Узнікненне і развіццё беларускай дзяржаўнасці
Узнікненне і развіццё беларускай дзяржаўнасці
- Вытокі беларускай дзяржаўнасці. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае княствы.
- Сацыяльна-эканамічнае становішча і грамадска-палітычны лад першых дзяржаўных утварэнняў.
- Культура беларускіх зямель у IX-XIII стст.
1. Кожны адукаваны чалавек павінен ведаць, што тэма дзяржаўнасці ў курсе гісторыі Беларусі займае даволі значнае месца. Стварэнне сваёй дзяржавы гэта доказ высокага развіцця народу, вынік дасканаласці і развітасці грамадства. Сёння на лекцыі мы павінны адказаць на пытанні: ці была ў беларусаў свая нацыянальная дзяржава, што яна сабой уяўляла, калі ўзнікла, як развівалася. А можа ўвогуле яе ніколі не было?
Даволі часта можна пачуць такую фармуліроўку праблема беларускай дзяржаўнасці. Чаму праблема? Справа ў тым, што гэта тэма доўгі час жудасна фальсіфікавалася, асабліва з боку польскай і расійскай гістарыяграфіі на сваю карысць. Гісторыкі-фальсіфікатары стваралі штучныя навуковыя канцэпцыі, у якіх "даказывалі", што беларусы ніколі не мелі сваёй дзяржаўнасці, перыядычна далучаліся то да старажытнарускай дзяржавы, то да ВКЛ, то да РП, то да Расіі. У савецкі час гэта тэма таксама скажалася. Так, напрыклад, лічылі, што беларусы атрымалі сваю дзяржаву толькі у 1919 годзе, дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі у Расіі. Такі падыход быў узведзены ў ранг закону і замацаваны ў Канстытуцыі БССР 1978 года.
На самой справе беларускі радавод мае больш чым тысячагадовую гісторыю. Пісьмовыя крыніцы пацвярджаюць, што асновы дзяржаўнасці ў нашых продкаў сфарміраваліся да ўтварэння Кіеўскай Русі.
Полацкае княства адно з самых старажытных дзяржаўных утварэнняў усходніх славян і першае на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У "Аповесці мінулых гадоў" яно ўпершыню ўпамінаецца пад 862 годам як цэнтр княжання крывічоў у паведамленні аб "прызванні" варагаў на чале з Рурыкам. Дарэчы, першы запіс летапісца пра Кіеў таксама пазначаны пад 862 годам. Свае племянныя княжанні мелі паляне (украінцы), дрыгавічы, славены і інш. Як вядома, Полацкі летапіс згублены пад час вайны з Масковіяй у XVII ст., і таму звесткі аб Полацку атрымліваем з іншых крыніц. Аднак Полацк існаваў значна раней, пра што сведчаць пісьмовыя і археалагічныя крыніцы:
- Ісландзская "Сага аб Тэадорыку" распавядае пра асаду Полацка гунамі на чале з Ацілай. Аціла загінуў у 451 г н.э. (першая палова 5 ст.) Полацк існаваў у сярэдзіне 5 ст.
- падчас раскопак на тэрыторыі старажытнага Полацка археолагі знайшлі кераміку, вырабленую не пазней 5 ст.
У VII-VIII стст. пачаўся працэс масавага перасялення славян на беларускія землі, дзе на той час пражывалі балты. Славяне як этнас сфарміраваліся ў Еўропе і ішлі на нашы землі як з захаду (крывічы, радзімічы), так і з поўдня (дрыгавічы). Яны змешваліся з балтамі і стваралі новыя межплемянныя аб'яднанні, супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і раздзімічаў гэта і ёсць зона будучай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Гэта былі ўжо протадзяржавы альбо княжанні, як назваў іх летапісец.
Схема фарміравання дзяржавы выглядае так: родплемядзяржава
У аснове гэтых межплемянных аб'яднанняў былі ўжо не родаплемянныя, а тэрытарыяльна-палітычныя сувязі са сваімі сацыяльнымі інстытутамі.
Найбольш буйное племя крывічоў, што асела абапал ракі Палаты, атрымала назву палачанаў. Яны і заснавалі г. Полацк, які стаў цэнтрам будучай дзяржавы з 500-гадовай гісторыяй. Спецыфікай Полацкага княжання была поліэтнічнасць насельніцтва (тут пражывалі крывічы, дрыгавічы, рэшткі балцкіх і фіна-угорскіх плямёнаў).
У гэты час адбывалася ўтварэнне еўрапейскіх дзяржаў чэхі, харваты, франкі, палякі, скандінавы, шведы і інш. У V-X стст. складваюцца цэнтры княжання на поўначы Еўропы ў Скандынавіі, Нарвегіі, Даніі, Брытаніі і інш. Такім чынам, беларусы (нашы продкі) ў стварэнні першай беларускай дзяржавы не былі апошнімі на еўрапейскім кантыненце, а недзе ў сярэдзіне.
Прыкладна ў гэты ж час усходнеславянскія паляне ствараюць Кіеўскае дзяржаўнае ўтварэнне, а Ільменскія славяне Ноўгародскае княства. Полацкае княства было размешчана ў басейнах Заходняй Дзвіны, Беразіны, часткова Нёмана. Найбольш старажытныя гарады княства Менск, Заслаўе, Віцебск, Лагойск. У хуткім часе Полацкае княства дасягае высокага ўзроўню сацыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця.
Геаграфічнае становішча Полацкага княства
Знакаміты водны шлях "з варагаў у грэкі" вызначыў высокі статус Полацка, Кіева і Ноўгарада як важных дзяржаўна-палітычных цэнтраў усходніх славян. Наўгародскае княства кантралявала гэты шлях з поўначы, Кіеўскае з поўдня. Полацкае княжанне размяшчалася пасярэдзіне і стала цэнтрам барацьбы за першынства ва ўсходнеславянскім свеце і стварыла канкурэнцыю Кіеву ў справе аб'яднання зямель.
У 9-10 стст. на тэрыторыі ўсходніх славян склалася сістэма вялікіх і малых княстваў пад назвай "старажытнаруская дзяржава" з цэнтрам у Кіеве (т.зв. Кіеўская Русь). У ваенным і эканамічным плане яно было нетрывалым аб'яднаннем племянных саюзаў. Мэты яго стварэння:
- Каб разам супрацьстаяць стэпавым вандроўнікам (хазары (казахі), полаўцы, печанегі).
- Большасць князёў былі сваякамі і ў бітвах супраць ворагаў выступалі разам (полацкія, кіеўскія, наўгародскія, уладзімірскія).
- Прыняцце хрысціянства на Кіеўскай Русі ў 988 годзе.
Такім чынам, гэта быў аморфны кангламерат этнасаў і пляменаў, якое нельга лічыць дзяржавай у сучасным сэнсе гэтага слова. Гэтую "Імперыю Рурыкавічаў" К.Маркс назваў "недарэчнай", "скараспелай".
Полацк быў заснаваны крывічамі і да апошняй трэці Х ст. не залежыў ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада. У другой палове Х ст. у Полацку княжыў Рагвалод, які прыйшоў "з-за мора". З'яўленне асобнага князя ў Полацку сведчыць калі не пра незалежнасць ад Кіева, дык пра ўзрастанне яго самастойнасці.
Адносіны Полацка з Кіевам былі складанымі і супярэчлівымі. У 70-х гг. Х ст. распачалася міжусобная барацьба за кіеўскі стол паміж Яраполкам Кіеўскім і Уладзімірам, які княжыў у Ноўгарадзе. Полацкае княства было дастойным супернікам Кіеву па багаццю і аўтарытэту. Каб жыць у згодзе з Полацкай дзяржавай, кіеўскі князь Яраполк і яго брат наўгародскі князь Уладзімір спрабавалі парадніцца з полацкім валадаром Рагвалодам. У 980 годзе засылалі сватоў да яго дачкі Рагнеды. Рагвалод даў згоду на шлюб сваёй дачкі Рагнеды з больш моцным кіеўскім князем Яраполкам. Наўгародскаму князю Уладзіміру было адмоўлена. Рагнеда адказала: "Не хачу разуць рабыніча". Згодна са старадаўнімі звычаямі, нявеста пасля вяселля павінна была ў знак пакорлівасці зняць абутак свайго жаніха. Адказ Рагнеды абразіў Уладзіміра, бо па сваім паходжанні ён сапраўды быў напалову рабынічам, бо нарадзіўся ад пазашлюбнай сувязі свайго князя-бацькі і ключніцы Малушы (прыслуга). Уладзімір адпомсціў полацкай княжацкай сям'і. "Крывавае вяселле" Уладзіміра з Рагнедай закончылася забойствам Рагвалода, яго 2 сыноў і далучэннем Полацкай зямлі да Кіева на непрацяглы час. Так Полацк быў уключаны ў склад Кіеўскай дзяржавы. Але ўжо ў 988 годзе пасля няўдалага замаху Рагнеды на Уладзіміра, кіеўскі князь вярнуў Рагнеду разам з сынам Ізяславам на Полаччыну. У далейшым Уладзімір падманам забіў свайго брата Яраполка і стаў вялікім кіеўскім князем.
Уладзімір увайшоў у гісторыю як Краснае Сонейка, або Уладзімір-Хрысціцель, таму што з яго імем звязана прыняцце на землях усходніх славян хрысціянства. Кіеўская Русь (старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян) пры ім дасягнула свайго найвышэйшага росквіту, было амаль завершана аб'яднанне ўсходнеславянскіх зямель.
Неўзабаве Ізяслаў Уладзіміравіч заняў полацкі пасад, чым аднавілася полацкая дынастыя і полацкая дзяржаўнасць. Падкрэсліваючы, што полацкія князі чужыя астатнім Рурыкавічам, летапісцы называлі іх "Рагвалодавымі ўнукамі", а астатнія рускія князі зваліся Яраславічамі.
З канца 10 ст. Полацк падпарадкуецца Кіеву. 70 год з 500 знаходзіцца пад уладай Кіева, а астатні час самастойны. У канцы 10 ст. у Полацку замацавалася свая дынастыя Рагвалодавічаў-Усяславічаў. Усе нашчадкі Рагнеды і Уладзіміра, якія княжылі ў Полацку, называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як усе астатнія "рускія" князі, а таксама не давалі сваім сынам імя Уладзімір.
Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула у XIІ ст. пры князях Брачыславе (1003-1044 гг.) і Усяславе Брачыслававічы (Чарадзей), унука Ізяслава (1029-1101 гг.). Сто гадоў бацька з сынам паспяхова кіравалі дзяржавай. У войнах з Кіевам і Ноўгарадам адстойвалі сваю незалежнасць і значна пашырылі межы дзяржавы.
Брачыслаў стаў першым дамагацца аб'яднання пад уладай Полацка крывіцкіх земляў. У 1021 годзе ён ажыццявіў паход на Наўгародскае княства, у выніку якога атрымаў стратэгічныя гарады Усвяты і Віцебск, неабходныя для ўмацавання пазіцый на шляху "з варагаў у грэкі". Пры Брачыславе ў ніжнім рэчышчы Дзвіны пабудаваны гарады Кукенойс і Герцыка (парты), зараз гэта тэрыторыя Латвіі. Праз іх Полацкае княства цалкам кантралявала гандлёвы шлях па Дзвіне да Балтыйскага мора, збірала даніну з балцкіх плямёнаў латгалаў і ліваў.
Яшчэ больш паслядоўна мацаваў самастойнасць Полацкага краю Ўсяслаў, празваны у народзе Чарадзеем.Чвэрць стагоддзя ён правёў у войнах: 1065 паход Усяслава на Пскоў, 1066 Ноўгарад, 1067 зняў званы з наўгародскай Сафіі ў знак падначалення, за што кіеўскія Яраславічы адпомсцілі яму разбурэннем Менска і бітвай на Нямізе ў тым жа годзе. Пераможцы пасля гэтага падманам захапілі Усяслава ў палон і пасадзілі ў вязніцу ў Кіеве. Але ў 1068 годзе кіеўляне ўзнялі бунт супраць кіеўскага князя Ізяслава, вызвалілі Ўсяслава і абвясцілі яго кіеўскім князем. Калі ж Ізяслаў прыйшоў адбіраць кіеўскі пасад з польскім войскам, Усяслаў збег у Полацк, але потым вымушаны быў пакінуць і яго. Ён знайшоў прытулак у фінскіх плямёнаў і з іх дапамогай у 1071 годзе аднавіў сваё княжанне ў Полацку, але самастойнасць палачан была непарушнай.
Такім чынам, князь Усяслаў зведаў перамогі і паражэнні, захоплены падманам сядзеў у кіеўскай турме, быў вызвалены і запрошаны/ абвешчаны вялікім кіеўскім князем, але неўзабаве кінуў княжанне і вярнуўся на радзіму. Пра яго чытаем у "Слове пра паход Ігаравы":
"Всеслав князь людеме суды судяше, князем грады рядеше, а сам в ночь волком рыскаше; из Киева дорыскавше, до кур, Тьмуторокани; великому Хорсови волком путь прерыскаше. Тому в Полотьсте позвонише заутреннюю рано у святые Софии, а он в Киеве звон слышаше".
Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і росквіту. Полацкае княства стала буйной еўрапейскай дзяржавай і займала амаль палову тэрыторыі сучаснай Беларусі. На ўсходзе яно межавала са Смаленскім княствам, на поўдні з Тураўскім, на захадзе з Літвой, земгаламі і іншымі балцкімі і фінскімі плямёнамі, на поўначы з Наўгародскай зямлёй. Уладанні полацкіх князёў распасціраліся далёка ўніз па Дзвіне і дасягалі ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Усяслаў пабудаваў Сафійскі сабор у Полацку, хоць сам доўгі час быў язычнікам. Пасля яго смерці закончылася цэлая эпоха ў развіцці беларускай дзяржаўнасці. Полацкая зямля была падзелена паміж шасцю сынамі і двума ўнукамі Ўсяслава на ўдзельныя княствы: Менскае, Друцкае, Усяслаўскае, Лагожскае, Віцебскае, Лукомльскае. Такі падзел на асобныя княствы быў гістарычна прадвызначаны: эпоха феадальнай раздробленасці не абмінула Беларусь. І хаця Полацк захаваў статус "стольнага горада", уплыў яго на іншыя ўдзелы слабеў.
Акрамя таго, палачанам па-ранейшаму прыходзілася змагацца з кіеўскімі князямі Ўладзімірам Манамахам і яго сынам Мсціславам, а ў першай палове ХІІІ ст. з Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі. Кіеўскія князі неаднойчы нападалі на полацкія землі. Напрыклад, Уладзімір Манамах двойчы, у 1116 і 1119 годзе нападаў на Менск, пакуль не паланіў менскага князя Глеба Ўсяславіча. У 1129 годзе кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч пасадзіў у Полацку прадстаўніка сваёй дынастыі, а ўсіх полацкіх князёў выслаў у Візантыю. Але ў 1132 годзе полацкія князі зноў занялі Полацкі пасад. У другой палове 12 ст. на Полаччыне пачаліся міжусобіцы, і з гэтага часу Полацкая зямля знікае са старонак летапісаў. У сярэдзіне 13 ст. тут ужо княжыў літоўскі князь Таўцівіл, а ў 1307 годзе Полацкае княства ўвайшло ў склад ВКЛ, дзе мела аўтаномію. У знак прызнання асобнага становішча полацкая зямля мела сваіх князёў пры Гедыміне тут уладарыў яго родны брат, а потым сын, пры Альгердзе старэйшы сын Андрэй. Гэта быў апошні полацкі князь, які загінуў у 1399 годзе ў бітве з татарамі пры Ворскле.
Полацкае княства было першай беларускай дзяржавай, якая мела сапраўдны суверэнітэт, само распараджалася сваім лёсам. На працягу 5 стагоддзяў яно захоўвала ўсе важнейшыя атрыбуты дзяржаўнасці, праводзіла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку.
Тураўскае княства.
Акрамя Полацкай дзяржавы, на беларускіх землях у Х ст. сфарміравалася другое па значэнню ранняе сярэдневяковае дзяржаўнае аб'яднанне Тураўскае княства (Т.К.). Спачатку гэта быў аднародны ў этнічных адносінах племянны саюз дрыгавічоў (рассяліліся ў басейне Прыпяці) ў адрозненні ад поліэтнічнага Полацкага княжання. Летапісных звестак пра Тураўскую зямлю мала. У недатаванай частцы "Аповесці мінулых гадоў" (да сярэдзіны 9 ст.) паведамляецца, што свае княжанні мелі паляне, драўляне, дреговічі. Упершыню Т.К. згадваецца пад 980 годам. У яго склад уваходзілі гарады Тураў, Клецк, Пінск, Слуцк. Князь Тур, які прыйшоў з-за мора, як і Рагвалод, заснавальнік горада. Гэта адбылося прыкладна ў 960-970 гг. Т.К. аб'ядноўвала не ўсю этнічную тэрыторыю дрыгавічоў. Значныя плошчы дрыгавіцкіх земляў па розных прычынах былі адарваны ад асноўнага этнічнага масіву і належалі больш моцным суседзям Полацкаму, Кіеўскаму, Чарнігаўскаму і Ўладзіміра-Валынскаму княствам.
Паступова гэтае родаплемянное этнічнае аб'яднанне пераўтварылася ў феадальную дзяржаву з тэрытарыяльна-палітычнымі сувязямі. Т.К. развівалася як самастойная дзяржава з адпаведнымі атрыбутамі: тэрыторыяй, вярхоўнай уладай, войскам. Да 980-х гадоў тут была мясцовая княжацкая дынастыя.
З часоў кіравання Ўладзіміра Святаславіча ў Кіеве (980 г.) Тураў трапляе пад уладу Кіева. Былі спробы вызваліцца ад кіеўскай залежнасці, але беспаспяхова. Поўнасцю падпарадкаванай Кіеву Т.К. было пры Яраславе Мудрым (другім сыне Рагнеды і Уладзіміра), які ў 1019 г. заняў абодва пасады і Кіеўскі, і Тураўскі. Пасля яго смерці ў 1054 годзе Т.К. 40 гадоў жыло асобна ад Кіева. Пры Ўладзіміры Манамаху і яго спадкаемцах Тураў зноў трапляе пад уладу Кіеўскай Русі на 60 гадоў.
Чаму так упарта змагаліся за тураўскі пасад?
- зручнае геаграфічнае становішча (прыпяцкае адгалінаванне воднага шляху "з варагаў у грэкі", сувязі Кіева з Захадам, плацдарм барацьбы з яцвягамі, палякамі, Літвой, палачанамі);
- добрыя прыродныя і кліматычныя ўмовы, багатыя ўраджайныя землі;
- Тураўскі пасад быў своеасаблівым плацдармам для пераходу на кіеўскі прастол, якім карысталіся іншыя князі (Святаполк Уладзіміравіч у 1015 г., Усяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Усяславіч у 1092 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г.).
Гісторыя Т.К. У 960-970-х гг. Т.К. было самастойным, у яго ўваходзілі гарады Пінск, Берасце, Слуцк, Клецк і інш. Але з часу княжання Ўладзіміра Святаславіча Тураўская зямля на доўгі час трапіла пад уладу Кіева. Тураўшчына як воласць уваходзіла ў склад Кіеўскай зямлі, але ніколі не станавілася яе арганічнай часткай. Кіеўскія князі рабілі намеснікамі Турава сваіх старэйшых сыноў. Такім чынам, тураўскі пасад быў своеасаблівым плацдармам для пераходу на кіеўскі стол (Святаполк Уладіміравіч у 1015 г., Ізяслаў Яраславіч у 1054 г. і інш.).
Святаполк Уладзіміравіч у змове з цесцем, польскім карлём, хацеў сам заняць кіеўскі стол, але быў раскрыты і пасажаны ў поруб. У 1015 годзе ён пасля смерці бацькі заняў кіеўскі пасад, але прайграў барацьбу брату Яраславу, потым вымушаны быў жыць у выгнанні. Пры Яраславе Мудрым Тураў быў перададзены старэйшаму сыну Ізяславу, якому дастаўся вялікакняскі пасад па бацьку ў 1054 годзе.
Шкода з-за адсутнасці сваёй дынастыі ў Тураве была відавочнай: кіеўскія князі глядзелі на гэтую зямлю як на воласць, парушалі яе тэрытарыяльную цэласнасць, раздавалі яе гарады. Т.К. доўгі час знаходзілася ў складзе Паўднёвай Русі, але ніколі не злівалася з ёй, яно заставалася цэласным тэрытарыяльна і самастойным эканамічна, а залежнасць часта абмяжоўвалася падатковымі абавязкамі, штогадовай выплатай даніны. Канчатковую незалежнасць ад Кіева Т.К. атрымала толькі ў 1158 годзе, калі прастол у Тураве заняў князь Юрый Яраславіч, які стаў заснавальнікам мясцовай тураўскай дынастыі. Кіеў вымушаны быў падпісаць пагадненне аб самастойнасці Тураўскай зямлі. У другой палове 12 ст. пры сынах Юрыя Яраславіча Тураўская зямля перажыла працэс драблення. Пасля смерці Юрыя Яраславіча яна была падзелена на ўдзельныя княствы паміж яго сынамі Тураўскае, Пінскае, Дубровіцкае, Слуцкае, Клецкае. У адрозненні ад Полацка, Тураўшчына не зведала міжусобных войнаў. З апошняй трэці 12 ст. звестак пра Тураўскую зямлю ў летапісах вельмі мала. Сярод удзелаў асаблівае значэнне набыў Пінск, дзе вылучылася асобная дынастыя князёў. Не дзіўна, што пры сваёй дробнасці Турава-Пінская зямля ў пачатку 13 ст. трапіла пад уплыў больш моцнага Галіцка-Валынскага княства, а ў к.13-пач. 14 ст. палескія землі былі далучаны да ВКЛ. У 1362 г. Кіеў і ўся зямля кіеўскага княства адышлі да ВКЛ.
Акрамя вышэйназваных княстваў, у 11-12 стст. на тэрыторыі Беларусі існавалі Смаленскае, Гарадзенскае, Навагародскае і іншыя княствы ўсяго 20.
Смаленскае княства (С.К.).
С.К. было заснавана смаленскай групоўкай крывічоў у 9-10 стст. на абшарах Верхняга Падняпроўя і Падзвіння. З канца 9 ст. яно трапіла ў залежнасць ад Кіева і да пачатку 12 ст. было яго ўдзельным княствам. Смаленшчына практычна ніколі не ваявала супраць Кіева, не зведала і ўнутраных міжусобіц. У самастойную зямлю выдзелілася ў 1120-х гадах, калі тут усталявалася мясцовая дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Гады яго княжання сталі перыядам росквіту і пашырэння межаў Смаленскага княства, узрастання яго ролі ў агульных усходнеславянскіх працэсах. І калі Полаччына, знясіленая войнамі з Кіевам і ўнутраным разладам зусім аслабела, то Смаленшчына, наадварот, увабралася ў сілу.
У другой палове 12 стагоддзя яно стала дамагацца ўплыву на суседнія Полацкую і Ноўгародскія землі і пашырэння сваёй тэрыторыі за іх кошт. Ва ўладанні смаленскіх князёў трапілі Крычаў, Копысь, Ворша. Калі ў сярэдзіне 12 ст. Полацк і Менск былі занятыя ўпартай барацьбой паміж сабой за лідэрства ў дзяржаве і палачане звярнуліся па дапамогу да смаленскага князя, той удала выкарыстаў зручны момант. Расплатай за дапамогу быў захоп Віцебска і Друцка.
У гэты час Смаленск імкнецца аб'яднаць пад сваёй уладай усе крывіцкія землі. Менавіта пры Расціславе Смаленск распаўсюдзіў таксама сваю ўладу і на паўночныя землі радзімічаў, што жылі ў беларускім Пасожжы. Двойчы быў захоплены і знішчаны г.Гомель (у 1127 і 1142 гг.).
У канцы 12 ст. адбылася палітычная кансалідацыя Полаччыны, і ўсе князі Полацкай дынастыі аб'яднанымі сіламі змаглі вярнуць Віцебск і Друцк. Смаленск перастае дамагацца беларускіх земляў і ў першай палове 13 ст. прыходзіць у заняпад. У 70-я гг. 13 ст. Смаленскае княства падвяргалася татара-мангольскаму нашэсцю, а ў 1405 г. князь Вітаўт далучае яго да ВКЛ. Старажытны Гомель ("Гомій") быў адным з цэнтраў радзімічаў, значным асяродкам славянскай каланізацыі гэтага краю. Паводле летапісаў, радзімічы захоўвалі сваю аўтаномію ад Кіева да канца 10 ст. Іх залежнасць абмяжоўвалася выплатай падаткаў, удзелам радзіміцкіх атрадаў у паходах кіеўскіх князёў. З другой паловы 11 ст. Гомель пераходзіць у склад Чарнігаўскага княства, а ў 13 ст. становіцца цэнтрам удзельнага Гомельскага княства, важнейшым ваенна-адміністрацыйным цэнтрам ніжняга Пасожжа. Беларускія гарады Мазыр і дрыгавіцкі Брагін уваходзілі ў Кіеўскае княства, з сярэдзіны 14 ст. у ВКЛ.
Такім чынам, перыяд старажытных княстваў пацвярджае вывад аб тым, што не існавала адзінай старажытнай дзяржавы, дзе б разам жылі і развіваліся ўсе 3 усходнеславянскія народы. Кіеўская Русь ніколі не была адзінай ні этнаграфічна, ні палітычна. Не існавала і адзінай старажытнарускай народнасці, ад якой быццам бы паходзяць беларусы, украінцы і рускія. Іх этнагенез з самага пачатку праходзіў на розных тэрыторыях, у выніку ўзаемадзеяння розных этнічных субстратаў. Насельніцтва княстваў не мела галоўнай прыкметы, якая ўласціва любой этнічнай супольнасці, агульнай самасвядомасці і агульнай саманазвы. Не толькі Полацк, але і Ноўгарад, і Растоў, і Разань не лічыліся Руссю, а часам нават супрацпастаўляліся ёй. За Ўладзіміра-Суздальскай зямлёй назва Русь замацавалася толькі ў другой палове 13 ст., тады, калі насельніцтва Беларусі ўжо складала асобную этнічную супольнасць.
2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё старажытнай Беларусі.
Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх земляў 9-га стагоддзя дастаткова яшчэ не вывучана. Але дакладна вядома, што на працягу 9-13 стст. тут адначасова існавалі як феадальныя (у славян), так і родаплемянныя (у балтаў) адносіны. Балцкія плямёны значна пазней славян перайшлі да феадальнага сацыяльна-эканамічнага ўкладу.
Асновай эканомікі старажытнай Беларусі была сельская гаспадарка. Умеранна-кантынентальны клімат, добрая глеба спрыялі развіццю земляробства. Спачатку засвойваліся ўрадлівыя ворныя землі, а пазней іх плошчы павялічваліся за кошт вырубкі лясоў. Адпаведна асноўным сацыяльным слоем грамадства з'яўляліся сяляне. Іх галоўным паселішчам была вёска. Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх вёсак было вялікае сяло: на захадзе яно называлася мястэчкам, на ўсходзе пагостам.
Беларусы звычайна сяліліся па берагах рэк, азёраў, на ўскраінах лясоў. Сялянская гаспадарка вялася сем'ямі, спачатку вялікімі, пазней малымі, у якіх жылі бацькі і іх нежанатыя дзеці. Сям'я захоўвала і перадавала ад пакалення да пакалення сямейныя традыцыі. У гаспадарчым жыцці існаваў натуральны ўклад, сельскія жыхары ўсе свае патрэбы задавальнялі на месцы вырошчвалі неабходныя прадукты харчавання займаліся земляробствам, агародніцтвам, садоўніцтвам.
Асноўныя кампаненты сельскай гаспадаркі:
- сельскагаспадарчыя культуры (жыта, пшаніца, авес, ячмень, проса, бабы, гарох, лён, канопля);
- жывёлагадоўля (разводзілі коней, буйную рагатую жывёлу, авец, коз, свіней, вырошчвалі птушак курэй, гусей, качак);
- промыслы (паляванне на аленя, бабра, дзіка, зубра, лася, зайца, воўка, мядзведзя, дзікіх птушак, здабыча і апрацоўка балотнай руды для атрымання жалеза сырадутным спосабам (старажытныя домніцы выяўлены пры раскопках у Ваўкавыску і Пінску), у лясах займаліся бортніцтвам (збор мёду і воску дзікіх пчол, стваралі борці-штучныя дуплы), збіралі жалуды, з якіх пяклі хлеб, арэхі, грыбы, ягады, здзіралі лыка);
- гандаль з іншымі краінамі футрам (пушніна), мёд, воск, рамесніцкія вырабы.
Занятак рамествамі для селькіх жыхароў меў дапаможнае значэнне. Па выкарыстанню зыходнага матэрыялу рамёствы падзяляліся на:
- дрэваапрацоўчыя (бандары, сталяры, цесляры);
- ганчарныя (печы, кафля);
- апрацоўка скуры (шылі адзенне, абутак);
- металаапрацоўка;
- ювелірная справа.
Асноўныя мужчынскія рамёствы выраб посуду, хатніх і гаспадарчых прыладаў працы, апрацоўка скуры. Асноўныя жаночыя рамёствы апрацоўка ільну, пянькі, воўны, прадзенне і ткацтва. Калі напачатку існаваў натуральны абмен і ўсе неабходныя рэчы і прылады вырабляліся і спажываліся на месцы, рамеснік не пазбаўляўся працы ў полі, то пазней з'явілася рамяство пад заказ і на рынак. Разам з ім адбыўся падзел працы паміж земляробам і рамеснікам-прафесіяналам, што прывяло да ўзнікнення гарадоў.
Усё земляробчае насельніцтва было арганізавана ў грамаду (абшчыну), у якую ўключаны жыхары адной або некалькіх вёсак. Грамада прыйшла на змену бацькоўскаму роду і выконвала адміністрацыйныя і судовыя функцыі, супольна адказвала за выкананне дзяржаўных, а потым феадальных павіннасцей. Абшчына была ўладальніцай ворнай зямлі, лясоў і вадаёмаў, якія яшчэ не трапілі ва ўласнасць феадала. Але паступова абшчына трапіла пад уплыў феадалаў, якія выкарыстоўвалі яе ў сваіх інтарэсах.
Па меры развіцця феадальных адносін, доля абшчыннага і сялянскага землеўладання змяншалася, і адпаведна павышалася зямельная ўласнасць пануючага класа тагачаснага беларускага грамадства феадалаў. Гэты сацыяльны слой меў сваю іерархію: на вяршыні князь дробныя удзельныя князі феадалы-ўладальнікі вялікіх і малых маёнткаў. Статус феадала залежаў ад старажытнасці яго роду і колькасці зямлі, якой ён валодаў.
На Беларусі з 10 ст. існавала некалькі відаў феадальнага землеўладання: княжацкае (дзяржаўнае), баярскае (князь дараваў землі воінам, княжацкай дружыне за заслугі) і царкоўна-манастырскае (манастыр багаты землеўласнік). Ішоў паступовы працэс максімальнай канцэнтрацыі зямельнага фонду ў руках буйных феадалаў і абеззямельванне сялянства, іх закабаленне непамернымі зборамі даніны, спусташальнымі войнамі, службай у апалчэнні, выконваннем розных павіннасцей.
Асноўную масу земляробчага насельніцтва складалі эканамічна залежныя ад буйных феадалаў сяляне. Сярод іх паступова выдзяляюцца новыя катэгорыі залежнасці сялян:
- закупы (сяляне, якія не змаглі вярнуць феадалу пазыку і станавіліся неаплатнымі даўжнікамі)
- радовічы (сяляне, звязаныя з феадалам абавязацельствамі паводле дагавора, "рады")
- ізгоі (тыя, хто вымушаны пакінуць па розных прычынах сялянскую абшчыну і сяліцца на землі феадала)
- халопы (асабіста несвбодныя людзі, што знаходзіліся ў поўнай уласнасці феадала)
- чэлядзь (залежныя ад феадала людзі, выкарыстоўваліся як дваровыя слугі).
Сяляне, якія жылі на феадальных і царкоўных землях, абавязаны былі выконваць розныя павіннасці, плаціць падаткі. Адпрацоўвалі т.зв. паншчыну на ворыве феадала, плацілі чынш натурай жытам, аўсом, мёдам, печаным хлебам, рэдка грашыма. Яны неслі розныя павіннасці на карысць дзяржавы плацілі даніну, давалі падводы (т.зв. "павоз"). Выконвалі ваенную павіннасць выстаўлялі вояў пад час баявых дзеянняў. Прыцягваліся да пракладкі дарог, будаўніцтва абаронных ліній, мастоў і асабліва гарадоў.
Другім важнейшым тыпам паселішчаў на Беларусі быў горад. Узнікненне гарадоў абумоўлена гістарычна. Гэта звязана з грамадскім падзелам працы, аддзяленнем рамяства ад земляробства, вылучэннем рамеснікаў у асобны сацыяльны слой, з развіццём вытворчых сіл. Як згадваюць летапісы, горадабудаўніцтва на беларускіх землях распачалося ўжо ў 9 ст., але найбольшай інтэнсіўнасці гэты працэс дасягнуў у 11-12 стст., калі тут было пабудавана звыш 50 гарадоў. Невыпадкова скандынавы называлі нашу зямлю краінай гарадоў. Тут былі спрыяльныя ўмовы для іх будаўніцтва.
Для ўзнікнення горада патрэбны дзве асноўныя ўмовы:
- Наяўнасць гандлёва-транзітнага шляху, які забяспечваў бы рамеснікам і гандлярам збыт тавараў.
- Існаванне ўмацаванага пункта, які гарантаваў бы гораду бяспеку. Гэта мог быць манастыр, крэпасць ці замак магната.
Абедзве гэтыя ўмовы на Беларусі прысутнічалі. Дакладныя шляхі ўзнікнення гарадоў былі розныя:
- На месцы старажытных племянных цэнтраў (Полацк, Тураў).
- Вакол сядзіб князя ці феадала, іх умацаваных замкаў. Абрастаючы пасяленнямі рамеснікаў, сядзіба феадала станавілася цэнтрам горада (Барысаў, Ваўкавыск, Ізяслаўль, Клецк).
- Пагранічная крэпасць (цвердзь) (Браслаў, Гарадзея) ці ўнутраныя крэпасці асобных княстваў (Менск, Берасце).
- На перакрыжаванні гандлёвых шляхоў, каля волакаў, вусці ракі. Такіх гарадоў на Беларусі шмат. Яны размясціліся ўздоўж Заходняй Дзвіны, Бярэзіны, Нёмана, Прыпяці.
Сярэдневяковы беларускі горад быў адміністрацыйным, ваенным і культурным цэнтрам. У ім звычайна пражывала ад 1-3 да 8-9 тысяч жыхароў. Перш за ўсё ён быў цэнтрам рамяства і гандлю. Ювелірныя майстры навучыліся выкарыстоўваць розныя спосабы апрацоўкі каляровых і каштоўных металаў, выраблялі прадметы ўбору і ўпрыгожванні.
З развіццём рамяства непарыўна звязаны абмен і гандаль. Мясцовыя рэчы, пушніна, воск, мёд ішлі на продаж у іншыя краіны па гандлёвых шляхах, а ўзамен атрымлівалі чужаземныя. Паўночная Скандынавія пастаўляла мячы, сякеры, пікі і іншыя металічныя рэчы з жалеза, бронзы, сталі і срэбра, Нямеччына бурштын, сукно, віна. З арабскага ўсходу пасылаліся аксаміт, шоўк, пацеркі, пярсцёнкі.
Беларускі горад складаўся з некалькіх частак. Ядром яго быў дзядзінец унутраная крэпасць замак, дзе жыў князь з сям'ёй, знаць горада. Ён абавязкова абносіўся абарончымі збудаваннямі. У цэнтры дзядзінца знаходзіўся храм. Вакол умацаванага цэнтра размяшчаўся пасад пасяленні рамеснікаў і купцоў. Часта ён абносіўся другой лініяй умацаванняў. Гэта мог быць магутны земляны вал да 10 м вышынёй, крэпасныя вежы. Нярэдка крэпасць акружаў шырокі роў, запоўнены вадой (Полацк, Гародня, Віцебск, Друцк, Нясвіж). У горадзе абавязкова быў "торг" месца куплі-продажу, а таксама сходу гараджан.
Асноўныя сацыяльныя слаі сярэдневяковага беларускага горада наступныя:
- Рамеснікі розных спецыяльнасцей ганчары, кавалі, ювеліры, гарбары, цесляры, сталяры, якія былі вольныя і залежныя (княжацкія і баярскія).
- Княжацкая дружына воіны прафесіяналы. Дружыннікі падзяляліся на дзве групы: знатныя баяры (бліжэйшае акружэнне князя, якое займала вышэйшыя пасады, т.зв. "старэйшая дружына") і "малодшая дружына" грыдні (отракі) выконвалі дробныя даручэнні князя. Доступ у княжую дружыну быў адчынены для ўсіх вольных людзей.
- Гандляры і купцы па роду сваіх заняткаў былі бліжэй да пануючага класа. Іх удзельная вага сярод гараджан узрасла з канца 12-пачатку 13 стст., калі пачаўся інтэнсіўны гандаль з Рыгай і немцамі.
- Феадальныя вярхі і князь, баяры, царкоўная знаць.
Такім чынам, па сацыяльна-эканамічнаму развіццю старажытная Беларусь знаходзілася на высокім узроўні, не ўступала гарадам Заходняй і Ўсходняй Еўропы. Эканамічная магутнасць феадалаў, вышэйшага духавенства і багатага купецтва забяспечвала ім кіруючую ролю ў дзяржаве, на вечавых сходах. Іх апорай у буйнейшых гарадах былі багатыя майстры-ўмельцы (рамеснікі), гандляры, дружыннікі, прадстаўнікі гарадской адміністрацыі.
Грамадска-палітычны лад першых дзяржаўных утварэнняў.
Высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця накладваў адбітак і на дзяржаўна-палітычны лад. Грамадска-палітычнае жыццё першых беларускіх княстваў, асабліва Полацкага, мела свае асаблівасці, характэрныя рысы:
- На Полаччыне, у адрозненні ад іншых усходнеславянскіх княстваў, рана пачалі ўсталёўвацца свае дынастычныя лініі з нашчадкаў Рагвалодавічаў-Ізяславічаў. Ужо пасля смерці Ўсяслава Чарадзея ўдзелы-воласці Полацай зямлі атрымалі князёў, якія не пераходзілі з аднаго пасада на другі, а заставаліся княжыць пастаянна. Іх інтарэсы супадалі з інтарэсамі насельніцтва, што спрыяла лепшаму развіццю гэтых удзелаў, вяло да аўтаноміі ва ўнутраных справах. І толькі знешнюю палітыку яны вымушаны былі ўзгадняць са стольным Полацкам. Такой адноснай самастойнасцю княстваў (Менскага, Друцкага, Віцебска, Ізяслаўскага і інш.) было прасякнута ўсё дзяржаўна-палітычнае жыццё на Беларусі з 12 ст.
- Адметнай рысай дзяржаўна-палітычнага ладу, асабліва на Полаччыне і Смаленшчыне, стала з'яўленне веча (сойм). Гэта першы крок на шляху размежавання і падзелу ўлады паміж князем (выканаўчай) і веча (заканадаўчай).Узнікненне веча, гэтай старажытнай формы народаўладдзя, было абумоўлена развіццём феадальных адносін, хуткім ростам гарадоў, узмацненнем ролі гарадской знаці і актывізацыяй народных мас. Веча, агульны сход гараджан, не знішчала ўладу князя, а толькі яе абмяжоўвала, пакідала выканаўча-распарадчыя функцыі.
Абавязкі князя (выканаўчая ўлада):
- Князь абавязваўся ахоўваць тэрыторыю дзяржавы і інтарэсы грамадзян, дзейнічаць паводле мясцовых дзяржаўна-прававых звычаяў, не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не пазбаўляць маёмасці грамадзян. Усе ўмовы афармляліся ў дагаворы, які заключаў князь з вярхамі пануючага класа.
- Князь не меў права выдаваць новыя законы, чыніць правасуддзе мог толькі разам з радай.
- Ажыццяўляў унутранае кіраванне, раздаваў воласці сваім васалам.
- Мог заключаць мір, рабіць паходы на ворагаў. Улада князя не абмяжоўвалася толькі ў адным выпадку ў ролі ваеначальніка ён нес поўную адказнасць перад народам і веча за поспехі і пралікі ў ваенных дзеяннях.
Пры адсутнасці князя ў дзяржаве, ўсё кіраўніцтва грамадствам было ў руках княжацкай рады (савет). Яна адносілася да вышэйшых органаў улады, у якую ўваходзілі найбольш уплывовыя людзі (феадалы) і службовыя асобы цэнтральнага кіравання (епіскап, пасаднік, тысяцкі, падвойскі, ключнік, гарадскія старасты, найбольш паважаныя ваяры княжацкай дружыны). Кампетэнцыя рады фактычна злівалася з паўнамоцтвамі князя: ўсе пытанні, якія ён вырашаў, як правіла, абмяркоўваліся з радай. Яна рыхтавала пытанні для абмеркавання на веча. Рыхтуючы скліканні веча, рада мабілізоўвала залежных ад сябе людзей і патрабавала ад іх падтрымкі сваіх рашэнняў.
Роля заканадаўчай улады ў дзяржаве выконвала веча (сойм). Яго паўнамоцтвы:
- Кантроль за дзейнасцю князя, запрашэнне яго на княжанне. Запрашалі толькі асоб з мясцовай дынастыі спадкаемцаў Рагвалода-Усяслава, якія адпавядалі гэтай ролі паводле асабістых якасцей. Веча магло прагнаць князя, калі той парушаў умовы дагавора (Быў выпадак, калі пасля смерці Ўсяслава Васількавіча ў 1880 г. веча не змагло абраць ніякага князя, дастойнага памерламу. Ён быў дужа паважаны не толькі ўдзельнымі князямі, але і народам за яго розум, справядлівасць і дабрату. І на 10 гадоў (з 1180 па 1190 гг.) на Полаччыне ўсталявалася рэспубліка, якой кіравалі абраныя соймам 30 старшын, як згадвае летапіс).
- Сойм патрабаваў ад князя справаздачы за свю выканаўчую дзейнасць. За прайграныя бітвы, за вялікія страты ў іх, за няўдачныя паходы.
- Раскладка павіннасцей і падаткаў.
- Прызначэнне і зняцце вышэйшых службовых асобаў.
- Вырашэнне міжнародных спраў. Заключэнне гандлёвых дагавораў.
- Пытанні вайны і міру, арганізацыя апалчэння і абароны.
- Найважнейшыя судовыя справы (за дзяржаўныя злачынствы, напрыклад).
- Рэгуляванне адносін паміж рамеснікамі і інш.
На вечавы сход жыхароў збіраў звон, які вісеў на плошчы галоўнага горада княства. Права голасу на сходзе мелі толькі вольныя дарослыя людзі, незалежныя гаспадары, як мяшчане, так і вяскоўцы, прыехаўшыя па сваіх справах у горад. Адкрываў сход кароткай прамовай аб сутнасці справы, з-за якой скліканы сойм, князь, ураднік ці проста старэйшы паважаны чалавек. Затым ішло абмеркаванне. Рашэнні прымаліся гулам адабрэння (галасоў не лічылі). Нязгоднай меншасці затыкалі рот, часта справа даходзіла да бойкі. З удзельных княстваў старэйшым было веча ў Полацку. Тут яно існавала з незапамятных часоў і вяло сваю ўстаноўча-заканадаучую працу аж да 1498 г., калі Полацк атрымаў Магдэбургскае права.
Што датычыцца спецыфікі дзяржаўна-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве, то канкрэтных звестак у летапісах мала. Але вядома, што Кірыла Тураўскі стаў епіскапам па просьбе князя і "людзей таго гораду". Значыць гараджане Турава таксама мелі права голасу пры абранні епіскапа (магчыма, гэта было веча). Гарадское апалчэнне тут узначальваў тысяцкі. Паколькі тураўскі князь часта знаходзіўся ў Кіеве, тут быў свой пасаднік. Наяўнасць у горадзе адначасова і князя, і пасадніка з'ява незвычайная, акрамя Ноўгарада, такой практыкі нідзе не было, у тым ліку і ў Полацку. Кіруючая роля ў рабоце веча належала пануючым слаям грамадства. З узмацненнем сацыяльнага расслаення паступова падала значэнне простых людзей і ўзрастала роля заможных вярхоў, а само веча з органа выконваючага волю большасці народа, ператварылася ў орган пануючага класа.
13
Узнікненне і развіццё беларускай дзяржаўнасці