова каторы служыць сінонімам слова які і ўжываецца ў сучаснай беларускай мове даволі рэдка. Няпэўныя займеннікі нехта, нешта, абы-хто, абы-што, хто-небудзь, што-небудзь, хтосьці, нейкі, некаторы і інш. указваюць на невядомыя прадметы (адушаўлёныя і неадушаўлёныя), тыя ці іншыя прыкметы, на прыналежнасць прадметаў, значэнні якіх не вынікае з кантэксту і не вызначаецца ім. Для няпэўных займеннікаў характэрны катэгорыі роду, ліку, склону, якія ў іх супадаюць з адпаведнымі пытальна-адноснымі займеннікамі, што выкарыстоўваюцца для іх утварэння з дапамогай афіксаў не-, абы-, -небудзь, -сьці. Адмоўныя займеннікі (ніхто, нішто, ніякі, нічый, некага, нечага) указваюць на адсутнасць тых рэалій, якія яны абазначаюць. Дадзеныя займеннікі выкарыстоўваюцца ў адмоўных сказах, дзе ёсць словы не, няма (параўн.: Ніхто не хацеў паміраць, Нічога на стале няма і інш.), утвараюцца ад пытальных шляхам далучэння прэфікса ні-. Займеннікі ніхто, нішто выступаюць у сказе як субстантывы. Адмоўныя займеннікі скланяюцца па ўзору скланення адпаведных пытальных. Словы некага, нечага не маюць назоўнага склону, гэтаксама як і займеннік сябе, але яны належаць да малаўжывальных у сучаснай беларускай мове. У якасці займеннікаў могуць выступаць словы іншых часцін мовы, напрыклад, колькасны лічэбнік адзін, парадкавы – другі, прыметнік цэлы і інш. (параўн.: Адзін з іх быў тут цэлы дзень і інш.), што называецца пранаміналізацыяй. Аднак значна часцей самі займеннікі выступаюць у ролі іншых часцін мовы. Так, значэнні субстантываў могуць набываць азначальныя, прыналежныя займеннікі (параўн.: кожны хоча, нашы ідуць і інш.). У якасці часціц могуць ужывацца зваротны займеннік сабе, указальны займеннік гэта, слова ўсё, займеннікі колькі, які, словы штосьці, нешта і інш. Агульная характарыстыка дзеяслова і яго трыванні Часціна мовы, якая выражае дзеянне або стан асоб, прадметаў, з’яў з дапамогай граматычных катэгорый асобы, часу, трывання, стану, ладу, пераходнасці / непераходнасці. Формамі дзеяслова выражаюцца таксама катэгорыі ліку, а ў прошлым часе і катэгорыя роду. З семантычнага пункту гледжання дзеяслоў характарызуецца як носьбіт працэсуальнай прыкметы, якая доўжыцца ў часе, з фармальнага – здольнасцю ўтварацца ад любых самастойных слоў, наяўнасцю такіх разрадаў унутры сябе, як інфінітыў, асабовыя і безасабовыя дзеясловы, пераходныя і непераходныя дзеясловы, зваротныя дзеясловы, дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі. Інфінітыў і дзеепрыслоўе адносяцца да нязменных слоў і часам вылучаюцца ў асобны граматычны разрад разам з прыслоўямі, формамі параўнання ступеней прыметнікаў. Зменным формам дзеяслова прыдатна катэгорыя ліку, што залежыць ад тых слоў, з якімі дзеяслоў граматычна звязваецца ў выказванні (параўн.: студэнт чытае, яны чытаюць і інш.). Асабовыя формы дзеясловаў спрагаюцца (змяняюцца па часе, асобе, ліку, ладзе, роду), выступаюць у сказе як прэдыкатывы. З усімі дзеяслоўнымі формамі спалучаюцца прыслоўі. Агульнакатэгарыяльнымі граматычнымі значэннямі дзеясловаў служаць трыванне і стан, астатнія катэгорыі ўласцівы толькі асобным разрадам дзеясловаў. Катэгорыя трывання ўваходзіць у больш глабальную катэгорыю аспектуальнасці і звязана з выражэннем абмежаванасці або неабмежаванасці дзеяння, якое мае часта суадносныя дзеяслоўныя формы закончанасці / незакончанасці. Значэнне абмежаванасці з’яўляецца маркіраваным і абазначае дзеянне ці адзінкавае непадзельнае (параўн.: хлопнуць, крыкнуць і інш.), ці непадзельнае з невыражанай працягласцю (прачытаць, паслухаць і інш.), ці падзельнае працяглае (параўн.: папаліць, папастукаць і інш.). Усе адзначаныя дзеясловы маюць закончанае трыванне, якім супрацьпастаўляюцца дзеясловы незакончанага трывання, што выражаюць дзеянні, не абмежаваныя ў сваёй праяве, у прыватнасці, паўтаральныя (параўн.: стукаць, ляпаць і інш.), падзельныя працяглыя (параўн.: выбягаць, выхадзіць і інш.), непадзельныя з невыражанай працягласцю (параўн.: пісаць, чытаць і інш.). Пры супадзенні лексічных значэнняў дзеясловы закончанага і незакончанага трыванняў утвараюць суадносныя пары, члены якіх адрозніваюцца толькі граматычна (параўн.: рабіць – зрабіць, ламаць – адламаць, гаварыць – сказаць і інш.) Фармальна завершанасць дзеяння фіксуецца дзеясловамі закончанага трывання прошлага часу (прачытаў, зрабіў, адламаў і інш.), тады як дзеясловы закончанага трывання будучага часу паказваюць, што дзеянне завершыцца пасля моманту гутаркі (параўн.: прачытаю, зраблю, адламаю і інш.). Дзеясловы, якія не ўтвараюць суадносных пар у адносінах да выражэння мяжы дзеяння, называюцца аднатрывальнымі і могуць мець або толькі форму закончанага трывання (параўн.: расплакацца, набыць і інш.), або толькі форму незакончанага трывання (параўн.: ганарыцца, адсутнічаць і інш.) Дзеясловы незакончанага трывання спалучаюцца з іншымі дзеясловамі тыпу скончыць, пачаць і да т.п., а дзеясловы закончанага трывання з падобнымі дзеясловамі не спалучаюцца. Дзеясловы, што не ўтвараюць суадносных трывальных пар, маюць асаблівасці ў сваёй лексічнай семантыцы, якая характарызуецца ўказаннем на пачынальнасць дзеяння (параўн.: закрычаць, пабегчы, узляцець і інш.), на абмежавальнасць дзеяння (параўн.: пагартаць, праспаць, перабегчы і інш.), аднакратнасць, ці інхаатыўнасць дзеяння (параўн.: мігнуць, глынуць і інш.), выніковасць дзеяння (параўн.: абрынуць, выскачыць, злезці і інш.), мнагакратнасць, ці ітаратыўнасць дзеяння (параўн.: папаездзіць, папанасіць і інш.), перарывістасць (параўн.: пакусваць, узмахваць і інш.), суправаджальнасць (параўн.: прыпяваць, падсвістваць і інш.), размеркавальнасць, ці дыстрыбутыўнасць (параўн.: панадпісваць, ператрэсці і інш). Фармальна катэгорыя трывання выражаецца рознымі афіксамі (параўн.: купляць – купіць, пісаць – напісаць і інш.), суплетыўнымі асновамі (параўн.: браць – узяць, лавіць – паймаць і інш.), націскам (параўн.: выклікáць – выклікаць, рассыпáць – рассыпаць і інш.), чаргаваннем гукаў (параўн.: выбіраць – выбраць, называць – назваць і інш.). Дзеясловы закончанага трывання маюць парадыгмы форм будучага простага часу і дзеепрыметнікаў прошлага часу, незакончанага трывання – парадыгму форм цяперашняга і будучага складанага часу, дзеепрыметнікаў цяперашняга і прошлага часу:
У беларускай мове для некаторых дзеясловаў адзначаецца ступеньчатае ўтварэнне трывання. Так, дзеясловы закончанага трывання ўтвараюцца ад дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогай прыставак (параўн.: пісаць – выпісаць і да т.п.). Далей ад прыставачнага дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання з дапамогай суфіксаў (у прыватнасці, -ва-, -іва-, -ыва-, -оўва-, -ёўва -) тыпу выпісаць – выпісваць . І ўрэшце ад дзеясловаў незакончанага трывання пры дапамозе прыставак па-, на - ўтвараюцца дзеясловы закончанага трывання (параўн.: выпісваць – навыпісваць і інш.). Катэгорыі стану, пераходнасці, зваротнасці дзеяслова Катэгорыя стану выражае адносіны да суб’екта і аб’екта, прычым лагічны суб’ект не заўсёды супадае з граматычным, г . зн. дзейнікам у сказе (параўн.: Студэнт прачытаў кнігу і Кніга прачытана студэнтам – лагічны суб’ект адзін, а дзейнік розны: у першым сказе – студэнт , у другім – кніга ). У сувязі з гэтым адрозніваюць незалежны стан, калі дзеянне зыходзіць ад суб’екта , што з’яўляецца ў сказе дзейнікам; і залежны стан, калі аб’ект дзеяння з’яўляецца ў сказе дзейнікам, а суб’ект дапаўненнем (падобныя сінтаксічныя канструкцыі называюцца адпаведна актыўнымі і пасіўнымі. Залежны і незалежны стан уяўляюцца ў значнай ступені абагульненымі граматычнымі катэгорыямі, якія пры сваёй дэталёвай дыферэнцыяцыі расшчапляюцца на некалькі дзесяткаў больш дробных граматычных значэнняў. У беларускай мове дзеясловы залежнага стану ўтвараюцца пераважна ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання, а ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану (параўн.: Лекцыя слухаецца студэнтамі і Лекцыя праслухана студэнтамі і інш.). Некаторыя полісемічныя дзеясловы беларускай мовы з’ яўляюцца двухстанавымі: іх граматычнае значэнне вызначаецца кантэкстам (параўн.: Мяч кідаўся гандбалістам па варотах -- закончанае трыванне; Ён кідаўся на мяне з кулакамі – незакончанае трыванне). У межах катэгорыі стану вылучаюцца значэнні сумеснасці і ўзаемнасці. Дзеясловы залежнага стану часцей за ўсё ўтвараюцца ад дзеясловаў незалежнага стану з дапамогай постфікса -ся (-ца ), тыпу бачыў – бачыўся, ламаць – ламацца і да т.п. Катэгорыя стану арганічна звязана з пераходнасцю / непераходнасцю дзеясловаў і са зваротнымі дзеясловамі. Пераходныя дзеясловы выражаюць дзеянне, якое прама ці ўскосна пераходзіць на другі прадмет ад суб’екта гэтага дзеяння. У беларускай мове субстантывы, на якія непасрэдна пераходзіць дзеянне, выражанае дзеясловам, ужываюцца звычайна ў вінавальным склоне (параўн.: слухаць голас, бачыць настаўніка і інш.), радзей у родным (у прыватнасці пры дзеясловах жадання , просьбы і некаторых прыставачных дзеясловаў тыпу нарабіць, наглядзецца і да т.п., пры абазначэні субстантывам часткі прадмета тыпу напіцца вады і да т.п., пры наяўнасці ў дзеяслова часціцы не тыпу не слухаеш прамовы і да т.п. і ў некаторых іншых выпадках). Пры непрамым пераходзе дзеяння на прадмет абазначэнне апошняга ўжываецца ў розных ускосных склонах, акрамя вінавальнага (параўн.: гуляць у футбол, ківаць галавой, жыць з сястрой і да т.п.). Дзеясловы, што абазначаюць не накіраванае на прадмет дзеянне, называюцца непераходнымі, да якіх адносяцца , у прыватнасці, дзеясловы руху (параўн.: ісці, бегчы і інш.), дзеясловы са значэннем стану ці ўласцівасці (параўн.: спаць, настаўнічаць і інш.). Пры далучэнні да розных форм дзеяслова , пераважна да пераходных, постфікса -ся ўтвараюцца зваротныя дзеясловы, што абазначаюць дзеянні, скіраваныя на сам суб’ект гэтага дзеяння. Згаданы постфікс можа выступаць у форме -ца , калі далучаецца да інфінітыва на -ць (параўн.: грэць – грэцца і да т.п.) або да форм 3-й асобы абодвух лікаў ( параўн.: грэе – грэецца, грэюць – грэюцца і да т.п.). Частка беларускіх дзеясловаў ужываецца толькі ў зваротнай форме (параўн.: баяцца, смяяцца і інш.), а даволі значная колькасць непераходных дзеясловаў не мае зваротнай формы (параўн.: ехаць, расці і інш.). Пераходныя дзеясловы, што спалучаюцца з назоўнікамі ў творным склоне. маюць суадносныя па стане пары з непераходнымі дзеясловамі (параўн.: ствараць – стварацца мастаком, ажыццяўляць – ажыццяўляцца кіраўніком і да т.п.). Астатнія дзеясловы адносяцца да аднастанавых незалежных ці аднастанавых залежных, у прыватнасці да незалежных – пераходныя дзеясловы тыпу касіць, чытаць і інш., што спалучаюцца з прамым дапаўненнем, непераходныя дзеясловы без постфікса -ся (параўн.: бегчы, вісець і інш.), непераходныя дзеясловы з постфіксам -ся (-ца ), тыпу прайсціся, мыцца і інш. Да дзеясловаў залежнага стану адносяцца зваротныя дзеясловы з постфіксам -ся (-ца ), якія спалучаюцца з творным склонам назоўніка-суб’екта (параўн.: малюецца мастаком, пішацца студэнтам і інш.). Да залежнага стану адносяцца і дзеепрыметнікі, што таксама спалучаюцца з творным склонам назоўніка-суб’екта (параўн.: намалявана мастаком, напісана студэнтам і інш.). Дзеясловы незалежнага стану ўжываюцца ва ўсіх граматычных формах. Дзеясловы залежнага стану часцей за ўсё маюць форму 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку ўсіх трох часоў, а таксама форму дзеепрыметнікаў: дадзеныя формы спалучаюцца з назоўнікам у творным склоне. У катэгорыі ладу выражаюцца адносіны абазначанага дзеясловам дзеяння да рэчаіснасці. Катэгорыя ладу ўваходзіць у больш шырокую катэгорыю мадальнасці, дзе ўяўляецца самай граматычна выражанай і марфалагічна аформленай. У залежнасці ад таго, з’яўляецца дзеянне рэальным ці пажаданым, ці магчымым, вылучаецца адпаведна абвесны, загадны і ўмоўны лад. Дзеясловамі абвеснага ладу абазначаюцца рэальныя дзеянні, якія або сцвярджаюцца, або адмаўляюцца (параўн.: Зіма наступіла, Сонца не свеціць і інш.). Дзеясловамі загаднага ладу выражаецца патрабаванне ці пабуджэнне да выканання дзеяння (параўн.: прынясі кнігу, бяры падарунак і інш.). Дзеясловамі ўмоўнага ладу абазначаюцца магчымыя ці пажаданыя дзеянні (параўн.: Прынёс бы ты мне кнігу, Хутчэй бы наступіла вясна і інш.). Толькі дзеясловам абвеснага ладу ўласцівы граматычныя формы ўсіх трох часоў (цяперашні, будучы, прошлы). Дзеясловы загаднага ладу не маюць катэгорый часу, змяняюцца па асобах, часткова па ліках. Найбольш ужывальнай граматычнай формай загаднага ладу служыць другая асоба адзіночнага ліку, якая ўтвараецца з дапамогай канчатка -і (-ы), што далучаецца да асновы дзеясловаў цяперашняга часу, або без канчатка (параўн.: схадзі, вучы, сядзь і інш.), а таксама 2-я асоба множнага ліку, што ўтвараецца праз далучэнне да адпаведнай формы загаднага ладу 2-й асобы адзіночнага ліку постфікса -це (параўн.: прынясіце, сядзьце і да т.п.). Формы загаднага ладу ўтвараюцца таксама ад дзеясловаў першай асобы множнага ліку, 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку з дапамогай часціц давай (давайце ), няхай (хай ) тыпу давай зробім, няхай (хай) зробіць (зробяць ) і інш. Дзеясловы ўмоўнага ладу не змяняюцца ў часе, не маюць формы асобы (але гэтая форма можа выражацца аналітычнымі сродкамі), характарызуюцца катэгорыямі роду, ліку, трывання і абазначаюць ірэальныя дзеянні, якія магчымы толькі пры пэўных варунках. Формы ўмоўнага ладу ўтвараюцца ад дзеясловаў прошлага часу з дапамогай часціцы бы (б). Формам катэгорыі ладу ўласцівы транспазіцыі, г. зн. ужыванні дзеясловаў аднаго ладу ў значэнні другога (параўн.: Сёння пойдзеш на дзяжурства ты; А ён вазьмі, ды і зрабі гэту працу – дзеясловы абвеснага і загаднага ладу ўжываюцца адпаведна ў значэнні загаднага і абвеснага ладу і інш.). Формы загаднага ладу не ўтвараюцца звычайна ад безасабовых дзеясловаў і дзеясловаў, што характарызуюць дзеянні неадушаўлёных прадметаў (параўн.: кіпець, цячы, світаць і да т.п.). У катэгорыі дзеяслоўнага часу адлюстроўваюцца адносіны дзеяння да моманту гутаркі. Дзеянне, што адбываецца падчас гутаркі, выражаецца дзеясловамі цяперашняга часу, да моманту гутаркі – дзеясловамі будучага часу, пасля моманту гутаркі – дзеясловамі прошлага часу. Паміж катэгорыямі часу і трывання маецца арганічная сувязь (гэтыя катэгорыі лучацца ў межах шырэйшых катэгорый тэмпаральнасці: дзеясловы незакончанага трывання выступаюць у формах цяперашняга, прошлага і будучага складанага часу, дзеясловы закончанага трывання – у формах прошлага і будучага простага часу. У форме дзеясловаў цяперашняга часу выкарыстоўваюцца ўсе асабовыя формы адзіночнага і множнага ліку, пры гэтым асоба і лік выражаюцца дзеяслоўнымі канчаткамі (параўн.: чытаю, чытаеш, чытае: чытаем, чытаеце , чытаюць ). Форма дзеясловаў будучага часу рэалізуецца як сінтэтычнымі сродкамі (будучы просты: напішу, прачытаю і інш.), так і аналітычнымі (будучы складаны: буду пісаць, буду чытаць і інш.). Дзеясловы прошлага часу маюць формы мужчынскага, жаночага і ніякага роду (параўн.: жыў, жыла, жыло і інш.), закончанага і незакончанага трывання (параўн.: рабіў – зрабіў і інш.). У цэлым дзеяслоўныя формы часу з’яўляюцца суадноснымі з рэальным часам, хаця ў пэўных кантэкстах і сітуацыях магчымы ўжыванні адных форм у значэнні іншых (параўн.: Іду я ўчора па вуліцы, Вы сядзіце, а я пайшоў – дзе дзеяслоў цяперашняга часу ўжываецца ў першым сказе ў значэнні прошлага, а дзеяслоў прошлага часу пайшоў у другім сказе – у значэнні будучага часу і інш.). Акрамя таго, дзеясловы цяперашняга часу выражаюць так званы абсалютны час, калі дзеянне служыць працэсуальнай прыкметай, уласцівай для адпаведных прадметаў ва ўсе часы (параўн.: Вада замярзае пры нуль градусаў; Птушкі лётаюць у паветры і інш.). Катэгорыі асобы, ліку і роду дзеяслова Катэгорыяй асобы выражаюцца адносіны дзеяння і яго стваральніка (суб’екта) да прамоўцы. У залежнасці ад таго, хто ўтварае дзеянне (сам прамоўца, субяседнік або асоба, што не бярэ ўдзел у гаворцы, або тое, пра што гаворыцца) , выдзяляюцца адпаведна першая, другая і трэцяя асоба дзеяслова, якія ўваходзяць у больш шырокую катэгорыю персанальнасці, што выражаецца і асабовымі займеннікамі, і іншымі паказчыкамі, або яшчэ ў шырэйшую катэгорыю персанальнасці / імперсанальнасці, што ўключае ў сябе катэгорыі ладу, часу і асобы. Асобы дзеяслова могуць выступаць у адзіночным і множным ліку, што марфалагічна выражаюцца яго канчаткамі, аналітычна асабовымі займеннікамі, субстантывамі пры выражэнні 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку. Катэгорыя асобы не праяўляецца ў дзеясловаў прошлага часу (параўн.: я быў, ты быў, ён быў і інш.) . Дзеясловы, значэнні якіх звязаны з дзеяннем ці станам, што ўзнікаюць і існуюць самі па сабе, без канкрэтнага стваральніка, называюцца безасабовымі (параўн.: світае, сутоньваецца, нездаровіцца і інш.). Яны не маюць роду і ліку, выражаюцца формай 3-й асобы адзіночнага ліку абвеснага ладу ўсіх трох форм часу, абазначаюць звычайна прыродныя з’явы, псіхічны ці біялагічны стан чалавека. Як і для іншых марфалагічных катэгорый, для катэгорыі асобы характэрна транспазіцыя: ужыванне адных форм асобы ў значэнні іншых. Так, першая асоба множнага ліку можа ўжывацца ў значэнні першай асобы адзіночнага ліку (так званае аўтарскае мы ) ; форма другой асобы множнага ліку часта выступае для абазначэння асобы адзіночнага ліку (форма ветлівасці), а другая асоба адзіночнага ліку здольна выступаць у абагульненым значэнні (параўн.: Што пасееш, тое і пажнеш , і да т.п.) і г.д. Катэгорыя асобы сумесна з катэгорыяй ладу і часу фарміруюць важнейшую ўласцівасць сказа – прэдыкатыўнасць, ці адносіны да рэчаіснасці. Марфалагічная катэгорыя ліку ў дзеяслова выражае суадноснасць дзеяння з адным ці некалькімі яго ўтваральнікамі, прадстаўлена двума формамі – адзіночным і множным лікам, што звычайна дубліруе форму ліку адпаведнага субстантыва, разам з якім дзеяслоў утварае ядро выказвання. Канчаткі дзеяслова, што ўказваюць на лік, адначасова рэалізуюць і катэгорыю асобы (параўн.: слухаю – слухаем, слухаеш – слухаеце і інш.). У безасабовых дзеясловаў адсутнічае катэгорыя ліку, бо няма супрацьпастаўлення адзіночны / множны лік; яны ўжываюцца толькі ў форме адзіночнага ліку. Катэгорыя ліку з’яўляецца граматычнай, бо не заўсёды адпавядае рэальнаму ліку, напрыклад, пры ўжыванні ветлівага Вы , пры апусканні ў маўленні асобы выказвання (параўн.: вам тэлефанавалі і інш.). Гэтаксама як і катэгорыя ліку, катэгорыя роду ў дзеяслова дубліруе адпаведны род тых субстантываў, з якімі спалучаецца ў межах сказа ці суадносіцца ў дыскурсе. Катэгорыя роду праяўляецца ў дзеясловаў прошлага часу нулявым канчаткам (мужчынскі род), канчаткам -а (жаночы род), канчаткам -о (ніякі род), які адначасова ўказвае і на катэгорыю ліку. Формы роду звязаны і з той катэгорыяй асобы, якая для мужчынскага і жаночага роду звычайна не рэалізуецца ў 3-й асобе дзеяслова, што стасуецца пераважна з формамі ніякага роду, ужываецца ў беларускай мове як правіла ў дачыненні да безасабовых дзеясловаў. З улікам асабовых канчаткаў дзеясловаў выдзяляюцца два тыпы спражэння (змяненне па асобах і ліках у цяперашнім і будучым часе абвеснага ладу, а ў прошлым часе – і па родах) -- першае і другое, якія прасцей за ўсё вызначаць па канчатках 2-й асобы адзіночнага ліку і 3-й асобы множнага ліку. Так, для дзеясловаў першага спражэння характэрны адпаведныя канчаткі -еш (-эш, -аш) і -уць (-юць), а для дзеясловаў 2-га спражэння -- канчаткі -іш (-ыш) і –аць (-яць ). Вызначыць тыпы спражэння можна і на аснове інфінітыўных форм дзеяслова: да 2-га спражэння адносяцца дзеясловы на -іць (-ыць ), а таксама дзеясловы гнаць, спаць, стаць , належаць, баяцца , дзеясловы на -ець (-эць), калі е (э) не знаходзяцца ў першай асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу пад націскам (параўн.: глядзець – гляджу , гарэць – гару і інш.). Усе астатнія дзеясловы належаць да першага спражэння. Такім чынам, для дзеясловаў першага і другога спражэння характэрны наступныя канчаткі.
Канчаткі абодвух тыпаў спражэння маюць дзеясловы бегчы, есці, даць , якія называюцца разнаспрагальнымі. Дзеепрыметнікі звычайна адносяць да дзеяслоўных форм са значэннем прыкметы, якая праяўляецца ў часе (працэсуальная прыкмета). Значэнне прыкметы і часу робяць гэтую форму дзеяслоўна-іменнай, што падмацоўваецца наяўнасцю ў дадзеный форме дзеяслоўных катэгорый часу, трывання , стану і іменных катэгорый роду, ліку, склону. Дзеепрыметнікі адрозніваюцца ад дзеясловаў тым, што не маюць форм асобы і ладу, а ад прыметнікаў тым, што не маюць формаў суб’ектыўнай ацэнкі. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу могуць мець кароткія формы (параўн.: кніга прачытана і інш.), якія , аднак, малаўжывальныя ў сучаснай беларускай мове, хаця раней (у старабеларускай мове) яны даволі шырока выкарыстоўваліся ў якасці прэдыкатываў. Дзеепрыметнікі незалежнага стану характарызуюць таго, хто (што) утварае дзеянне (параўн.: знікшы незнаёмец, набалелае пытанне і інш.), залежнага стану -- таго, хто (што) падлягае дзеянню (параўн.: засеянае поле, адамкнутыя дзверы і інш.). Дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану з суфіксамі -уч (-юч), -ач (-яч), -ем (-ом), -ім, -ш-, -уш - , якія з’яўляюцца прадуктыўнымі ў рускай мове, гэтаксама як і зваротныя дзеепрыметнікі, малаўжывальныя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. На месцы такіх дзеепрыметнікаў рускай мовы ў беларускай мове могуць ужывацца даданыя сказы (параўн.: танцующий кавалер – кавалер, які танцуе і да т.п.), прыметнікі (параўн.: воображаемый сюжет – уяўны сюжэт і да т.п.), назоўнікі (параўн.: будущее человечества – будучыня чалавецтва і да т.п.), дзеясловы (параўн.: загоревшийся костёр ярко светил – вогнішча загарэлася і ярка свяціла і да т.п.), развітыя прыдаткі (параўн.: витамины, стимулирующие активность – вітаміны – стымулятары актыўнасці і да т. п.) і інш. Найбольш ужывальнымі ў беларускай мове з’яўляюцца дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен-, -т- (параўн.: пажоўклы лес, поле было ўзарана, зачараваны хлопчык, вандроўнік быў стомлены падарожжам, закрыты твар і інш.), якія выступаюць у ролі азначэнняў і прэдыкатываў. Пераважна азначальная функцыя дзеепрыметнікаў спрыяла іх пераходу ў прыметнікі, калі на першы план выступае не працэсуальная прыкмета, а якасная, што часцей за ўсё ўзнікае пры метафарычным ужыванні дзеепрыметнікаў незалежнага стану з суфіксам -л- і дзеепрыметнікаў залежнага стану з суфіксамі -н-, -ан-, -ен-, -т- (параўн.: заляжалы тавар, стрыманы чалавек, сасмаленая палка, неабжытая спадчына і інш.). Пры ўжыванні дзеепрыметнікаў разам з паясняльнымі словамі ўтвараецца дзеепрыметнае словазлучэнне, сінтаксічна непадзельная адзінка, якая выконвае ў сказе функцыю аднаго яго члена – азначэння. Гэтыя формы дзеяслова адносяцца да нязменных. Інфінітыў з’яўляецца пачатковай формай дзеяслова, якае не мае ні асобы, ні ладу, ні ліку, ні часу, але ўказвае на трыванне , стан, пераходнасць / непераходнасць, зваротнасць / незваротнасць. Фармальным паказчыкам інфінітыва, ці неазначальнай формы дзеяслова, служаць канцавыя марфемы (суфіксы) -ць (далучаецца да асновы дзеяслова на галосны, параўн.: даць, ехаць і інш.), -ці (далучаецца да асновы дзеяслова на зычны, параўн.: везці, пасці і інш.), -чы (далучаецца да асновы дзеяслова на заднеязычныя г, к (параўн.: бегчы, секчы і інш.). Інфінітывы на -ці, -чы адносяцца да малаўжывальных у сучаснай беларускай літаратурнай мове. У форме інфінітыва дзеясловы падаюцца разнастайнымі слоўнікамі (арфаграфічнымі, марфалагічнымі, тлумачальнымі і інш.). Дзеепрыслоўе ўключае ў сябе нязменныя формы дзеясловаў, якія абазначаюць дадатковыя дзеянні пры галоўным дзеянні, выражаным выказнікам. З генетычнага пункту гледжання дзеепрыслоўі ўзніклі ад кароткіх дзеепрыметнікаў незалежнага стану цяперашняга і прошлага часу. Дзеепрыслоўе, як вынікае з яго назвы, сумяшчае рысы дзеяслова і прыслоўя: :падобна дзеяслову яно мае закончанае і незакончанае трыванне (параўн.: чытаючы – прачытаўшы і інш.), можа быць зваротным і незваротным (параўн.: мыючы – мыючыся і інш.), пераходным і непераходным (параўн.: слухаючы лекцыю – стоячы наверсе і інш.), мае толькі незалежны стан (параўн.: узяўшыся за рукі і інш.), але не мае формы часу, якая злілася ў ім з катэгорыяй трывання. Падобна прыслоўю , дзеепрыслоўе выконвае ў сказе сінтаксічную ролю акалічнасці, паясняе дзеяслоў-выказнік, не змяняецца. У некаторых паўночна-заходніх гаворках Беларусі дзеепрыслоўе закончанага трывання ўжываецца ў функцыі выказніка, тыпу тут ручай перасохшы, ён быў прыехаўшы і да т.п. Пры ўжыванні з паясняльнымі словамі дзеепрыслоўе ўтварае спалучэнне, якое выступае ў сінтаксічнай функцыі аднаго члена сказа (акалічнасці), выдзяляецца на пісьме коскай (коскамі). У сказе дзеепрыслоўе кіруе субстантывамі, можа паясняцца прыслоўямі (параўн.: хутка ідучы і інш.) і пераходзіць у прыслоўі пры перадачы прыкметы дзеяння (параўн.: стаяў не рухаючыся = стаяў нерухома і інш.). Дзеепрыслоўе ў сказе выражае дадатковае дзеянне, што, як і асноўнае дзеянне, утвараецца адной асобай, прадметам, з’явай. Часціна мовы, якая абазначае разнастайныя прыкметы дзеянняў, стану, якасцяў прадмета ў адносінах да дзеяслова (дзеепрыслоўя), прыметніка (дзеепрыметніка) , назоўніка, а таксама і да другога прыслоўя. У параўнанні са словамі іншых знамянальных часцін мовы прыслоўе з'яўляецца найменш граматычным, бо не скланяецца, не спрагаецца, не мае марфалагічных катэгорый роду, ліку, склону, часу, трывання, ладу і інш. Аднак у вялікай групы прыслоўяў, якія адносяцца да разраду якасных, адзначаюцца ступені параўнання і формы суб’ектыўнай ацэнкі, чым выражаецца розная ступень якасці ці ўласцівасці пэўнай прыкметы, што пряўляецца марфалагічна ў формах вышэйшай найвышэйшай ступеняў параўнання. Вышэйшая ступень параўнання ў сваю чаргу мае простую , ці сінтэтычную форму, якая ўтвараецца пераважна праз далучэнне да асновы зменных прыслоўеў суфікса –ей (-эй), тыпу даўно – даўней, доўга – даўжэй і інш., і складаную, або аналітычную, што ўтвараецца спалучэннем слоў больш, менш з якаснымі прыслоўямі (параўн.: больш проста, менш складана і інш.). Найвышэйшая ступень параўнання таксама мае простую форму, якая ўтвараецца праз далучэнне да формы вышэйшай ступені параўнання прыстаўкі най- (параўн.: найпрыгажэй, найцямней і інш.) і складаную, што ўтвараецца праз спалучэнне слоў найбольш, найменш, а таксама вельмі, надта, надзвычай і інш. з прыслоўямі (параўн.: найбольш рацыянальна, найменш заблытана і інш.). Формы суб’ектыўнай ацэнкі выражаюцца без параўнання з дапамогай ужывальных суфіксаў –еньк- (-аньк-), тыпу хуценька, скоранька і да т..п., і менш ужывальных –утк- (-ютк-), -усеньк- (-юсеньк-), -ечк- (-ачк-), -усенечк- (-юсенечк), -енн- (-энн-), -эрн-, -эзн-(-эразн-), -ават- і інш., якія выкарыстоўваюцца пераважна ў гутарковым маўленні (параўн.: блізютка, ціхусенька, недалёчка, страшэнна, даўжэзна і інш.). Паводле свайго значэння прыслоўі дзеляцца на якасныя з граматычнымі характарыстыкамі ступеней параўнання і суб’ектыўнай ацэнкі (параўн.: проста – просценька – прасценечка і да т.п.), колькасныя, што выражаюць дзеянне і прыкмету па ступені іх праяўлення (параўн.: багата, крыху і інш.), акалічнасныя, што членяцца на прыслоўі месца (параўн.: блізка, далёка і інш.), часу (параўн.: даўно, заўтра і інш.), прычыны (параўн.: згарача, спрасонку і інш.), мэты (параўн.: знарок, назло і інш.), якасна-акалічнасныя, у якіх сумяшчаецца значэнне якасных і акалічнасных прыслоўяў (параўн.: бягом, па-брацку і інш.). Па сваёй дэрывацыйнай структуры прыслоўі падзяляюцца на невытворныя (нематываваныя, тыпу куды, дзе і да т.п.) і вытворныя (матываваныя знамянальнымі словамі ўсіх іншых часцін мовы, ад якіх яны паходзяць, тыпу вясной, хутка, утрох, па-мойму і інш.). Прыслоўі, якія непасрэдна абазначаюць прыкметы, адносяцца да знамянальных, а якія толькі ўказваюць на іх – да займеннікавых (параўн.: тут, тады, калі і інш.). Граматычная транспазіцыя прыслоўяў праяўляецца ў тым, што яны даволі шырока могуць выкарыстоўвацца ў значэнні іншых часцін мовы: назоўнікаў (параўн.: залатое учора не вернецца да нас і інш.), прыназоўнікаў (параўн.: хадзіць вакол дома і інш.), часціц (параўн.:Заняткі пачнуцца роўна а другой гадзіны і інш.) , мадальных слоў (параўн.: Безумоўна, мы яшчэ сустрэнемся і інш.), злучнікаў (параўн.: Не ведаў, дзе знаходзіцца і інш.), прэдыкатываў (параўн.: Для мяне гэта даволі рана і інш.). Семантычная транспазіцыя праяўляецца ў выкарыстанні слоў адных тэматычных груп у значэнні іншых, напрыклад, прыслоўі месца могуць ужывацца ў значэнні прыслоўяў часу (параўн.: там, пасля і інш.). Прыслоўі шырока выкарыстоўваюцца для ўтварэння слоў іншых знамянальных часцін мовы з дапамогай разнастайных афіксаў : назоўнікаў (параўн.: вакол – ваколіца і інш.), займеннікаў (параўн.: чамусьці, па-іхняму, зусім і інш.), прыметнікаў (параўн.: заўтра – заўтрашні і інш.), дзеясловаў (параўн.: даволі – задаволіць і да т.п.), іншых прыслоўяў (параўн.: учора – заўчора і інш.), а таксама незнамянальных слоў. У ролі прыслоўяў выкарыстоўваюцца фразеалагізмы тыпу час ад часу, ні сном ні духам і інш., службовыя часціны мовы ў пэўных кантэкстах (хто за , хто ўстрымаўся, хто супраць і інш.), а таксама неспрагальныя дзеяслоўныя формы тыпу загадзя, нехаця, жартуючы, чуць і інш. 9 Службовыя часціны мовы Дадзеныя словы характарызуюцца тым, што не маюць намінатыўнага значэння, выкарыстоўваюцца ў мове для сувязі знамянальных слоў, з’яўляюцца граматычна нязменнымі, нешматлікімі, але шырока ўжывальнымі. Да службовых часцін мовы адносяцца прыназоўнікі і злучнікі. Прыназоўнікі выкарыстоўваюцца для падпарадкавальнай сувязі галоўнай і залежнай лексемы ў словазлучэннях, выражаюць разнастайныя сінтаксічныя адносіны, у якіх адлюстроўваюцца пэўныя знешнія сувязі паміж адпаведнымі рэаліямі: прасторавыя (параўн.: выехаць з горада, пайсці ў лес і інш.), часовыя (параўн.: з дня ў дзень, перад навальніцай і інш.) , аб’ектныя (параўн.: стукаць у дзверы, марыць пра волю і інш.), меры і ступені (параўн.: турбот па горла, шчасце без меры і інш.), прыналежнасці (параўн.: гузік ад кашулі, кніга з бібліятэкі і інш.), мэты (параўн.: хадзіць па грыбы, падрыхтаваць да экзаменаў і інш.), прычыны (параўн.: зачырванець ад хвалявання, скакаць ад радасці і інш.), атрыбутыўнасці (параўн.: торт з крэмам, галава без розуму і інш.), спосабу дзеяння (параўн.: адказваць без падрыхтоўкі, працаваць з натхненнем і інш.), кампаратыўныя (параўн.: мацнейшы за мяне, вышэйшы супраць бацькі і інш.) . Назва дадзенага лінгвістычнага тэрміна з’яўляецца матываванай , бо ў беларускай мове словы гэтай непаўназначнай часціны мовы ўжываюцца ў спалучэннях слоў іншых граматычных разрадаў (уключна назоўнікі) іменна з назоўнікам (субстантывам), які граматычна падпарадкоўваецца ім. Прычым кіраваць субстантывам можа кожнае знамянальнае слова пры дапамозе прыназоўніка: дзеяслоў (параўн.: дзякаваць за падарунак і інш.), назоўнік (параўн.: паход па мясцінах і інш.), прыметнік (параўн.: лепшы за нас і інш.), прыслоўе (параўн.: высока над намі і інш.), лічэбнік (параўн.: двое з адной школы і інш.), займеннік (параўн.: я з сябрам і інш.). Адцягненае значэнне прыназоўнікаў служыць асновай полісеміі многіх з іх (параўн.: выйсці на работу, спадзявацца на поспех, ехаць на аўтобусе, быць на месцы і інш., дзе прыназоўнік на выражае розныя семантыка-граматычныя адносіны паміж паўназначнымі словамі). Высокая частотнасць прыназоўнікаў (у лік першых дзесяці самых ужывальных слоў беларускай мастацкай прозы, паэзіі, а таксама фальклору ўваходзіць чатыры прыназоўнікі у, на, за, а), што служыць прычынай іх многазначнасці. Так у спецыяльным слоўніку прыназоўнікаў для у зафіксавана 57 значэнняў, на -- 47 значэнняў, з -- 38 значэнняў). Па свайму паходжанню прыназоўнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: за, без, на, пры, для і інш.) і вытворныя, да якіх адносяцца прыназоўнікі, што генетычны звязаны з іншымі часцінамі мовы, у прыватнасці, з прыслоўямі (параўн.: абапал дарогі, вакол дрэва і інш.), назоўнікамі (параўн.: у час адпачынку, па прычыне гэтага і інш.), дзеясловамі (параўн.: нягледзячы на цяжкасці, дзякуючы табе і інш.). Па вонкавай структуры прыназоўнікі падзяляюцца на простыя (параўн.: для, пры, над і інш.), складаныя (параўн.: па-над, з-за і інш.), састаўныя (параўн.: на чале з, у залежнасці ад і інш.). Прыназоўнікі могуць ужывацца з адным склонам, кіраваць ім : родны склон – ад, без, да, дзеля, для, ля, каля, з-за, з-пад, з-над, заміж, паміма, акрамя, апрача, без, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, падчас, сярод, на працягу, за кошт, на аснове, за выключэннем і інш.; давальны склон – адпаведна, дзякуючы, згодна, к, насустрач, насуперак, паралельна , услед і інш.; вінавальны склон – нягледзячы на, пра, праз, цераз, у адказ на ; творны склон – згодна з , на чале з, па-за, поруч з, разам з, следам за, у сувязі з і інш. З двума склонамі ўжываюцца прыназоўнікі над, пад, перад (вінавальны і творны), аб, на, пры (вінавальны і месны), паміж (родны і творны), паўз, скрозь (родны і вінавальны), упоперак (родны і давальны). З формамі трох склонаў выкарыстоўваюцца прыназоўнікі з, за, між (родны, вінавальны, творны), па (давальны, вінавальны, месны), у (родны, вінавальны, месны). Многія прыназоўнікі ўступаюць у сінанімічныя адносіны паміж сабой (параўн.: на полі – у полі, пасля вайны – па вайне, пра яе – аб ёй і інш.), могуць ужывацца ў розных варыянтах (параўн.: к – ка, над – нада, з – са, у – ва і інш.). Злучнік – непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю. З улікам менавіта сінтаксічных функцый злучнікі падзяляюцца на злучальныя, што служаць для аб’яднання сінтаксічна раўнапраўных адзінак мовы (слоў, словазлучэнняў, сказаў), падпарадкавальныя, якія выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў (частак складаназалежнага сказа). Сярод злучальных выдзяляюцца спалучальныя і, ды ( у значэнні і ), як …так, ні …ні, супастаўляльныя , а , аднак, але, ды ( у значэнні але), затое, не толькі … але, размеркавальныя або, ці, або … або, ці … ці і інш. Сярод падпарадкавальных адрозніваюць тлумачальныя (што, як, чым), прычынныя (бо, таму што і інш.), часавыя ( калі, як, пакуль і інш.), умоўныя (каб, калі б, раз і інш,), мэтавыя (для, каб, абы і інш.), выніковыя (дык, то і інш.), уступальныя (хоць, няхай і інш.), параўнальныя (як, чым, нібы і інш.). Злучнікі могуць быць полісемантычнымі, выражаць, напрыклад, і раўнапраўныя адносіны паміж часткамі выказвання, і супастаўляльныя (параўн.: я ды ён ; не я , ды ён і інш.), часовыя і ўмоўныя (параўн.: наведаю, калі буду мець час; калі не дамовімся, будзе кепска і інш.). З генетычнага пункту гледжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя (параўн.: а, і, але, ды і інш.) і вытворныя, што паходзяць ад слоў іншых часцін мовы : займеннікаў (параўн.: што, таму што і інш.), прыслоўяў (параўн.: калі, пакуль, як і інш.), дзеясловаў (параўн.: няхай, хаця і інш.), часціц (параўн.: ці, быццам і інш.). Па сваёй знешняй структуры злучнікі дзеляцца на простыя (параўн.: і, што, каб і інш.) і састаўныя, якія складаюцца з некалькіх слоў (параўн.: таму што , для таго каб і інш.). Па спосабу ўжывання сярод злучнікаў выдзяляюцца адзіночныя (параўн.: а, бо, чым і інш.), парныя ( параўн.: не толькі … але і, калі … то і інш.), паўторныя (параўн.: то … то, ці … ці і інш.). Амонімамі злучнікаў што, калі, чым, як і інш. у складаназалежных сказах выступаюць злучальныя словы, якія выконваюць роль членаў сказа і адносяцца да пэўных знамянальных часцін мовы. Злучнікі могуць быць стылістычна нейтральнымі, ужывацца ва ўсіх сацыяльных функцыях маўлення (параўн.: але, і , калі і інш.), размоўнымі, выкарыстоўвацца пераважна ў вусным маўленні (параўн.: дык, дарма што і інш.), кніжнымі, ужывацца, як правіла, у афіцыйным стылі, пісьмовым тэксце (параўн.: у сувязі з тым што, нягледзячы на тое што і інш.). Да непаўназначных часцін мовы адносяцца і звязкі, якія маюць дзеяслоўнае паходжанне, выражаюць граматычныя катэгорыі часу, ладу састаўнога выказніка, чым і адрозніваюцца ад іншых службовых слоў. У процілегласць звязкам, што служаць першай часткай састаўнога выказніка, іншыя словы, якія выступаюць у ролі другой часткі састаўнога выказніка, належаць да неспрагальных слоў, суадносяцца з дзейнікам праз звязку, нясуць часта пры гэтым асноўную сэнсавую нагрузку дадзенага члена сказа. Лексічнае значэнне звязак можа захоўвацца па-рознаму, у залежнасці ад чаго яны падзяляюцца на знамянальныя (напрыклад, дзеясловы руху або стану, параўн.: Ён вярнуўся задаволены і інш.), поўзнамянальныя (дзеясловы тыпу стаць, рабіцца, з’яўляцца і інш., параўн.: Ён з’яўляецца чэмпіёнам краіны і інш.), незнамянальныя – формы дзеяслова быць, тыпу Ён быў узрушаны і інш. Часціцы – дапаможныя словы, якія надаюць дадатковыя кантэкстуальныя сэнсавыя адценні словам, словазлучэнням , сказам, актуалізуюць іх семантычны патэнцыял. У адрозненне ад такіх непаўназначных слоў, як прыназоўнікі, злучнікі, што выконваюць пераважна сінтаксічныя функцыі, часціцы адыгрываюць роль своеасаблівага семантычнага каментатара іншых знамянальных моўных адзінак. У адпаведнасці з гэтай роляй яны падзяляюцца на тры асноўныя сэнсавыя групы, унутры якіх звычайна вылучаюць больш дэталёвыя падгрупы. Гэтыя групы ўключаюць, па-першае, часціцы, што выражаюць дадатковыя семантычныя адценні, па-другое, часціцы, якія выражаюць мадальныя адценні, па-трэцяе, часціцы, што абазначаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні. Сярод часціц з дадатковым семантычным адценнем выдзяляюцца ўказальныя (вось, вунь, гэта), азначальна-ўдакладняльныя (амаль, акурат, іменна, проста, прыблізна, чыста, сапраўды, якраз), вылучальна-абмежавальныя (выключна, толькі, усяго, хаця, хіба і інш.). Сярод мадальных часціц адрозніваюць сцвярджальныя (так, але і інш.), адмоўныя (не, ні, ані), пытальныя (а, ну, няўжо, ці, хіба і інш.), параўнальныя (быццам, нібы і інш.), пабуджальныя (давай, няхай, ану і інш.). Эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы падзяляюцца на клічныя (вось, як, ну і інш.) і ўзмацняльныя (аж, і нават, дык ні, так і інш.). Некаторыя з пералічаных канкрэтных часціц з’яўляюцца полісемічнымі, ужываюцца ў розных выдзеленых падгрупах (параўн.: так, вось, ні і інш.). Некаторыя ж часціцы даволі шырока выкарыстоўваюцца ў значэнні слоў іншых граматычных класаў (часцін мовы) , у прыватнасці, злучнікаў (параўн.: і, ні, але, ды, хаця і г.д.) і могуць лічыцца граматычнымі амонімамі. Значная колькасць часціц ужываецца як словаўтваральны і сінтаксічнаўтваральны сродак для пабудовы іншых лексем і граматычных канструкцый. Такімі часціцамі-кампанентамі ў беларускай мове служаць абы-, ані-, не-, ні-, -небудзь, -сьці (параўн.: абы-куды, аніхто, нехта, нішто, што-небудзь, хтосьці і інш.). Для ўтварэння аналітычных загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў ужываюцца часціцы давай, няхай, бы і інш. (параўн.: давай вырашаць, няхай прынясе, пайшоў бы і інш.). Асобныя часціцы выкарыстоўваюцца для выражэння сінтаксічных адносін у складаных сказах, г. зн. адыгрываюць, як ужо зазначалась, ролю злучнікаў, і для выканання марфалагічных функцый пры ўжыванні ў якасці прыставак (параўн.: не надта прыгожы і непрыгожы, ні які і ніякі, не было нікога ані і не было анікога і інш.). Прычым некаторыя былыя часціцы цалкам перайшлі ў разрад словаўтваральных афіксаў (параўн.: -ка, -небудзь, -сьці, -сь, -ся, -сьці, - та і інш. у словах дай-ка, калі-небудзь, хтосьці, штось, як-та і інш.). Па свайму паходжанню часціцы падзяляюцца на невытворныя (параўн.: і, а, але, вунь, жа, не і інш.) і вытворныя, якія суадносяцца з адпаведнымі паўназначнымі словамі, а таксама з выклічнікамі (параўн.: выключна, гэта, давай, ах, ну, так і інш.). Праз спалучэнні дзвюх і болей аднаслоўных часціц утвараюцца састаўныя часціцы, што надаюць, як правіла, выказванню павышаную экспрэсію (параўн.: дык вось, абы толькі, куды там і інш.). Да мадальных слоў у беларускай мове адносяцца нязменныя лексічныя адзінкі, якія выражаюць адносіны прамоўцы да рэчаіснасці ці да выказанага паведамлення. Мадальнасць з’яўляецца глабальнай семантыка-граматычнай катэгорыяй, якая можа выражацца граматычнымі формамі (катэгорыя ладу), дзеясловамі, часціцамі. Мадальныя словы ўключаюць у свой склад нязменныя моўныя адзінкі тыпу безумоўна, бясспрэчна, відавочна, мабыць, напэўна, сапраўды і інш., з дапамогай якіх перадаюцца разнастайныя значэні даверу / недаверу, пэўнасці / няпэўнасці, магчымасці / немагчымасці і г.д. Большасць мадальных слоў паходзіць ад слоў іншых часцін мовы, але практычна страціла іх зыходнае лексічнае значэнне, зрабілася, па сутнасці, іх амонімамі (параўн., напрыклад: назоўнікі праўда, факт і інш., кароткія прыметнікі вядома, магчыма і інш., прыслоўі зразумела, відавочна і інш., дзеясловы здаецца, мусіць і інш. і суадносныя з гэтымі рознымі часцінамі мовы адпаведныя мадальныя словы) Пры пераходзе лексем згаданага тыпу да мадальных слоў страчваецца іх граматычная зменнасць, мадальныя словы замацоўваюцца ў мове адной якой-небудзь формай. У якасці мадальных могуць ужывацца ўстойлівыя словазлучэнні тыпу па ўсёй верагоднасці, можа быць і інш. У сказе мадальныя словы сінтаксічна не звязваюцца з іншымі членамі сказа, што падмацоўваецца іх выдзяленне на пісьме знакамі прыпынку, а ў вусным маўленні – адпаведнай інтанацыяй. 11 Выклічнікі і гукапераймальныя словы У разрад выклічнікаў адносяцца нязменныя словы, якія непасрэдна выражаюць розныя эмоцыі, пачуцці, пабуджэнні, заклікі і да т.п. Выклічнікі не ўваходзяць у сінтаксічную структуру сказа, але звязаны з яго зместам, выдзяляюцца на пісьме знакамі прыпынку, маюць адметную, залежную ад сітуацыі маўлення інтанацыю і экспрэсію. Па свайму сэнсу выклічнікі падзяляюцца на эмацыянальныя (параўн.: а! эх! эй! ой! ах! фу! браво ! і інш.) і імператыўныя (параўн.: алё! кыш! марш! но! стоп! Цыц! і інш.). Па паходжаню сярод выклічнікаў вылучаюцца невытворныя (тыпу ах! ого! і інш.) і вытворныя, што суадносяцца са словамі іншых часцін мовы (параўн.: божа! чорт! годзе! і інш.). Выклічнікі могуць субстантывавацца, пераходзіць у часціцы, служыць базай для ўтварэння дзеясловаў з дапамогай адпаведных афіксаў (параўн.: ахаць, охаць, нукаць, ойкаць і інш.). Асобны разрад выклічнікаў складаюць этыкетныя словы тыпу добры дзень! калі ласка! дзякуй ! і інш. Выклічнікі займаюць спецыфічнае месца сярод іншых часцін мовы, не ўваходзяць ні ў склад знамянальных, ні ў склад службовых, незнамянальных слоў. Гукапераймальнымі словамі імітуюцца разнастайныя гукі жывой і нежывой прыроды (параўн.: ку-ку, дзын-дзын і да т.п.). Часцей за ўсё гукаперайманні перадаюцца на пісьме паўторамі, у якіх умоўна і прыблізна адлюстроўваецца падабенства гукаў, суадносных са словамі. Гукапераймальныя словы могуць субстантывавацца, ужывацца ў ролі практычна як любога члена сказа, так і самога сказа, служаць словаўтваральнай асновай для ўзнікнення дзеясловаў (параўн.: татакаць, мяўкаць і інш.). У некаторых граматычных апісаннях беларускай мовы гукапераймальныя словы разглядаюцца як асобны разрад выклічнікаў. СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ 1. Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова / Бурак Л.І. – Мінск, Вышэйшая школа, – 1985, - 319 с. 2. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. – 3-е выданне. – Мн., 2005. – 240 с. 3. Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове / Жыдовіч М.А. Ч.1. Адзіночны лік. Мн., Выд. БДУ, 1969. 230 с. 4. Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове (параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі) / Вярхоў П.В. - Мінск, Выд. БДУ, 1961, 36 с. 5. Беларуская граматыка. Марфалогія – Менск, Выд. Акадэміі навук БССР, 1936. 208 с. 6. Блох М.Я. Теоретические основы грамматики / Блох М. Я. – М., Высшая школа, - 1986, 160 с. 7. Булахаў М.Г. Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч.2. Сінтаксічны нарыс / Булахаў М. – Мінск, Выд. БДУ, 1971, 294 с. |