Індустрыяльная цывілізацыя і Беларусь

Індустрыяльная цывілізацыя і Беларусь

  1. Пачатак індустрыяльнай цывілізацыі і палітычная мадэрнізацыя ў краінах Заходняй Еўропы і Беларусь.
  2. Палітыка царскай Расіі на Беларусі.
  3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель ў ХІХ- пач. ХХ ст.
  4. Грамадска-палітычны і нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі ў ХІХ-пач. ХХ ст.

1. У той час, калі Беларусь страціла сваю незалежнасць і была ўключана ў склад Расійскай імперыі, то ў свеце распачаўся працэс палітычнай мадэрнізацыі (ад фр. і англ. - сучасны). Яна ахапіла ўсе накірункі жыцця грамадства. Неад'емнай часткай мадэрнізацыі былі небывалы рост гарадоў (урбанізацыя), выкарыстанне машын у вытворчасці (індустрыялізацыя), развіццё навукі. Колькасць тэхнічных вынаходстваў і удасканальванняў расла незвычайнымі тэмпамі. Развіваўся чыгуначны і водны транспарт. Былі адкрыты новыя спосабы выплаўкі сталі, пачалася вытворчасць пластмасы і сінтэтычных тканяў. З'явіліся тэлефон і тэлеграф, аўтамабілі і самалёты. Калі ўсходнія цывілізацыі, краіны Азіі і Афрыкі захоўвалі свой традыцыйны воблік (аграрная цывілізацыя), то Еўропа змянілася да непазнавальнасці. Там традыцыйныя ўстоі разбураліся пад уплывам навукова-тэхнічных дасягненняў і прамысловай рэвалюцыі. Новая індустрыяльная цывілізацыя карэнным чынам мяняла эканамічную, палітычную, сацыяльную і ідэалагічную асновы грамадства.

Эканамічнай асновай індустрыяльнай цывілізацыі сталі:

  • грошы, капітал
  • рынак
  • прыватная ўласнасць
  • наёмная праца
  • канкурэнцыя.

Сацыяльная аснова (буржуазія):

  • прамысловая
  • банкаўская
  • сельская
  • наёмныя рабочыя.

Палітычная аснова:

  • абмежаваная і прадстаўнічая манархія
  • прэзідэнцкая і парламенцкая рэспубліка
  • падзел улады на 3 галіны
  • усеагульнае выбарчае права
  • з'яўленне палітычных партый
  • дэмакратызацыя грамадства
  • прававая дзяржава.

Ідэалагічная аснова:

  • лібералізм (правы і свабоды асобы, свабода слова, сумлення, рэлігіі)
  • лібералы –зачынальнікі еўрапейскіх рэвалюцый ХІХ ст.
  • ліквідацыя феадальных адносін
  • парламенцкі лад кіравання

Важную ролю ў ідэалагічным забеспячэнні развіцця еўрапейскай цывілізацыі іграў нацыяналізм. Гэта ідэалогія, якая грунтуецца на выпрацоўцы пачуцця нацыянальнай годнасці, адраджэнні і асабістага развіцця кожнага народа. Ідэолагі нацыяналізму выступалі за станаўленне нацый, утварэнне нацыянальнай дзяржавы, за вызваленне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, развіццё наыцяльнальнай культуры, традыцый свайго народа. Нацыяналізм з'яўляўся рухавіком нацыянальна-вызваленчага руху.

Імкненне нацыяналізма падпарадкоўваць і прыгнятаць іншыя народы і нацыі называецца шавінізм. Беларускі нацыяналізм ніколі не перарастаў у шавінізм. Адваротным бокам нацыяналізму з'яўляецца касмапалетызм, які адхіляе ўсякія нацыянальныя адметнасці, традыцыі, нацыянальны суверэнітэт, прапаведвае абыякавыя адносіны да Радзімы, да нацыянальнай культуры. Часта бывае, што шавінізм выкарыстоўвае касмапалітызм, каб нейтралізаваць нацыяналізм.

Станаўленне індустрыяльнай цывілізацыі адбывалася ў той час, калі Расія ўяўляла сабою неабмежаваную абсалютную манархію, там захоўвалася буйное памешчыцкае землеўладанне і прыгоннае права. Расія развівалася марудна да рэформы 1861 года, так званым "прускім" шляхам (у адрозненне ад амерыканскага - хуткага). Разам з ёй сталі адбывацца станоўчыя працэсы на Беларусі. Але, на жаль, яны праходзілі са значным спазненнем у параўнаннні з цэнтральнымі губернямі Расіі. Так, напрыклад, у другой палове 19 ст. адбыліся даволі глыбокія рэформы судовай сістэмы, дзякуючы якім паявіўся інстытут "прысяжных засядацелей", якія вырашалі віноўнасць. Дзякуючы ім была апраўдана В.Засуліч, якая страляла ў губернатара за парушэнне правоў чалавека. На Беларусі судовая сістэма яшчэ доўгі час падпарадкоўвалася губернатарам, а ў цэнтральных рэгіёнах Расіі былі створаны земствы, якія ўяўлялі сабою дэмакратычныя інстытуты мясцовай улады. Яны займаліся адукацыяй народа, аховай здароўя і лячэннем і іншымі справамі, патрэбнымі простаму народу. На Беларусі земствы былі створаны толькі ва ўсходніх губернях Беларусі на 50 гадоў пазней (у пачатку 20 ст.).

Індустрыяльная цывілізацыя спрыяла эканамічнаму, сацыяльнаму і духоўнаму прагрэсу ў Еўропе ва ўсіх сферах жыцця. Але разам з тым мела адмоўныя бакі:

  • павялічэнне інтэнсіўнасці працы ў вытворчасці
  • узніклі прамысловыя, аграрныя, эканамічныя крызісы
  • абеззямельванне сялянства, папаўненне радоў беспрацоўных
  • барацьба за рынкі сбыту, сферы ўплыву, абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі
  • эміграцыя працоўных у ЗША і краіны Паўднёвай Амерыкі
  • напалеонаўскія войны (асабліва вайна 1812 г., якая закранула і Беларусь) з мэтай пашырэння ўплыву Францыі ў Еўропе.

1812 год і Беларусь.

З надыходам вайны беларускі народ звязваў надзею на вырашэнне аграрнага пытання, атрымання зямлі, а шляхта –на аднаўленне сваёй дзяржаўнасці –ВКЛ. Гэтыя падзеі ўзмацніліся пасля таго, як у лістападзе 1806 года у вызваленай ад немцаў "прускай" частцы Польшчы было створана Княства Варшаўскае.

У гэтых умовах Расійскі імператар Аляксандр І з мэтай адцягнення беларускай шляхты ад палітыкі французскага імператара ў 1811 года прыняў контркрок. Ён заявіў аб сваім жаданні аднавіць пад эгідай Расіі Вялікае Княства Літоўскае. Па яго даручэнню князі М.Агінскі, К.Любецкі і граф Л.Плятэр склалі праект "Палажэння аб праўленні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім", якое павінна было ахапіць усе тыя тэрыторыі, што дасталіся Расіі ад былой Рэчы Паспалітай у 1772-1807 гг. У процівагу канстытуцыі Варшаўскага Княства нават прадугледжвалася паступовае, на працягу 10 гадоў асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак гэта быў тактычных ход, падман. Расійскія ўлады лічылі Беларусь сваімі "исконными" землямі і не збіраліся аднаўляць дзяржаўнасць. Пра гэта выразна сказаў ужо ў студзені 1813 года той жа Аляксандр І. У пісьме да Адама Чартарыйскага ён пісаў: "Не забывайце, што Літва, Падолле і Валынь дасюль лічаць сябе правінцыямі рускімі і ніякай логіка ў свеце не ўпэўніць Расію, каб яны маглі быць не пад уладай Гасудара Расіі, а пад якойсці іншай".

ВКЛ было адноўлена Напалеонам. Па памерам яно было меншае, чым існавала да 1772 года. Быў створаны Часовы ўрад княства, ствараліся мясцовыя органы ўлады, войска. Аднак ва ўмовах вайны гэты ўрад галоўным чынам займаўся забеспячэннем патрэбаў вайны. З адступленнем Напалеона ён вымушаны быў эміграваць за мяжу.

Вайна 1812 года прынесла вялікія спусташэнні Беларусі: разбураны многія гарады і вёскі, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы, зменшыліся пасяўныя плошчы, каля 1 млн. жыхароў Беларусі загінула. І рускія, і французы ў ходзе вайны забяспечвалі сябе рэкрутамі, прадуктамі, фуражом за кошт беларускага народа. Толькі на баку Расійскай арміі ў выніку рэкруцкіх набораў ваявала каля 180 тысяч жыхароў беларускіх зямель. Разам з тым больш як 25 тысяч беларусаў ваявала на баку Напалеона, у корпусе А.Панятоўскага.

Шмат беларусаў ваявала ў партызанскіх атрадах. Створаныя па ініцыятыве шляхты альбо простых сялян гэтыя атрады перашкаджалі расійскім і французскім войскам вывозіць матэрыяльныя каштоўнасці, запасы харчоў і фуражу, нападалі на абозы і каманды, што займаліся марадзёрствам і рэквізіцыямі (рэквізіцыя –прымусовае адабранне дзяржавай маёмасці ад уласніка пры надзвычайных абставінах у вёсках).

Нягледзячы на вялікія бедствы, пасля вайны беларускія губерніі не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы арміі. Цар дараваў здраду мясцовым памешчыкам, што пайшлі на службу да французаў, але нічога не зрабіў для сялян, што змагаліся ў партызанскіх атрадах на баку расійскіх войскаў. У сваім маніфесце 30 жніўня 1814 года цар адзначыў, што "сяляне, верны наш народ –няхай атрымаюць узнагароду сваю ад Бога". Больш гэтага, прыгон і эксплуатацыя памешчыкаў у беларускай вёсцы пасля вайны рэка узмацнілася.

2. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі царскі ўрад праводзіў тут цэнтралісцкую аб'ядноўваючую палітыку з канчатковай мэтай іх зліцця з асноўнымі рускімі рэгіёнамі:

  1. Беларускія землі падзелены на 2 генерал-губернатарствы (Літоўскае

(Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні)). Уся неабмежаваная ўлада –ў генерал-губернатара.

  1. Уводзілася расійская адміністрацыйна-судзебная сістэма кіравання.
  2. Скасавана Магдэбурскае права.
  3. Уводзілася пашпартная сістэма рэгістрацыі і кантроля за міграцыяй беларускага насельніцтва (без пашпарта забаранялася займацца промыслам, а пашпарты выдаваліся суддзямі са згоды памешчыкаў –пачатак прыгоннага права).
  4. Распаўсюджана расійская сістэма падаткаў і павіннасцей (сяляне і мяшчане павінны былі плаціць дзяржаве замест ранейшага падымнага падушны падатак, які быў значна цяжэйшым. Ён раскладваўся на мужчынскія "душы", на мяшчан ускладваўся падатак на ўтрыманне гарадскіх улад, паліцыі, турмаў).

Падаткі на Беларусі да 1811 года збіраліся не асігнацыямі (кацярынкамі), як гэта было ў рускіх губернях, а срэбрам і золатам, рэальны курс якіх быў значна вышэйшым. Такім чынам з Беларусі ішла выкачка золата і срэбра.

  1. З'явілася рэкруцкая павіннасць (адзін рэкрут выдзяляўся ад 200, а з 1820 г. –ад 125 душ мужчынскага полу. Значная частка сувораўскіх "чудо-богатырей", якія штурамавалі Альпы, былі беларусамі з Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай губерні).
  2. Паншчына 4-5 дзён, аброк, павіннасці (прыгонныя сяляне за карыстанне памешчыцкай ці дзяржаўнай зямлёй).
  3. У 1794 г. была ўведзена рыса аседласці яўрэйскага насельніцтва ў межах Беларускага генерал-губернатарства (забаранялася мець карчму, пастаялыя двары, маёнткі, прамысловыя прадпрыемствы, у яўрэйскіх купцоў і рамеснікаў падаткі ў 2 разы больш, чым для беларусаў).
  4. "Разбор шляхты" (дробная шляхта часта не мела дакументаў на дваранскае званне і пераводзілася ў саслоўе аднадворцаў. На Беларусі шляхты было 12% насельніцтва, а ў Расіі дваранства сладала 1%).
  5. Шляхта страціла правы:
  • выбіраць манарха
  • збіраць ваяводскія і павятовыя соймікі
  • ствараць узброеныя сілы (канфедэрацыі) для абароны сваіх прывілеяў.
  1. Але каб схіліць шляхту на расійскі бок, царскі ўрад зрабіў некаторыя паслабленні і прывілеі:
  • захаваўся Статут ВКЛ 1588 г. як асноўны заканадаўчы кодэкс
  • калі шляхта прымала прысягу на вернасць расійскай кароне, за ёй захоўвалі маёнткі з сялянамі
  • шляхта вызвалялася ад падаткаў і цялесных пакаранняў, абавязкаў знаходзіцца на дзяржаўнай службе
  • ёй дазвалялася выбіраць членаў павятовых і губернскіх судоў, калі яна валодала не менш чым 10 прыгоннымі мужчынскага полу
  • захоўвалася склаўшаяся канфесійная сітуацыя
  • шырокая раздача зямель з прыгоннымі сялянамі сваім генералам, буйным чыноўнікам і памешчыкам (раздаваліся дзяржаўныя ўладанні, канфіскаваныя маёнткі мясцовых памешчыкаў, што не пажадалі прысягнуць Расіі. У выніку ўжо ў 80-х гг. 18 ст. ва ўсходніх беларускіх землях з'явілася каля 200 рускіх памешчыкаў. Усяго Кацярына ІІ і яе сын Павел І перадалі сваім набліжаным у Беларусі больш 210 тысяч сялян мужчынскага полу)
  • беларуская шляхта і магнаты, якія да гэтага часу апалячыліся, імкнуліся задобрыць праз тое, што польскую мову не адмянялі, а ў школе ўводзілася руская мова. Пра беларускую мову ніхто не ўспамінаў, а выдатных дзеячоў беларускага народа, якіх ведаў увесь свет, афіцыйна сталі лічыць палякамі (Восіп Казлоўскі)
  • на вышэйшыя пасады ў краі прызначаліся расійскія генералы і старшыя афіцэры. Звяртацца да вышэйшых улад шляхце дазвалялася толькі ад уласнага імя і пасля папярэдняга дазволу мясцовых расійскіх чыноўнікаў

У канцы 20-30-х гадоў 19 ст. у адказ на дзейнасць тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, пасля падаўлення паўстанняў 1830-1831 гг., 1863 г. царскія ўлады ў 1832 годзе закрылі Віленскі універсітэт, 1839 г. –забаранілі ўніяцкую царкву (80% сялян пры далучэнні былі ўніятамі і яе вырашылі знішчыць і далучыць да праваслаўя, таму што гэта быў нацыянальны стрыжань), пачалі праводзіць больш жорсткую палітыку:

1. ад чыноўнікаў дзяржаўнага апарата сталі патрабаваць падпіску аб палітычнай надзейнасці і няўдзелу ў тайных таварыствах

2. 1816 г. –цэнзурная рэформа (забарона адпраўляць моладзь вучыцца за мяжу, у тым ліку і ў Польшчу)

3. скасаванне дзеянне Статута 1588 г. (у 1831 г. –у Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 –на ўсёй тэрыторыі Беларусі)

. Справаводства пераводзлася на рускую мову, забараняліся беларуская і польская

. Тэрыторыя, у якую ўваходзіла Беларусь, стала называцца Паўночна-Заходнім краем.

Контррэформы 80-90-х гг. 19 ст., праведзеныя царскімі ўладамі, спрыялі развіццю капіталістычных адносін, стваралі на ўсёй Расійскай імперыі адзіную сістэму кіравання, ліквідавалі мясцовыя асаблівасці:

  • судовая рэформа праведзена на Беларусі ў 1872 годзе, на 12 гадоў пазней чым у Расіі (замена саслоўных судоў агульнымі для ўсіх саслоўяў судовымі ўстановамі. Абвяшчалася незалежнасць суда ад урада, у паветах уводзіліся міравыя, а ў губернях –акруговыя суды. Крымінальныя справы ў акруговых судах разглядаліся з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці –прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне: вінаваты падсудны, ці не. Старшыня і два члены суда, улічваючы іх рашэнне, вызначалі меру пакарання або вызвалялі падсуднага. Падсудным аказвалі дапамогу адвакаты, якія не залежылі ад урада).

Асаблівасцю гэтай рэформы на Беларусі было тое, што ў адрозненне ад цэнтральных раёнаў Расіі, тут міравыя суддзі не выбіраліся, а прызначаліся міністрам юстыцыі і цалкам залежалі ад яго. Акруговыя суды ўвогуле былі ўведзены толькі ў 1833 годзе, прычым улады пакідалі за сабою права фарміраваць склад прысяжных засядацеляў.

  • гарадская рэформа ў 1875 г. (выбранне органаў гарадскога самакіравання –гарадской думы –на аснове маёмаснага цензу. Жыхары горада дзяліліся на 3 сходы (курыі: багатыя, сярэднія, астатнія). Кожная з курый выбірала 1/3 гласных (дэпутатаў). Гарадская дума выбірала выканаўчы орган –гарадскую ўправу на чале з гарадскім галавою. Органы гарадскога самакіравання займаліся пытаннямі добраўпарадкавання гарадоў, развіцця камунальнай гаспадаркі, прамысловасці, гандлю, аховы здароўя, адукацыі. Але на Беларусі гарадскі глава не выбіраўся думай, а прызначаўся распараджэннем міністра ўнутраных спраў).
  • земская рэформа на Беларусі праведзена ў 1911 г. (у Расіі ў 1864 г.) прадугледжвала самакіраванне, праводзілася толькі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерніях.

Гэтыя рэформы хоць і насілі прагрэсіўны характар, але былі непаслядоўнымі і супярэчлівымі. Яны спрыялі развіццю капіталізму, але не закранулі самадзяржаўя і самаўладдзя царскіх чыноўнікаў, пакінулі мноства феадальных перажыткаў, не ліквідавалі саслоўнай і нацыянальнай непаўнапраўнасці грамадзян.

У Беларусі гэтыя рэформы вызначаліся асаблівасцямі, якія яшчэ больш насілі рэакцыйны, абмежаваны характар. На Беларусі доўгі час захоўвалася ваеннае становішча, уведзенае пасля паўстання 1863-1864 гг. Абмяжоўвалі гэтыя рэформы і контррэформы 80-90-х гадоў Аляксандра ІІІ. У прынятых ім законах і палажэннях узмацнялася цэнзура, прыгляд за сістэмай народнай асветы. Школа падпарадкоўвалася праваслаўнаму духавенству, зноў больш абмяжоўваліся правы яўрэяў, пашыраліся паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай бяспекі. Улада магла адмаўляць (без тлумачэння прычын) у выдачы пасведчанняў аб палітычнай добранадзейнасці, без якіх грамадзяне не маглі займацца многімі відамі дзейнасці, паступіць у ВНУ ці на службу. Расія паступова ператваралася ў паліцэйскую дзяржаву, і гэта балюча адлюстравалася на карэнных жыхарах Паўночна-Заходняга краю.

3. У 19-пачатку 20 ст. у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі адбываліся агульныя для Расійскай імперыі працэсы, якія вялі да распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Узніклі адносіны новай індустрыяльнай цывілізацыі. Пра гэта сведчылі поспехі прамысловасці: ўзрасла колькасць мануфактур, на многіх з якіх выкарыстоўвалася вольнанаёмная праца, першыя фабрыкі былі пабудаваны ў 20-я гг.19 ст. у мястэчку Хомск і Косава Гродзенскай губерні. Яны займаліся вырабам сукна. Найбольш распаўсюджаны былі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурная, суконная, палатняная, цукровая, мукамольная. З сярэдзіны 19 ст. на шэрагу фабрык пачалі ўжывацца паравыя рухавікі. У 1860 г. на Беларусі налічвалася ўжо 140 мануфактур, 76 фабрык і заводаў, 20 тысяч рамесніцкіх майстэрняў.

Назіраліся змены і ў вёсцы. Сельская гаспадарка ўсё больш звязвалася з рынкам, выкарыстоўваліся машыны, пашыраліся пасевы тэхнічных культур (ільну, канаплі), значна ўзрасла вага бульбы і цукровых буракоў, узнікла танкарунная авечкагадоўля.

Далейшае развіццё прагрэсіўных з'яў у эканоміцы, і асабліва ў сельскай гаспадарцы, стрымлівала панаванне феадальнай сістэмы землеўладання, існаванне прыгоннага права. Прыгонніцкія адносіны стрымлівалі пашырэнне ўнутранага рынку, фарміраванне асоб наёмнай працы, тармазілі тэхнічны прагрэс.

З мэтай павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў памешчыкі пашыралі ўласныя пасевы за кошт сялянскіх надзелаў. Сітуацыя усугублялася тым, што за 30 гадоў (з 1820 па 1850 гг.) у Віцебскай, Магілёўскай губернях было 10 няўродаў. Сяляне ўсё больш разараліся і не маглі папаўняць дзяржаўную казну, несці ўзрастаючыя павіннасці. Нарасталі крызісныя з'явы, выступленні сялян. Толькі ў 30-40-я гг. 19 ст. іх 11 разоў падаўлялі ваеннай слай. Асабліва ў цяжкім становішчы знаходзіліся дзяржаўныя сяляне, дзе арандатары даводзілі іх да разарэння. Ўсё гэта прымушала царызм праводзіць на Беларусі больш гнуткую сацыяльна-эканамічную палітыку, рабіць захады па вырашэнні аграрнага пытання.

Каб зняць сацыяльную напружанасць у вёсцы, царскі ўрад пад кіраўніцтвам П.Д.Кісялёва ў 1840-1857 гг. правёў рэформу сярод дзяржаўных сялян, якія складалі каля пятай часткі ўсяго сялянства Беларусі. Галоўная мэта рэформы –павялічэнне дзяржаўных даходаў. Гэтага нельга было дабіцца без спынення збяднення сялянства, ліквідацыі свавольства арандатараў маёнткаў і павелічэння колькасці цяглых сялянскіх двароў, здольных выконваць павіннасці і плаціць падаткі на карысць дзяржавы. Рэформа прадугледжвала падробнае апісанне (люстрацыю) ўсіх дзяржаўных маёнткаў і строгае вызначэнне павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча.

Ставілася задача перавесці па магчымасці ўсіх агароднікаў (сяляне, якія мелі толькі агарод) і бабылёў-кутнікаў (беззямельных) у разрад цяглых ці паўцяглых сялян, г.зн. надзяленне іх палявым надзелам і сенакосам, а таксама рабочай сілай і неабходным інвентаром. Вызначалася сярэдняя норма надзела –дзесяціны ворнай зямлі і 1 дзесяціна сенакосу на адну рэвізскую душу. Для цяглых двароў, якія мелі поўны надзел і не менш як 2 галавы рабочай жывёлы, устанаўлівалася 6-дзённая паншчына (3 дні з канём і 3 без каня). Для паўцяглых норма змяншалася напалавіну. Прадугледжвалася спыненне здачы казённых маёнткаў у арэнду і замена паншчыны чыншам. У 1844 годзе фальваркі былі ліквідаваны ўвогуле, а паншчына заменена чыншам. Гэты працэс працягваўся 6 гадоў. Там, дзе паншчына захоўвалася, забаранялася адбіраць сялянскія надзелы, павялічваць павіннасці і прымушаць сялян працаваць на ўласнай зямлі арандатара. З мэтай абароны сялянамі сваіх правоў ім дазвалялася ствараць сельскія грамады з выбраным кіраўніцтвам. У выніку сялянскія надзелы павялічваліся больш як на 30%, а павіннасці скараціліся больш як на 40%.

Хвалявалі ўрад і ўзаемаадносіны памешчыцкіх сялян. У 1844 годзе, каб аслабіць крызіс прыгонніцкіх адносін у памешчыцкай вёсцы, ён пайшоў на правядзенне інвентарнай рэформы. Праводзіўся вопіс феадальных уладанняў, унасіліся звесткі аб межах маёнтка, даходах насельніцтва, фіксаваліся памеры сялянскіх надзелаў і павіннасцей. І хоць гэтая рэформа не прадугледжвала ліквідацыю прыгоннага права і замены паншчыны чыншам, яна выклікала супраціўленне памешчыкаў і нараканні сялян там, дзе павіннасці аказаліся завышанымі. Таму ўрад некалькі разоў мяняў падыходы да яе правядзення.

У цэлым гэтыя рэформы хоць і стваралі лепшыя ўмовы для развцця гаспадарчай ініцыятывы сялян, яны не закраналі асноў феадальных парадкаў.

Не ліквідавала поўнасцю феадальныя парадкі і адмена прыгоннага права 19 лютага 1861 года. Па рэформе сяляне атрымалі асабістую волю і пэўныя грамадзянскія правы: уступіць у шлюб без дазволу памешчыка, самастойна распарадзіцца сабою і сваёй маёмасцю, непасрэдна звяртацца ў суд і дзяржаўныя ўстановы, заключаць розныя дагаворы і здзелкі, набываць ва ўласнаць нерухомую і рухомую маёмасць і прадаваць яе, засноўваць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, запісвацца ў саслоўе мяшчан ці купцоў, паступаць на службу і ў навучальную установу. Абвяшчалася таксама, што пакаранне селяніна магло адбыцца толькі па судовым прыгаворы ці законным распараджэнні ўрадавых і грамадскіх улад.

Памешчыкі страчвалі паліцэйскую і судовую ўладу над вёскай і разам з тым вызваляліся ад усялякай адказнасці за яе лёс, за выплату сялянамі падаткаў і выкананне павіннасцей на карысць дзяржавы.

Уводзіліся выбарныя органы сялянскага самакіравання –сялянскія старасты і валасныя праўленні на чале са старшынёй. Галоўнымі іх абавязкамі з'яўляліся раскладка і збор падаткаў, кантроль за выкананнем сялянамі шматлікіх павіннасцей, рэгуляванне зямельных адносін, арганізацыя на вёсцы паліцэйскай службы і г.д. За ўсё ўводзілася кругавая парука (калектыўная адказнасць).

Паводле "Агульнага палажэння рэформы", уся зямля, якой спрадвеку карысталіся сяляне, прызнавалася ўласнасцю памешчыка. Таму сяляне павінны былі яе выкупаць, прычым па завышанай у 3-4 разы цане. Нормы выкупных надзелаў вагаліся ад 4 да 5,5 дзесяцін у Віцебскай, Магілёўскай губернях, для астатніх беларускіх губерняў, дзе даўно існавала падворнае землекарыстанне, сяляне маглі выкупаць дарэформенныя надзелы.

Ва ўсходніх і заходніх губернях Беларусі прадугледжваліся адрэзкі ад сялянскіх надзелаў на карысць памешчыкаў у тых выпадках, калі ў іх пасля надзялення сялян заставалася менш чым 1/3 ранейшых угоддзяў.Дваровым сялянам (прыслуга) зямля не выдзялялася.

Пры раздзеле зямлі памешчыкі выбіралі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да незвычайнай церазпалосіцы панскіх і сялянскіх зямель.

Выкупная цана вызначалася такім чынам, каб памешчык, паклаўчы яе ў банк на працэнты, мог атрымаць штогадовы прыбытак, роўны гадавому чыншу дарэформеннага часу.

Неабходных грошай для выкупу ў сялян не было, а памешчыкі хацелі іх атрымаць адразу. Улічваючы гэта, ўрад пастанавіў, што 20% кошту зямлі выплачваюць самі сяляне, а 80% - ўрад, у выніку сяляне рабіліся даўжнікамі дзяржавы на 49 гадоў і павінны былі выплачваць не толькі суму доўгу, але і вялікія працэнты за пазыку.

Права выкупаць зямлю сяляне атрымлівалі толькі праз 9 гадоў пасля пачатку рэформы. Увесь гэты час яны лічыліся часоваабавязанымі, і за карыстанне зямлёй павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку чынш.

Усё гэта выклікала шматлікія пратэсты сялян, іх выступленні. Толькі ў 1861 годзе на Беларусі адбылося 441 выступленне супраць палажэнняў рэформы. Сяляне не пагаджаліся з яе ўмовамі. Паказальна, што на пачатак 1863 года 80% сялян не падпісалі ўстаўных грамат на выкуп зямлі.

У 1863 годзе ў Польшчы, Беларусі, Літве ўспыхнула паўстанне супраць царызму. З мэтай адцягнуць ад удзелу ў ім беларускіх і літоўскіх сялян царскімі ўладамі былі выдадзены ўказы паводле якіх:

  1. сяляне незалежна ад згоды памешчыкаў пераводзіліся на абавязковы выкуп, што азначала вызваленне іх ад стану часоваабавязаных –выклікала найбольшае незадавальненне
  2. на 20% зніжаліся выкупныя плацяжы
  3. сялянам, якія былі абеззямелены памешчыкамі у перадрэформенны перыяд, поўнасцю ці часткова вярталіся іх былыя зямельныя надзелы
  4. урад адмовіўся ад намераў скасаваць сервітутнае права, якое дзейнічала ў многіх маёнтках і дазваляла сялянам карыстацца выпасамі ці сенакосамі, што з'яўляліся ўласнасцю памешчыкаў.

На абавязковы выкуп у 1867 г. былі пераведзены і дзяржаўныя сяляне. У цэлым рэформа 1861 года падрывала асновы прыгоннага права баршчыннай сістэмы гаспадарання, стварала ўмовы для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін. На вёсцы фарміраваўся рынак зямельнай уласнасці і працоўных рук, мянялася структура насельніцтва, праходзіла спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці, яе пераарыентацыя на рынак. Гэта спрыяла і развіццю прамысловай вытворчасці. Да пачатку 20 ст. колькасць мануфактур узрасла да 760, а фабрык і заводаў –. Вялікае значэнне мела будаўніцтва Агінскага, Бярэзінскага, Днепра-Бугскага каналаў, якія злучалі рэкі Чарнаморскага басейна з рэкамі басейна Балтыйскага мора. У 1862 годзе праз тэрыторыю Беларусі прайшла Пецярбургска-Варшаўская чыгуначная дарога, у 1866 г. –Рыга-Арлоўская, у 70-х гадах –Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская магістралі. У 80-я гады пачалі дзейнічаць Палескія чыгункі, з 1902 года –Пецярбургска-Адэская магістраль. У выніку Беларусь атрымала больш цесную сувязь паміж рознымі рэгіёнамі, а таксама з важнейшымі індустрыяльнымі раёнамі Расійскай імперыі.

Развіваецца гандаль. Таварны абарот павялічваецца за кошт гандлёвых аб'яднанняў, крэдытных устаноў, банкаў.

З развіццём прамысловасці, гандлю, раслі гарады, павялічвалася колькасць гарадскога насельніцтва. Толькі за другую палову 19 ст. гарадское насельніцтва павялічылася ў 2,2 раза і склала ў пачатку 20 ст. 10,3% ўсяго насельніцтва. На вёсцы з'явіліся сельская буржуазія (кулакі), сераднякі і беднякі, якія на канец 19 ст. складалі адпаведна 10,30 і 60 %.

Змянялася сацыяльная структура грамадства. Развіццё прамысловасці і гандлю выклікала фарміраванне значнага слоя прадпрымальнікаў, наёмных рабочых. Напрыклад, колькасць наёмных рабочых, уключая сельскагаспадарчых работнікаў, у пачатку 20 ст. склала больш 460 тыс. чалавек. Такім чынам ішло паступавае разлажэнне класаў –саслоўяў папярэдняй эпохі і станаўленне класаў новага індустрыяльнага грамадства –буржуазіі і асобаў наёмнай працы.

Змены ў эканамічным і сацыяльна-палітычным жыцці Беларусі станоўча адбіваліся на працэсе нацыянальнай кансалідацыі беларусаў: фарміраваўся адзіны нацыянальны рынак, фарміравалася адзіная беларуская нацыя. Далейшае развіццё капіталістычных адносін на Беларусі, як і ва ўсёй царскай Расіі, стрымлівала існаванне шматлікіх перажыткаў феадалізма: царскае самаўладдзе, буйное памешчыцкае землеўладанне, абшчына, подаці і павіннасці, сервітуты (панская ўласнасць на сенакосы, лясы, азёры), церазпалосіцы, малазямелле. На пачатак 20 ст. на Беларусі ва ўласнасці памешчыкаў і буйных землеўладальнікаў знаходзілася звыш 55% усіх зямель, у сялян –,4 %. Сервітутамі карысталася звыш 50% сялян. Захоўвалася каля 24,7 тысяч сельскіх абшчын, у якія ўваходзілі звыш 90% усіх сялян. Амаль 44% жыхароў вёскі былі малазямельнымі і беззямельнымі.

Каб разбурыць сялянскае абшчыннае землеўладанне, у 1907 годзе гродзенскі губернатар П.А.Сталыпін распачаў аграрную рэформу. Яна прадугледжвала стварэнне хутарской сістэмы:

  1. усе сяляне атрымлівалі права выхаду з абшчыны, якая павінна была надзяліць кожнага зямлёй у прыватную ўласнасць
  2. кожны селянін меў права патрабаваць выдзялення ўсіх зямельных угоддзяў у адным месцы хутара
  3. праводзілася добраахвотнае перасяленне сялян на свабодныя землі ў Сібір, Казахстан, Паўночны Каўказ.

Рэформа да канца не была рэалізавана, яе ідэолаг і пачынальнік Сталыпін быў застрэлены.

Ажыццяўленне рэформы выклікала раскол у вёсцы. Заможныя сяляне імкнуліся пазбавіцца ад апекі абшчыны, атрымаць зямлю, завесці асабістую гаспадарку, арыентаваную на рынак. Сераднякоў і беднякоў палохала ліквідацыя абшчыны і перспектыва застацца без яе абароны і дапамогі ў выпадку неўраджаю, пажару, паморах жывёлы. Для большасці сялян перасяленне на хутары было непасільным з-за адсутнасці сродкаў. Асабліва вострыя спрэчкі і канфлікты сярод сялян выклікала выдзяленне зямлі ў атрубы па прычыне яе рознай якасці. Замацаванне надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць сялян азначала прадастаўленне ім права продажу, закладваць надзелы ў банку. Каб прытупіць вастрыню аграрнага пытання ў еўрапейскіх губернях, урад заахвочваў перасяленне сялян у азіяцкую частку Расіі. У выніку туды перасялілася больш 700 тысяч беларускіх сялян. У цэлым рэформа паскорыла расслаенне вёскі, але праблему зямлі канчаткова не вырашыла.

  1. Ідэі Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі 1789 г., напалеонаўскія войны аказвалі вялікі ўплыў на развіццё грамадска-палітычнай і нацыянальна-вызваленчай думкі Беларусі. Шляхецкая інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь аб'ядноўваліся ў гурткі і таварыствы для выпрацоўкі і дасягнення сваіх сацыяльных і нацыянальных ідэалаў. Яны ідэйна і часта рэвалюцыйна часта былі звязаны з грамадскім рухам Польшчы, кантактавалі з перадавымі людзьмі Расіі дзеля аднаўлення сваёй дзяржавы, барацьбы супраць царскага самадзяржаўя.

Першай тайнай арганізацыяй у Беларусі і Літве стала Віленская асацыяцыя 1796-1797 гг. Яе мэта –аднаўленне ранейшай нацыянальнай дзяржавы на аснове Канстытуцыі 3 мая 1791 года. Была раскрыта царскімі ўладамі.

У 1817 годзе па ініцыятыве студэнтаў Віленскага універсітэта Тамаш Зана, Адама Міцкевіча, Яна Чачота. Узнікла таварыства філаматаў(грэч. –той, хто імкнецца да ведаў). Яно мела філіалы ў многіх навучальных установах, прапагандавала ідэі свабоды, нацыянальнай годнасці, роўнасці. У 1820 годзе ў асяроддзі філаматаў утварылася больш радыкальнае таварыства філарэтаў (грэч. –той, хто любіць дабрачыннасць). Яны выступалі за ўвядзенне ў Расіі Канстытуцыйнага ладу, усталяванне роўнасці людзей і народаў. У 1823 годзе 20 яе членаў былі высланы ў аддаленыя раёны Расіі, а 80 чалавек трапілі пад нагляд паліцыі.

Вынікам распаўсюджвання ідэй свабоды, сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці стала паўстанне 1830-1831 гг. Вузкія палітычныя мэты (напрыклад, адсутнасць вырашэння пытання адмены прыгоннага права) кіраўнікоў паўстання абумовілі тое, што яно не атрымала шырокай падтрымкі сярод насельніцтва і было падаўлена. Многія ўдзельнікі паўстання былі аддадзены пад суд, у шляхцічаў канфіскавалі маёнткі, асоб недваранскага паходжання аддавалі ў салдаты ці ссылалі ў Сібір. Такім чынам, сваіх маёнткаў пазбавіліся Агінскія, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія. Усяго толькі ў 1837 годзе было канфіскавана 115 маёнткаў з 38544 сялянамі мужчынскага полу.

Пасля падаўлення паўстання грамадска-палітычны рух не спыніўся. У 1836-1838 гг. у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі дзейнічала "Дэмакратычнае таварыства" Ф.Савіча, у 1846-1849 гг. у многіх гарадах і мястэчках –"Саюз свабодных братоў". Іх мэта –сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларусаў, барацьба за свабоду Радзімы.

У канцы 50-пачатку 60-х гг. 19 ст. у грамадска-палітычным руху Беларусі па-ранейшаму галоўнае месца займалі шляхецка-дваранскія рэвалюцыянеры. Яны выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай, пры гэтым вядучую ролю адводзілі шляхце і сялянам.

У руху за аднаўленне нацыянальнай дзяржавы ў пачатку 60-х гадоў патрыятычныя сілы Беларусі падзяліліся на дэмакратаў, якія выступалі за паўстанне, і лібералаў –прыхільнікаў мірных сродкаў барацьбы.

Тыя, хто быў за паўстанне, атрымалі назву "чырвоныя". Гэта быў шырокі і разнастайны дэмакратычны блок, у які ўваходзілі дробная і беззямельная шляхта, афіцэры, дробная гарадская буржуазія, інтэлігенцыя, студэнцтва. Але сярод іх не было адзінства наконт метадаў дасягнення сваіх мэт. Яны падзяліліся на правых –памяркоўных і левых –староннікаў рэвалюцыі. Першыя рабілі стаўку на шляхту, левыя разлічвалі на сялянскую рэвалюцыю. Заахвочванне сялян планавалася вырашыць шляхам ліквідацыі памешчыцкага землеўладання.

Праціўнікаў паўстання называлі "белымі". Дасягнуць сваіх мэт яны хацелі праз націск заходнееўрапейскіх краін на расійскія ўлады. Такая рознашорснасць удзельнікаў вызваленчага руху прадумовіла паражэнне паўстання 1863-1864 гг.

"Левых" на Беларусі ўзначальваў К.Каліноўскі. У цэлым паўстанне было няўдачным: яго пачатак супаў з адменай прыгоннага права; не было адзінства сярод кіраўнікоў паўстання (белых і чырвоных); палітыка Віленскага генерал-губернатара М.Мураў'ёва, які на 20% зменшыў выкупныя плацяжы, надзяліў беззямельных 3 дзесяцінамі зямлі, вярнуў адабраныя ў сялян у 1857 годзе адрэзкі; ваенная моц Расіі.

Пасля паўстання 1863-1864 гг. грамадска-палітычны і нацыянальна-вызваленчы рух стаў адраджацца ў 70-я гады народнікамі. Ідэалогія народніцтва грунтавалася на тэорыі сялянскага сацыялізму. Іх ідэалам была вольная ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расія, пабудаваная на аснове федэрацыі самакіраваных абласцей. Шырокага распаўсюджвання народніцтва не атрымала, сваіх прыхільнікаў яно знайшло пераважна сярод разначыннай інтэлігенцыі.

У другой палове 80-90-я гады ідэалогія народніцтва пачынае саступаць месца марксізму.Узнікненне самастойнага сацыял-дэмакратычнага руху на Беларусі звязана здзейнасцю польскай партыі "Пралетарыят" (утворана ў 1882 годзе), і асабліва пляханаўскай групы "Вызваленне працы" (1883 г.). Узнікаюць марксісцкія гурткі, пачынаецца прапаганда ідэй марксізму ў рабочым асяроддзі.

1-3 сакавіка 1898 года ў Мінску прайшоў першы з'езд РСДРП.

На мяжы 19-20 стст. з агульнадэмакратычнага руху вылучаецца беларуская нацыянальная плынь, фарміруецца беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух. Ён быў скіраваны на дасягненне палітычнай самастойнасці, адраджэнне нацыянальнай культуры беларусаў. Ідэалогія нацыяналізму складвалася ў працэсе дзейнасці патрыятычных студэнцкіх арганізацый, таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Важную ролю ў фарміраванні нацыянальна-дэмакратычнага руху адыгралі ідэі К.Каліноўскага, яго Лісты з-пад шыбеніцы, газета "Мужыцкая праўда", часопіс "Гоман". Гэтыя ідэі абгрунтоўвалі ў сваіх працах Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, браты Луцкевічы, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і іншыя.

Пад уплывам іх ідэй пачалі ўзнікаць беларускія нацыянальна-культурныя гурткі. У канцы 1902-пачатку 1903 года з іх аформілася Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ). Гэта была першая беларуская нацыянальная партыя, якая выступала за звяржэнне самадзяржаўя, знішчэнне капіталізму, устанаўленне дэмакратычнага ладу, за аўтаномію Беларусі ў рамках Расіі. Аграрная праграма прадугледжвала знішчэнне прыватнай уласнасці на зямлю і ўвядзенне ўраўнальнага землекарыстання без эксплуатацыі чужой працы. Шлях да сацыялізму –усебаковая кааперацыя працоўных.

У пачатку 20 ст. у Расіі складвалася рэвалюцыйная сітуацыя (вярхі не могуць кіраваць па старому, а нізы не хочуць жыць па старому). Яна была абумоўлена вычарпаннем магчымасці адносна мірнага развіцця капіталізму ва ўмовах захавання перажыткаў феадалізму, эканамічным крызісам 1900-1903 г. і ростам галечы, паражэннем Расіі ў вайне з Японіяй у 1904-1905 гг., якая выявіла яе адсталасць, абвастрэнне нацыянальнага пытання.

У палітычнай барацьбе гэтага часу вылучаюцца тры лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны. Урадавы, які абапіраўся на дваранства, імкнуўся захаваць самадзяржаўе і не дапусціць карэнных змен у дзяржаўна-палітычным ладзе. У ліберальна-буржуазны лагер уваходзіла буржуазія і частка інтэлігенцыі. Яны жадалі ліквідацыі перажыткаў феадалізму, але баяліся рэвалюцыі. Дэмакратычны лагер складалі пралетарыят, сялянства, радыкальна настроеная інтэлігенцыя, шырокія непралетарскія дэмакратычныя слаі горада і вёскі. Іх мэта –знішчэнне усіх рэшткаў феадалізму, у тым ліку і памешчыцкага землеўладання, звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі.

Рэвалюцыйная сітуацыя вылілася ў першую расійскую буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая пачалася з падзей 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу. Растрэл шматтысячнага шэсця ўскалыхнуў Расію. Акцыі пратэсту прайшлі ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Яны спарадычна цягнуліся амаль увесь год. Найвышэйшага накалу выступленні дасягнулі 18 кастрычніка 1905 года ва ўмовах Усерасійскай палітычнай стачкі. Толькі ў Мінску падчас мітынгаў, якія адбыліся ў гэты дзень у 32 населеных пунктах Беларусі, прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Каб разагнаць мітынгуючых, губернатар Курлоў загадаў прымяніць зброю. У выніку чаго было забіта каля 100 чалавек і да 300 паранена.

Выступленні працягваліся і далей. У канцы 1905 года ў іх усё больш уцягваліся салдаты, сяляне. Ураду ўдалося збіць рэвалюцыйную хвалю. Гэтаму спрыялі Маніфест 17 кастрычніка 1905 года аб дэмакратычных сабодах і надзяленні Дзяржаўнай Думы заканадаўчымі паўнамоцтвамі, дазвол на стварэнне прафсаюзаў, аб'яўленне амністыі ўдзельнікам выступленняў. Спрыялі гэтаму і аб'яўленне выбараў у Дзяржаўную Думу, разнароднасць рэвалюцыйнага руху, пачатак новага эканамічнага ўздыму.

Паражэнне рэвалюцыі 1905-1907 гг. не азначала вяртання назад да мінулага. Падчас рэвалюцыі былі створаны больш спрыяльныя ўмовы да легальнай дзейнасці партый, засталася Дума (ад Беларусі ў ёй было 36 дэпутатаў), працоўныя дабіліся паляпшэння эканамічных умоў жыцця. Аднак галоўная мэта –звяржэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, вырашэнне нацыянальнага пытання не было дасягнута.

Пасля 3 чэрвеня 1907 года, калі была распушчана ІІ Дзярждума, і зменены выбарчы закон, у Расіі ўсталёўваецца палітычная рэакцыя. У гэты час актывізуецца дзейнасць чорнасоценных манархічных арганізацый, афармляецца ідэалогія "заходнерусізма". Заходнерусісты разгарнулі шырокую агітацыю супраць беларускага нацыянальнага руху, аб'яўлялі беларусаў не нацыяй, а народнасцю, састаўной часткай рускага народа. У гэты час актывізуецца дзейнасць і польскіх нацыяналістаў. Яны таксама адмаўлялі існаванне асобнага беларускага народа, даказвалі, што адраджэнне беларускай мовы і культуры немагчыма і непатрэбна, прапагандавалі ідэю, што беларусы –адгалінаванне польскага народа. У гэтых умовах беларускі нацыянальны рух знаходзіўся ў цяжкім становішчы. Грунтаваўся ён пераважна вакол газеты "Наша доля", а потым "Наша ніва". Дзеячы гэтых выданняў –браты Луцкевічы, Цётка, В.Ластоўскі –будзілі нацыянальную самасвядомасць, веру ў стварэнне сваёй дзяржавы. Ідэю незалежнасці прапагандаваў часопіс "Гоман", які выходзіў у Вільні. Але гэтыя ідэі сталі магчымымі пасля 1 сусветнай вайны і лютаўскай 1917 года рэвалюцыі.

Першая сусветная вайна, якая працягвалася 4 гады і 4 месяцы зноў прынесла беларусам незлічоныя бедствы. У вайне загінула каля 1,5 млн. чалавек. Па словах У.Ігнатоўскага, Беларусь у каторы раз ператварылася ў сусветную трупярню. Амаль поўнасцю была разбурана прамысловасць. У цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка. На фронт было мабілізавана 634 тысячы беларусаў.

Такім чынам, 19-пачатак 20 ст. –час вялікіх пераўтварэнняў, войнаў, рэвалюцый і дасягненняў. Ішоў марудны, з захаваннем феадальных адносін працэс станаўлення новых капіталістычных адносін, новай цывілізацыі.

14

Індустрыяльная цывілізацыя і Беларусь