Реферат: Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя
Название: Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя Раздел: Рефераты по зарубежной литературе Тип: реферат |
Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнік i беларуская л i таратуры 20 стагоддзя Зміст 1. Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя 1.1 Максім Багдановіч як класічны прадстаўнік паэзіі “чыстай красы 1.1.1 М. Багдановіч і сусветная літаратура 1.1.2 Экзістэнцыяльныя матывы ў творчасці М. Багдановіча 1.1.3 М. Багдановіч і мадэрнізм 1.2 Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры пачатку 20 стагоддзя 1.2.1 М. Гарэцкі і “філасофія жыцця” 1.2.2 М. Гарэцкі і мадэрнізм 1.2.3 “На імперыялістычнай вайне” М. Гарэцкага і літаратура “страчанага” пакалення 1.3 Творчасць Васіля Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну 1.3.1 Паэтыка твораў Васіля Быкава 1.3.2 Творы Васіля Быкава і экзістэнцыялізм Спіс выкарыстаных крыніц літаратура багдановіч гарэц быкаў 1. Максім Багдановіч, Максім Гарэці i Васіль Быкаў як класічныя прадстаўнікi беларуская лiтаратуры 20 стагоддзя 1.1 Максім Багдановіч як класічны прадстаўнік паэзіі “чыстай красы” 1.1.1 М. Багдановіч і сусветная літаратура М. Багдановіч – прадстаўнік паэзіі “чыстай красы”, яго творчасць ад самага пачатку ацэньвалася як паэзія прыгожага, самых тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. А. Лойка адзначае: “Максім Багдановіч сапраўднай ідэяй свайго жыцця, творчага прызначэння свядома выбраў ідэю служэння высокай мастацкасці, прыгожай форме, майстэрству яе стварэння, прывіцця роднай літаратуры эстэтычнага вопыту высокаразвітых літаратур” [1, с. 40]. Менавіта М. Багдановіч першым загаварыў пра неабходнасць вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай, што абумоўлівалася патрэбамі нацыянальнага самавызначэння. М. Багдановіч – пісьменнік высокай мастацкай культуры, яго творчасць мае шмат агульнага з творчасцю сусветных прадстаўнікоў літаратуры 20 стагоддзя. В. Максімовіч падкрэслівае: “Прысутнасць шматлікіх кантэкстаў і культурных эпох у творчасці М. Багдановіча відавочная. Антычная і нацыянальная міфалогія, класічныя традыцыі сусветнай паэзіі, новыя этыка-філасофскія адкрыцці літаратуры памежжа стагоддзяў – усё гэта фарміравала агульную светапоглядную і эстэтычную сістэму беларускага паэта” [2, с. 218]. Калі гаварыць пра “ўплывы” на творчасць М. Багдановіча, то трэба, перш за ўсё, назваць антычную літаратуру, творы рускіх паэтаў А. Пушкіна, Ф. Цютчава, А. Фета, пісьменнікаў “рубяжа” стагоддзяў (В. Брусава, К. Бальманта, А. Блока), П. Верлена, Ш. Бадлера, А. Рэмбо. “Умоўна можна прызнаць, што М. Багдановіч быў вучнем названых паэтаў. Але такім, які ні разу не паўтарыў сваіх настаўнікаў, наблізіўшыся да ідэалу паэта паводле П. Верлена”, – адзначае Ул. Конан [3, с. 103]. Таксама нельга не пагадзіцца з наступным выказваннем даследчыка: “…выдатны мастак слова стварае свой паэтычны свет, сваю непаўторную паэтыку, а вопыт іншых яму карысны хіба што ў сэнсе нейкага “штуршка” для ўласнага паэтычнага ўзрушэння” [3, с. 124]. Тыпалагічныя сыходжанні паміж творчасцю М. Багдановіча і рускіх сімвалістаў падрабязна разгледжаны Ул. Конанам [3], П. Васючэнкам [4], В. Максімовічам [2], Т. Чабан [5]. 1.1.2 Экзістэнцыяльныя матывы ў творчасці М. Багдановіча У творчасці М. Багдановіча істотнае месца займаюць так званыя “адвечныя” пытанні. Вызначальная тэма зборніка “Вянок” – тэма Жыцця і Смерці. Як адзначае Т. Чабан, гэта тэма пранізвае кожную нізку зборніка: прырода і смерць (“У зачарованым царстве”), гісторыя і смерць (“Старая Беларусь”), радзіма і смерць (“Думы”), горад і смерць (“Места”), мастацтва і смерць (“Вольныя думы”, “Старая спадчына”) [5, с. 469]. На мяжы стагоддзяў у літаратуры, культуры ўвогуле асаблівую моц набылі апакаліптычныя настроі, адчуванне трагічнасці чалавечага быцця, хуткаплыннасці часу, “канца веку”. Такія настроі праявілася і ў паэзіі М. Багдановіча. Гэтаму спрыяла і разуменне М. Багдановічам трагічнасці ўласнага лёсу. В. Максімовіч тлумачыць гэта “імкненнем асобы, якая тонка і балюча ўсведамляе сваю зямную планіду, вызначыць свой быццёвы статус” [2, с. 188]. Вершы М. Багдановіча – пра чалавека, яго сутнасць і прызначэнне. Кульмінацыя гэтай праблемы – цыкл “Каханне і смерць”, незакончаны цыкл “Эрас” і блізкія да іх творы. “Па сутнасці, паэзія М. Багдановіча – пратэст супраць смерці, нявечнасці, выклік няўмольнаму часу, прыроднаму парадку светабудовы: (“Жывеш не вечна, чалавек, перыжыві ж ў момант век!”) [5, с. 470]. Ніхто ў беларускай паэзіі так, як М. Багдановіч, не здолеў апісаць адчуванні цяжарнай Жанчыны. Аналагаў гэтаму феномену цяжка адшукаць і ў сусветнай літаратуры: “Пра каханне Жанчыны ў паэта напісаліся не песні, а паэтычныя драмы і трагедыі. У жаночым абліччы трагічная наканавасць чалавечага быцця адкрываецца больш відавочна” [3, с. 130]. Своеасаблівую інтэрпрэтацыю набывае ў творчасці М. Багдановіча і вобраз Мадонны. Мадонна – традыцыйны вобраз мастацтва і літаратуры: “Вобраз Мадонны – адвечны, глыбокі і загадкавы вобраз рэлігіі, мастацтва, літаратуры, ідэал высокай красы, спасцігнуць які імкнуліся Рафаэль і Мікельанджала, Дантэ і Петрарка, Пушкін і Дастаеўскі” [5, с. 511]. Такім чынам беларускі паэт уносіў сваё, індывідуальнае, у тлумачэнне “адвечнага” вобразу: “Каханне і смерць” – гэта своеасаблівае “Евангелле ад Мадонны” – унікальнае ў сусветнай літаратуры духоўна-эстэтычнае адкрыццё М. Багдановіча” [5, с. 515]. 1.1.3 М. Багдановіч і мадэрнізм В. Максімовіч адзначае: “…беларускі мадэрнізм не ёсць толькі вынік пераапрацоўкі знешніх уздзеянняў, а глыбока ўкаранёны ў сваё прамацернае ўлонне, лагічны працяг усяго папярэдняга развіцця” [2, с.185]. Пра мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М. Багдановіча сведчыць ужо нават выява Лебедзя, змешчаная на вокладцы зборніка “Вянок”. Сімвал Лебедзя – не толькі герб Магдалены Радзівіл, фундатаркі зборніка, але і “знак прыгажосці, адзін з ключавых сімвалаў мадэрнізму, яго эмблематычны вобраз, які сімвалізуе Боскае Натхненне, што параджае Красу-Паэзію. У сусветнай “мадэрнісцкай” традыцыі сімвал Лебедзя мае некалькі значэнняў. Лебедзь Вагнера – гэта лебедзь захаду, змяркання. У М. Багдановіча – сімвал прадвесця, світання, што ўзыходзіць да элінічнай традыцыі, дзе ён звязаны з вобразам святла ўвогуле (Зеўс, Юпітэр). Знак пытання” [2, с. 188]. Карані мадэрнізму – гэта і эстэтыка панэстэтызму, культ Красы, уяўленне аб абсалютнай аўтаномнасці і самакаштоўнасці мастацтва. “Панэстэтызм – гэта ўяўленне аб эстэтычным як аб глыбіннай сутнасці свету, гэта асэнсаванне і ўспрыманне свету ў эстэтычных катэгорыях” [2, с. 188]. Да мадэрнізму творчасць М. Багдановіча набліжаецца па наступных параметрах. Перш за ўсё, гэта абагаўленне Красы. Краса ў беларускага паэта выступае як усеагульная, глабальная катэгорыя. А менавіта эстэтызацыя Хараства – адна з істотных адзнак мадэрнізму. Паняцце Красы, прыгажосці набыло гучанне ўсеагульнай, глабальнай катэгорыі, стала прадметам абагаўлення. І побач з гэтым абагаўленнем красы – матывы скону, красы смерці, спакушэння смерцю. Паказальны ў гэтым сэнсе цыкл М. Багдановіча “Каханне і смерць”. “У паэзii М. Багдановiча навiдавоку матывы эстэтызацыi хворасцi, нямогласцi, завядання. Пранiкнёнае адчуванне крохкасцi ўсяго жывога, хуткага прамiнання красы i разам з тым клопат пра музыкальнасць радка, адмысловую насычаную асацыятыўнасць – усё гэта ўваходзiць у мастацкi свет М. Багдановiча. Цыкл “У зачараваным царстве” выяўляе таксама моманты iрацыянальна-мiстычнага погляду на светабудову. Нiзка “Каханне i смерць” адпаведна сталай традыцыi сiмвалiзму гранiчна зблiжае архетыпы Эрасу i Танатасу”, – адзначае П. Васючэнка [4, с. 97]. Істотнай адзнакай мадэрнізму з’яўляецца супрацьпастаўленне прыроды і культуры. Што тычыцца беларускага паэта, то, як заўважае В. Максімовіч, “у М. Багдановіча мы не назіраем дуалістычнага супрацьстаяння прыроды і культуры, хаосу і космасу. Хутчэй у яго паэзіі адбілася ідэя іх злітнасці, узаемаабумоўленасці, згарманізаванасці” [2, с. 190]. (Нізка “У зачараваным царстве”). Таксама беларускія вучоныя пішуць пра ўплыў на М. Багдановіча так званых “праклятых” паэтаў Францыi – Ш. Бадлера, А. Рэмбо, П. Верлена, С. Маларме. Найбольш поўна гэта пытанне распрацавана П. Васючэнкам [4]. М. Багдановiча называюць “верленiстам” ужо толькi за пераклад дваццаці двух вершаў П. Верлена на беларускую мову. Універсальнай мадэллю светабудовы выступае ў творах М. Багдановіча Эротыка. Можна гаварыць пра блізкасць светаадчування П. Верлена і М. Багдановіча. Заўважаючы, што “верленаўскі паэтычны свет як бы балансаваў на трагічнай мяжы разрыву эстэтычнага і этычнага, паміж трагічным гуманізмам і дэкадэнцтвам” [2, с. 203], В. Максімовіч мяркуе, што гэта мяжа няўхільна прыцягвала ўвагу М. Багдановіча, але за якую ён не перайшоў: “Яму (Багдановічу – А. М.) была чужой і ўнутрана непрымальнай пропаведзь сатанінскага амаралізму, ніцшэанства, таму што яны знішчаюць красу” [2, с. 204]. Але, разам з тым, М. Багдановіча і П. Верлена родніць “раскрыжаванасць паміж язычніцтвам і хрысціянствам” (В. Максімовіч). Вобраз каханай неадлучны ў М. Багдановіча ад вобраза Маці. Як і ў А. Блока. В. Максімовіч заўважыў: “Багдановіч усё жыццё захоўваў сімвалічную вернасць мацеры” [2, с. 207]. Але ў паэзii М. Багдановiча гучаць i бадзёрыя галасы, што здымаюць “праклёны” дэкадансу. Гэта – паэтычны вiталiзм, адраджэнцкi пафас i славутыя рэнесансныя вобразы Мадонаў. “М. Багдановiч, – па словах П. Васючэнкі, – спрычынiўся да стварэння адметнай нацыянальнай мадэлi сiмвалiзму, у якой дэкадансныя настроi пераплятаюцца з рэнесансавымi” [4, с. 97]. Светапоглядная сістэма М. Багдановіча блізкая да “філасофіі жыцця”. Жыццё, згодна беларускаму паэту, спасцігаецца не праз розум, а праз інтуіцыю, а само жыццё – гэта багацце шмат-стайных адчуванняў i перажыванняў. Культ стыхіі, інтуітыўнага, спантаннага – паказальная рыса мадэрнізму. М. Багдановіч імкнецца перадаць багацце чалавечых настрояў, непаўторнасць непасрэдных уражанняў, разнастайнасць станаў прыроды. Уплыў неаязычніцтва Ф. Ніцшэ на светапоглядную сістэму М. Багдановіча: “Ідэя высокай эстэтычнай значнасці і жыццёвай самакаштоўнасці “язычніцкага” з’яўлялася важнейшым культурным сімвалам для свядомасці мадэрністаў” [2, с. 204]. Алюзіі да ідэй Ф. Ніцшэ ў вершы “Д. Д. Дзябольскаму” (ідэя “вечнага вяртання”). В. Максімовіч падкрэслівае: “Паэтыка-філасофская сістэма М. Багдановіча, на нашу думку, выяўляе даволі блізкае падабенства з ідэямі “ніцшэанства”, у нечым нагадваючы іх мастацкае пералажэнне. У прыватнасці, цыкл “У зачарованым царстве” ўспрымаецца ў гэтай сувязі як рэпрадуктаваны варыянт міфалагемы ўваскрасення і памірання бога…” [2, с. 192]. Слушнымі падаюцца словы В. Максімовіча: “Выяўляючы генетычную сувязь “міфалогіі” Багдановіча з французскім, з еўрапей-скім у цэлым неаязычніцтвам (комплекс ідэй Ніцшэ), варта падкрэсліць, што Багдановічава ідэалогія і эстэтыка неаязычніцтва маюць іншыя сэнс і арыенціры, якія напрамую выражаюць унутраную патрэбу ўласнай культуры” [2, с. 204]. М. Багдановіч выступаў апалагетам нацыянальнай беларускай культуры. Відавочны ўплыў імпрэсіянізму ў паэзіі М. Багдановіча. У вершах паэта перададзены асабістыя ўражанні ад навакольнай рэчаіснасці, прыродных з’яў, адценні і нюансы чалавечых настрояў. М. Багдановіч стаў заснавальнікам пэўнай традыцыі ў нацыянальнай літаратуры. Яго набыткі адчувальныя ў вершах Ул. Дубоўкі, Ул. Жылкі, Т. Кляшторнага, Я. Пушчы, Н. Арсенневай, А. Разанава, Э. Акуліна. 1.2 Творчасць Максіма Гарэцкага і наватарскія тэндэнцыі ў літаратуры пачатку 20 стагоддзя 1.2.1 М. Гарэцкі і “філасофія жыцця” М. Гарэцкаму айчынныя проза абавязана ўзмацненнем філасофскага гучання, паглыбленнем псіхалагізму, жанраваму і стылёваму ўзбагачэнню. М. Гарэцкі – адзін з тых беларускіх пісьменнікаў, творчасць якіх выдатна суадносіцца з самымі сучаснымі тэндэнцыямі ў развіцці тагачаснай літаратуры. У аповесці М. Гарэцкага “Антон” гучыць ніцшэанскі матыў бунту супраць маралі, што, у рэшце рэшт, прыводзіць галоўнага героя да забойства, да прынцыпу “ўсёдазволенасці”. Тут мы наглядаем супадзенне з філасофіяй ніцшэанства, з яе ідэяй пошуку новага чалавека – звышчалавека – у той час, калі, па словах Беларускага аўтара, “старыя багі струпехлі, а новых … новыя мала ведамы…”. В. Максімовіч заўважае: “Падспудна тут прысутнічае і ўказанне на вырашэнне калізіі “падпольнага” чалавека па Дастаеўскаму. Прычыны падполля, па Дастаеўскаму, гэта знішчэнне веры ў агульныя правілы – “Няма нічога святога”. Падполле з’яўляецца адначасова і метафарай трагічнай адарванасці ад свету, замураванасці ў безвыходнай адзіноце”. Антону ўласціва адчуванне сваёй непатрэбнасці, непаўнацэннасці, самаедская рэфлексія, што паралізуе волю да пазітыўнага чынніцтва. Гэта крайняя адчужанасць чалавека ад свету і ад самога сябе. На думку В. Максімовіча, менавіта ў рэчышчы “філасофіі жыцця” праходзілі дэбаты паміж Маскоўскім дэмакратам, Поль-скім публіцыстам і Беларускім аўтарам (спрэчкі пра літаратуру): “Беларускі аўтар прызнае перавагу ідэальнага, духоўнага ў жыцці народа”. Ён адстойвае першынство духу перад матэрыяй, адмаўляе розум як недастатковы інструмент пазнання рэчаіснасці. Сэнс жыцця, згодна М. Гарэцкаму, спасцігаецца не розумам, а інтуіцыяй. Гэта наблiжае пазiцыю М. Гарэцкага да поглядаў другога прадстаўніка “філасофіі жыцця” А. Бергсона, якi лiчыў, што толькi iнтуiцыя здольная спасцiгаць жыццё ў яго разнастайных праявах, паколькi менавiта iнтуiцыi дадзена пранiкаць ва ўнутраную сутнасць з'яў i прадметаў . М. Гарэцкі сцвярджае важную ролю падсвядомага ў чалавечым жыцці. “Канфлікт асобы разумеецца не толькі ў сэнсе су-праціўлення асяроддзю сацыяльнаму, але і біялагічнаму дэтэрмінізму, ракавой спадчыннасці ў духу натуралістычных канцэпцый”. У творах М. Гарэцкага выразна гучыць імператыў “жыць!” “Антон” М. Гарэцкага – узор эпічнай драмы. Відавочныя паралелі з паэтыкай аповесці М. Гарэцкага і творамі Б. Брэхта. 1.2.2 М. Гарэцкі і мадэрнізм Творчасць М. Гарэцкага сведчыць пра блізкасць эстэтычных пошукаў пісьменніка да новай, мадэрнiсцкай плынi. Так, В. Каваленка адзначае: “Максiм Гарэцкi гаворыць пра беларуса з такой трагiчнай пранiкнёнасцю, “якая нагадвае эмацыянальна-псiхалагiчную танальнасць твораў мадэрнiсцкага кiрунку з iх надрыўна-пакутлiвымi матывамi”. В. Максiмовiч падкрэслівае: “Творчасць М. Гарэцкага, як, зрэшты, і ўся беларуская літаратура ў сілу першапачатковай сваёй амбівалентнай запраграмаванасці, унутрана былі гатовы далучыцца да новай, мадэрнісцкай мастацкай парадыгмы”. Пiсьменнiк стварыў “новы тып мастацкай прозы, якi… улiчваў набыткi класiчнай прозы ХІХ ст. i арыентаваўся на творчыя здабыткi мадэрнiсцкiх напрамкаў”. М. Тычына падкрэслiвае, што М. Гарэцкі, як і Ю. Віннічэнка ва ўкраінскай літаратуры, “адкрыў перспектыву “iншай”, “новай” лiтаратуры, прадэманстраваўшы многiя перавагi i хiбы сучаснага мыслення, якое прадугледжвае ў якасцi абавязковай нормы варыятыўнасць, шматзначнасць, супярэчлiвасць чалавечых паводзiн у свеце i г.д.”. Арыентацыя на сусветныя мастацкiя ўзоры спрыяла павышэнню iнтэлектуальнага i мастацкага ўзроўню нашай лiтаратуры, павышала культуру творчасцi. Аўтар падкрэслiвае, што неспрыяльныя абставiны перашкодзiлi плённаму выкарыстанню творчых набыткаў гэтых пiсьменнiкаў, што значна запаволiла мастацкае развiццё нашай прозы. У свой час Л. Корань слушна заўважыла: “Сапраўды, дамiнанта ў творчасцi М. Гарэцкага выявiлася дастаткова рана i пэўна. Максiм Гарэцкi перадусiм стаў выразнiкам i творцам беларускага духу, беларускага менталiтэту як аднаго з феноменаў агульначалавечай культуры” [6, с. 29]. Максiм Гарэцкi ў сваіх творах наблiжаецца да раскрыцця сутнасцi нацыянальнага характару (выяўленне “раздвоенасці”, дваістага стану душы). Для І. Канчэўскага [7], аўтара эсэ “Адвечным шляхам” “раздвоенасць” душы галоўнага героя аповесці М. Гарэцкага “Дзве душы” – метафара спецыфікі нацыянальнага светапогляду, “вагання» паміж Захадам і Усходам. “Наяўнасць «дзвюх душ” – не эгаiстычны стан двудушнасцi. Гэта ўнутранае адлюстраванне вобраза свету, якое ўказвае на цяжкасць i складансць яго па-знання. “Дзве душы” – умоўны вобраз той цякучасцi i няпэўнасцi, якая перашкаджае ўтварэнню схематычных перакананняў. Пісьменнік аддае перавагу такому стану, калi ў душы чалавека адбываецца пастаянны маральны рух, калi чалавек здольны ўлавiць сапраўдную i шматзначную дыялектыку жыцця. Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Я. Купалы і М. Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з'яўляецца арганiчнай сутнасцю беларуса» [8, с. 101], – адзначае В. Максімовіч. Даследчык падкрэслівае: “… мадэрнісцкія героі, у масе сваёй, пакладаюцца больш на інтуіцыю, давяраюць пераважна свайму эмацыйна-пачуццёваму комплексу (унутранаму імператыву), – таму, што ідзе знутры, што непасрэдна імі перажываецца”. Калі для рамантыкаў чалавек быў сродкам дасягнення нейкіх мэт, то для мадэрністаў чалавек станавіўся мэтай. І далей даследчык працягвае: “І праклятыя пытанні, над якімі б'юцца героі Гарэцкага, сведчаць перадусім пра жаданне дайсці да разгадкі глыбінных асноў, архетыпаў народнай анталогіі. За пакутлівымі разважаннямі герояў яскрава праглядваюцца ўнутраныя пошукі, звязаныя з разгадкай эзатэрызму народнага быцця, сэнсу быцця ўвогуле”. Нашы даследчыкi гавораць пра прыналежнасць М. Гарэцкага да экзiстэнцыялiзму. Па-першае, з экзiстэнцыялiзмам М. Гарэцкага лучыць трагiзм светаадчування (апавяданні “Габрыелевы прысады”, “Iдуць усе- iду я”). У гэтым плане, напрыклад, С. Дубавец пiша пра Максiма Гарэцкага як пра супольнiка Акутагавы i Камю [9]. Творчасць М. Гарэцкага адыграла выключную ролю ў станаўленні жанру філасофскай прозы. Менавіта дзякуючы М. Гарэцкаму героем беларускай літаратуры становіцца інтэлігент, асноўны абавязак якога – разумовая дзейнасць, асэнсаванне сябе і жыцця (“У чым яго крыўда?”, “Роднае карэнне”, “Меланхолія”, “Дзве душы”). Героі М. Гарэцкага знаходзяцца ў пастаянным духоўным пошуку, разважаюць над адметнасцямі духоўнага жыцця народа, над уласным прызначэннем, над пытаннямі светабудовы, таямніцамі жыцця і смерці. 1.2.3 “На імперыялістычнай вайне” М. Гарэцкага і літаратура “страчанага” пакалення Трэба нагадаць, што нашы вучоныя (В. Акудовiч, Е. Лявонава, Л. Корань, М. Тычына) неаднойчы звярталiся да праблемы асэнсавання твораў М. Гарэцкага ў кантэксце твораў заходнiх пiсьменнiкаў, прысвечаных Першай сусветнай вайне (Э. Хе-мінгуэй, Дж. Дос Пасос, У. Фолкнер, Р. Олдынгтон, Э. М. Рэмарк, А. Барбюс). В. Локун у «Нарысах беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей” пашырае абсяг даследавання беларускай ваеннай прозы, параўноўвае творы М. Гарэцкага, К. Чорнага, В. Быкава з творамi А. Ганчара, М. Стэльмаха, I. Мiкiценкi, Б. Васiльева, В. Астаф'ева, I. Стаднюка, В. Кандрацьева, Л. Первамайскага. Асэнсоўваючы вопыт вялiкага рускага пiсьменнiка i яго ўздзеянне на лiтаратуру, даследчыца адзначае, што Л. Талстой пазбавiў вайну яе гераiчнага арэолу, што ўласцiва i аповесцi М. Гарэцкага “На iмперыялiстычнай вайне” [10, с. 157]. Аналагiчныя высновы ў свой час былi зроблены i В. Акудовiчам. Разглядаючы беларускую i ўкраiнскую ваенную прозу, В. Локун вылучае тое, “што паядноўвае iх эстэтычныя сiстэмы i што iх раз'ядноўвае” [10, с. 159]. Так, даследчыца адзначае, што i руская лiтаратура, i ўкраiнская не мела такога “глыбокага, эстэтычна значнага твора аб Першай сусветнай вайне, як беларуская” [10, с. 162]. Размова iдзе менавіта пра аповесць М. Гарэцкага “На iмперыялiстычнай вайне”. У творы беларускага пiсьменнiка з'яўляецца “матыў “горкай праўды”, якая спараджалася “суб'ектыўнай” вiной дзяржавы. Матыў вiны дзяржавы дамiнаваў у еўрапейскай прозе Першай сусветнай вайны – у рамане А. Барбюса “Агонь” i асаблiва ў лiтаратуры “згубленага пакалення” (Э. Рэмарк “На заходнiм фронце без змен”, Э. Хэмiнгуэй “Бывай, зброя”, Р. Олдзiнгтон “Смерць героя”, Д. Пасос “ЗША”). У савецкай лiтаратуры 50-60-х гадоў гэты матыў чытаўся ў падтэксце i толькi часам вырываўся на паверхню – “Мёртвым не балiць” В. Быкава, “Жыццё i лёс” В. Гросмана. Канцэпцыя вайны Л. Талстога такой горкай праўды пазбаўлена” [10, с. 163]. Даследчыца асэнсоўвае спецыфiку выяўлення пачуцця патрыятызму ў творах пiсьменнiкаў, звяртаецца да праблемы Бога “як вышэйшай маральнай субстанцыi”, праблемы вайна i свабода, катэгорый народнасцi, асабiстага i агульнага. Разважаючы аб ролi талстоўскiх традыцый, В. Локун робiць выснову: “Талстоўская гуманiстычная канцэпцыя чалавека i свету, з яе хрысцiянскiм разуменнем дабра i зла, была ўспрынята пiсьменнiкамi ўсходнеславянскага рэгiёна па-свойму, з улiкам нацыянальнай эстэтычнай свядомасцi” [10, с. 219]. Перш за ўсё гэта моцна выражаны нацыянальны пафас у М. Гарэцкага i песiмiстычнае гучанне яго твора ў адрозненне ад талстоўскага. У той жа час “украiнская проза Першай сусветнай вайны цесна звязана з традыцыямi рамантызацыi вобраза гiсторыi” [10, с. 168]. Даследчыца паказвае таксама першынство беларускiх пiсьменнiкаў у пастаноўцы пэўных праблем у сусветным маштабе: “Задоўга да “Чужога” А. Камю М. Гарэцкi з уражлiвай сiлай паказаў адчужэнне чалавека ў новым свеце...” [10, с. 167]. Такім чынам, творчасць М. Гарэцкага валодае выключным крэатыўным патэнцыялам. 1.3 Творчасць Васіля Быкава ў кантэксце твораў сусветнай літаратуры пра вайну 1.3.1 Паэтыка твораў Васіля Быкава В. Быкаў – адзiн з самых значных i знакамiтых беларускiх i сусветных празаiкаў. Мастак, якi ўсёй сваёй творчасцю сцвярджаў чалавечнасць, маральнасць насуперак прагматызму. Л. Корань адзначыла: “Быкаў адразу i нязменна абраў вернасць чалавеку, ахвяраванаму пакутам i несправядлiвасцi”. В. Быкаў пісаў пра тое, што такое вайна ў яе сапраўдным аблiччы: “Лiчу сваiм абавязкам ад iмя загiнуўшых пакаленняў выкрываць жорсткасць вайны, яе антычалавечую сутнасць”. Пазней пісьменнік удакладніў: “Вайна супярэчыць чалавечай прыродзе, нiшто не можа апраўдаць яе iснаванне. Але вайна амаральная i таму, што яна здольная паламаць чалавека духоўна”. Такiх выказванняў у пісьменніка нямала. В. Быкаў вывеў беларускую прозу пра вайну на еўрапейскi ўзровень. В. Быкаў быў найбольш верагодным прэтэндэнтам ад Беларусi на атрыманне Нобелеўскай прэмii. I пісьменнік быў вельмi блiзкi да гэтага. Сёння творы В. Быкава перакладзены больш чым на 50 моваў. А ў колькiх краiнах свету яны друкавалiся цяжка падлiчыць. М. Тычына адзначае: “В. Быкаў – гэта i унiкальная эстэтычная з'ява ў айчыннай i сусветнай лiтаратуры, гэта i найвялiкшая ступень мастацкай праўдзiвасцi, глыбіня пранікнення ў таямніцы народнай і чалавечай псіхалогіі... прытчавая шматзначнасць і прарочая відушчасць”. Творам В. Быкава часцей за ўсё даюцца такія характарыстыкі: “мужны талент”, “строгi рэалiст”, “маральны максiмалiзм”, “бескампрамiсная пазiцыя”, “аскетычная мастацкая манера”. “У той жа час не менш часта ўзгадваюцца быкаўская чалавечнасць, гуманiстычнае спачуванне ўсiм прынiжаным, занядбаным, абдзеленым лёсам, ахвярам жорсткага веку бясконцых войнаў i грамадскiх катаклiзмаў”. Гэта – вызначальнае ў творах В. Быкава: адмаўленне нечалавечых абставiн. I тых, хто гэтыя абставiны стварае. Спрачаючыся з тымi, хто паставiў пад сумненне “нацыя-нальнае” ў В. Быкава, I. Афанасьеў адзначае: “Пачуванне i вы-прабаванне сябе на быкаўскiх сцяжынах мiнулай вайны, у су-тыкненнi не толькi палiтычных, але i культурфiласофскiх сiстэм, можна параўнаць з засваеннем нейкага агульнаеўрапейскага шыфру, якi дапамог “рассакрэцiць” (вылучана намі – А. М. ) самiх беларусаў i адбiць гэтае ўсведамленне ў стане культуры (у адпаведнасцi з яе знакавай прыродай) – на вырашальным, апака-лiптычным зломе, калi ўвесь нацыянальны вопыт перажыты як апошнi”. I ў гэтым значэнне прозы В. Быкава. Бог падараваў В. Быкаву жыццё, каб ён распавёў свету пра бела-русаў. Л. Корань падкрэслівае: “Быкаў здзейснiўся як вiднейшы мастак 20 ст. у беларускiм моўным мысленнi i такiм чынам з'я-вiўся як бы праваднiком тых менталiтэнтных сэнсаў, тых культурных абсягаў, якiя нясе свету беларуская духоўнасць”. Пачатак лiтаратурнай дзейнасцi В. Быкава – 1951 год, калi ён на Курылах напісаў апавяданнi “Смерць чалавека” i “Абознiк” (надрукаваны ў 1957). Ужо ў раннiх апавяданнях “У першым баi”, “Смерць чалавека”, “Дваццаты”, “Фруза”, у аповесцi “Апошнi баец» абазначылася тэндэнцыя, што стане вызначальнай для творчасцi В. Быкава: «знаходзiць падзеям чалавечае вымярэнне, адзiна вартае таго, каб па-сапраўднаму глыбока i дакладна ацанiць маральную сутнасць героя”. В. Быкаў пачынаў сваю творчую дзейнасць з надзвычайнай веры ў чалавека, у тое, што ён можа стаць «вышэй за свой лёс», стаць «мацнейшым за магутную сiлу выпадку» (“Яго батальён”). Пісьменнік сцвярджаў вялiкi сэнс жыцця i смерцi сваiх герояў, вялiкi маральны сэнс iхнiх пакут (“Жураўлiны крык”, 1959, “Трэцяя ракета”, 1961, “Альпiйская баллада”, 1963, “Сотнiкаў”, 1970, “Абелiск”, 1970, “Дажыць да свiтання”, 1972, “Воўчая зграя”, 1974, “Яго батальён”, 1975). Але з цягам часу ў “быкаўскiм пафасе ўсё больш выразнай дамiнантаю рабiлася нiчым не знятая трагедыйнасць” (Л. Корань) (“Здрада”, 1960, “Пастка”, 1962, “Мёртвым не балiць” 1965, “Праклятая вышыня”, 1968, “Круглянскi мост” 1968, “Пайсцi i не вярнуцца”, 1978, “Знак бяды”, 1982, “Кар'ер”, 1986, “У тумане”, 1987, “Аблава”, 1988, “Сцюжа”, 1969, 1991, “Сцяна”, “Пакахай мяне, салдацік” і інш.). В. Быкаў прыходзіць да ўсведамлення: для таго, каб паказаць сапраўднае аблiчча вайны, патрэбна праўда. Узоры такой праўдзiвай лiтаратуры пiсьменнiк бачыў у кнiгах А. Бека, К. Сiма-нава, В. Гросмана, А. Ганчара, А. Твардоўскага, Э. Казакевiча, К. Чорнага. I асаблiва Вiктара Някрасава (“У акопах Сталiнграда”), Ю. Бондарава, Р. Бакланава. Моцны ўплыў на В. Быкава мелі творы Э. М. Рэмарка i Э. Хэмiнгуэя. “Першай, даволi нерашучай спробай” (В. Быкаў) на шляху праўдзiвага ўзнаўлення мiнулай вайны, у iмкненнi “пакончыць з сачынiцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфлiктнасцю” пісьменнік лічыў аповесць “Жураўлiны крык”. В. Быкаў адмаўляецца ад «псiхалагiчна паслабленай эпапейнасцi i панарамнасцi ў паказе ваенных падзей» (М. Тычына) і абмяжоўвае дзеянне адным не самым значным у маштабах вайны эпiзодам. Такім чынам, творам В. Быкава ўласціва не маштабнасць ахопу падзей, а маштабнасць праўды. Галоўным героем пісьменнік зрабіў «радавога вялiкай бiтвы»: “Сталiнград для краiны, – пiсаў В. Быкаў, – быў аднойчы ў вайну, а для салдата на пярэднiм краi ён здараўся куды як часта. I ўсё ж трэба было намагчыся, каб выжыць i – галоўнае – перамагчы, бо пагiбель часта была як здрада жывым”. У апавяданнi “Адна ноч” беларуская лiтаратура зрабiла яшчэ адзiн крок у напрамку эстэтычнай эвалюцыi ў паказе вайны. Пісьменнік наступным чынам перадае адчуванні савецкага салдата пасля забойства немца, з якім ён вымушаны быў правесці ноч у падвале і ў якім ён пабачыў не толькі ворага, але і ахвяру: “Узрушаны i змардаваны, ён нечага нiяк не мог сцямiць цi, можа, не мог чагосьцi ўспомнiць – разгарачаным нутром ён толькi адчуваў, што сталася вялiкая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлiвасць, перад магутнаю сiлай якой i ён, i Фрыц Хагеман былi бездапаможнымi”. І. Афанасьеў пісаў на гэты конт, што ў апавяданні мы маем справу з лiтаратурай пра вайну, якая перастае быць лiтаратурай учарашняга дня. 1.3.2 Творы Васіля Быкава і экзістэнцыялізм Праблема «Васіль Быкаў і экзістэнцыялізм» ужо мае сваю гісторыю. Адны даследчыкі мяркуюць, што пісьменнік з экзістэнцыялізмам палемізуе, другія, што існуе шмат кропак судакранання гэтага філасофска-літаратурнага напрамку і творчасці беларускага празаіка (І. Афанасьеў, М. Анастасьеў, В. Локун, Е. Лявонава). Так, І. Афанасьеў разглядае “Сотнікава” і “Дажыць да світання” В. Быкава паралельна з творчасцю А. Камю і Ж.-П. Сартра. Рускі крытык М. Анастасьеў параўноўвае аповесць В. Быкава “Дажыць да світання” з раманам англійскага пісьменніка У. Голдзінга “Шпіль” і “Чумой” А. Камю. Л. Корань слушна падкрэсліла, што “найбольш кваліфікаваныя і аўтары-тэтныя даследчыкі параўноўваюць В. Быкава з заходнімі аўта-рамі не як сціплага падсуседа, а як роўнавялікую мастацкую з'яву, далёка не абмежаваную і не вычарпаную ўласна экзіс-тэнцыяльнымі, напрыклад, ідэямі і паэтыкай”. У творах В. Быкава заўсёды прысутнiчае “памежная” сiтуацыя, сітуацыя выбару, выбару памiж жаданнем “застацца ў жывых” (Рыбак) i “чалавекам унутры чалавека” (Сотнікаў). Гэта невыносны выбар, коштам якога часта становiцца смерць. П. Васючэнка адзначае: «Па сутнасці, большасць быкаўскіх персанажаў выбірае паміж магчымасцямі (спосабамі) памерці». Часта героі В. Быкава трапляюць проста-такі ў абсурдную сітуацыю (“Мёртвым не баліць”, “Сцяна”, “У тумане”). “Памежная” сiтуацыя, сітуацыя выбару – паняцці з катэгарыяльнага апарату экзістэнцыялістаў. Аналагічныя меркаванні выказвае М. Тычына: “В. Быкава цiкавiць найперш чалавек, яго характар, паводзiны ў экстрэмальнай сiтуацыi, калi размова iдзе пра жыццё i смерць. Звычайна ён шукае вытокi характару ў мiнулым героя, выяўляе зноў i зноў складаную залежнасць героя i абставiн. Прычым абставiны заўсёды складваюцца так, што ад самога чалавека амаль нiчога не залежыць, застаецца вельмi вузкi выбар, i менавiта ў гэты момант выяўляецца сапраўдная духоўная сутнасць гэтага цi iншага чалавека”. Сітуацыя выбару ўласціва большасці твораў В. Быкава. Аднак нельга абмінуць увагай відавочную эвалюцыю ў поглядах пісьменніка. На пачатку сваёй творчасці В. Быкаў сцвярджаў сілу чалавечага духу, выступаў прыхільнікам гераічнай канцэпцыі чалавека, сцвярджаў вялікі сэнс пакут і смерці сваіх герояў. У аповесці “Дажыць да свiтання” (1972): “… ён амаль пэўна ведаў, што ўсё скончыцца кепска, i адначасна адмаўляўся разумець гэта. Ён хацеў верыць, што ўсё, зробленае iм у такiх пакутах, павiнна недзе адбiцца, у чымсьцi выявiцца. Няхай не сёння, не тут, не на гэтай дарозе, – можа, у iншым месцы. Павiнен жа быць у гэтым нейкi, хай не дужа значны, але ўсё ж чалавечы сэнс” [10, с. 468]. Гэты сэнс – у бунце Iваноўскага супраць наканавання, што надае цану яго iснаванню (І. Афанасьеў). Такім чынам, тут відавочная пераемнасць з экзістэнцыялізмам. Сітуацыя выбару асабліва востра пастаўлена ў так званых партызанскiх аповесцях В. Быкава: “Спрадвечная праблема “выбару” ў партызанскай вайне i на акупiраванай тэрыторыi стаяла больш востра i вырашалася больш разнастайна, матываванасць чалавечых учынкаў была болей ускладнена, лёсы людзей больш багатыя i часта больш трагiчныя, чым у кожным з самых розных армейскiх арганiзмаў. I наогул элемент трагiчнага, якi заўсёды з'яўляецца iстотным элементам вайны, праявiўся тут на ўсю сваю страшэнную сiлу”. Вялікі розгалас у грамадстве мела аповесць “Сотнiкаў”. А. Твардоўскі назваў яе “евангеллем дваццатага стагоддзя”. Галоўная праблема твора – “унутраны свет чалавека, магчымасцi яго духу” (В. Быкаў). У аповесцi гэта праблема гучыць як маральны iмператыў: “Што такое чалавек перад знiшчальнаю сiлай бесчалавечных абставiн? На што ён здольны, калi магчымасцi абаранiць жыццё вычарпаны iм да канца i прадухiлiць смерць немагчыма?”. Аднак з цягам часу танальнасць твораў В. Быкава мяняецца, яны набываюць выразна трагедыйнае гучанне, і пісьменнік ужо не пакідае сваім героям маральнага задавальнення, што ўласціва творам экзістэнцыялістаў (“Міф пра Сізіфа” А. Камю, дзе Сізіф “у вачах аўтара з'яўляецца бязмоўнай мадэллю вызваленага духу” (П. Васючэнка). Даследчык піша: “Цяжкасць выбару, які твораць гэтыя героі, не абарочваецца чаканай палёгкай або ўнутранай разняволенасцю, якую экзістэнцыялісты трактавалі як звышмэту, этычны абсалют. Як правіла, учынкі гэтых персанажаў не прыносяць ім вялікай славы, не даюць самім адчування поўнай самарэалізацыі... Васіль Быкаў нібыта ігнаруе пытанне пра ўнутранае вызваленне чалавека ў выніку выбару... Этычнае пытанне пераводзіцца ў іншы ракурс: а ці натуральна ўвогуле выпрабоўваць каго-небудзь праз нялюдскія пакуты і штурхаць да волі праз катавальню і эшафот?”. П. Васючэнка называе такі падыход пісьменніка “экзістэнцыялізмам у беларускай рэдакцыі”. Гэтая эвалюцыя пісьменніка асабліва выразна прасочваецца ў аповесці “У тумане” (1988). У галоўнага героя Сушчэні не застаецца ніякага выбару: “Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмi жыць ён не мог, а несумленна не хацеў… Што яму яшчэ засталося?…Чалавек не ўсё можа…” [11, с. 363-364]. Пісьменнік шмат ўдакладняе i пераасэнсоўвае з таго, што раней сцвярджаў у сваiх творах. В. Быкаў ужо не судзіць сваіх герояў паводле патрабаванняў “маральнага катэгарычнага iмператыву”, для яго вызначальнымі становяцца адчуванні і пакуты чалавека, што не па сваёй волі трапіў у безвыходную сітуацыю. В. Локун у сваім грунтоўным артыкуле “Літаратура і свабода выбару”, прысвечаным асвятленню экзістэнцыяльных кірункаў у прозе В. Быкава, сцвярджае: “Экзістэнцыяльныя матывы ў творчасці В. Быкава праявяцца з новай сілай ужо ў постсавецкія часы, асабліва ў пачатку 90-х гадоў. Калі першы перыяд вызначаўся блізкасцю галоўным чынам у плане жанрава-структурным, а не светапоглядным, то другі перыяд характа-рызуецца падабенствам больш глыбокім – на ўзроўні разумення прыроды чалавека і свету. Тэма адчужанасці чалавека ад гра-мадства, духоўная ізаляванасць, адсутнасць ілюзіі будучыні, ідэя варожасці свету ў адносінах да чалавека або чалавека да свету – усё гэта чытаецца ў апавяданнях “На Чорных лядах”, “Жоўты пясочак”, “Сцяна” і часткова ў аповесці “Аблава” [12, с. 247]. Аповесць “Аблава” (1989), па словах М. Тычыны, “узнiкла як спроба адказаць на пытанне, наколькi чалавек з'яўляецца разумнай, свабоднай i цывiлiзаванай iстотай i якой маральнай мерай яго можна судзiць”. Тут наглядаюцца таксама відавочныя набліжэнні экзістэнцыялізму і твораў В. Быкава – праз з’яўленне катэгорыі абсурду. В. Локун адзначае: “Хведар Роўба – новы тып быкаўскага героя. Ён пазбаўлены аптымізму, светлай надзеі на будучыню. Менавіта ў трагічным непрыманні абсурду, у трагічным бунце, асуджаным на паражэнне, у бес-перапынным і бессэнсоўным супрацьстаянні, што нагадвае сізіфаву працу, Хведар Роўба набывае сваю велічную трагіч-насць. Ён паглыбляецца ў жыццё–абсурд не дзеля таго, каб прыняць яго і пасля годна ім пагарджаць, а хоча зразумець пры-роду абсурду, “механізм” яго ўздзеяння на людзей” [12, с. 248]. I. Афанасьеў, асэнсоўваючы трагiзм беларускай сiтуацыi, задаецца канцэптуальным пытаннем: “Але ж у чым беларуская вiна? Няўжо i наш лёс, наш урок – паражэнне? Адкуль праклён?”. Адказ на пытанне – у творах В. Быкава: “Праблему iхняга (беларусаў – А. М.) выяўлення В. Быкаў вырашае ў канфлiкце “апантанай сацыяльнасцi канца 19 – пачатку 20 ста-годдзя”(В. Быкаў) i нацыянальнай iдэi. Формула беларускага лёсу з аповесцi “Аблава” (“не па-людску i не па-боску”) вызначае наш шлях памiж утапiчнасцю сацыяльных праектаў i бязглуздым здзекам з традыцыйнай хрысцiянскай маралi, недаравальным нiкому…”. Выхад у 1997 годзе кнігі “Сцяна” (апавяданне “Сцяна” пабачыла свет у 1995) дало падставы даследчыкам гаварыць “пра свядомыя этыка-эстэтычныя арыентацыі беларускага мастака слова на пэўныя творы экзістэнцыялісцкіх аўтараў, перадусім – на творы Жана Поля Сартра” [13, с. 27], “пра больш уважлівае, чым раней, стаўленне Васіля Быкава да экзiстэн-цыялісцкай філасофіі, пра яго заўважную эвалюцыю ў бок гэтага, без перабольшання, магутнага сілавога поля сучаснасці, пра рух ад стыхійнага, так бы мовіць, экзiстэнцыялізму да ўласна экзiстэнцыялісцкай канцэпцыі чалавека і свету” [13, с. 26]. В. Быкаў свядома бярэ сюжэт апавядання “Сцяна” (у беларускім перакладзе “Мур”) Ж. П. Сартра i ўносiць уласныя карэктывы ў асэнсаванне экзiстэнцыяльнай праблемы выбару. Як падкрэс-лівае Е. Лявонава, у абодвух пісьменнікаў “намаганні персана-жаў не прыносяць поспеху; больш за тое, намаганні гэтыя маюць цалкам процілеглы жаданаму, абсурдна-трагічны вынік... У абодвух выпадках чытачу прапануюцца жахліва-жорсткія, абсурдна-лагічныя схемы, своеасаблівыя “паводзінавыя” тэк-сты” [13, с. 27]. I. Афанасьеў у сваёй манаграфіі “Чарнобыльскае света-адчуванне ў беларускай літаратуры” быкаўскую “Сцяну” “пра-чытвае” “паралельна” з “Праклятымi i забiтымi” В. Астаф’ева, “у сiлавым полi” iдэй Г. Фядотава (раздзел “Мелодия оборванной струны”), а ў раздзеле “Апостальскi час” творы В. Быкава суадносяцца з творамi А. Камю, Э. Хэмiнгуэя, Г. Бёля, Г. Маркеса, Т. Мана, Э. Рэмарка. У апошнi час свайго жыцця В. Быкаў звяртаецца да жанру прыпавесцей: “На чорных лядах”, “Бедныя людзi”, “Жоўты пясочак” (1994-1995) “Музыка”, “Народныя мсцiўцы” (1997), “Ваўчыная яма”, “Мальбара”, “Тры словы нямых”, “Труба” (1998), “Хутаранцы”, “Апалагетыка “нагана”, “Кошка i мышка” (1999). Гэты жанр таксама надзвычай паказальны для экзiстэн-цыялістаў. В. Быкаву iмпануе унiверсальнасць прытчы, яе паву-чальнасць, змястоўная блiзкасць да хрысцiянскай пропаведзi. Высновы пісьменніка ў большасці выпадкаў песiмiстычныя. Нельга не ўзгадаць і падабенства ў назвах некаторых твораў беларускага пісьменніка і экзiстэнцыялістаў (“Мёртвыя без пахавання” Ж. П. Сартра і “Мёртвым не баліць” В. Быкава, “Сцяна” Ж. П. Сартра і “Сцяна” В. Быкава ), шматлікія выказванні самога В. Быкава адносна твораў Ж.- П. Сартра і А. Камю. Е. Лявонава піша і пра традыцыі Ф. Дастаеўскага, культавай постаці для экзiстэнцыялістаў у творчасці В. Быкава і Ж. П. Сар-тра (матыў дзіцячых пакут) [13]. Крытыкi шмат гавораць пра спецыфiку быкаўскiх аповес-цяў, пра тое, што пісьменнік стварыў уласную, “новую мадыфiкацыю жанру аповесцi на мяжы рэалiстычнай i экзiс-тэнцыйнай паэтыкi”, засвоiўшы пэўныя фармальныя прыёмы да структурнай пэўнасцi. I. Штэйнер, пiшучы пра катастрафiчнасць, “перакуленасць” сучаснага свету, узгадвае пра людзей, надзеленых дарам прадбачання (якiм, згодна легендзе, ангел смерцi разам з жыццём дадаткова пакiнуў пару вачэй). На Беларусi такiм чалавекам, як адзначае даследчык, быў В. Быкаў, “лейтматывам творчасцi якога становiцца асэнсаванне ўнутранай сутнасцi беларускай душы, месца народа ў людской супольнасцi, перспектыў развiцця, у рэшце рэшт” [14, с. 72]. I. Штэйнер сцвярджае, што творчасць В. Быкава – гэта “квiнтэсэнцыя ўсiх творчых пошукаў беларускай лiтаратуры апошнiх двух стагоддзяў, своеасаблiвы паўтаральны курс усёй новай беларускай мастацкай традыцыi” [14, с. 72]. Спіс выкарыстаных крыніц 1. Лойка, А. Паэт нараджаецца не аднойчы [Тэкст] // Багдановіч М. Поўны збор твораў: у 3 т. Т.1. – Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – С. 7 – 51. 2. Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя [Тэкст] / В. Максімовіч. – Мн. : Аракул, 2000. – 351 с. 3. Конан, Ул. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча [Тэкст] / Ул. Конан. – Мн. : Маст. літ., 1991. – 208 с. 4. Васючэнка, П. Беларуская лiтаратура пачатку 20 стагоддзя ў кантэксце еўрапейскага сiмвалiзму [Тэкст] / П. Васючэнка // Скарыназнаўства, кнiгазнаўства, лiтаратуразнаўства: матэрыялы Ш Мiжнар. кангрэса беларусiстаў «Беларуская культура ў дыялогу цывiлiзацый» (Мiнск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.). – Мн. : “Беларускі кнігазбор”, 2001. – С. 96 – 101. 5. Чабан, Т. Космас “Вянка” [Тэкст] / Т. Чабан // Максім Багдановіч. Поўны збор твораў: у 3 т. Т.1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн. : Навука і тэхніка, 1991. – 752 с. 6. Корань, Л. Цукровы пеўнік [Тэкст] : Літ.-крыт. арт. / Л. Корань – Мн.: Маст. літ.,1996. – 286 с. 7. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам [Тэкст] / І. Абдзіраловіч // Вобраз – 90: Літ. – крытыч. арт. / уклад. С. Дубавец; рэдкал. : Н. Пашкевіч (рэд.) і інш. – Мн. : Маст. літ., 1990. – С. 43 – 86. 8. Максімовіч, В. Шыпшынавы край: Старонкі беларускай літаратуры 20–30–х гг. 20 ст. [Тэкст]: дапаможнік для настаўнікаў / В. Максімовіч. – Мн. : “ІВЦ Мінфіна”, 2002. – 160 с. 9. Дубавец, С. Максим Горецкий. Неюбилейное слово [Тэкст] / С. Дубавец // Нёман. – 1993. – № 2. – С. 92 – 94. 10. Локун, В. «Вайна i мiр» Л. Талстога i развiццё беларускай i ўкраiнскай ваеннай прозы першай паловы 20 стагоддзя: канцэпцыя гiсторыi i чалавека [Тэкст] / В. Локун // Нарысы беларуска-ўкраiнскiх лiтаратурных сувязей: Культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспекты праблемы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т. літ. імя Я. Купалы. – Мн. : Беларуская навука, 2002. – С. 138 – 220. 11. Быкаў, В. У тумане [Тэкст] / В.Быкаў // Зб. Тв.: У 6 т. Т.5. – Мн.: Маст літ., 1994. – С. 277 – 364. 12. Локун, В. Літаратура і свабода выбару [Тэкст] / В. Локун // Полымя. – 1998. – № 5. – С. 238 – 255. 13. Лявонава, Е. Творчасць В. Быкава i Ж. П. Сартра праз прызму традыцыi Дастаеўскага: фiласофска-эстэтычныя перасячэннi [Тэкст] / Е. Лявонава // Роднае слова. – 2000. – № 1. – С. 26 – 30. 14. Штэйнер, І. Deja vu, або Успамiн пра будучыню [Тэкст] / І. Штэйнер. – Мн. : ЛМФ “Нёман”, 2003. – 144 с. |